Вы тут

З рэдакцыйнай пошты


«Людзі вывучаюць нашу мову, а я што — не магу яе ўспомніць?»

Пасля вайны наша, на жаль, няпоўная сям'я (тата загінуў на фронце, а маленькая сястрычка памерла ў бежанцах) вярнулася ў родны дашчэнту разбураны Віцебск, пасялілася ў цесным пакойчыку барака. З часам мама ўладкавалася на работу, я стала хадзіць у школу, а на ўсё лета (ніякіх піянерскіх лагераў яшчэ не было) ездзіць да бабулі Каці ў вёску Града. Там усе размаўлялі па-беларуску, а як спявалі...


У лузе, за нашай хаткай, пад старой самотнай вярбой была вялікая сажалка. Мы з бабуляй там пралі бялізну. І тады над усёй ваколіцай плыў прыгожы бабулін голас: «А ў полі вярба, пад вярбой вада. Там хадзіла, там гуляла дзеўка малада».

Я думала, што гэта ж я, тая дзеўка! І гэта мне хадзіць і гуляць тут заўсёды.

Чалавек мяркуе, а бог размяркоўвае: вярнуўся з вайны мой дзядзька (родны брат таты), уладкаваўся на работу ў Кіеве і забраў маю бабулю да сябе. Як жа я тады гаравала! Помню, на вуліцы кідалася ледзь не да кожнай хоць нечым падобнай жанчыны і потым, расчараваная, адступала: «Гэта не бабуля... Не яна... Не мая...»

У школе, дзе я вучылася, была добрая бібліятэка. Я з захапленнем чытала там «Міколку-паравоза» Міхася Лынькова, «Люсю-дарагусю» Кузьмы Чорнага, «У краіне райскай птушкі» і «Чалавек ідзе» Янкі Маўра... А былі ж яшчэ Янка Купала, Якуб Колас... Усіх любімых пісьменнікаў, якія размаўлялі са мной на роднай мове, назваць немагчыма!

Але ж пасля школы я паступіла ў педінстытут, дзе ўсе прадметы выкладаліся па-руску, дзе зноў жа па-руску ўсе размаўлялі, і, як многія, як амаль усе, стала жыць паводле прымаўкі: «Як улез у вараны, то і кракай, як яны». Рускамоўных студэнтаў была пераважная большасць нават у літаратурным аб'яднанні, куды я адразу ж стала хадзіць.

...Працуючы ў Глыбоцкай школе № 3, я з цікавасцю і шчырай павагай ставілася да нашых беларускіх моваведаў, да (светлай памяці!) дырэктара школы Віталя Рыгоравіча Гарановіча, які па-беларуску пісаў вершы, друкаваўся ў нашай раённай газеце. Былі і ёсць там іншыя аўтары — Ганна Зінкевіч, Алег Салтук, Марыя Баравік, Уладзімір Савуліч, Алесь Жыгуноў...

Я ж асабіста вельмі доўга і думала, і пісала па-руску, пакуль аднойчы не спытала сябе: «А чаму? Я што — не беларуска? Людзі — нават замежнікі — вывучаюць нашу мову з нуля, а я, выходзіць, не магу яе ўспомніць?»

Вось так, паступова, пад уплывам журналістаў з нашай раёнкі, «Звязды», часопіса «Вожык» я вярнулася да беларускай: з радасцю чытаю на ёй, пішу, не магу пакуль пахваліцца тым, што добра ведаю, але ж словы да мяне аднекуль прыходзяць...

Можа, ад той вярбы, дзе мы з бабуляй пралі бялізну?

Зоя Наваенка, г. п. Падсвілле, Глыбоцкі раён


Славутыя больш не славутыя?

Здаўна купляю ў кнігарнях адрыўны каляндар «Родны край» — выданне, багатае на звесткі пра юбілейныя даты, пра культурныя і грамадскія падзеі. Часам, праўда, з прыкрымі памылкамі... Але ж гэта, думала, у ранейшыя гады.

На вялікі жаль, не парадаваў каляндар і сёлета. Не буду засяроджваць увагу на адсутнасці ў ім звестак пра музыкантаў і мастакоў: гэта, як той казаў, не мая парафія. Але пісьменнікі... Ні згадкі ў выданні пра 100-годдзе з дня нараджэння Андрэя Макаёнка, Алеся Астапенкі, Пятра Прыходзькі, Аркадзя Марціновіча, Аляксея Карпюка... Ні слова пра 180-годдзе — Альгерда Абуховіча, Францішка Багушэвіча, 130-годдзе — Вінцука Адважнага, Казіміра Сваяка, 110-годдзе — Ларысы Геніюш, юбілеі Броўкі, Глебкі, Скрыгана...

Спіс можа быць вельмі вялікі. І гэта пры тым, што сёлетні 2020-ы зноў праходзіць пад знакам Года малой радзімы, і таму ў выданні, як пазначана ва ўступным слове, абяцалася шмат цікавай інфармацыі пра нашы гарады, вёскі, рэкі, азёры, «а таксама пра славутых людзей Беларусі». У іх шэрагі з пісьменнікаў трапілі хіба народныя Іван Навуменка і Рыгор Барадулін, а таксама Уладзімір Караткевіч, Аляксей Дудараў, Таіса Бондар, Алесь Пальчэўскі, Аляксей Коршак.

Затое ў календары пазначаны амаль усе сусветныя святы: дзень пацалунка, смеху, аўтарскага права, ювеліра, падтрымкі ахвяр злачынстваў... Патрэбныя звесткі? Магчыма, але ж каляндар мае назву «Родны край». Дык чаму інфармацыя пра яго павінна быць мінімальная?

Думаю, што гэта пытанне цікавіць не толькі мяне.

А. У. Шамякіна, г. Мінск


Школа, дзе рыхтуюць чэмпіёнаў

... У двухпавярховы будынак, што ў цэнтры нашага мястэчка Разанцы, кожную раніцу сцякаюцца гаманкія ручайкі. Гэта дзеці з'язджаюцца ў школу, у дом, дзе кожнага любяць, паважаюць і цэняць, дзе вучаць быць шчаслівымі і паспяховымі, дзе настаўнікі, вучні, бацькі захоплены агульнымі ідэямі і марамі.

Стварыць падобную атмасферу па сілах, вядома ж, не кожнаму.

Мне пашчасціла працаваць у калектыве, якім кіруе малады дырэктар Арцём Валер'евіч Барташэвіч. Гляджу на яго і часам не разумею, як ён паспявае праводзіць урокі і штодзённыя секцыі, пасяджэнні, педсаветы, рыхтаваць дзяцей да ўдзелу ў спартыўных спаборніцтвах, кожнага выслухоўваць і нешта раіць, а галоўнае — заўсёды быць добразычлівым, адкрытым да зносін...

Наколькі ведаю, пытанне аб выбары прафесіі перад нашым Арцёмам Валер'евічам не стаяла. Ён, як расказваў, змалку хадзіў у спартыўную залу — глядзеў, як праводзіць заняткі ягоны бацька, хацеў стаць падобным.

А таму пасля школы паступіў у педуніверсітэт, дзе вучылі, дарэчы, не толькі думаць і карпатліва працаваць, але і разумець дзяцей, у кожным бачыць асобу.

Пасля размеркавання студэнт Барташэвіч трапіў у родны Мсціслаўскі раён. З 2010 года ён выкладае тут фізічную культуру і здароўе, вядзе секцыі і штодзённыя трэніроўкі з вучнямі, якія, што важна, бачаць у маладым настаўніку яшчэ і сябра. Дасканала валодаючы сваім прадметам, Арцём Валер'евіч выхоўвае ў дзецях павагу і любоў да спорту, да здаровага ладу жыцця. У выніку наша гандбольная каманда ўжо пяць гадоў запар перамагае ў спаборніцтвах розных узроўняў. Нават на рэспубліканскіх ужо добра ведаюць, што на Мсціслаўшчыне ў аграгарадку Разанцы ёсць школа, дзе 80 працэнтаў вучняў займаецца ў розных спартыўных секцыях, дзе рыхтуюць будучых чэмпіёнаў пад заклікам «Пакуль мы разам — мы непераможныя!»

...За 10 гадоў плённай працы нашаму дырэктару не раз прысвойвалі званні «Найлепшы па прафесіі», «Чалавек года». І на пытанне аб сакрэтах поспеху ён адказваў тады, што ў рабоце яму вельмі дапамагае дэмакратычны стыль кіравання, давер калег і, вядома ж, любоў да дзяцей, да справы. «Мая школа, — кажа Арцём Валер'евіч, — гэта мая сям'я, якую нельга не любіць, з якой нельга не перамагаць і не адольваць цяжкасці».

Тамара Ерасценканастаўніца  беларускай мовы і літаратуры, Мсціслаўскі раён.


«Мая вёска перажыла страх і голад, але адрадзілася»

...Лістапад 1943-га. Нашу вёску Пятровічы, тады Парыцкага раёна, адбілі ў ворага, мы сустракалі вызваліцеляў, крычалі: «Нашы прыйшлі! Нашы!..», цалавалі і абдымалі салдат, а тыя гналі ворага далей.

Мы з мамай праводзілі на фронт тату. Разам з ім прызывалі іншых вяскоўцаў. Жанчыны і дзеці плакалі, тыя, хто сыходзіў, спрабавалі суцяшаць. «Пагонім немцаў аж да самай Амерыкі!» — крычаў, помню, Клім Русіновіч.

Не ведаў, бедны, што загіне, як, дарэчы, і дзясяткі нашых вяскоўцаў. Прычым не толькі на франтах.

У Пятровічы 19 снежня ўварваліся карнікі. Мой дзядуля Іван і жанчына з маленькім дзіцем схаваліся ў нашым двары, у зямлянцы.

Гітлераўцы прашылі яе з аўтаматаў, а потым кінулі гранату. Дзед Іван загінуў.

А ў гэты ж час у наваколлі ўжо гарэлі іншыя вёскі, немцы забівалі людзей: 42 чалавекі ў Раковічах, 16 — у Міхайлаўцы, 14 — у Язвіне, 7 — у нашых Пятровічах, 26 — у Селішчы.

Сведкі расказвалі, як людзі адтуль уцякалі ў лес і малых сястрычак адзін з немцаў прапусціў, а вось другі скарыстаўся замінкай: на лапціку ў малой развязалася абора, яна прыпынілася, каб зашморгнуць, і загінула — разам з сястрычкай. У вёсцы Раковічы карнікі згвалтавалі шаснаццацігадовую дзяўчыну, кінулі яе ў хлеў і падпалілі.

Назаўтра ў нашы Пятровічы ўварваліся нямецкія танкі. Іх было шмат. Яны крышылі платы, адзін — уткнуўся ў суседскую хату. Немцы акапаліся ў нашай вёсцы на шэсць месяцаў, сталі ў ёй гаспадарыць, гвалтавалі жанчын і дзяўчат, выганялі ў бежанцы. Я з мамай і яшчэ 20 чалавек з нашага роду апынуліся ў Азарыцкім канцлагеры. Там навечна засталіся мая цётка Прося, дзядзька Міхал і яго сынок. Не вярнуўся з фронту і дзядзька Дарафей... Мая вёска перажыла страх і голад, але адрадзілася.

А баі пад Парычамі ў снежні 1943 года ўвайшлі ў гісторыю. Камандуючы 65-й арміі П. І. Батаў пісаў пра іх так: «На вайне нярэдкія дні і нават месяцы схватак з ворагам, якія па сваім значэнні раўнацэнныя ўзяццю буйных гарадоў. Не грукочуць салюты ў гонар перамогі, але войскі праяўляюць не менш, а іншы раз і больш зацятасці, адвагі, мужнасці, самаахвярнасці і майстэрства. Да ліку такіх нельга не аднесці снежаньскую абарону пад Парычамі».

Аляксей Русіновіч, в. Пятровічы, Светлагорскі раён.


«Зробяць вам зубы...»

У чарзе да стаматолага размовы, як і варта чакаць, пра балючае: адзін расказвае, як замест хворага зуба вырвалі здаровы, другі — як пакінулі корань, трэці — як яго не ўзяла «замарозка»...

Адна жанчына ўсё гэта слухала ды ціха... усміхалася.

— Сорамна з чужых бед смяяцца, — сказаў ёй нехта з «пацярпелых».

— А я і не смяюся, не! — як не пабажылася тая весялуха. — У мяне проста рот не закрываецца... Пратэзы не так паставілі... Яшчэ во раз прыехала. Можа, паправяць?

...Неўзабаве — па чарзе — тая жанчына зайшла ў кабінет і досыць хутка вярнулася. Што важна — ужо без усмешкі. Сказала:

— Людцы, нічога не бойцеся! Абы чэрап і грошы... Зробяць вам зубы, якія захочаце!

Пасля гэтых слоў чарга павесялела і паспакайнела, смялей стала заходзіць да доктара, заносіць, прабачце, свае чарапы.

С. Атрохава, в. Селішча, Слуцкі раён.

Пошту чытала Валянціна Доўнар

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Сёння пачаў работу УНС у новым статусе

Сёння пачаў работу УНС у новым статусе

Амаль тысяча дзвесце чалавек сабраліся, каб вырашаць найважнейшыя пытанні развіцця краіны. 

Навука

Наколькі эфектыўна працуе сістэма інтэлектуальнай уласнасці?

Наколькі эфектыўна працуе сістэма інтэлектуальнай уласнасці?

Расказаў першы намеснік старшыні Дзяржаўнага камітэта па навуцы і тэхналогіях Рэспублікі Беларусь Дзяніс Каржыцкі.

Здароўе

У Нацыянальны каляндар плануюць уключыць новыя прышчэпкі

У Нацыянальны каляндар плануюць уключыць новыя прышчэпкі

Як вакцыны выратоўваюць жыцці і чаго можа каштаваць іх ігнараванне?

Грамадства

Курс маладога байца для дэпутата

Курс маладога байца для дэпутата

Аляксандр Курэц – самы малады народны выбраннік у сваім сельсавеце і адзіны дэпутат сярод сваіх калег па службе.