Вы тут

Сібірскі беларус Віктар Сінкевіч


Пра беларускае сяло Тургенеўку ў Іркуцкай вобласці чытачы “Голасу Радзімы”, безумоўна, чулі. Публікацыі пра яго з’явіліся й пасля прэс-тура ў Прыбайкалле журналістаў саюзных СМІ, арганізаванага Пастаянным Камітэтам Саюзнай дзяржавы і МІА “Россия сегодня”. Цікава, як жывуць беларусы на спрадвечна бурацкай зямлі?


Зімовы пейзаж на ўскрайку Тургенеўкі. Фота aik-info.ru

Пасля таго, як журналісты наведаліся ў Тургенеўку, тамтэйшыя жыхары яшчэ больш зацікавілася радзімай сваіх продкаў. А 38-гадовы кіраўнік адміністрацыі вёскі Віктар Сінкевіч сабраўся ў дарогу, каб на свае вочы пабачыць мясціны, з якіх прадзед Пётр Дрыга разам з сям’ёй у сталыпінскія часы перабраўся ў Сібір. “Я чуў, што Беларусь — гэта краіна, дзе шануюць лясы, беражліва апрацоўваюць глебу, дзе вельмі чыстыя гарады й вёскі. І ў тым я ўпэўніўся яшчэ ў цягніку, — расказаў мне Віктар пры сустрэчы. — З вокнаў вагона я бачыў, як акуратна скошана трава ля чыгуначнага палатна, крыху наводдаль мільгаў прыгожы лес без прыкмет высечак, і гэта парадавала, бо ў Сібіры лясы высякаюць”. А калі Віктар апынуўся на мінскім вакзале, то ледзь стрымаўся ад радаснага воклічу: на шыльдах красаваліся тыя самыя словы, якія ён у дзяцінстве чуў ад бабулі, якія дагэтуль прамаўляе яго 82-гадовая цётка Ніна Рыгораўна. Нарэшце ён у Мінску!

Фота Ганны Лагун

Віктар згадвае, што пазней, калі ездзіў у сталічным транспарце, хадзіў па мінскіх вуліцах, то яму здавалася, што ўсе людзі, якіх ён сустракаў, даўно яму знаёмыя. На нейкім узроўні падсвядомасці адчуваў, што звязвае яго з імі не толькі знешняе падабенства, але й сваяцкія гены. Думалася яму, што мінчане вельмі добрыя, і сярод іх не можа быць нахабнікаў і злачынцаў... І знаёмага ў Мінску знайшоў. Гэта ўраджэнец вёскі Талстоўкі, што ў трох кіламетрах ад Тургенеўкі, пісьменнік Віталь Кірпічэнка. (Віталь Якаўлевіч — пісьменнік, публіцыст, сябар Саюза пісьменнікаў Беларусі і Саюза пісьменнікаў Расіі, палкоўнік Ваенна-паветраных сіл у адстаўцы. Яго кніга “За долей” прызнана ў 2019-м лепшым творам прозы на Рэспубліканскім конкурсе “Нацыянальная літаратурная прэмія”. У рамане распавядаецца пра некалькі пакаленняў беларусаў, якія на пачатку ХХ стагоддзя адправіліся на пошукі лепшага жыцця ў Сібір). Землякі былі рады адзін аднаго пабачыць і ўспомніць агульных знаёмых.

Прыехаць у Мінск Віктара Сінкевіча запрасіў Рэспубліканскі цэнтр нацыянальных культур. Беларус з Сібіры ўвосень паўдзельнічаў у творчай стажыроўцы кіраўнікоў замежных беларускіх аматарскіх калектываў мастацкай творчасці. У часе яе Віктар змог убачыць і беларускую глыбінку. Гасцям з замежжа зладзілі паездку ў аграгарадок Ракаў, гарпасёлак Івянец Валожынскага раёна, па дарозе бачылі яны іншыя паселішчы. Я пацікавілася ў Віктара: ці знаходзіць ён падабенства між Івянцом і яго родным сялом, што ў Баяндаеўскім раёне? “Такога ўражання, нібы вось гэта наша Тургенеўка, толькі ў еўрапейскай частцы кантынента, не было, — пажартаваў ён. — Вёскі ў Беларусі, я б сказаў, багацейшыя, чым у Сібіры. Здзівіла мяне вялікая колькасць будынкаў з каменя, і што шмат асфальтаваных дарог. Усе будынкі, прысядзібныя ўчасткі надта блізка адзін ад аднаго, між імі — ніякай прасторы... А сібірская сельская мясцовасць любіць раздолле. Я ўсё роўна лічу сваю Тургенеўку вельмі прыгожай. І думаю, што трэба прадаўжаць зберагаць яе моцныя драўляныя хаты з самабытнымі аканіцамі, ліштвамі”.

Самабытныя ліштвы на вокнах хат сібірскіх беларусаў. rg.ru

Пад кіраўніцтвам Віктара Сінкевіча распрацаваны й зацверджаны геральдычныя сімвалы Тургенеўкі. На іх побач з жураўлём, які гняздуе ў Сібіры, ёсць чырвоная рабіна і элемент беларускага арнаменту. Дарэчы, на стэле пры ўездзе ў сяло таксама можна ўбачыць беларускі арнамент — як сведчанне таго, што ў сяле жывуць беларусы. Іх продкі ў 1909 годзе падаліся на ўсход па сталыпінскай рэформе — асвойваць таёжныя землі: карчавалі лес, апрацоўвалі глебу. З пакалення ў пакаленне ў кожнай сям’і перадаецца гісторыя таго перасялення. Віктар памятае: яшчэ школьнікам з сябрамі па краязнаўчым гуртку хадзіў па хатах і запісваў успаміны старых людзей пра даўнія часы. Усе запісы тыя цяпер беражліва захоўваюцца ў мясцовым краязнаўчым музеі. Шмат расказвала пра мінулае і яго бабуля, Ганна Лук’янаўна. Дзядуля ж Віктара, Рыгор Дрыга, быў сынам Пятра Дрыгі, які першым з’явіўся ў тых краях.

Бабуля і дзядуля жылі ў традыцыйнай беларускай хаце — з лавамі ўздоўж сцен, сталом у чырвоным куце. І ў маленстве ён любіў там бываць. Дарэчы, Тургенеўка пабудаваная на беларускі манер з дзвюма роўнымі вуліцамі, а праз кожныя шэсць хат праходзіць завулак. А бураты, удакладняе госць, спрадвеку жылі ў юртах, і таму такіх правілаў пры будаўніцтве сваіх паселішч не прытрымліваюцца.

Хаты з моцных бярвёнаў па-ранейшаму стаяць у Тургенеўцы. rg.ru

Ён упэўнены, што ў Тургенеўкі ёсць будучыня. Доўгі час пражыўшы ў Іркуцку, Віктар вярнуўся ў родную вёску ў 2016 годзе разам са сваёй сям’ёй. Так атрымалася, што якраз на той час вызвалілася і пасада кіраўніка муніцыпальнага ўтварэння “Тургенеўка”. Аднавяскоўцы большасцю галасоў абралі на яе Віктара, якога ведалі з маленства. Віктар хоць і быў нейкі час гараджанінам, але часта наведваўся да бацькоў, каб дапамагаць ім, ведаў пра ўсе турботы й патрэбы вяскоўцаў. Сінкевіч вельмі адказна паставіўся да новых абавязкаў. Да таго ж ён мае дзве вышэйшыя адукацыі, апошняя з іх юрыспрудэнцыя. Сёння ў сяле, расказаў Віктар Сінкевіч, 176 двароў і жыве каля 500 чалавек. Так што клопатаў у яго як кіраўніка сельскага савета хапае. Летась Тургенеўка святкавала сваё 110-годдзе.

На стажыроўку ў РЦНК Віктар Сінкевіч патрапіў, бо актыўна выступае ў народным фальклорным ансамблі “Варэнічкі”, мастацкая кіраўніца якога — Ксенія Васільева. Быў час, калі Віктару давялося ўласным прыкладам матываваць аднасяльчан стаць удзельнікамі хору. Ён тады ўпершыню апрануў беларускую кашулю ды заспяваў. І не пралічыўся: у хор пацягнуліся й маладзешыя ўдзельнікі, гадоў пад 35. Са спевамі яго падтрымала й жонка Наталля, па нацыянальнасці руская. Хор часта выступае не толькі ў родным сяле, але й на раённых святах, у Іркуцку, ад якога Тургенеўка амаль за 150 кіламетраў.

Віктар Сінкевіч разам з хорам сустракаюць гасцей на іркуцкай зямлі. Фота dompressy.by

Пабачыўшы народныя калектывы Беларусі, пабываўшы на практычных занятках і майстар-класах у цэнтрах народнай творчасці ў Мінску, Віктар яшчэ больш упэўніўся, як падабаюцца яму беларускія спевы, танцы, беларуская мова. І хоча цяпер больш сіл аддаваць развіццю беларускай культуры ў Тургенеўцы, каб госці, якія туды ўсё часцей прызджаюць, адразу адчувалі: там жывуць беларусы.

Сцяг Тургенеўкі. geraldika.ru

“Трэба дадаць да спеваў крыху харэаграфічных элементаў, а для гэтага знайсці добрага харэографа, — прыйшоў да высновы Віктар. — Няблага было б, каб і дзеці далучаліся да культуры продкаў, спявалі-танчылі ў фальклорных гуртах. У нас ёсць яшчэ дзіцячы ансамбль “Ручнічок”. Думаю заахвоціць і сваіх дзяцей, каб туды наведваліся, а іх жа трое — і ўжо цэлая каманда!”, — кажа сібірскі беларус. І яшчэ пасля наведвання гістарычнай Бацькаўшчыны Сінкевіч умацаваўся ў думцы ўзвесці праваслаўны храм перад уездам у Тургенеўку. Вымагаюць таго, кажа, духоўныя карані, якія звязваюць яго з Беларуссю.

Ганна Лагун

Нумар у фармаце PDF

Выбар рэдакцыі

Палітыка

Другі дзень УНС: усе падрабязнасці тут

Другі дзень УНС: усе падрабязнасці тут

У парадку дня — зацвярджэнне Канцэпцыі нацбяспекі і Ваеннай дактрыны.

Энергетыка

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

А сярод краін ЕАЭС — на першым месцы.