Вы тут

Віктар Шніп. Заўтра была адліга-6. Дзённікавы раман паэта


13.12.2016. Зімовы вечар. У гмаху, які ўвесь у шкле, як у лёдзе, адлюстроўваецца зорнае неба. І сам гмах, здаецца, ляціць да зорак. І ты глядзіш на гэты халодны гмах, як на ледзяны слуп, у якім цепліцца разумнае жыццё.

 

*

13.12.2016. З Алесем Разанавым і мастакамі Надзеяй Барай і Тамарай Мельянец працавалі над кнігай перастварэнняў «Маем найбольшае самі», у якой Францыск Скарына, дзякуючы Алесю Сцяпанавічу, будзе гучаць пасучаснаму. Я некалькі разоў сфатаграфаваў Разанава на мабільны. Алесь Сцяпанавіч не пазіраваў. Мы гаварылі пра скарынінскія гравюры і тэксты, а за акном лёталі сняжынкі, як белыя пчолы, якія бароняць вуллі свае. І быў дзень, і была размова, і была Паэзія ў словах, у жэстах, у рухах. І стваралася кніга, у якой будзе Скарына як Паэт, з якім сваім жыццём падзяліўся Паэт.

 

*

14.12.2016. Цябе запрашаюць прыйсці, але запрашаюць так, каб ты не прыйшоў. І ты не ідзеш. І ад гэтага тым, хто запрашаў, добра, і табе добра. Ты дома. Табе цёпла і ўтульна. Ты можаш сядзець у сеціве або перачытваць любімых паэтаў, якія ўжо нікуды не ходзяць, і ніхто іх не запрашае прыйсці. Яны ў цябе дома ў кнігах. Ты не ведаеш, што там адбываецца, але ад гэтага ты не памрэш. Запрашальнікі бачаць, што цябе няма сярод іх, і яны задаволеныя гэтым. І падае з неба сняжынка. Дасканалая, як радок з класічнага верша. Ты бачыш сняжынку, а яны не бачаць яе.

 

Эканаміст

14.12.2016. Ты эканоміш электрычнасць. Сядзіш у паўзмроку. І не адзін ужо год. Табе здаецца, што ад сваёй эканоміі ты станеш жыць лепей. Калі гэта будзе лепей? Ты не ведаеш. У цябе сапсаваўся зрок. Ты ператвараешся ў крата. Ты марыш ажаніцца з Дзюймовачкай. Яна будзе мала есці і будзе з табой сядзець у паўзмроку. А што будзе далей? Ты яшчэ не прыдумаў. Ты эканоміш электрычнасць.

 

*

14.12.2016. На вуліцы хапае снегу, каб наляпіць цэлае войска снегавікоў. Уяўляеце? Паэт і яго снежныя салдаты. «І што ты будзеш з гэтым войскам рабіць?» — пытаешся сам у сябе. «Буду абараняць зіму ад цёплых вятроў!» — адказваеш. «І для чаго?» — «Каб на Новы год было снежна і марозна!» — «Дык пачынай ляпіць снежных салдат!» — «Лянота! Можа, хто іншы злепіць!» Ніхто ў нашым двары нічога са снегу даўно не лепіць. Дзеці ўсе павырасталі. Старыя паўміралі. І няма каму бараніць зіму ад цёплых вятроў акрамя цябе. І ты лепіш снегавіка, але не салдата, а паэта, які любіць белыя вершы і які закаханы ў прыгажуню, якая праходзіла міма і ўсміхнулася.

 

*

15.12.2016. Ідзеш па вуліцы. Хто ты, што ты — нікому не цікава. Спыняешся каля сметніцы. Стаіш. І тут жа мінакі пачынаюць прыглядацца да цябе: «Хто ты?»

 

*

15.12.2016. На высотным доме, як на гары, ляжыць снег. Варона лётае над гмахам і не садзіцца. Арлом яна ніколі не будзе. І ты не будзеш. І не трэба. Ты ідзеш па вуліцы, як чарапаха, у якой наперадзе сто гадоў адзіноты...

 

*

15.12.2016. Сярод маіх старых папер захаваліся радкі Ігара Клепікава, якія ён мне прысвяціў на дзень народзін у 2015 годзе:

 

Пяць, зноўку пяць — выдатнік круглы.

Жыццё ўсяму ўжо навучыла.

Пляло зігзагі, бегла кругам,

Але — мацнелі толькі крылы.

 

І карабель наверсе хвалі

Трывае ў беларускім моры.

Граждан з Сабакам заспявалі

Ў адзіным, хоць бязладным, хоры.

 

Хай сонца ззяе нат праз хмары

І як медаль вісіць над борам.

А сакавіцкія абшары

Пяро фарбуе вершам новым!

 

*

15.12.2016. На асветленай вечаровым сонцам сцэне, як на месяцы, не

было жыцця...

 

*

15.12.2016. З Люмілай хадзілі ў «Кніжную шафу» на творчую вечарыну Іны Снарскай, дзе прэзентаваўся дыск «Ад сэрца да сэрца — дарога». На прэзентацыю Іна спецыяльна прыехала ў Мінск з Украіны. Учора яна была на вечарыне «Тутэйшых» і сённяшняя прэзентацыя стала своеасаблівым працягам учарашняй імпрэзы. Пра паэтку гаварылі Барыс Пятровіч, Алесь Пашкевіч, Наталка Бабіна, Людміла Рублеўская і іншыя. Таццяна Грыневіч-Матафонава спявала песні на словы нашых класікаў. У «Кніжнай шафе» было, як у шафе, душнавата, бо сабралася шмат слухачоў. Слухаючы Іну, я ў думках вандраваў за ёй то ў Полацк, то ў Палтаву. Усюды было паэтычна і родна. І мне час ад часу здавалася, што кнігі (дакладней, іх аўтары), якія стаяць на паліцах, стаяць у чаканні аўтографаў ад госці з Украіны.

 

*

16.12.2016.  Прыходзіў Андрэй Федарэнка. Амаль гадзіну прагаманілі ў кабінеце Алеся Бадака. Пра «Тутэйшых», пра прозу, пра наша самотнае жыццё-быццё. Андрэй быў светлы і энергічны, як ніколі. Смяяўся, як дзіця. Было хораша. Мы з Бадаком да крэслаў прывязаныя, а Федарэнка вольны, як і належыць быць пісьменніку. Забраў рукапіс кнігі, у якім ёсць нефарматны для «Мастацкай» твор — «Манголія». Казаў, што на вечарыне «Тутэйшых» узгадвалі Бадака, Рублеўскую і мяне. Павал Дзмітрук нават чытаў верш, прысвечаны Людміле. Шкада, што не хадзілі.

 

*

17.12.2016. Дзень пачаўся сумна — ранкам памёр Леанід Маракоў, а з ім кніга пра плошчу Свабоды (яе гісторыя за 500 гадоў), якую ён абяцаў зрабіць для «Мастацкай літаратуры» і ўжо рабіў.

 

*

18.12.2016. У нас з Людмілай ёсць вялікі сшытак, у якім нашы госці, што прыходзяць упершыню да нас, пакідаюць свае аўтографы. Сшытак вядзецца з 1992 года. У ім больш за сотню запісаў. Усё збіраюся адсканаваць старонкі і набраць напісанае — і ўсё адкладаю. Час ад часу, а гэта з вельмі сумнай нагоды, заглядаем у сшытак. Вось і цяпер заглянулі, каб узгадаць Леаніда Маракова. Ён упершыню ў нас быў дома 6 ліпеня 1998 года. Тады ён яшчэ пачынаў пісаць і беларускай мовай слаба валодаў. Лёня нарыфмаваў:

 

От души желаю удачи

Семье литературной, молодой.

Пусть решаются у вас задачи

Жизни, теперешней, — крутой.

 

Лёня тады сам быў круты і хадзіў з залатым ланцугом (не ланцужком, а ланцугом) на шыі. Ён быў шчаслівы, бо пачаў займацца творчасцю. І той залаты лацуг вісеў на ім, як абрывак ланцуга, на якім быў Маракоў, калі займаўся бізнесам. Ён быў вольным. У яго было шмат планаў і ён амаль усе рэалізаваў. У верасні пры сустрэчы Лёня сказаў: «Я ўжо недарэмна жыў у гэтым свеце! Я напісаў і выдаў 30 тамоў! Ні ў кога столькі няма! У Гілевіча — 23. У Караткевіча — 25. А ў мяне — 30!»

 

*

18.12.2016. Пакаленне «Тутэйшых» — пісьменнікі, якія нарадзіліся ў 1957—1966 гадах і яшчэ чалавек 5—7 старэйшых, як Алег Мінкін. Агулам ад 80 да 100 чалавек. Нехта быў на першым плане, а нехта ў тыле. На сённяшні дзень засталося 50—60, з якіх 20—25 плённа працавалі і працуюць у літаратуры. 10—15 з «Тутэйшых» маюць сакральныя творы, якія ўжо сталі нашай класікай. Гэта ўсё матэматыка! Але ў гэтай матэматыцы ёсць ісціна — мы не страчанае пакаленне, мы замоўчаныя і неацэненыя, як належыць. Можна пра «Тутэйшых» працягваць разважаць у гэтым стылі і далей, але прыйдзе ж мудры гісторык, а ён ужо ідзе, і скажа, чаго мы вартыя ў цэлым і паасобку. А нам застаецца працягваць рабіць тое, што мы ўмеем.

 

*

18.12.2016. Калі я заходжу ў пакой і зачыняюся, Міёна кладзецца пад дзвярыма. І ў які ўжо раз думаю: «Яна пільнуе, каб ніхто да мяне не зайшоў ці каб я не выйшаў незаўважаным?»

 

*

19.12.2016. Не схадзіў развітацца з Леанідам Мараковым. Не хацеў яго бачыць у труне. Няхай у памяці маёй ён застанецца жывым і вясёлым, якім заўсёды быў, нават калі яму цяжка было...

 

*

19.12.2016. На працы забыўся мабільнік. Цяпер здаецца, што мне па ім нехта павінен патэлефанаваць з важнай навіной, а я не змагу яе пачуць. Я дома паўгадзіны, а ўжо як ніколі хочацца на працу.

 

*

19.12.2016. Нічога не трэба выдумляць. Усё ўжо выдумана, але пра гэта

ведаюць толькі самі выдумшчыкі...

 

*

19.12.2016. Зноў снег растае. І я іду па вуліцы з Міёнай у гумовых ботах. У ногі халаднавата. А мама ўсе зімы хадзіла ў гумовіках на кароўнік. Абуць цяплейшае было што, але ж яна ішла на працу, а не на танцы...

 

*

19.12.2016. Ноч хмарная. Бязветрана. І ў лужынах зіма стаілася. Ім поўню на сабе не люстраваць...

 

*

20.12.2016. Кожны мае сваю думку наконт таго, што чытае. А дзе ісціна? Яна ў пыле, што некалі застанецца ад паперы, на якой надрукаваны твор.

 

*

21.12.2016. Прыходзіў Уладзімір Лукашык. Гаварылі пра паноў Кубліцкага ды Заблоцкага, Дон Кіхота, Апалінэра і пра майго Максіма, што служыць у Пінскім памежным атрадзе. У Валодзі дзед перад Другой сусветнай вайной ахоўваў мяжу з Польшчай. Тады памежнікі ездзілі на конях. Цяпер Максім за час нарада бывае праходзіць па 20—40 кіламетраў. Валодзя задумаў рэалізаваць цікавы кніжны праект. Праўда, не для «Мастацкай літаратуры». Прапанаваў мне паўдзельнічаць. Я не адмовіўся. З Валодзем цікава працаваць, а гаварыць з ім яшчэ цікавей. І самае галоўнае — ён умее слухаць і чуць суразмоўцу.

 

*

21.12.2016. Вечарам у пошуках снегу ў горад з неба апусціўся туман. І дамы ў тумане нібыта заблудзіліся. Стаяць і перад сабой свецяць святлом з акон. І ты ідзеш сярод дамоў маленькі, як шэрая мыш...

 

*

22.12.2016. У тры гадзіны ночы Людміла закончыла новы раман. Назва — «Пантофлі Мнемазіны».

 

*

22.12.2016. Дзякуючы супрацоўнікам Музея гісторыі беларускай літаратуры быў на радзіме Кузьмы Чорнага ў Капыльскім раёне. Прэзентавалі кнігу «Кузьма Чорны. Чалавек — гэта цэлы свет», што на пачатку года выйшла ў «Мастацкай літаратуры» ў серыі «ЖЗЛБ». У мікрааўтобусе нас было адзінаццаць чалавек. Я ўсю дарогу ў Цімкавічы і назад гаманіў з Алесем Камоцкім, таму час праляцеў хутка. Напачатку наведалі Музей Кузьмы Чорнага, дзе ягоная гаспадыня для нас правяла паўгадзінную экскурсію. У адным з пакояў Кастусь Цвірка, убачыўшы ў куце пісьмовы стол Чорнага, а над ім партрэт Сталіна, гучна сказаў: «Здыміце гэтую пачвару!», нібыта наша экскурсаводка яе павесіла. Прэзентацыя кнігі была ў школе імя Кузьмы Чорнага. Сабралася поўная актавая зала школьнікаў. Амаль усе, хто прыехаў у Цімкавічы, выступалі. Думаю, школьнікам было цікава паслухаць укладальніцу фаліянта Галіну Шаблінскую, убачыць унука пісьменніка Міколу Раманоўскага, які падарыў школе копіі вельмі старых карт, на якіх ёсць Цімкавічы. Я з прыемнасцю паслухаў выступленні Ірыны Багдановіч і Алеся Камоцкага. Перад вяртаннем у Мінск у нас было крыху часу. Усе разышліся хто куды, а Наста Грышчук і я паглядзелі царкву Святога Мікалая. На жаль, Храм быў замкнуты.

 

*

23.12.2016. Некалькі дзён таму стартаваў другі сезон праекта Velcom Movabox. Цяпер будзем чытаць-вывучаць казку-антыўтопію Альгерда Бахарэвіча «Дзеці Аліндаркі». Апошнія восем тыдняў агульная ўвага была прыцягнута да кнігі Людмілы Рублеўскай «Авантуры студыёзуса Вырвіча» — прыгодніцкага рамана ў жанры гістарычнага фэнтэзі, сюжэт якога разгортваецца вакол персоны шляхціца Пранціша Вырвіча і яго спадарожніка доктара Баўтрамея Лёдніка. Дарэчы, вызначылася, што за гэтыя восем тыдняў сайт movabox.by наведалі 20 206 чалавек, сярод якіх 7285 прайшлі тэст, а 4270 прынялі ўдзел у розыгрышы скрыні MOVABOX з артэфактамі. А некаторыя кажуць, што ніхто ў нас кніжак не чытае і не цікавіцца сучаснай беларускай літаратурай...

 

*

23.12.2016. Снег то выпадзе, то растане. То выпадзе, то растане. Ты ідзеш па змрочнай вуліцы. Ты змрочны, як вуліца, па якой ідзеш. І тут раптам снег пайшоў, нібы ўключылася зімовае святло. Ты ўсміхнуўся і прашаптаў:«То выпадзе, то растане...» А да Новага года яшчэ восем дзён...

 

*

23.12.2016. Нас многія спрабуюць вучыць жыццю. Жыццю, як яны яго

разумеюць. А мы ўжо даўно навучаныя, бо жывём так, што нас многія хочуць

навучыць жыццю...

 

*

24.12.2016. Заўтрашняга дня баюся. Заўтра вечарам у 8.06 зазвініць мабільны. Нумар тэлефона будзе незнаёмы. Я адразу падумаю: «З Ракаўскай бальніцы...» І пачую: «Гэта звоняць з Ракава. З бальніцы. Ваш бацька памёр. Заўтра прыязджайце і забірайце...» Заўтра бацька памёр. Пойдзе пяты год...

 

*

25.12.2016. Амаль дзве гадзіны з Людмілай былі ў Івана Міско ў майстэрні. Гаварылі пра мастацтва, літаратуру і космас. Іван Якімавіч верыць, як і я, што мы ў сусвеце не адны. Пару гадоў таму мы з Людмілай пыталіся ў нашага земляка касманаўта Алега Навіцкага, ці бачыў ён іншапланецян. Ён адказаў, што касмічны карабель лётае над зямлёй усяго на адлегласці 400 кіламетраў і тут акрамя касмічнага смецця і спадарожнікаў нічога больш няма. А далей? Навіцкі ўсміхнуўся і нічога не сказаў.

Успамінаючы продкаў, Іван Міско распавёў гісторыю пра свайго дзеда. Гэта было зімой. Будучы дзед Івана Якімавіча сабраўся ў сваты. Моладзь някепска выпіла перад дарогай. Селі ў сані і паехалі. Прыехалі. І тут сваты бачаць, што жаніха згубілі. Вярнуліся. Знайшлі. Дзеду ж было так сорамна ад таго, што яго згубілі, што ён расхацеў жаніцца. І калі б тады дзед Івана Якімавіча даехаў да нявесты, то сёння б мы не мелі народнага мастака Беларусі Івана Міско.

З Людмілай схадзілі ў гандлёвы цэнтр «Купалаўскі», дзе праходзіць пераднавагодні кірмаш «З беларускай душой». Людзей было не шмат. Крыху паслухалі прэзентацыю кнігі Віктара Жыбуля «Дзяцел і дупло». Бачылі знаёмых. Віталіся. Усе спяшаліся. Я набыў Людміле падарунак на Новы год.

Зайшлі ў Кафедральны сабор. Паставілі свечкі ў памяць маіх бацькі і маці. Бачылі скрынку, у якую збіраюцца ахвяраванні на працу тэлеканала «Союз».

Прайшліся па Нямізе. На вуліцы шмат дзяцей. Дарослыя купляюць падарункі, а дзеці чакаюць Дзеда Мароза.

 

*

26.12.2016. Гуляю з Міёнай па Мухлі і думаю пра снег, які растаў, не дажыўшы да Новага года. Навокал змрочна, мокра, і толькі там, дзе на снезе былі сцяжыны, бялее лёд. Цяпер абледзянелыя сцяжыны як павута, якойаплецена Мухля, як муха.

 

*

26.12.2016. Учора вечарам Людміла паставіла навагоднюю ялінку. Я думаў, што Міёна будзе лезці да яе, каб цацкі пазрываць. Не лезе. Нават не ўглядаецца. Яе не цікавіць і тэлевізар, па якім я зрэдку гляджу фільмы. Міёна сур’ёзная. Яна чакае Максіма з войска.

 

*

26.12.2016. Стараешся быць справядлівым. І твая справядлівасць многіх крыўдзіць справядліва.

 

Скрыпач

26.12.2016. Майго аднакласніка Грышу Сасноўскага ў школе абзывалі «Скрыпачом». Ён крыўдзіўся і кідаўся біцца. Чаму яго так абзывалі? Я доўгі час не ведаў. Потым ужо, як закончыў школу, даведаўся, што ягоны бацька на вяселлях іграў на скрыпцы. Цудоўна іграў. Ён быў сапраўдным скрыпачом.І цяпер у свае сталыя гады я з прыемнасцю ўзгадваю Грышу Сасноўскага, бацьку якога ведалі амаль ва ўсім нашым раёне як скрыпача. І мне сорамна, што я ў слове «скрыпач» доўгі час не чуў музыкі.

 

*

27.12.2016. Удзельнічаў у адной літаратурнай тэлеперадачы. Пасля запісу адразу паехаў дахаты, каб вывесці Міёну на вуліцу. Дабраўся амаль у дзевяць гадзін вечара. Падняўся да сябе на паверх. Палез у сумку па ключы. Няма. Забыўся дома, калі выходзіў у горад. І Людмілы няма — дзяжурыць на працы па нумары. Тут жа ўзгадаліся маміны словы, якія яна часам у такіх выпадках казала: «Ты б яшчэ і галаву забыўся!»

 

*

28.12.2016. Адзін чалавек пра аднаго Граждана: «У яго нутро пустое.

Нават чэрві там пасохлі...»

 

*

29.12.2016. З Міёнай кожны дзень выходжу тры разы на вуліцу. І так ужо чатырнаццаць месяцаў. Нялёгка. Але, узгадваючы бацькоў, якія пасля цяжкай калгаснай працы без выхадных кожны дзень кармілі сваіх карову, свіней, курэй, сабаку, садзілі гарод, бульбу, касілі, сушылі, вазілі, складалі, перабіралі — і так бясконца ў клопатах да дня, пакуль перасталі магчы, я смяюся з сябе і сваіх праблем. І прыходжу з працы, і выводжу Міёну на вуліцу, і радуюся жыццю, у якім хапае шмат усяго цудоўнага. Галоўнае — не гультаявацца.

 

*

29.12.2016. Адзін з сабачнікаў на Мухлі запытаўся ў мяне: «Чаму ты па-беларуску гаворыш увесь час?» — «Таму што ў Маскве вучыўся!» — адказаў я.

 

*

30.12.2016. Снілася родная хата. Я з сястрой Валяй аглядаю пакоі. У іх светла і цёпла, хоць са шчылін у вокнах дзьме вецер. Бацькоў няма. Кажу сястры: «Цяпер стала не горай, чым пры бацьках, вось толькі вецер дзьме». Бяру газеты і закладаю адну са шчылін у аконнай раме. Адразу ж робіцца меней святла і халадней. Сястра нешта кажа, а я не чую. Праз акно бачу далёка-далёка бацькоў, якія некуды ідуць...

 

З Новым годам!

31.12.2016. Што такое Новы год? Свята? Свята! З чым яго можна параўнаць? І напачатку Новы год я параўноўваю з парогам, праз які мы пераступаем і далей ідзём па жыцці. Кожны сваім шляхам. Потым я параўноўваю Новы год з абрывам, з якога мы ступаем (многія п’янымі) у прорву часу і ляцім, хто як зможа. Нехта даляціць да новага абрыву жывым, а нехта мёртвым. Новы год можна параўнаць з пнём вялікай яліны, на які, як на святочны стол, кожны ставіць, што можа і хоча. Новы год можна параўнаць... А што яго параўноўваць з нечым, калі Новы год — гэта Новы год. І ты адкаркоўваеш шампанскае. Разліваеш па бакалах. Прапануеш усім выпіць за Новы год. Я не адмаўляюся, але не п’ю. Я проста не п’ю. Горка. Я дакранаюся да шампанскага вуснамі, нібыта цалую. І шампанскае нібыта цалуе мяне. З Новым годам!

 

У 2016 годзе...

31.12.2016. 18 мая сына ад нас забралі ў пагранвойскі, 12 жніўня дачку аддалі замуж. З Людмілай два ліпеньскія тыдні былі ў Паланзе. З’ездзілі ў Латвію ў Ліяпая. Дабраліся да палаца Агінскіх у Плунга. Крыху вандравалі па Беларусі. Наведалі Бабруйскую крэпасць. У нашай кватэры зняты кліп песні «Піва і свінінка». Мной была складзена кніга Максіма Багдановіча «Я не самотны...» Напісаў некалькі дзясяткаў вершаў. Сёе-тое друкавалася ў рэспубліканскай перыёдыцы. Удзельнічаў у многіх вечарынах і прэзентацыях кніг. Шмат гуляў на Мухлі з Міёнай. Малавата быў у родных Пугачах. Мала тэлефанаваў родным і сябрам. Каго пакрыўдзіў, даруйце. У новым годзе пастараюся быць лепшым.

 

Прачытаць часопісную публікацыю рамана Віктара Шніпа «Заўтра была адліга-6» можна ў № 8 «Полымя», 2019

 

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Палацы, паркi, сядзiбы. На Брэстчыне вядзецца вялiкая работа па аднаўленнi гiсторыка-культурных аб'ектаў

Палацы, паркi, сядзiбы. На Брэстчыне вядзецца вялiкая работа па аднаўленнi гiсторыка-культурных аб'ектаў

Адным з першых у вобласцi пачалi рэстаўрыраваць велiчны палац Сапег у Ружанах.

Грамадства

Шопiнг з дапоўненай рэальнасцю. Тэхналогii 3D-мадэлявання адкрыюць новы фармат гандлю

Шопiнг з дапоўненай рэальнасцю. Тэхналогii 3D-мадэлявання адкрыюць новы фармат гандлю

Наша краiна займае трэцяе месца ў сваiм рэгiёне па колькасцi бескантактавых транзакцый.

Грамадства

Неспадзяваныя падарожжы. Як не згубiцца ў лесе?

Неспадзяваныя падарожжы. Як не згубiцца ў лесе?

Цёплае i вiльготнае надвор'е, якое вось ужо чацвёрты тыдзень з невялiкiмi перапынкамi пануе ў Беларусi, штурхае да таго, каб пайсцi ў лес.