Вы тут

Сучасная ўкраінская паэзія. Рознакаляровы свет


«Такі стракаты, пярэсты, рознакаляровы свет, такая прага да колеру і гуку, такое багацце знешняга, прыцягнутага, нібы магнітам, да загадкавага ўнутранага, такі клубок з эмоцый, жаданняў, адказнасцяў, уцёкаў і вяртанняў — пакапайся як след у любой украінскай песні і абавязкова знойдзеш там і свой клопат, і сваю запаветную мару», — апісвае галоўная гераіня рамана «Дзень Святога Патрыка» Ганны Севярынец сваё ўспрыманне ўкраінскай культуры. Запомнілася, ааруа нагадвае маё, асабістае. Раней, характарызуючы ўкраінскую літаратуру, ужо ўзгадвала дыялектнае слова «узмінь», што азначае зменлівасць, шпаркасць воднай стыхіі. Нешта блізкае да беларускага «вір»… Вельмі ёміста яно характарызуе размаіты, зменлівы ды нязменна прыцягальны свет ўкраінскай літаратуры.


Імёны Ліны Кастэнкі, Аксаны Забужкі, Уладзіміра Даніленкі, Сяргея Жадана ўжо даўно вядомыя за межамі Украіны. Культурныя коды гэтай унікальнай нацыі цікавяць сёння сусветных музыкаў, мастакоў, рэжысёраў. Вышыванкі і традыцыйныя вянкі ўсё часцей з’яўляюцца на подыумах модных паказаў розных краін…

Феномен паскоранага развіцця, цікавы сінтэз славянскіх і еўрапейскіх традыцый, шырыня тэматычнага ахопу характарызуе бягучы літаратурны працэс Украіны. Публікацыя забароненых твораў Расстралянага адраджэння і эмігрантаў, багатыя кантакты з далёкім і блізкім замежжам, новы погляд на свабоду слова ў многім прадвызначылі кірунак развіцця грамадскай і філасофскай думкі Украіны. Творы Васіля Шкляра, Юрыя Віннічука, Юрыя Андруховіча, Аляксандра Ірванца, Юрыя Іздрыка, Марыяны Кіяноўскай, Люко Дашвар, Ігара Астапенкі дужа розныя, але блізкія (і ў лірыцы, і ў эпіцы) нястомнымі пошукамі праўды, непрыхарошаным паказам рэчаіснасці і моцных, часам разбуральных, пачуццяў.

Цікавы і рэгіянальны падзел украінскай літаратуры. У апошнія дзесяцігоддзі пабачылі свет анталогіі «Чернігівський шлях» (2004), «Літературне Тернопілля 1984—2007» (2007), «Львівська Літературна Криївка» (2010), «Калинове гроно: Антологія літераторів Полтавщини часу незалежності України» (2010) і інш. Прапанаваныя ўвазе чытачоў «Полымя» аўтары таксама прадстаўляюць розныя куткі Украіны: Кіеўшчыну, Івана-Франкоўшчыну, Запарожжа… Біяграфіі Аляксандра Казінца, Вікторыі Шэвель, Наталлі Дзіціняк, Ірыны Сажынскай яскрава люструюць сучасны літаратурны працэс Украіны. Яны — актыўныя ўдзельнікі і арганізатары літаратурных фестываляў, аўтары часопісаў «Березіль», «Буковинський журнал», «Дзвін», «Дніпро», «Золота Пектораль», «Саксагань», «Склянка часу», «Холодний Яр», альманахаў «Кругозір», «Гранослов», «Палісадник», «Материк». Створаныя ў рамках класічнай традыцыі, але аздобленыя новымі нестандартнымі вобразамі, або цалкам пабудаваныя ў постмадэрновай эстэтыцы — іх творы нязменна пашыраюць свядомасць, вучаць бачыць сімвалічнае ў паўсядзённым і верыць у цуды і каханне.

Юлія АЛЕЙЧАНКА

 

 

Аляксандр Казінец

 

* * *

Калі б спыталі мяне,

Якім дрэвам я хачу быць,

Адказаў бы — ялінаю,

Бо жыць аару ў гарах,

Піць ваду горных крыніц.

Адказаў бы — ліпаю,

Неймаверна захоплены

Яе п’янкім водарам.

Адказаў бы — дубам,

У якім дыхае сіла

Многіх пакаленняў.

Ведае таямніцы зямлі,

Але ўпарта маўчыць,

Жалудамі адкупляецца.

 

Пераклад Юліі Алейчанкі.

 

 

Ірына Сажынская

 

Дзідахе

 

снілася сядзем

за адным сталом

здраднік з крыўдзіцелем

праведнік з пакутнікам

будзем святкаваць прабачэнне

той хто разалье на абрус другое слова

скажа

браты зараз вырастуць з хрыбта майго

лясы вастраверхія

кіпці дрэў будуць кранаць ногі бацькі майго

а карані адлучаць пазванкі мае ад плашчаніцы

браты мы хутка пабачымся

але кожны раз я развітваюся з вамі

нібы памру ўсё ж такі

памятайце што сляды цэнтурыёнаў —

гэта разрытыя магілы

малодшы брат

навошта пайшоў слядамі

якія падобныя да крывых пашчаў

звяроў што грэў за пазухай

а яны выгрызлі сэрца наскрозь

жанчына, якая напіша ўсё па-свойму

бо не знала любові інакшай за непадзеленую

спявала гэтую песню ты яе ведаеш

цвіце цярноўнік цвіце цярноўнік

лісце ападае

 

Пераклад Юліі Алейчанкі

 

 

Наталля Дзіціняк

 

* * *

На белым аркушы цела

Гарэла, нагрэтае словам,

Абпаленае, зачарсцвелае,

Закутае у аковы

Сэрца.

Абражанае.

Думкамі

Яго лекавалі паўгода.

З якой папрасіць нагоды,

Каб сэрца рыўкамі не вухкала,

Нібыта ў агоніі? Знаю —

Святло у канцы калідора

Занадта распалена ззяе,

Каб вывесці з пекла ў горы

Да светлага раю. Самотна

Разбітаму сэрцу ў грудзях.

Не хоча ва ўсіх на вачах

Марнець — патанае ў рабоце,

У гутарках. Ды гаварыць

Пра што з удаваным настроем?

Стаміліся. Будзем лавіць

Якуюсь няўлоўную мрою.

Чырвоным на захадзе тлела.

То клалася сонца ў пярыны.

Да роднага целам хлапчыны

Сэрца прамовіць хацела.

На белым аркушы цела

Два сэрцы (адно — замала)

У слове адным гарэлі,

Аж покуль душою не сталі. Ляцелі… Калі б я паспела

На крылах пазбавіцца болю,

То не вышывала бы долю

На белым аркушы цела.

 

Пераклад Міколы Адама

 

Вікторыя Шэвель

 

* * *

калісь Ён

не кантраляваў свае дзеянні,

пісаў няспынна

худых жанчын, такіх жа мужчын.

Даставаў з прысаку бульбу

маўчаў, глядзеў, глытаў…

зноў пісаў,

аж покуль не зразумеў,

што і бульба, і жанчына мусяць нараджаць,

а значыць мажнець.

І тыя, якія побач,

абавязкова павінны ім аддавацца:

зямля — бульбе,

муж — жонцы

і нават Ён, мастак —

жывому…

хаця б аднойчы!

 

Пераклад Міколы Адама

 

Прачытаць падборку вершаў цалкам можна ў №7 «Полымя», 2019.

 

 

Прэв’ю: stihi.ru

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Выбар саджанца для садавода — той момант, значнасць якога складана пераацаніць.

Культура

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Канцэрт для дзяцей і моладзі, пластычны спектакль Ягора Дружыніна і «Рок-панарама».