Вы тут

Абараняем сад ад хвароб і шкоднікаў ранняй вясной


З пачаткам вясны сад прачынаецца ад зімовай спячкі. І як толькі пачне прыпякаць сонца — актывізуюцца садовыя шкоднікі. Таму час прымаць меры па іх ліквідацыі і абароне раслін.


Апрацоўка саду ад шкоднікаў, якую праводзяць ранняй вясной, — гэта перш за ўсё апырскванне дрэў адмысловымі хімічнымі растворамі, якія нейтралізуюць шкодных насякомых. Тлі, лістаблошкі, пільшчыкі, даўганосікі, моль і мноства іншых нядобразычліўцаў толькі і чакаюць моманту, калі гаспадар зазяваецца.

Самае першае апырскванне дрэў праводзяць адразу пасля таго, як адступяць халады. Наступныя этапы апрацоўкі — да таго, як дрэвы зацвітуць і з'явяцца першыя завязі.

Самае першае, што трэба зрабіць перад апырскваннем, — навесці на ўчастку парадак: прыбраць смецце і старое лісце, ачысціць ствалы дрэў ад імхоў і лішайнікаў. Калі за акном усталюецца стабільна плюсавая тэмпература, можна пачынаць бяліць дрэвы.

Для гэтага рыхтуюць адмысловы раствор: у 10 л вады разводзяць 2 кг вапны (можна выкарыстоўваць вапнавую пасту), дадаюць 1 кг гліны і, каб трохі ўзмацніць ахоўны эфект, 300—350 г меднага купарвасу. Атрыманую масу акуратна вымешваюць. Такі раствор дапамагае выдаліць з кары дрэва лічынкі насякомых і іх яйкі, якія «зімавалі» ў расколінах.

Апрацоўка парэчак і агрэсту

Хоць парэчка і агрэст лічацца непераборлівымі, ім таксама патрэбна прафілактычная апрацоўка ад хвароб і шкоднікаў. Першую апрацоўку кустоў звычайна праводзяць адразу, як толькі сыдзе снег.

Для пачатку трэба ўважліва даследаваць кусты і глебу, каб разабрацца, з якімі менавіта шкоднікамі давядзецца змагацца. Пры аглядзе кустоў звяртаюць увагу на стан галінак. Калі яны выглядаюць як абпаленыя, то кусты пашкоджаны пупышкавай моллю. Калі пупышкі буйныя і нагадваюць качан капусты — гэта «работа» пупышачнага кляшча. Налёт на канцах галінак кажа пра мучністую расу, а адтуліны ўнутры галін — пра пашкоджанне куста шклянніцай. Хворыя галіны трэба абрэзаць. Гэта таксама датычыцца старых галін, тых, якія растуць унутр куста, галін з налётам і наогул усіх «падазроных».

Перш чым выкарыстаць «цяжкую артылерыю» з хімічных інсектыцыдаў, варта паспрабаваць старыя добрыя народныя сродкі: глебу вакол куста паліць гарачай вадой з невялікай колькасцю марганцоўкі або соды. Галіны кустоў таксама праліць гэтым гарачым растворам, выкарыстоўваючы палівачку.

Яшчэ адзін добры сродак — медны купарвас (50—100 г на 10 л вады). Канцэнтрацыя прэпарату залежыць ад узросту расліны і ступені яе пашкоджання (чым старэйшая расліна — тым вышэйшая канцэнтрацыя).

Выкарыстоўваюць і бардоскую вадкасць — 100 г меднага купарвасу, 100 г нягашанай вапны і 10 л вады. Гэтага хопіць для апрацоўкі 10 кустоў агрэсту і парэчкі. Важна, каб раствор быў выкарыстаны на працягу пяці гадзін пасля прыгатавання.

Апошнім часам усё большую папулярнасць для барацьбы з захворваннямі набіраюць біяпрэпараты (фітаспарын і іншыя). Усе яны добрыя, але іх эфектыўнасць ранняй вясной будзе вельмі нізкая, таму што гэтыя прэпараты працуюць пры тэмпературы ад 8 °С і вышэй.

Апрацоўка яблынь і груш

Перыяд ад сходу снегу да распускання пупышак лічыцца самым прыдатным для апрацоўкі яблынь і груш ад лішайнікаў і грыбковых інфекцый. Для апырсквання рыхтуюць 5-працэнтны раствор меднага купарвасу (500 г прэпарату раствараюць у 10 л вады). Для апырсквання ў гэты перыяд можна выкарыстоўваць і трохпрацэнтную бардоскую вадкасць. Ствалы дрэў і зямлю вакол іх можна апырскваць растворам мачавіны (700 г на 10 л вады). Такая апрацоўка дапаможа знішчыць шкоднікаў, якія там перазімавалі.

Да распускання пупышак для апрацоўкі яблынь і груш таксама ўжываюць і жалезны купарвас. Такая апрацоўка абароніць дрэвы ад лішайнікаў, шкоднікаў, якія ўладкаваліся на зіму ў кары, а таксама грыбковых захворванняў. Растворам гэтага прэпарату апырскваюць не толькі самі дрэвы, але і глебу пад імі. Для падрыхтоўкі сумесі 500 г жалезнага купарвасу разводзяць у 10 л вады.

Жалезны купарвас падыдзе і для апырсквання кустоў і костачкавых дрэў. Праўда, у гэтым выпадку ўжываюць трохпрацэнтную канцэнтрацыю.

Апрацоўка слівы і алычы

Першае апырскванне слівы і алычы вясной праводзяць яшчэ да таго, як пачнецца рух соку. Для таго каб абараніць дрэвы ад шкоднікаў, такіх як пладовы клешч, тля, калючая пладажэрка, даўганосік і іншыя, можна выкарыстоўваць, напрыклад, карбафос.

Каб абараніць дрэвы ад хвароб, рэкамендуецца апырскваць іх растворам мачавіны (700 г рэчыва на 10 л вады) або выкарыстоўваць трохпрацэнтны раствор меднага купарвасу ці бардоскую вадкасць. Глебу пад дрэвамі таксама апрацоўваюць.

Абавязкова пабяліць ствалы сліў, каб абараніць іх ад сонечных апёкаў, перападаў тэмператур, а таксама насякомых і іх лічынак, якія зімавалі ў кары.

Апрацоўка вішні і чарэшні

Апырскваць вішню і чарэшню таксама трэба да пачатку руху соку. Для гэтай мэты ўжываюць трохпрацэнтны раствор меднага купарвасу альбо бардоскай вадкасці, а таксама жалезны купарвас (300 г рэчыва на 10 л вады). Таксама для першага апырсквання выкарыстоўваюць мачавіну (700 г на вядро вады).

Калі ўсё зроблена правільна, то далейшага апырсквання ад хвароб можа і не спатрэбіцца. Калі пазбегнуць заражэння ўсё ж такі не атрымалася, для лячэння выкарыстоўваюць спецыяльныя прэпараты.


Дачныя хітрасці

- Расаду гарбузовых культур, такіх як агурок, патысоны, кабачок можна вырасціць такім чынам: нарэзаць дзёран на кубікі 10х12 см, перавярнуць каранямі ўверх, зрабіць паглыбленне і высадзіць у яго семечка.

- Калі расаду кожны дзень па 1-2 хвіліны пагладжваць па верхавіне, яна не будзе выцягвацца. Пры дотыку вылучаецца этылен, які стрымлівае гэты працэс.

- Суніцы карысна мульчыраваць іглічным ападам. Гэта палепшыць смак ягад, а таксама дапаможа справіцца з шэрай гніллю, даўганосікам, кляшчом, драцянікам. А мульчыраванне папараццю дапаможа суніцам справіцца з нематодай і шэрай гніллю.

- Для павышэння ўраджайнасці на ўчастак трэба прыцягваць насякомых-апыляльнікаў. Для гэтага высейваюць ружовую і белую канюшыну, аўсяніцу, мятлік. Прыцягваюць насякомых таксама кветкі гарчыцы белай і морквы.

- Добрым спадарожнікам для агурка з'яўляецца кроп.

- Пасеяныя ўздоўж бульбы і таматаў буракі дапамагаюць ім справіцца з фітафтарозам.

- Калі ўторкнуць сцябло крапівы побач з кожнай высаджанай раслінай капусты, то капуста лепш прыжывецца.

- Ад капуснага матыля і тлі ў міжраддзі капусты высейваюць кроп, каляндру, сельдэрэй, аксаміткі, календулу.

- Пры пасадцы бульбы ў лунку высыпаюць жменю попелу — ён з'яўляецца ўгнаеннем і дапамагае ад драцяніка.

- Для павышэння ўраджайнасці і паляпшэння смаку ў першай палове чэрвеня часнок паліваюць спачатку салёнай вадой — 2 ст. лыжкі на 10 літраў вады, а затым звычайнай.

- Калі ў пачатку лета на раслінах перцу завязалася некалькі пладоў, а цвіценне спынілася, то гэтыя плады трэба вырваць. Расліны пасля гэтага пачнуць цвісці з падвоенай энергіяй і да канца сезона дадуць высокі ўраджай.

Ірына ТАМКОВІЧ

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Больш за 100 прадпрыемстваў прапанавалі вакансіі ў сталіцы

Больш за 100 прадпрыемстваў прапанавалі вакансіі ў сталіцы

А разам з імі навучанне, сацпакет і нават жыллё.

Эканоміка

Торф, сапрапель і мінеральная вада: якія перспектывы выкарыстання прыродных багаццяў нашай краіны?

Торф, сапрапель і мінеральная вада: якія перспектывы выкарыстання прыродных багаццяў нашай краіны?

Беларусь — адзін з сусветных лідараў у галіне здабычы і глыбокай перапрацоўкі торфу.

Грамадства

Адкрылася турыстычная выстава-кірмаш «Адпачынак-2024»

Адкрылася турыстычная выстава-кірмаш «Адпачынак-2024»

«Мы зацікаўлены, каб да нас прыязджалі».