Вы тут

З Падмаскоўя — у “Конікі”


Ва ўнікальным Калядным абрадзе, які здаўна бытуе ў палескім Давыд- Гарадку, сёлета паўдзельнічаў і марушкінскі гурт з Падмаскоўя


Бегаюць “Конікі” па вуліцах Давыд-Гарадка

З усёй Беларусі, з замежжа едуць госці на Століншчыну, у Давыд-Гарадок, каб на свае вочы пабачыць народна-традыцыйнае свята “Конікі”, а то й далучыцца да Калядных гуртоў. Бо ці ж не дзіва: Конікі тут галоўныя, традыцыі больш за 100 гадоў (кажуць, яна пачалася ў час Першай сусветнай вайны). А па ўсёй Беларусі ў гуртах верхаводзяць Козы — як сімвал урадлівасці, багацця, дабрабыту, а таксама заканчэння году старога й нараджэння новага пад знакам Казярога. Здаецца, увесь Давыд-Гарадок на Стары Новы год, у ноч з 13 на 14 студзеня калядуе, едучы на стылізаваных Коніках. Іх робяць у мясцовых школах, у Доме творчасці, ды й прыватным чынам энтузіясты. Расказваюць старажылы: за савецкім часам калядоўшчыкаў разганялі, таму ім даводзілася хутка рухацца. І з тае пары ў гарадку ёсць устойлівае словазлучэнне: бегаць у “Конікі” — як аналаг калядаванню. Часам у калядоўшчыкаў ёсць і звычайныя коні, а гуртоў “бегае” па вуліцах — штогод больш за дваццаць, абыходзіць кожны па 30–40 дамоў.

Сёлета з Падмаскоўя ў Давыд-Гарадок прыехалі артысты-калядоўшчыкі пад кіраўніцтвам вядомага артыста балета Гедымінаса Таранды, які прывёз ажно 30 “окрутников”. У творчай дэлегацыі — таксама й Герой Расіі Аляксандр Дарковіч, які родам з берагоў Гарыні. У тым гурце ражаных былі музыкі, спевакі, чытальнікі-забаўляльнікі ды скамарохі. На цыганскім коніку, у вазочку ездзілі яны па вуліцах Давыд-Гарадка. Іншыя ж — хадзілі вясёлымі гуртамі. Гаспадары кожнай хаты загадзя рыхтуюцца да сустрэчы калядоўшчыкаў, потым гасцінна іх сустракаюць, з радасцю прымаюць віншаванні-ўслаўленні.

На гэты раз, ведаю, да падрыхтоўкі свята “Конікі” непасрэдным чынам былі далучаны й старшыня гарвыканкама Давыд-Гарадка Вячаслаў Стаднік, яго намеснік Валеры Кавалец (і ён, дарэчы, у ролі Дзеда Мароза хадзіў з падмаскоўным гуртом — як калядоўшчык). Пачэсную арганізатарскую місію ўзяў на сябе гарадскі Дом культуры, якім кіруе музыка-баяніст, вялікай душы чалавек Міхаіл Шыкунец. І спяваць, і танчыць умее, а пры ДК ёсць творчая суполка “Прамень”, вядомая й за межамі Беларусі. Мне пашчасціла таксама далучыцца ў гурт марушкінцаў (па назве вёскі Марушкіна з Новамаскоўскай адміністрацыйнай акругі Масквы). Да якой хаты ні падыдзем — усюды, як кажуць, з чаркай ды скваркай вітаюць гаспадары. Былі на сталах розныя прысмакі, у тым ліку й знакамітыя палескія “каўбасы, пальцам піханыя”. А галоўнае — вочы гаспадароў ззялі радасцю, душэўнай цеплынёй поўніліся іх словы. Яны разам з нашым гуртом падпявалі, прытанцоўвалі. Вясёлы музыка пад баян пачынаў спяваць Шчодрыка — абрадавую песню, і ўслаўляў гаспадароў, родны горад. Там, на ўзбярэжжы Гарыні, пад зорным небам неверагодна гарманічна ўсё гучыць, аж у сэрца пранікае. А жывуць у гарадку па суседстве, у міры-згодзе прадстаўнікі розных народаў: беларусы, рускія, украінцы, яўрэі…

У самы цэнтр Давыд-Гарадка, на галоўную плошчу, дзе страчае ўсіх магутны князь Давыд (яму пастаўлены помнік), пад вялізную ёлку сабраліся апоўначы з вуліц паселішча ўсе калядоўныя гурты. Там іх вітала кіраўніцтва горада, раёна, дырэктары прадпрыемстваў і школ, звычайныя гараджане. Воплескі, воклічы, абдымкі, цёплыя словы… З плошчы й пачалося агульнае шэсце гуртоў. Ішлі ў маскарадных шэрагах грывастыя Конікі, веселуны-артысты розных узростаў, музыкі. Дух святочнай узрушанасці, еднасці, хвалюючай далучанасці да містычнай дзеі вітаў у грамадзе. Вось так у Давыд-Гарадку народныя традыцыі жывуць, умацоўваюцца, перадаюцца ў спадчыну маладзейшым.

Мікола Котаў, удзельнік марушкінскага гурта калядоўшчыкаў, фалькларыст

Нумар у фармаце PDF

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Выбар саджанца для садавода — той момант, значнасць якога складана пераацаніць.

Культура

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Канцэрт для дзяцей і моладзі, пластычны спектакль Ягора Дружыніна і «Рок-панарама».