Вы тут

Леў Коласаў. Прынясі малаток!


Леў Коласаў — чалавек незвычайнага лёсу і незвычайнага таленту. У жыцці яго чакала шмат выпрабаванняў. Хлопчыкам перажыў нямецкую акупацыю ў Лунінцы. Літаральна за некалькі дзён да вызвалення разам з сям’ёй быў вывезены на прымусовую працу ў Германію. Большую частку жыцця вымушаны быў хаваць гэты факт біяграфіі, бо ў савецкай рэчаіснасці за яго можна было паплаціцца. Хлопец адчуў гэтую несправядлівасць даволі рана — не бралі ні ў адну ВНУ. І пра тое, кім ды куды быў вывезены, а тым больш кім быў вызвалены, замаўчаў на доўгія гады...

Незвычайнасць таленту Льва Леанідавіча я б апісала так: уменне заўважаць, успрымаць рэчаіснасць ды апісваць яе асаблівым чынам. Цяжка сказаць, што было першасным, што на што паўплывала: склад характару ці лад жыцця. Леў Леанідавіч працаваў радыёінжынерам, займаецца філатэліяй. Адсюль гэтая ўвага да дэталі, да канкрэтыкі? Адсюль прынцып дакладнага апісання? Можа быць, але я думаю, што гэта не так ужо і істотна. Куды важнейшы вынік — той тэкст, што паўстае перад намі і робіць апісваемыя з’явы ды падзеі рэальнымі для чытача.

У №№ 5—6 часопіса «Полымя» за 2015 год мы друкавалі частку ўспамінаў Льва Коласава, прысвечаных ваенным гадам у Лунінцы, — «Акупацыя». «Прынясі малаток!» — фактычна працяг гэтай публікацыі, успаміны пра тое, як сям’ю Коласавых вывезлі на прымусовую працу ў Германію, і пра тое, з чым дванаццацігадоваму хлопчыку прыйшлося сутыкнуцца ў гэтым вымушаным цяжкім «падарожжы».

Алена МАЛЬЧЭЎСКАЯ

 

Уступ

У пасляваенныя гады ў СССР пра остарбайтараў практычна нічога не казалі і вельмі рэдка пісалі. На доўгі час усходнія рабочыя і іх лёсы выпалі з савецкай гісторыі Вялікай Айчыннай вайны. Самі ж остарбайтары, каб не выклікаць падазрэнняў, дзесяцігоддзямі хавалі ад сваякоў і сяброў, калег па працы і аддзелаў кадраў факт прымусовага вывазу ў Германію ды працы там на заводах ці ў баўэраў. Грамадскасць практычна нічога не ведала: колькі жыхароў з акупіраваных раёнаў было вывезена ў Германію ў якасці рабоў ХХ стагоддзя, колькі там загінула, колькі вярнулася і колькі не вярнулася ў СССР (і чаму?), тым больш не гаварылася пра вывезеных на прымусовыя працы дзяцей. Сярод гэтых дзяцей апынуўся і я...

Жаданне напісаць успаміны пра прымусовае знаходжанне ў фашысцкай Германіі, цяжар лагернага жыцця, прыніжэнні, голад, пачуццё страху за сваё жыццё і жыццё блізкіх, нянавісць да прыгнятальнікаў, працу на фабрыцы з’явілася ў мяне яшчэ на пачатку 1980-х. І ўзнікла яно не па чыёйсьці замове — гэта быў покліч душы. Мне хацелася распавесці пра тоё жыццё, сказаць праўду пра сваю вайну. Былі зроблены накіды, але савецкая рэчаіснасць не спрыяла далейшай працы.

Наступны штуршок адбыўся на пачатку 2000-х. Мая ўнучка Вольга Коласава, тады студэнтка Мінскага дзяржаўнага лінгвістычнага ўніверсітэта, прыняла ўдзел у рэспубліканскім конкурсе рэфератаў аб прымусовай працы беларускіх остарбайтараў падчас Другой сусветнай вайны. Конкурс быў арганізаваны да 60-годдзя святкавання Перамогі Беларускім рэспубліканскім фондам «Узаемаразуменне і прымірэнне». Вольга падрыхтавала рэферат на аснове маіх успамінаў, работа была ўзнагароджана ганаровай граматай фонду. Пазней я перапрацаваў і дапоўніў матэрыялы рэферата. Гэтыя ўспаміны пісаліся на працягу некалькіх гадоў. Яны ахопліваюць перыяд з ліпеня 1944 года па кастрычнік 1945 года. У лагерным жыцці вартыя ўвагі падзеі адбываліся штодня — на фірме, непасрэдна ў лагеры, у маіх «падарожжах» па горадзе. У сваіх згадках я імкнуўся засяродзіць увагу на самых значных фактах. Па старонках успамінаў былога 12-гадовага остарбайтара я прапаную прайсці дзеля будучыні, якая немагчымая без мінулага.

 

Прымусовы ўгон

Летам 1944 года, калі тэрыторыю Беларусі ў рамках аперацыі «Баграціён» вызваляла Чырвоная Армія, акупацыйныя ўлады здзейснілі чарговы масавы вываз мірных жыхароў на прымусовыя работы. Толькі з Лунінецкага раёна ў ліпені 1944 года ў Германію было адпраўлена 5 эшалонаў з остарбайтарамі. Апошні з іх рушыў з горада 8 ліпеня, за два дні да вызвалення горада. У гэтым эшалоне была вывезена і наша сям’я: бацька — Леанід Аляксандравіч Коласаў, маці — Антаніна Адамаўна Коласава, я, сын — Леў Коласаў (12 гадоў), дачка — Вольга Коласава (8 гадоў).

Раніцай 8 ліпеня салдаты вермахта, эсэсаўцы і паліцаі зладзілі па горадзе аблаву. Заходзілі ў дамы, давалі 10—15 хвілін на зборы: загадвалі ўзяць з сабой дакументы, каштоўныя рэчы, нешта з адзежы, прадукты на 2—3 дні. Нягледзячы на тое, што заспетыя знянацку людзі за такі кароткі час не маглі сабрацца ў дарогу, салдаты і паліцаі выпіхвалі іх прыкладамі з двароў і гналі на станцыю. Сабак, што гаўкалі, забівалі. Так загінула і любіміца нашай сям’і Найда. Людзі лямантавалі, плакалі, прасілі іх адпусціць, збягалі, хаваліся ў гародах. Здаралася, што бацькоў забіралі, а дзецям удавалася схавацца. З розных вуліц горада сагналі амаль 250 чалавек. На станцыі іх ужо чакаў эшалон з 7—10 вагонаў — цяплушак, абсталяваных драўлянымі нарамі.

Бліжэй да вечара эшалон з лунінчанамі выправіўся ў бок Брэста. У вагоне ўсе плакалі. Паперадзе нас ішлі яшчэ два эшалоны: адзін з раненымі нямецкімі салдатамі, другі з савецкімі ваеннапалоннымі. Але далёка мы не ад’ехалі — у Парахонску на рацэ Бобрык партызаны пашкодзілі чыгуначны мост. Пакуль мост рамантавалі, тры эшалоны стаялі побач на высокім адкрытым насыпе. Мы баяліся налёту савецкай авіяцыі. Але мост у хуткім часе адрамантавалі, і мы без прыпынкаў паехалі ў Брэст. Там, калі састаў загналі на тупіковую ветку, дзверы вагонаў нарэшце адчынілі. Меркавалася, што людзі змогуць нешта сабе прыгатаваць на вогнішчы. Але вада была недзе далёка, мы не зарыентаваліся — і тут пачаўся авіяцыйны налёт. Станцыя была загружана цягнікамі, бамбардзіроўка была моцнай.

Варта зрабіць невялікае адступленне і распавесці пра рэліквію нашай сям’і. У хаце майго дзеда па лініі мамы Адама Рыбчынскага вісела ікона Божай Маці Неапалімая Купіна. Маці распавядала, што, калі падчас Першай сусветнай вайны яна выехала са школай у бежанцы ва Украіну, бацькі далі ёй у дарогу гэтую ікону — збавіцельку ад ваенных пажараў. Па вяртанні з Палтаўскай губерні мама прывезла яе назад. І абраз зноў заняў месца ў чырвоным куце. У 1939 годзе бацьку бласлаўлялі перад паходам на польска-нямецкую вайну менавіта гэтай іконай. І ён вярнуўся...

У чаканні вызвалення ў 1944 годзе моцна ўмацаваны фашыстамі гарнізон у Лунінцы неаднаразова бамбіла савецкая авіяцыя. Лунінчане шукалі паратунку ў лесе. Маці выстаўляла ікону ў акне, каб бомба не патрапіла ў дом, каб ён не згарэў. Тады так шмат хто рабіў. Калі нашу сям’ю вывозілі ў Германію, маці паспела захапіць з сабой дзве іконы — Неапалімую Купіну і Мікалая Цудатворца. Падчас бамбардзіроўкі станцыі ў Брэсце мая маці прыціскала абраз да грудзей і малілася. Да малітвы далучыўся ўвесь вагон — і праваслаўныя, і каталікі, шмат у каго ў руках былі іконы. Здавалася, Божая Маці глядзіць з расчыненых дзвярэй вагона на саставы, што рваліся і гарэлі. Шмат якія вагоны былі пабітыя асколкамі, але нас бомбы мінулі. Познім вечарам наш эшалон марудна выехаў з тупіка, мы кіраваліся ў Кёнігсберг...

 

Просткен

У другой палове дня 10 ліпеня 1944 года наш эшалон спыніўся ў першым нямецкім горадзе — Просткен (цяпер гэта вёска Просткі на тэрыторыі Польшчы). Ахоўнікі адчынілі дзверы вагонаў, лунінчане дружна вылезлі на нямецкую зямлю і са здзіўленнем азіраліся наўкола. Але голад нагадаў пра сябе — пачалі гатаваць ежу. Гатавалі на вогнішчах. На два камяні ставілі рондаль, пад ім разводзілі агонь. Варылася ўсё доўга, але гэта была першая за некалькі дзён магчымасць паесці гарачага. Эшалон спыніўся пад пешаходным мостам, перакінутым праз чыгуначныя пуці. І вось на мосце з’явілася групка дзяўчат з нейкімі дзіўнымі сінімі знакамі, нашытымі на вопратку. Дзяўчаты нешта крычалі з моста, але зразумець іх было немагчыма. Тады яны спусціліся да эшалона, распытвалі, ці не з Украіны мы, ці не з Ленінграда. Даведаўшыся, што не, яны згубілі да нас цікавасць. Затое лунінчане засыпалі іх пытаннямі. Дзяўчаты распавялі, што працуюць на фірмах ў баўэраў, ва ўладальнікаў розных гарадскіх крам і г. д. Распавялі, што іх вывезлі з СССР яшчэ ў 1942 годзе, што некаторыя з іх жывуць у лагеры — і там ім жывецца дрэнна. Пра сіні знак OST сказалі, што яго павінны насіць усе рабочыя, вывезеныя на прымусовую працу ў Германію. Расповеды дзяўчат былі нечаканасцюі вялікім адкрыццём для нас. Апранутыя яны былі аднолькава: у шэрыя сукенкі, туфлі на драўлянай падэшве з чорным брызентавым верхам.

Напэўна, я ўсведамляў цяжкасць нашага становішча, але пра тое, што чакае нас наперадзе, думаў наўрад ці. У Просткене мне ўсё было цікава: чыгуначны мост, незвычайныя вагоны, дамы з чырвонымі дахамі за чыгункай. Канечне ж, мы (я, браты Кавальскія і Юрэк Дэпарасінскі) тут жа вырашылі выправіцца на мост. Дазволу ў бацькоў не пыталі. З моста спусціліся на прывакзальную плошчу. Тут незвычайным было ўсё: крамы з вітрынамі, шмат веласіпедаў, дамы з фігурнымі аканіцамі і дзвярыма, хлопчыкі ў нейкай незвычайнай форме з партупеямі і кінжальчыкамі на раменьчыках. Я адстаў ад таварышаў — затрымаўся каля вітрыны. Як зачараваны, глядзеў на мадэлі караблёў пад парусамі, на ваенныя караблі.У 1937 ці 1938 годзе мяне вазілі ў госці да цёткі ў суседні Пінск на свята мора. Там базіравалася польская ваенная рачная флатылія, там я ўпершыню пабачыў караблі. І вось цяпер бачыў іх ізноў... Маё заварожанае стаянне перад вітрынай заўважыў паліцэйскі. Таварышы некуды сышлі. Можа, паліцэйскі сачыў за нашай групай? Ён падштурхнуў мяне ў спіну, адарваў ад вітрыны і па-польску сказаў: «Марш на станцыю!», паказаўшы, куды трэба ісці. Я подбегам дабраўся да моста, спусціўся да эшалона. Мае сябры былі ўжо там. Ад бацькоў я атрымаў моцны наганяй.

Позна ўвечары наш эшалон пасунуўся ў бок Кёнігсберга. Я ўладкаваўся на верхніх нарах, каля невялікага акенца, зацягнутага калючым дротам. Мне ўсё было цікава. Я бясконца пытаўся ў бацькоў: а чаму так? а навошта гэта? Бацькі, думкі якіх былі пра наш лёс, урэшце папрасілі не назаляць. І я да позняга вечара глядзеў праз акенца на чужое жыццё...

 

Кёнігсберг

Раніцай мы заехалі ў Кёнігсберг. Эшалон даволі доўга рухаўся па чыгуначнай гаспадарцы і, нарэшце, быў пастаўлены ў тупік з высокай платформай — напэўна, тут разгружалі таварныя вагоны. Паліцэйскія, што суправаджалі нас (яны з’явіліся ў Просткене), адчынылі вагоны і праз некаторы час загадалі ўсім выйсці ды сем’ямі пастроіцца ля вагонаў. Навошта — ніхто не тлумачыў. Мы ўчатырох сталі каля вагона: сястра каля маці, я каля бацькі. Побач сталі іншыя. Ад галавы эшалона ўздоўж строю нявольнікаў ішла вялікая група людзей. Сярод іх былі мужчыны, жанчыны, нават дзеці з бацькамі; было некалькі афіцэраў, інвалід на калясцы. Групу суправаджалі гаспадары эшалона. Перад кожным вагонам яны спыняліся, нешта пыталіся, аглядалі прыбыўшых з ног да галавы, звяраліся з нейкімі спісамі. Мы з сястрой не разумелі, што адбываецца, проста стаялі, прыціснуўшыся да бацькоў. Раптам на маю галавуі рукі капнула нешта цёплае. Я паглядзеў на бацьку — па яго твары цяклі слёзы. Маці таксама плакала. Я зразумеў, што адбываецца нешта жахлівае, мы ў бядзе. Я ніколі не бачыў, каб бацька плакаў. Маці — бачыў: яна плакала, калі бацька сыходзіў на польска-нямецкую вайну ў 1939 годзе. «Нас прадаюць, як скаціну, як рабоў», — гэтую фразу бацька сказаў маці, і я зразумеў яе сэнс. У нашай хатняй бібліятэцы была кніжка Гарыет Бічэр-Стоу «Хаціна дзядзькі Тома», дзе распавядалася пра рабоў. Мне стала страшна, я таксама пачаў плакаць. А група нямецкіх пакупнікоў — хатніх гаспадынь, баўэраў, фабрыкантаў, прадстаўнікоў розных фірмаў ды ваенных прадпрыемстваў — падышла да нашага вагона, дзе стаялі некалькі сямей з дзецьмі 5—10 гадовага ўзросту. Адна з немак у напаўваеннай форме з нейкімі спісамі ў руках паказала пальцам на сястру і запытала: «Колькі гадоў?» «Восем», — адказала маці. Група прайшла далей. У кожнага вагона пакупнікі нешта пыталіся ў прыбыўшых людзей. Агляд скончыўся, з прапанаванага тавару ніхто нічога не набыў, хаця выбіралі доўга. Большасць угнаных сямей былі з дзецьмі. Дзеці — гэта слабыя працаўнікі, а карміць іх трэба. Відаць, былі і іншыя прычыны, па якіх немцы адмовіліся ад набыцця таннай працоўнай сілы, — набліжаўся фронт.

Прагучала каманда «Па вагонах!». Нас закрылі і адправілі спярша ў вялікі размеркавальны лагер у Бромбергу (цяпер горад Быдгашч у Польшчы), а пасля ў Посэн (цяпер горад Познань у Польшчы).

 

Бромберг

Усе остарбайтары, якіх вывозілі ў Германію на прымусовыя працы, павінны былі прайсці дэзынфекцыю. У лагеры Бромберга мы ўпершыню прайшлі гэтую прыніжальную працэдуру. Мы распраналіся пад крыкі «Хутчэй! Хутчэй!». Я ўпершыню распранаўся сярод такой вялікай колькасці незнаёмых людзей. Я марудзіў. Мяне прабірала да дрыжыкаў. Усе саромеліся сваёй аголенасці. Нашае адзенне вешалася на спецыяльныя кручкі з нумаркамі на вялікіх металічных вазках, што адпраўляліся ў пражарачныя камеры. Дакументы і каштоўнасці хавалі ў спецыяльныя пранумараваныя мяшкі, што завязваліся і складаліся ў скрыні. Тыя ж нумары вешаліся на руку таго, хто ішоў мыцца. Остарбайтары, што працавалі ў лагеры, стрыглі доўгія валасы ў жанчын. Здымалі валасы і ў некаторых мужчын. Карыстаючыся пэндзлем на доўгай ручцы, дэзынфектары змазвалі месцы аваласення нейкай смярдзючай вадкасцю. Салдаты гумовымі палкамі пагналі нас у памывачнае аддзяленне. На памыўку пад халоднай вадой адводзілася не больш за дзесяць хвілін. Пасля выхаду па нумарках вярталася пражаранае, яшчэ цёплае адзенне. Яго хутка апраналі на мокрае цела. Мяшкі з дакументамі вярнулі развязаныя, правераныя. Каштоўнасцей, вырабаў з золата і срэбра, некаторых

дакументаў у іх ужо не было, усё было канфіскавана. Тыя, хто нешта не здаў, а нейкім чынам здолеў пранесці ў памывачную, аказаліся мудрэйшымі за іншых.

Наша сям’я змагла захаваць дакументы і каштоўнасці такім чынам. Яшчэ на пачатку 1940 года, калі ў далучанай да БССР Заходняй Беларусі органы НКУС праводзілі вобыскі ды арышты, бацька вырашыў прыхаваць польскія пашпарты, пасведчанні аб заключэнні шлюбу, нараджэнні дзяцей, розныя даведкі, фота з ваеннай службы ў польскай арміі, дакументы на валоданне домам і зямлёй. З ацынкованай бляхі бацька змайстраваў невялікі кацялок. Донца яго было двайным. У зазоры 1,5 см змясцілася ўсё, што варта было схаваць ад НКУС. Каб не ўзнікла сумневаў, што кацялком карыстаюцца, дно і бакі загадзя закапцілі на агні. У кацялок насыпалі нейкіх крупаў, і ён заняў месца на кухоннай шафцы. Заручальныя пярсцёнкі, матчыны завушніцы і два нашыя нацельныя крыжыкі з царквы бацька схаваў у ручку памазка для галення, якую таксама змайстраваўз бляхі. Памазок меў непрывабны выгляд.

У гады акупацыі ў двайное дно кацялка былі ўкладзены савецкія пашпарты бацькоў, фотаздымак бацькі з дошкі гонару і крыху савецкіх грошай — чырвонцаў. Мы з сястрой ведалі, што захоўваецца ў кацялку і памазку. Ведалі, што ў час бамбардзіровак, пажару ці вобыску трэба ратаваць гэтыя рэчы. Такім чынам у Бромбергу мы захавалі ўсё каштоўнае.

Лагер у Бромбергу быў першым лагерам у маім жыцці, і менавіта тут я спазнаў усе «радасці» нямецкай няволі. Ён запомніўся мне халоднай лазняй і паразітамі. Іх была велізарная колькасць. Баракі кішэлі клапамі. Іх знаходзілі нават у супе. У бараках стаяў смурод. Ніякая каналізацыя і вадаправод не працавалі. Лагер паходзіў на агромністы жывёльны двор, на адну вялікую кучу гною. Праз тры дні лунінецкія сем’і адвезлі на машынах на станцыю. Там стаяў доўгі эшалон, што складаўся з розных вагонаў. На некаторых з іх па-нямецку белай фарбай было напісана «Для свіней». Наша сям’я патрапіла ў даволі чысты, не свінскі вагон.І пра тое, які стан быў у вагонаў для свіней, я не ведаю...

 

Посэн

Эшалон прыбыў у Посэн. Нас перасадзілі ў машыны і павезлі ў чарговы

размеркавальны лагер. Ахоўвалі рускамоўныя паліцаі. Да нас яны не звярталі

ся — размаўлялі паміж сабой. А мы баяліся задаваць ім пытанні, хаця запытаць было пра што...

У лагеры ўтрымлівалі дзясяткі тысяч людзей. Ён быў разбіты на сектары, дзе знаходзіліся зняволеныя, адабраныя толькі па вядомых адміністрацыі прычынах. Умовы жыцця тут былі жахлівымі: адсутнасць вады, вельмі дрэннае харчаванне, хоць і тройчы на дзень. Але голад патрабаваў ежы — і людзі, заплюшчыўшы вочы, затрымаўшы дыханне, глыталі смярдзючую сумесь з сапсаванай гародніны (час ад часу ў ёй можна было знайсці нават мышыныя экскрэменты). Галодныя людзі вылізвалі языком рэшткі ежы, пальцамі збіралі іх са сценак місак, аблізвалі пальцы. Хлеб рассыпаўся ў руках, гаварылі, што ў яго дадаюць муку з нейкага трыснягу. Была ў лагерным рацыёне і так бы мовіць кава — каламутная карычневая вадкасць невядомага паходжання. Праз гэты размеркавальны лагер прайшлі дзясяткі тысяч людзей з розных краін Еўропы. Людзі з’елі ўсю траву ў двары, усё лісце, што маглі дастаць, нават кару з дрэваў. Лунінчане дома кармілі свінняў лепшай ежай, чым давалі ў лагеры. Праз дрэннае харчаванне шмат хто хварэў. Хворых называлі «кранкі» (ад нямецкага адпаведніка). Кранкі ніякай дапамогі не атрымлівалі. Вялікімі праблемамі былі недахоп туалетаў, загажанасць тэрыторыі, воблакі мух.

Усіх прывезеных пагналі на дэзынфекцыю ў «лазню». Распранулі нас у калідоры, праз які прагналі голых жанчын. Усе ў чарговы раз былі агаломшаны. Тут жа ў натоўпе голых мужчын расхаджваў лекар у белым халаце з гумовай палкай у руцэ — выглядваў хворых і слабых. Салдаты-дэзынфектары заганялі ўсіх палкамі пад халодны душ. Калідор ды «лазня» былі прапітаныя гідкім пахам карболкі ды гашанай вапны. Пасля выхаду з памывачнага аддзялення і атрымання пражаранага адзення нас рассялілі па бараках. Незразумела, навошта былі ўсе гэтыя меры дэзынфекцыі, калі лагер кішэў паразітамі. Лунінецкія сем’і пасялілі ў двух бараках. Лагер у Посэне стаў самым вялікім з накапляльна-размеркавальных лагераў, дзе мы пабывалі. І самым жахлівым.

І без таго няпростыя бытавыя ўмовы ўскладняў прыгнёт. Паўсюль была ўнутраная паліцыя, лагерная знадворная ахова войскаў СС. Паліцэйскія здзекаваліся з лагернікаў як маглі і хацелі. Штодня некага беспрычынна збівалі. Усё гэта прыгнятала людзей, прыніжала чалавека, які яшчэ месяц таму вёў свабоднае жыццё, няхай і пад акупацыяй. Унутраная паліцыя ў лагеры была шматнацыянальнай — шуцманы з жыхароў сярэднеазіяцкіх рэспублік, літоўцы, латышы, рускія, украінцы, беларусы. Усе яны вызначаліся нейкай асаблівай жорсткасцю, нянавісцю да зняволеных. Сем’і многіх паліцаяў жылі тут жа ў лагеры, у асобным чыстым сектары з клумбамі, фіранкамі на вокнах і дзіцячымі вазкамі ў двары. Па вечарах з паліцэйскага сектара разляталіся смачныя пахі, даносілася музыка. Над жытлом паліцаяў развявалася некалькі сцягоў, яўна не нямецкіх.

Нас трымалі ў цеснаце. Усе баракі былі пафарбаваныя ў зялёны колер. Большасць была без вокнаў і без дзвярэй. У Посэне мы прабылі каля двух тыдняў. На пачатку жніўня 1944 года нас па звычайнай схеме (санапрацоўка, эшалон) адправілі ў глыб Германіі, у Лейпцыг.

 

Лейпцыг

Велізарны вакзал пад шкляным дахам, масіўныя жалезныя апоры — усё гэта аказвала моцнае ўражанне. Шмат пасажырскіх цягнікоў, маса людзей на перонах. Нас марудна везлі на дальнюю платформу. Нарэшце поезд спыніўся, усім загадалі выйсці з вагонаў. І тут адбылася тая падзея, якая не адбылася ў Кёнігсбергу: прыйшлі прадстаўнікі розных фірм ды гаспадарак баўэраў, каб прыдбаць танную працоўную сілу, фактычна рабоў (ужо на шляху з Посэна ў некаторых прамежкавых лагерах лунінецкія сем’і былі размеркаваныя на працу). Каля вагонаў адбываліся жахлівыя сцэны. Юнакоў і дзяўчат 15—20 гадоў раздзялялі з бацькамі і накіроўвалі на працу ў розныя месцы. Ні слёзы, ні просьбы «пакупнікі» не прымалі пад увагу. Былі «прададзеныя» таксама і бяздзетныя сем’і. Іх хутка пагрузілі ў машыны і некуды звезлі. Адбывалася ўсё імкліва. Бацькі ў спешцы аддавалі дзецям нейкае аддзенне, развітваліся. З прададзеных у Лейпцыгу лунінчан ніхто не вярнуўся дамоў пасля вайны...

 

Эрфурт

Пасля Лейпцыгу нас адвезлі ў вялікі размеркавальны лагер у Эрфурце. Па ўмовах ён мала чым адрозніваўся ад папярэдніх — цесната, задуха, вытаптаны двор без аніводнай травінкі, калючы дрот, паразіты ў бараках, дрэннае харчаванне. Запомнілася, што сцены барака былі спісаныя вершамі, заклікамі, лозунгамі, афарызмамі, адрасамі са шмат якіх еўрапейскіх краін ды пракляццямі Германіі, Гітлеру і Сталіну. Нявольнікі з Кіеўшчыны, Палтаўшчыны, Арлоўшчыны, беларускіх гарадоў і вёсак ды шмат якіх іншых месцаў пакінулі тут свае надпісы. Напрыклад:

Солнышка не видно тут

Тучи над бараками

День деньской висят

Люди ходят мрачные

С лицами уставшими

И тоска по Родине душит их сердца[1].

Сталіна лаялі за тое, што пакінуў на волю лёсу мільёны савецкіх людзей, за палон, за тое, што вывезлі працаваць у Германію. Гітлера — за забойствы, за бесчалавечнасць, прарочылі фюрару шыбеніцу.

Перабіраючыся з лагера ў лагер, знаходзячыся сярод зняволеных, слухаючы іх размовы, я вельмі хутка набіраўся жыццёвага вопыту. Лежачы на нарах, я чытаў надпісы, адрасы, вершы і пераставаў быць хлопчыкам з правінцыйнага гарадка. Аднойчы я пакінуў на сцяне і свой адрас. Навошта, каму — не памятаю, пра што тады думаў. Дзіцячая памяць назаўжды зафіксавала шмат якія надпісы:

Выше головы, русские люди,

Будьте русскими всегда и везде,

Скоро лагерь проклятый покинем,

Будем вновь на родимой земле.

Хай сабе гэтыя вершы былі няскладныя, хай «паэтам» бракавала майстэрства і таленту, але ж радкі выяўлялі тугу па родных мясцінах, любоў да бацькоў, сваякоў, нянавісць да тых, хто звёз у рабства, і ўпэўненасць у тым, што мы вернемся на радзіму:

Пусть тучи черные плывут по небесам

Пусть я далёк от родины своей

Но я вернусь в любимый край

И в степь я побегу босой.

Напрыканцы ліпеня — у пачатку жніўня 1944 года ў лагеры пачалі з’яўляцца прадстаўнікі нямецкіх фірмаў, якім была патрэбная бясплатная рабочая сіла. Адміністрацыя лагера стала афармляць дакументы. Кожнаму ў канцылярыі выдавалася анкета, якую патрэбна было запоўніць. Галоўным пытаннем была спецыяльнасць. Парадкавы нумар анкеты станавіўся нумарам усходняга раба замест прозвішча. Прыйшла і нашая чарга ісці ў канцылярыю. Далей адбывалася вось што...

Я ўвайшоў у пакой, дзе за сталом сядзелі некалькі чалавек ва ўніформе і ў цывільным. Амаль усе яны размаўлялі па-руску ці па-польску. На ўваходзе мне далі паперчыну з нумарам 30 305, і я пайшоў уздоўж стала, адказваючы на пытанні. Некаторы час я вучыўся ў польскай школе, потым у 1939—1941 гг. — у савецкай. Падчас акупацыі наведваў прыватную школу, потым тую, што адкрылі акупацыйныя войскі — украінскую. Напрыканцы 1943 года яе закрылі і ўсіх вучняў перавялі ў тэхнічную школу, дзе мы рабілі нейкія скрынкі. Атрымаўшы адказ, што я наведваў тэхнічную школу, у маю анкету тут жа запісалі, што я слесар. Камісію не магло задаволіць тое, што спецыяльнасці ў мяне не было. Так ніколі не трымаўшы ў руках слясарных прылад, апроч малатка, я ўраз стаў для рэйха патрэбным слесарам № 30 305. Каля выхаду з пакоя стаяла нейкая металічная шафа: аказалася — хуткасная фоталабараторыя. Немец-фатограф глянуў у анкету, імкліва сабраў мой нумар на дошчачцы, паставіў да сценкі, загадаў трымаць нумар і націснуў на кнопку. Нешта шчоўкнула, успыхнула святло — і праз пару хвілін у руках апынуліся шэсць фотаздымкаў з маім партрэтам і надпісам: «30/305 A.E. La. Erfurt. 31.7.44». Фатограф паглядзеў на іх і сказаў, што здымкі дрэнныя — крыху змазаны нумар. Другая спроба была паспяховай — лічбы добра чыталіся. Забягаючы наперад, скажу, што захаваў гэтыя бракованыя здымкі і яны спатрэбіліся мне потым.

Фотаздымкі тут жа прыклеілі да дакументаў, побач з імі трэба было пакінуць адбіткі пальцаў. Тую ж працэдуру прайшлі мае бацькі: тата атрымаў нумар 30 179, маці — 3010. Па выхадзе з канцылярыі анкеты і фотаздымкі забіралі, а «новае прозвішча» запісвалі на левай руцэ спецыяльным алоўкам. Такім чынам працоўная сіла была падрыхтавана да адпраўкі. Праз некалькі дзён нам аб’явілі, што пэўныя нумары павінны быць гатовымі да таго, каб выправіцца на працу. У гэтую патрыю патрапілі прыкладна 20 лунінецкіх сем’яў. Усіх, хто ад’язджаў, пагрузілі ў крытыя машыны з 2—3 узброенымі паліцэйскімі. На таварнай станцыі Эрфурта нас пасадзілі ў эшалон і выправілі ў невядомасць. Пачаўся новы этап лагернай адысеі...

 

Лагер у Шмалькальдэне

Чарговае падарожжа аказалася нядоўгім. Увечары 7 жніўня 1944 года эшалон спыніўся на невялікай станцыі сярод невысокіх гор. Эшалон суправаджалі некалькі прадстаўнікоў фірмаў, набыўшых лунінецкія сем’і. Адзін з гэтых прадстаўнікоў паведаміў, што мы прыбылі ў горад Шмалькальдэн, дзе будзем жыць і працаваць. На пероне новую працоўную сілу сустракалі камендант лагера з перакладчыкам, пажылым паліцэйскім у форме, і некалькі мужчын з лагера з сінімі знакамі OST на паношанай вопратцы. Яны прыйшлі з камендантам, каб дапамагчы прыбыўшым несці рэчы. Аб’яднаны працоўны лагер усходніх рабочых знаходзіўся за 300 метраў ад станцыі. Месца гэтае называлася Schützenhof — стралковы двор. Пасля прыбыцця ў лагер лунінчанам было аб’яўлена, што 8 жніўня1944 года ўсе дарослыя і дзеці ад 10 гадоў (тыя, на каго былі аформленыя дакументы ў Эрфурце) павінны выйсці на працу на фабрыкі фірмаў «Браты Хэлер», «Эрбэ», «Людвіг Браўн» і інш. Гэтыя фірмы выраблялі як грамадзянскую прадукцыю, так і выконвалі заказы ваеннага ведамства.

Новым жыхарам лагера выдалі спецыяльныя карткі для таго, каб атрымліваць ежу на лагернай кухні, патлумачылі, як імі карыстацца, і папярэдзілі, што ў выпадку згубы дублікат не выдаецца. Раздалі лыжкі і чырвоныя эмаліраваныя міскі (з такіх елі ў шмат якіх працоўных лагерах Германіі). Таксама нам выдалі брудныя рваныя коўдры ды размеркавалі на вольныя нары па бараках. Большасць прыбыўшых сямей былі з дзецьмі, таму сялілі ў сямейныя баракі. Дзеці да дзесяці гадоў не мелі асобных спальных месцаў, спалі на нарах разам з бацькамі.

З месцам жыхарства нашай сям’і пашанцавала. Яшчэ ў лагеры ў Эрфурце нашая мама прастудзілася, тэмпературыла, блага сябе адчувала. Лячылася як магла: невялікі запас парашкоў ды таблетак ў нас з сабой меўся. Калі мы прыбылі ў Шмалькальдэн, нашая сям’я праз слабасць мамы выйшла з вагона апошняй. Апошнімі ў калоне мы ішлі і ў лагер. Неяк так атрымалася, што ў сямейных бараках ужо не было месца і тры лунінецкія сям’і — наша, Кавальскіх (трое дзяцей) ды яшчэ маці з дзіцёнкам — пасялілі ў памяшканне склада пры кухні. Каменныя сцены і падлога, два невялікія вокны, драўляны стол, дзве лавы ўздоўж яго, дзве лямпачкі пад столлю, двух’ярусныя нары з бруднымі падушкамі ды матрацамі, набітымі нейкім рыззём, і самае важнае для ўсіх нас — металічная круглая печка пасярод гэтага памяшкання. Уваходныя дзверы дашчатыя, разбітыя, з вялізнымі шчылінамі. Але да зімы агульнымі намаганнямі жыхароў пакоя мы прывялі іх да ладу. Крыху пазней да нас падсялілі двух адзінокіх мужчын і сям’ю з трох чалавек. Усяго ў невялікім памяшканні месцілася 16 жыхароў. У нас ніколі не ўзнікала спрэчак. Жылі дружна — рускія, палякі, украінцы — дапамагалі адно аднаму, калі гэта было патрэбна.

Восенню і зімой у бараках было холадна. Невялікая металічная печка, усталяваная пасярэдзіне вялікага памяшкання, давала мала цеплыні і з’яўлялася прычынай заўсёдных канфліктаў паміж насельнікамі барака. Лепш жылося тым, у каго было месца ля печкі. Сярод лагернікаў існавала такое няпісанае правіла: кожны, хто хацеў нагрэць ваду (каб заварыць гарбату ці памыцца), павінен быў прынесці дровы. Іх шукалі паўсюль — у лесе побач, на фабрыцы. У лесе знайсці нешта было цяжка: сухія галіны даўно падабралі, дый самі немцы сачылі за тым, каб лес быў чыстым, таму галін у ім было не назбіраць. Заставалася збіраць шышкі. З працы прыносілі абломкі скрынак, кардон, паперу. Шчаслівы быў той, каму ўдавалася падняць тарфяны брыкет, зляцеўшы з павозкі. Але такое здаралася рэдка. Нехта рабіў «адкрыццё» — падбіраў паперу, мачыў яе ў вадзе, скачваў у невялікія шарыкі і ў напаўсухім выглядзе кідаў у печку — вільготная папера гарэла даўжэй. Сем’і, што жылі каля печкі, амаль ніколі не клапаціліся пра дровы, яны грэліся каля чужога агню. Непаразуменні ўзнікалі праз колькасць прынесеных дроў. Сварыліся, таму што вада была патрэбная ўсім, а паверхня, дзе яе можна было нагрэць, была занадта маленькай, і, калі паставіць вядро, іншым месца проста не заставалася, прыходзілася доўга чакаць. Яшчэ была праблема з вадой. У лагеры ў адным з баракаў быў умывальны пакой з 5—10 кранамі, але вады ў іх ніколі не было. Дзейсны кран з вадой быў толькі ў грамадскай прыбіральні, і вада гэтая была не дужа чыстай. Але гэта нікога не спыняла — іншай не было. На гэтай жа вадзе, дарэчы, гатавалі ежу на лагернай кухні.

У нашым пакоі праблем з падагрэвам вады не ўзнікала. Бацька прыдумаў просты, але эфектыўны спосаб: ён прынёс з фабрыкі металічную балванку (каля 1,5 кг), зрабіў у ёй адтуліну, зрабіў кручок — жалезны прут з загнутым канцом. З яго дапамогай балванка апускалася ў печ, награвалася, потым яе адтуль даставалі і апускалі ў прыгатаваную ёмістасць з вадой. Вынаходніцтвам бацькі карысталіся не толькі жыхары нашага пакоя, хутка такія прылады з’явіліся і ў іншых бараках. Яшчэ адной праблемай была адсутнасць невялікіх ёмістасцей літраўна 5-6. Няшмат у каго былі такія металічныя банкі, дабытыя на фабрыцы. Але лагернікі ахвотна пазычалі сваю маёмасць.Днём у бараках панаваў паўзмрок, па вечарах у цэнтры пакоя цьмяна гарэла адна лямпачка ў металічным каўпаку-абажуры. Пакоі абсалютна не праветрываліся. Паветра было цяжкім, асабліва далёка ад дзвярэй (у цёплае надвор’е яны былі заўсёды адкрытыя). Жыхары ўвесь час мерзлі праз земляную падлогу.У двух бараках з пяці жылі сем’і з дзецьмі, яшчэ ў адным — адзінокія жанчыны, далей — адзінокія мужчыны. У частцы пятага барака знаходзілася памяшканне для прання і душавая (але яны ніколі не працавалі праз адсутнасць вады), побач — паліцэйская дзяжурка, а ў астатняй частцы барака жылі румыны.

У кожным барачным памяшканні быў агульны драўляны стол, дзве лавы ўздоўж яго, парамі ля сцен стаялі двух’ярусныя нары (як і сам барак, яны былі пафарбаваныя ў цёмна-зялёны колер). Памяшканні не былі аднолькавымі па памеры, але ў сярэднім у кожным жылі 50—55 чалавек. Для посуду і ўсялякіх дробязных рэчаў паміж нарамі былі ўсталяваны тумбачкі, але не паўсюль для іх было месца. У шмат якіх памяшканнях віселі нямецкія агітацыйныя плакаты, што заклікалі працаваць у імя агульнай справы — перамогі над жыда-бальшавізмам. Плакаты вешаліся па загадзе каменданта лагера, а па сваёй волі лагернікі вешалі на нарах невялічкія іконкі, набытыя тут жа, у лагеры.

Быў на тэрыторыі і шосты барак, абнесены агароджай з калючага дроту, з асобным уваходам. Стаяў ён у глыбокім яры на сваях, пад ім працякаў мутны ручай гарадской каналізацыі. Барак быў пафарбаваны ў белы колер, на яго сцяне намаляваны крыж — гэта быў лагерны лазарэт. Тут апыналіся паміраючыя туберкулёзнікі, язвеннікі, тыя, хто атрымаў моцныя апёкі на вытворчасці, хворыя на дызентэрыю. Хворых было няшмат. За імі прыглядала адна фельчар з усходніх рабочых. Ёй дапамагалі хворыя, што трымаліся на нагах. Нямецкіх дактароў лагеры не было. Раз на месяц, а то і радзей нейкі доктар (калі не санітар) прыязджаў, прывозіў нейкія лекі. Ці так гэта было, сказаць цяжка, ва ўсялякім разе так распавядалі ў лагеры. Хворыя з надзеяй чакалі доктара, але ж надзеі не заўсёды спраўджваліся. Гаварылі, што лечаць чырвоным стрэптацыдам (прантазілам), аспірынам. Падчас нашага знаходжання ў лагеры не было ўспышак ніякіх эпідэмій — тыфу, дызентэрыі і г. д. (магчыма, яны здараліся да нашага прыезду). Але людзі паміралі ў лагерным лазарэце і без эпідэмій. Лякарстваў было мала, дапамогі практычна ніякай, улады лагера пра хворых не клапаціліся. Лекаванне травянымі настоямі, што гатавала фельчарка і яе памагатыя, поспеху амаль не прыносіла. Памерлых у лазарэце некуды вывозілі. Сярод лагернікаў гэты барак называлі «нямецкім раем» ці проста «раем». Калі некага даўно не было бачна, на пытанне «Куды ён знік?» маглі пачуць у адказ: «Патрапіў у рай». Увогуле пра гэты барак тады не шмат было вядома.

Лагер уяўляў сабой невялікую тэрыторыю, што размяшчалася ў даліне ў атачэнні гор. Баракі, каменны будынак кухні пад чырвоным чарапічным дахам і каменная прыбіральня. Лагер не быў рэжымным, яго насельнікі маглі адносна вольна перамяшчацца па горадзе. Гэта быў працоўны лагер. Уздоўж яго тэрыторыі праходзілі дзве дарогі. Адна — верхняя — вяла да гарадка Мюрцэнберг, другая — ніжняя — у Шутцэнхаус, стралковы дом (ці, як яго называлі ў лагеры, паляўнічы дом), што знаходзіўся метраў за 200 ад лагера. Ад гэтых дзвюх дарог тэрыторыю аддзялялі дзве брамы. Да таго моманту, калі прыехалі лунінецкія сем’і, тэрыторыя лагера ўжо не была агароджана калючым дротам, брамы таксама былі прыбраныя, як і чатыры моцныя пражэктары ў кутах па перыметры. Калючая агароджа засталася толькі там, дзе ніхто не хадзіў — над ярам каля лазарэта, за кухняй, дзе тэрыторыя лагера спалучалася з тэрыторыяй паляўнічага дома. Будка вартаўніка каля варот таксама была прыбраная. Раз на тыдзень лагер наведвалі два пажылыя паліцэйскія. Яны абыходзілі тэрыторыю, зазіралі на кухню да знаёмых немак-кухарак і пасля з’язджалі на роварах. Пакуль мы знаходзіліся ў лагеры, паліцэйскія толькі адзін раз па распараджэнні каменданта пакаралі дзвюх

дзяўчат (пабілі палкамі) за скрадзеную з прыватнага агарода моркву. Увогуле ж у 1944 годзе ўнутраны рэжым аслаб: святло ў бараках на ноч выключалі, пасля працы лагернікі маглі пахадзіць па наваколлі, нават за адсутнасць на вопратцы знака OST ужо не каралі. Магчыма, так уплывала прыбліжэнне франтоў.

Узначальваў лагер Шайдэ — лысы, тлусты, з велізарным жыватом немец. Ён увесь час насіў чорны картуз, мешкаваты чорны гарнітур. Я так і не ведаю, Шайдэ было яго прозвішчам ці мянушкай, мяне такія акалічнасці тады не цікавілі. Несумненна, гэты камендант быў не горшым і адносна не жорсткім. Ён любіў парадак, чысціню, патрабаваў бясспрэчнага падпарадкавання. Амаль кожны тыдзень ён з перакладчыцай Вольгай Жылко (дарэчы, у спісах вязняў, знойдзеных у архіве Шмалькальдэна, яна і яе сястра, якая працавала на лагернай кухні, Раіса Жылко, не значацца), выпускніцай Львоўскага ўніверсітэта (адсюль і веданне мовы) ды былой жыхаркай Лунінца, а таксама паліцэйскімі, немкамі, якія працавалі на кухні, абыходзіў тэрыторыю лагера, заходзіў у баракі, сварыўся, рабіў заўвагі. Нешта пасля яго прыходаў прыбіралася, закопвалася, але ніколі не рамантавалася. Тэрыторыя лагера штодзённа падмяталася. Прыбіралі яе дзеці да 10 гадоў, якія не працавалі на фабрыцы. Шайдэ заўсёды прыдзірліва аглядаў прыбіральню. Дзеці мылі яе штодня, а ў выхадныя два разы на дзень. Але жыць ад гэтых праверак лягчэй не станавілася. Парашкі ды таблеткі ад клапоў, якія выдаваліся па яго распараджэнні, не дапамагалі. Лагернікі нават склалі прыпеўку: «Те средства клопы пожрали // И сильней кусаться стали». Камендант заходзіў на кухню, нешта там аглядаў, але якасць ежы не змянялася. За яго абходамі ў нядзелю назірала шмат лагернікаў. Яны дзяліліся між сабой нейкімі заўвагамі, ды Шайдэ ніякіх скаргаў не прымаў.

Сярод пяці лагерных баракаў асабліва вылучаўся адзін — той, дзе жылі адзінокія жанчыны. Большасць з іх — гэта дзяўчаты з Украіны. Барак быў большым за астатнія, стаяў на высокім падмурку з драўляным ганкам. Па цэнтры — калідор, па абодва яго бакі — пакоі. У кожным пакоі жылі 10-15 дзяўчат. Амаль каля ўсіх нараў тумбачкі, каля некаторых нават шафы для адзення (такога не было ў сямейных). Дзяўчаты засялілі гэты барак яшчэ ў 1942 годзе і з тае пары імкнуліся падтрымліваць утульнасць: на вокнах віселі папяровыя фіранкі, на сталах ляжалі папяровыя абрусы. Дзяўчаты часта мылі падлогу, актыўна змагаліся з паразітамі. Як і ва ўсім лагеры, у гэтым бараку былі праблемы з пасцельнай бялізнай. Якімі шляхамі іх вырашалі — я не ведаю. Некалькі разоў я быў у адным з пакояў барака. Там жылі ўкраінскія дзяўчаты Проня, Аксана ды Галя, з якімі разам я працаваў у брыгадзе. Чаму я туды прыходзіў — не памятаю. А вось стракатыя коўдры на белых нарах, пашытыя з лапікаў, помню добра. Але ж нары застаюцца нарамі, у які б колер яны не былі пафарбаваныя...

І ўсё ж такі барак вельмі адрозніваўся ад астатніх. Сцены ў пакоях упрыгожвалі каляровыя фотаздымкі нямецкіх актрыс ды нямецкія пейзажы, вырваныя з розных часопісаў. Яшчэ адно ўпрыгожанне — паштоўкі, што дзяўчаты дарылі адна адной на святы і проста ў знак сяброўства. У подпісах была туга па радзіме, спадзяванні на хуткае вяртанне, пажаданні сустрэчы з бацькамі і лепшага жыцця. Ужо пасля прыходу амерыканскіх войскаў, што нас вызвалілі, пасля перасялення ў былыя салдацкія казармы ды кватэры фашысцкіх бонзаў, што збеглі, я з таварышамі хадзіў па бараках у пошуках чаго цікавага для хлапчукоў. У жаночым бараку на сценах красаваліся паштоўкі ды фотаздымкі ўсмешлівых дзяўчат з OST на грудзях — адзіночкі, групы, побач з юнакамі-остарбайтарамі ці ваеннапалоннымі французамі ды італьянцамі. Жыхаркі барака пакідалі яго без спешкі. Пра тое, што нас будуць перасяляць з лагера, амерыканская адміністрацыя паведаміла за некалькі дзён. Значыць, гэта было пакінута тут намерана і назаўсёды, каб выкінуць мінулае з памяці. Некаторыя фотаздымкі і паштоўкі я вырашыў забраць сабе. Навошта? Тады гэта быў невытлумачальны ўчынак. Шмат гадоў я захоўваў іх (праўда, частку давялося знішчыць у 1950-х). Сёння ў маім архіве засталося толькі некалькі паштовак з тых часоў. Надпісы на іх на ўкраінскай і рускай мовах. Тры сярод іх адрасаваныя Паліне Постнікавай з Палтаўшчыны. У Германію яе ўгналі летам 1942-га, Паліна працавала на фабрыцы братоў Хелер. На адной з падпісаных ёй паштовак чытаем: «На довгу незабуваеммаю памят подруги Поли Постникавой от подруги Шури Аргушовой. Дарю тибе аткрытку в честь твоих имянин и поздравляю тибя с днем Ангела. И жилаю тибе всиво харошаво в будущим жилаю тибе вскором вирнуцца на Украину и павидацца с своими родными. Поля дарю тибе аткрытку ва время пириживания в Германии. Постниковой

Поли от Аргушавай Шури. 14.1.43 года».

На другой паштоўцы быў такі дарчы подпіс: «На память Полі Постнікові від Лісенко Галі під час перебування в Германіі в городе Schmalkalden. Поздравляю я тебе з днем народжэння. Неділя».

 

Фабрычныя ўражанні

Працаваць на фабрыцы (часцей, дарэчы, фабрыку называлі фірмай) мы

пачалі на наступную раніцу пасля прыезду ў Шмалькальдэн — 8 жніўня 1944 года. Дарослыя працавалі з 6 раніцы і да 18 вечара, з 45-хвілінным перапынкам на абед і двума 15-хвіліннымі перапынкамі на сняданак ды падвячорак. Дзеці ад 10 гадоў працавалі з 8 да 16 гадзін. У суботу ўсе працавалі толькі палову дня. 2 гадзіны адводзіліся на тое, каб прыбраць працоўнае месца і навесці парадак у цэху. Выхадны — нядзеля.

Дарослым, каб паспець на працу да 6 раніцы, прыходзілася падымацца вельмі рана: паесці, пастроіцца ў калону (па фірмах) ды выправіцца на фабрыку. Бліжэй да лістапада 1944-га хадзіць калонай на працу перасталі — кожны дабіраўся да фабрыкі самастойна ці групкамі. Адлегласць была невялікая.

У першы ж дзень усіх новапрыбыўшых на фабрыцы сфатаграфавалі на фоне шэрай фабрычнай сцяны. Фотаздымкі спатрэбіліся для пасведчання асобы — «аўсвайса» — па якім прапускалі на тэрыторыю. Пры атрыманні папярэдзілі: дакумент, запячатаны ў цэлулоід, заўсёды мець пры сабе.

Для мяне, дванаццацігадовага падлетка з правінцыйнага гарадка, які за сваё кароткае жыццё не бачыў нічога, апроч роднай вуліцы з драўлянымі дамкамі, гародамі ды садкамі, некалькіх гарадскіх вуліц з дзясяткам каменных двухпавярховых будынкаў ды станцыі з цягнікамі, фабрыка была адкрыццём. Тут усё было ў навінку, упершыню ў жыцці. Усе памяшканні, дзе мне давялося пабываць, зрабілі вялізнае ўражанне. Цэх знаходзіўся на другім паверсе галоўнага будынка фабрыкі. Вялікая колькасць розных станкоў, іх шум, малочнага колеру вадкасць, што лілася на дэталі ў апрацоўцы, раменныя трансмісіі, шківы, што верцяцца, асаблівы пах паленай акаліны, электрацялежкі, якія снуюць па цэху з нейкімі грузамі, электрычны пад’ёмны кран недзе пад столлю. Доўгія варштаты паабпал дзвюх сцен цэха з дзясяткам ціскоў, за якімі стаяць, сядзяць мужчыны, жанчыны ды нешта апрацоўваюць напільнікамі. Паўсюль стаялі скрыні з загатоўкамі розных свердлаў, абцугоў, пласкагубцаў. У цэху было шмат людзей — і кожны быў нечым заняты.

Апроч немцаў там працавалі палонныя французы, італьянцы, бельгійцы, савецкія ваеннапалонныя, палякі, дзяўчаты з Расіі ды Украіны, добраахвотнікі-харваты, прыехаўшыя ў Германію на заробкі. Нас, чацвёрку лунінецкіх хлопцаў, сустрэў пажылы немец, сівы, у акулярах. Яго суправаджала дзяўчына-перакладчыца з рабочых. Потым я даведаўся: дзяўчыну завуць Аксанай, вывезена з Запарожскай вобласці Украінскай ССР. Яна даволі нядрэнна гаварыла па-нямецку. Майстар патлумачыў, з чаго трэба пачынаць працу, дзе адзначацца аб тым, што ты прыйшоў ці сышоў. Адзначацца павінны былі ўсе працаўнікі фабрыкі: і немцы, і остарбайтары. Каля ўваходу ў цэх на сцяне вісеў незвычайны гадзіннік. Па абодва бакі ад яго былі ячэйкі з асабовымі кантрольнымі карткамі прыходу на працу і выхаду з працы. Раніцай кожны браў сваю картку з правай ячэйкі, апускаў у шчыліну гадзінніка, націскаў на ручку — на картачцы адціскаўся час. Для тых, хто прыйшоў своечасова, — чорным; для тых, хто спазніўся, — чырвоным. Потым картка перамяшчалася ў левую ячэйку. Па выхадзе з працы маніпуляцыі праводзіліся ў адваротным парадку. Майстар патлумачыў, што за спазненні будзе вылічвацца штраф з заробку.

Пасля падрабязных тлумачэнняў, што трэба рабіць і як, кожнаму з нас вызначылі месца каля ціскоў. Мае таварышы былі старэйшыя за мяне і вышэйшыя ростам. А я каля ціскоў працаваць не мог, бо проста не дацягваўся. Але ўжо на другі дзень для мяне была зроблена спецыяльная падстаўка, стаўшы на якую я змог працаваць з напільнікам каля ціскоў. Нам выдалі спецыяльныя напільнікі — з доўгімі драўлянымі ручкамі, што заканчваліся скураной пятлёй. Пятля надзявалася на руку, каб трывала трымаць напільнік гарызантальна. Майстар — гер Лесер — прадэманстраваў, як трэба апрацоўваць балванку свердла. Але ж ён не пытаўся, ці трымалі мы калі-небудзь тыя напільнікі ў руках, ці працавалі з імі. Паказаў, як спіліць завусеніцы на штампаванай балванцы свердла, як працаваць за станком з наждачным каменем. Затым нас адвялі ў цэх адпалу свердлаў, там стаяла некалькі газавых печаў. Паветра было насычана газам, было горача.У гэтых пячах абпальвалі загатоўкі свердлаў. Майстар паказаў, як укладваць на спецыяльны паднос да 20 свердлаў, як шчыпцамі ставіць гэты паднос «у пашчу» печы. Газ у печы запальвалі спецыяльнай запальніцай. Гер Лесер патлумачыў, што падача газа адрэгуляваная так, каб полымя было памаранчава-жоўтага колеру, і ні ў якім разе яно не павінна быць сінім — у такім выпадку свердла не загартуецца належным чынам. Я слухаў усе гэтыя павучэнні — і тут жа забываў іх. Мой мозг быў не здольны ўспрыняць і перапрацаваць гэтую плынь зусім незнаёмай мне інфармацыі. Гэта было занадта для дванаццацігадовага хлопца, а тут яшчэ столькі цікавага, што адцягвае ўвагу. Я яшчэ не разумеў: маё дзяцінства засталося за варотамі фабрыкі, а з тлумачэнняў Лесера ў мяне пачынаецца новае і далёка не лепшае жыццё. Усё гэта я зразумею пазней, праз некалькі дзён працы. А пакуль мяне цікавілі званок крана, дзверца ў сцяне, адкуль выязджае электрацялежка (ліфт, пабачаны ўпершыню) і г. д.

Праз некаторы час я зразумеў, што нічога не памятаю з тлумачэнняў май-

стра, але нейкім чынам давядзецца гэта ўсё ўзгадаць і ведаць. У брыгадзе Лесера працавалі ўкраінскія дзяўчаты. Яны былі загнаныя ў Германію ў трагічны для Украіны 1942 год, калі з рэспублікі былі вывезены ў рабства дзясяткі тысяч чалавек. Аксана была адукаванай дзяўчынай. Перад вайной скончыла 7 класаў сельскай школы, рыхтавалася да паступлення ў сельскагаспадарчы тэхнікум. Ва Украіне засталіся бацькі ды малодшыя брат з сястрой. Проня і Галя скончылі па 3 класы, працавалі ў калгасе, вырошчвалі буракі. Проня родам з Палтавы, Галя — з сяла каля Днепрапятроўска. Гэтыя дзяўчаты таксама працавалі каля ціскоўз напільнікамі ў руках. Мне прыйшлося распытваць іх, каб ведаць, што і як рабіць. Дзякую ім за падтрымку і дамапогу! З гэтых размоў я шмат даведаўся пра фірму, парадак у цэху. Мяне папярэдзілі пра круты нораў старшага майстра цэха, што сядзеў у шкляной будцы і ўсё наўкола бачыў. Аказалася, што гэты немец з выбрыкамі — любіць даваць волю рукам. На жаль, праз свой юны ўзрост і неразуменне некаторых рэчаў я не надаў значэння гэтым папярэджанням. І ў хуткім часе паплаціўся. Дзяўчаты распавялі мне пра лагернае жыццё, пра няпісаныя правілы. Аксана патлумачыла, што варта сцерагчыся тых працаўнікоў цэха, якія носяць халаты гарчычнага колеру, — гэта старшы майстар цэха, яго намеснік, начальнікі іншых цэхаў.

Гер Лесер сказаў нам, што за сваю работу кожныя два тыдні мы будзем атрымоўваць заробак. За два тыдні працы я атрымоўваў крыху больш за 2 рэйсхмаркі. Разносіла грошы і нямецкім рабочым, і остарбайтарам супрацоўніца бухгалтэрыі — маладая эфектная бландзінка. Яна ўвесь час хадзіла ў бручным касцюме і белым халаце. Ад французскіх і італьянскіх ваеннапалонных ёй даставалася маса кампліментаў. Заробак выдаваўся ў канвертах. Першымі яго атрымоўвалі немцы, потым усе астатнія. У канвертах заўсёды ляжаў апрацаваны на машынцы разліковы лісток з дадзенымі: колькі зарабіў і за што вылічылі. З майго заробку маглі вылічыць за харчаванне і пражыванне ў лагеры, спазненне на працу, працоўны брак, паломку інструмента, на дапамогу інвалідам ці пацярпелым ад бамбардзіровак, на Чырвоны Крыж і інш. Купіць на атрыманыя рэйхсмаркі остарбайтары амаль нічога не маглі. Прадукты адпускаліся выключна па картках. Набыць можна было шкляную і драўляную біжутэрыю, папяровыя фіранкі, абрусы, абразкі, паштоўкі. Акрамя таго, можна было выпісаць з Берліна рускамоўную газету для ўсходніх рабочых — «Труд» ці «Новое слово». Але жадаючых падпісацца амаль не было.

Паступова я асвойваў працу і каля ціскоў, і каля наждачнага каменя, і каля газавай печы. Кожны новы працоўны дзень пачынаўся з таго, што гер Лесер адлічваў мне 50 адштампаваных балванак свердлаў-бураўчыкаў па дрэве, якія я павінен быў за змену апрацаваць на станку, напільнікам і ў печы. У першы тыдзень з нормай я не спраўляўся. Здаралася, псаваў балванкі. Заўважаючы гэта, майстар цярпліва зноў і зноў тлумачыў, як трэба працаваць, каб не было брака, каб не пашкодзіць пальцы. За сапсаваныя балванкі ён мяне не біў, не сварыўся, толькі паўтараў, што так працаваць нельга. Праз некаторы час я здолеў працаваць без браку. Так у 12 гадоў пачалася мая афіцыйная працоўная дзейнасць. На фабрыцы ўзнікалі розныя праблемы асабістага характару. Найперш, прыбіральня. У цэху яе не было. Асобны будынак прыбіральні знаходзіўся ў двары метраў за 70—100. Аказалася, што туды трэба адпрошвацца ў майстра і што на наведванне адводзіцца 10 хвілін. Укласціся ў гэтыя рамкі ўдавалася не заўсёды. Была праблема з мыццём рук. У цэху прадугледжваліся два месцы, дзе можна было гэта зрабіць. Там жа стаяла ёмістасць з мяккім эрзац-мылам — пюрэ шэрага колеру. Ручнікоў не было. Кожны нямецкі рабочы прыносіў свой. Нам жа майстар выдаў шэрыя фірмовыя анучы 25 на 25 см з чырвоным надпісам па цэнтры — «Браты Хелер». Гэты ручнік-анучу я захаваў і перадаў у музей Вялікай Айчыннай вайны.

Але ж галоўнай праблемай, якая паўставала ўвесь час, быў голад. Я ўжо згадваў пра перапынкі для таго, каб паесці. Падчас невялікіх перапынкаў нямецкія рабочыя і служачыя фабрыкі елі сняданак ці падвячорак непасрэдна на рабочых месцах. Лагернікі ж, у якіх ссабоек не было, проста адпачывалі ад працы ды мучыліся ад голаду. Свой 15-хвілінны перапынак для сняданку я праводзіў парознаму. У першы тыдзень я нават не звяртаў увагі на тое, што ў гэты час усе немцы нешта жуюць. Есці мне не хацелася — пакуль хапала лагернага сняданку. Я выкарыстоўваў перапынак для знаёмства з цэхам, дзе працаваў. Хадзіў, разглядаў станкі, вывучаў абстаноўку. Ніхто не цікавіўся, чаму я расхаджваю па цэху. Падчас гэтых прагулак звярнуў увагу на два вялікія плакаты, замацаваныя на міжпавярховых перакрыццях. На адным на шэрым фоне была выява касога чорнага ценю мужчыны, што нахіліўся. Мужчына быў у паліто з паднятым каўняром ды капелюшы, насунутым на лоб. Ён выглядваў дзяржаўныя тайны. Велізарнымі літарамі на плакаце было напісана па-нямецку: «Пс! Вораг падслухоўвае!» На другім плакаце была выява сімпатычнай тэлефаністкі, што сядзіць каля камутатара з навушнікамі на галаве. Тэлефаністка строга глядзела на мяне і папераджальна прыціскала палец да вуснаў: «Пс! Не балбачы па тэлефоне!» Я не вельмі разумеў, што абазначаюць гэтыя плакаты і да чаго яны заклікаюць. А потым мне патлумачылі: плакаты заклікалі быць пільнымі. Ну, а сярод ваеннапалонныхі остарбайтараў яны былі тэмай для анекдотаў.

Часам я ішоў у кавальскі цэх да бацькі. Разглядаў агромністыя молаты, на якіх штампаваліся часткі абцугоў, пласкагубцаў, розныя буры. Тут знаходзіліся вялікія газавыя печы, ад іх ішло цемнаватае газавае святло, газ з шыпеннем вырываўся з гарэлак. У цэху было занадта горача і шумна. Каля молатаў ляжалі горкі шэрых у акаліне адштампаваных палавінак розных інструментаў: кожны рабочы кузнечнага цэху меў дзённую норму, менш якой зрабіць было нельга,а больш — забаранялася. Такая горка адштампаваных частак абцугоў ляжала і каля молата, на якім працаваў мой бацька.

Зрэдку я ішоў у цэх, дзе працавала маці. Цэх быў невялікім — 10—15 негабарытных такарных станкоў на спецыяльных сталах. Кожны станок быў з электрычным прывадам. За імі працавалі жанчыны — немкі, рускія, украінкі. Тачылі нейкія дробныя дэталі. Хадзіць у гэты цэх мне было не вельмі цікава.

Часам у двары я «даследаваў» вялізную варонку ад разрыву амерыканскай авіябомбы, куды былі скінутыя абгарэлыя дакументы, па ўсёй верагоднасці, з фабрычнага архіва. Але ў хуткім часе недаяданне нагадала пра сябе. «Падарожжы» па фабрыцы перасталі мяне цікавіць. Перапынак стаў для мяне часам нясцерпнага голаду. Мне вельмі хацелася есці, і, калі я бачыў немцаў, якія жавалі свае бутэрброды ды запівалі кавай ці гарбатай, у мяне пачыналіся спазмы ў жываце, горкая сліна

напаўняла рот. Надыходзіў паўнепрытомны галодны стан. Я гатовы быў крычаць, што хачу есці. З прагнасцю назіраў, як немец, седзячы на высокім табурэце каля станка, за тры метры ад мяне есць свой бутэрброд са штучным мёдам, падбірае крошкі, п’е з бідончыка сваю ячную каву. Пах бутэрброда цягне ў мой бок, а немец не бачыць ці не хоча бачыць, як мучыць мяне гэты пах, як круціцца галава. Мне падавалася, што я вось-вось упаду. Бачу, што амаль усе нямецкія рабочыя каля станкоў нешта жуюць, адкрываюць металічныя скрынкі з ядой, разварочваюць папяровыя пакеты. Перамаўляюцца паміж глыткамі кавы. Нехта калупаецца ў зубах — ужо паеў. Не магу нават спадзявацца, што нехта з іх хоць гэтым разам падзеліцца са мной кавалкам хлеба. Але ж да гэтага некаторыя з іх па-добраму размаўлялі са мной, цікавіліся маім мінулым. Не далі ні разу! Не падзяліліся! Сёння, праз шмат гадоў пасля вайны, я адчуваю сорам за гэтых раўнадушна жуючых. Чаму нікому з гэтых рабочых, маладых і старых, вясёлых і злых, прастадушных і хітрых, хворых і здаровых, аванцюрных і асцярожных, не прыйшло ў галаву падзяліцца з галодным хлопчыкам кавалкам бутэрброда? Тут асаблівы рахунак: яны — дарослыя, я — хлопчык. Без палітыкі, без перакананняў. Так, усіх не накорміш: немцы таксама жылі па харчовых картках. А магчыма, баяліся даносаў. Ці гэта было ўжо іншае мысленне, расавае: навошта карміць таго, хто ніжэйшы за цябе? Мне рана прыйшлося зразумець усе гэтыя складаныя акалічнасці. Я са слязьмі бегаў да бацькоў, гаварыў, што вельмі хачу есці. Мы плакалі разам. Бацькі, як маглі, супакойвалі, гаварылі, што трэба пацярпець. Я перастаў заходзіць у кавальскі цэх да бацькі, не паднімаўся на паверх да маці. Там таксама ўсе жавалі. Цяпер я часта выходзіў на двор, дзе можна было пасядзець у адзіноце, супакоіцца, ці наадварот перакінуцца словам з кім з остарбайтараў, савецкіх ваеннапалонных ці палонных еўрапейцаў. Палонным было цікава паразмаўляць з хлопчыкам. Не заўсёды мы разумелі адно аднаго. Але існаваў нейкі слоўны набор, замес з нямецкіх, рускіх, польскіх, французскіх слоў, пры дапамозе якіх мы мелі стасункі. Словы «карашо», «гут», «спасибо», «шайзэ», «криг», «капут» і інш. былі зразумелыя ўсім. А яшчэ былі жэсты.

Людзі, што дзяліліся ежай, усё ж знаходзіліся. Гэта французскія, бельгійскія і галандскія ваеннапалонныя. Яны атрымоўвалі з дома пасылкі па лініі Чырвонага Крыжа. Нехта прынясе невялікую плітку шакаладу, нехта пачак печыва, нехта рыбныя ці мясныя кансервы, нехта бутэрброд з сырам. Здаралася гэта не часта, але ж здаралася. Я і сям’я ўдзячныя гэтым палонным салдатам з Еўропы за дапамогу ў цяжкі час. Тое, што мне дарылі, я ніколі не з’ядаў сам — прыносіў у лагер. Малодшая сястра таксама была галоднай і ўвесь час хацела есці. Не ведаю, ці дзяліліся палонныя прадуктамі з дарослымі остарбайтарамі, не бачыў і не пытаўся. Але са мной дзяліліся: «Гэта табе падарунак, Леон!» Дзякуй ім вялікі! Я памятаю ўсё, нягледзячы на тое, што мінула шмат гадоў.

Наша сям’я знайшла выхад з вымушанага галадання падчас другога сняданку. бедзенны кавалак хлеба дзяліўся на дзве часткі. Большую порцыю я з’ядаў усухамятку на сняданак, меншую пакідаў на абед. Часам з’ядаў яе на падвячорак.

Невялікае адступленне пра ежу. Лета 1946 года, Лунінец. Па брукаванцы нашай вуліцы крочыць гурт нямецкіх ваеннапалонных, вяртаецца ў лагер пасля працы. З брамак некаторых двароў выходзяць гаспадыні і перадаюць палонным гародніну. Сярод іх і мая маці. Я спрабаваў адгаварыць яе ад такой дапамогі, нагадваў пра цяжкія галодныя дні ў лагеры, пра адносіны немцаў да нас. Пра тое, што ніхто там не даў нам кавалачка хлеба, а за моркву, выцягнутую з градкі, білі гумовымі палкамі. На ўсе мае довады маці адказвала: «Людзям трэба дапамагаць у бядзе, мы хрысціяне і мы не павінны рабіць так, як яны, Бог іх ўжо пакараў». Праз колькі дзён яна зноў выносіла палонным садавіну і гародніну. Я быў нязгодны з маці, але больш не спрачаўся і нічога не даводзіў. Так, мы людзі і павінны паступаць па-людску.

 

 

Цалкам з тэкстам можна пазнаёміцца ў №№ 7—8 «Полымя», 2019

Прэв’ю: minsknews.by

 

[1] Тут і далей арфаграфія і пунктуацыя цытуемых тэкстаў захаваныя.

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Выбар саджанца для садавода — той момант, значнасць якога складана пераацаніць.

Культура

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Канцэрт для дзяцей і моладзі, пластычны спектакль Ягора Дружыніна і «Рок-панарама».