Вы тут

Учора ў «Загор'е» засяліліся кітайскія студэнты


Тут і ў «Брыганціне» будуць праходзіць аздараўленне ўсе, хто вяртаецца з КНР.

У Мінскім абласным цэнтры медыцынскай рэабілітацыі размесцяць каля 200 кітайскіх студэнтаў, якія вяртаюцца з радзімы ў Беларусь. Учора ўвечары туды засяліліся 32 з іх, яны прыляцелі прамым рэйсам з Пекіна. Тут яны пройдуць абавязковае аздараўленне і акліматызацыю. Пакуль у Беларусі каранавіруса няма. Усе кітайскія студэнты, акрамя таго што праходзяць каранцінныя мерапрыемствы на радзіме, правяраюцца лабараторнымі метадамі пры прылёце ў аэрапорт Мінск — аналіз робіцца на месцы на працягу некалькіх гадзін. Размяшчаць іх у аздараўленчых цэнтрах на першыя два тыдні пасля вяртання — дадатковая мера бяспекі.


— У «Загор'і» можа быць паселена да 200 чалавек. Але варта ўлічваць той факт, што мы падзяляем плыні, каб тыя, хто разам прыляцеў, разам і назіраліся. Адпаведна, калі свабодныя месцы ў пакоі застаюцца і нехта прылятае праз два-тры дні, мы іх засяляем ужо ў асобныя пакоі, — адзначыў міністр аховы здароўя Уладзімір Каранік.

Ён падкрэсліў, што ў аздараўленчыя цэнтры «Брыганціна» (там зараз жыве 149 чалавек) і «Загор'е» засяляюцца здаровыя людзі, якія не маюць патрэбы ў лячэнні. І персанал медустаноў будзе прыязджаць на работу і з'язджаць у звычайным рэжыме, бо гэта не каранцінны аб'ект.

— Трэба разумець, што кітайскія студэнты прайшлі каранцінныя мерапрыемствы ў КНР. Таму рызыка заражэння мінімальная і звязаная з пералётам. Усе арганізаваныя мерапрыемствы дазволяць звесці яе да нуля, — падкрэсліў міністр.

Ежу студэнтам будуць гатаваць у мясцовай сталоўцы і прыносіць у пакоі. На паверсе будзе дзяжурыць медсястра. Студэнты будуць выходзіць са сваіх блокаў толькі па неабходнасці і з дазволу медперсаналу, а дыхаць свежым паветрам змогуць на балконах.

Пры гэтым міністр нагадаў, што большасць кітайскіх студэнтаў не выязджала ў Кітай на канікулы.

— Калі мы бачым кітайскіх, карэйскіх, в'етнамскіх, японскіх грамадзян, якія ходзяць у нас па вуліцах, — гэта тыя людзі, якія ў нас вучацца і не пакідалі Беларусь ці завяршылі медыцынскае назіранне. Пацыентаў з каранавірусам у Беларусі няма. Лабараторыя працуе ў кругласутачным рэжыме, аналіз робіцца на працягу некалькіх гадзін. За мінулыя выхадныя пацыентаў з падазрэннем на каранавірус у нас не было. Тым, хто паступіў з прыкметамі віруснай інфекцыі, зрабілі тыпіраванне, каранавірус не пацвердзіўся.

Усяго на канікулы ў Кітай выехала 920 студэнтаў. Плануецца, што да сярэдзіны сакавіка яны будуць вяртацца ў Беларусь.

Па апошніх звестках Дзяржаўнага камітэта па ахове здароўя КНР, колькасць ахвяр каранавіруса ў Кітаі вырасла да 1779 чалавек, з іх 1696 — у правінцыі Хубэй. Усяго зафіксавана 70 548 захварэлых, вылечылася больш за 10,8 тысячы чалавек. Больш за 150,5 тысячы пацыентаў знаходзіцца пад медыцынскім назіраннем.

Алена КРАВЕЦ

Прэв'ю: bigpicture.ru

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Выбар саджанца для садавода — той момант, значнасць якога складана пераацаніць.

Культура

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Канцэрт для дзяцей і моладзі, пластычны спектакль Ягора Дружыніна і «Рок-панарама».