Вы тут

Што рабілі на Масленіцу са старымі халасцякамі?


Пытанне настаўніцы Марыны Н. з Мінска: «Штогод бываем на гарадскіх святкаваннях Масленіцы. Аднойчы ўдалося ўбачыць абрад «Калодкі», мяркуючы па выкананні, вельмі старажытны. Што ён абазначае?»


Сярод некаторых даследчыкаў славянскай традыцыйнай культуры існуе меркаванне, што Масленіца перш за ўсё лічылася святам «наважонаў» — моладзі, якая стварыла сям'ю ў прамежку часу паміж леташнім Вялікаднем і толькі што завершаным Мясаедам. Найбольшая колькаць вяселляў сярод усходнеславянскіх народаў спраўлялася восенню і ў зімовы Мясаед. Масленіца падводзіла рысу перыяду правядзення сямейных урачыстасцяў і, уласна кажучы, спыняла іх напярэдадні Вялікага посту. Пільная ўвага да становішча соцыуму і рэгулявання шлюбных адносін паміж яго членамі тлумачылася тым, што, у адпаведнасці са старажытнымі ўяўленнямі нашых продкаў, працяг чалавечага роду самым непасрэдным чынам уплываў і на ўрадлівасць глебы, і на ўраджайнасць сельскагаспадарчых культур. Інакш кажучы: чым больш сямейных пар справіць вяселле, тым большы плён магла чакаць вясковая абшчына ў новым годзе.

Кожны гаспадар разумеў: калі сын дасягнуў адпаведнага ўзросту, ён павінен ажаніцца, стварыць сям'ю і выканаць абавязак, прадугледжаны прыродай і Творцам. Чалавек прыйшоў у гэты свет, каб аднавіць ланцужок жыцця на новым этапе родавай эстафеты.

Жанчыны, якія рабілі абходы хат на Масленіцу, абавязкова наведвалі тых гаспадароў, у якіх гадаваліся хлопцы-пераросткі, і прывязвалі да нагі «жаніха» невялікую драўляную калодку. Найбольш архаічнае яе значэнне зводзілася да актуалізацыі эратычнай сімволікі: «калодка» (палка, шостка). У больш познія часы ролю гэтага абрадавага атрыбута выконвалі розныя прадметы: кавалак чырвонага паса, стужка, смаліна, салёная сялёдка, лялькі драўляныя або вырабленыя з тканіны, абаранкі, аздобленыя рознакаляровымі стужкамі або кветкамі, хусціна або звычайны бурак. «Калодку» чаплялі хлопцам да нагі, павязвалі на шыю, прышпільвалі да адзежы ніжэй спіны. Усё гэта азначала адно: тэрмінова трэба жаніцца.

Знак абрадавага пакарання хлопцы-пераросткі павінны былі насіць увесь масленічны тыдзень. Аднак калі хлопец лічыў пакаранне неапраўданым, ён мог «адкупіцца» ад сваіх аднавяскоўцаў падарункам або пачастункам.

Свавольны гурт жанчын рухаўся па вуліцы са спевамі, фрывольнымі прыпеўкамі. Як толькі дарогай ім пападаўся нежанаты хлопец, яны тут жа накідвалі яму на шыю вяроўку і прымушалі валачы па вуліцы палена.

Цікава, але ў некаторых мясцінах «калодку» ў выглядзе калыскі, вырабленай з дрэва або выразанай з бульбіны ці бурака, вешалі на шыю фарсістым дзяўчатам, якія «доўга перабіралі» хлопцаў і ў выніку засталіся без пары.

Аднак у пазнейшы гістарычны час, відаць, недзе ў канцы ХІХ стагоддзя, абрад калодкі быў трансфармаваны і набыў гульнёвы характар. На вячорках, дзе збіралася вясковая моладзь, «калодка» ў выглядзе чырвонай стужкі была ўжо не столькі сімвалам рытуальнага пакарання, колькі знакам звычайных юнацкіх заляцанняў. Хлопцы чаплялі чырвоны бант каханай дзяўчыне на спіну, а тая павінна была здагадацца, хто гэта зрабіў.

Этнографы мінулага адзначалі некаторыя асаблівасці выканання абраду «калодкі» на Міншчыне. Абрубак дрэва, як правіла, тут цягалі толькі хлопцы, пераапранутыя ў старое адзенне, у суправаджэнні гурта дзяцей, а твар закрывалі маскамі жывёл. Шумная, звонкагалосая кампанія абавякова спынялася пад вокнамі той хаты, у якой жыла дзяўчына ў гадах. Дзеці пачыналі гучна крычаць, каб тая выйшла на вуліцу, а хлопцы тут жа патрабавалі ад яе выкуп. Дзяўчына запрашала хлопцаў зайсці ў хату, каб пачаставацца. Пасля гэтага гуллівая кампанія рушыла далей.

На поўначы Міншчыны абрад «цягання калодкі» меў прынцыпова іншы кірунак. Аб'ектам масленічных абходаў былі толькі тыя сем'і, дзе была дзяўчына, якая толькі што выйшла замуж. У такім разе сімволіка рытуальнага дзеяння была заклікана паспрыяць хуткай цяжарнасці і перасцерагчы маладую жонку ад негатыўных уздзеянняў на ўвесь яе перыяд.

Такім чынам, штогадовае рэгуляванне адносін у межах вясковай абшчыны, якое выконвалі на масленічным тыдні, мела двухбаковую накіраванасць. З аднаго боку, людзі выказвалі падзяку за разуменне неабходнасці своечасовага ўключэння ў склад захавальнікаў і прадаўжальнікаў роду, з другога — той, хто з нейкіх прычын на момант выканання абрадавай дзеі не абраў шлюб, падвяргаўся публічнаму пакаранню, зразумела, не фізічнаму, а жартоўна-сімвалічнаму, але ад гэтага не менш выніковаму.

Аксана КАТОВІЧ, Янка КРУК

Дасылайце свае пытанні пра карані і прыстасаванасць да сучаснага жыцця каляндарных і сямейна-побытавых народных традыцый ды абрадаў на паштовы або электронны адрас рэдакцыі з пазнакай «Пра радзіннае».

Прэв'ю: krasnoyarsk.bezformata.com

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Больш за 100 прадпрыемстваў прапанавалі вакансіі ў сталіцы

Больш за 100 прадпрыемстваў прапанавалі вакансіі ў сталіцы

А разам з імі навучанне, сацпакет і нават жыллё.

Эканоміка

Торф, сапрапель і мінеральная вада: якія перспектывы выкарыстання прыродных багаццяў нашай краіны?

Торф, сапрапель і мінеральная вада: якія перспектывы выкарыстання прыродных багаццяў нашай краіны?

Беларусь — адзін з сусветных лідараў у галіне здабычы і глыбокай перапрацоўкі торфу.

Грамадства

Адкрылася турыстычная выстава-кірмаш «Адпачынак-2024»

Адкрылася турыстычная выстава-кірмаш «Адпачынак-2024»

«Мы зацікаўлены, каб да нас прыязджалі».