Вы тут

Унікальны мемарыял памяці аб спаленых вёсках з'явіцца ў Светлагорскім раёне


Унікальны мемарыял памяці аб населеных пунктах Гомельшчыны, якія былі спалены разам з мірнымі жыхарамі, з'явіцца ў Светлагорскім раёне. Комплекс будзе ўзведзены на месцы былой вёскі Ала, дзе ў студзені 1944 года атрад карнікаў спаліў жывымі і расстраляў 1758 чалавек, у тым ліку 950 дзяцей.


Эскізная прапанова мемарыяльнага комплексу.

Вядома, што жудасны лёс светлагорскай Алы — гэта колькасць ахвяр, параўнальная 12 Хатынямі. Карнікі сагналі людзей ў дамы і гаспадарчыя пабудовы, потым падпалілі. У той час у вёсцы акрамя мясцовых знаходзіліся бежанцы з іншых пасёлкаў. Тых, хто спрабаваў уцячы, расстрэльвалі і кідалі ў агонь. Пасля вызвалення Светлагоршчыны на ўскрайку вёскі ў брацкай магіле пахавалі астанкі мірных жыхароў і целы салдатаў, што загінулі пры вызваленні мясцовасці. Вёска Ала больш не адрадзілася, аднак у 1958 годзе на месцы трагедыі ўсталявалі помнік — скульптуру салдата з вянком.

Ідэя стварэння новага мемарыяла ў Але належыць светлагорскаму паэту Ізяславу Катлярову. Летась пад Светлагорскам прайшоў пленэр скульптараў у памяць трагедыі спаленай вёскі. З велізарных валуноў мастакі стваралі скульптуры-сімвалы, якія павінны заняць асобнае месца ў будучым комплексе.

Дарэчы, у снежні мінулага года падчас сустрэчы Прэзідэнта Беларусі са студэнтамі і выкладчыкамі медуніверсітэтаў пытанне аб неабходнасці стварэння мемарыяла ў Але падняла студэнтка адной з гомельскіх ВНУ. Ініцыятыву падтрымалі на самым высокім узроўні.

— Кампазіцыйна комплекс — гэта тры блокі: уваходная група, пешаходны маршрут і мемарыяльная зона, — прадстаўляе эскіз мемарыяла, які распрацавала творчая група ААТ «Інстытут Гомельграмадзянпраект», начальнік галоўнага ўпраўлення ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі Гомельскага аблвыканкама Дзяніс Язерскі. — Ва ўваходнай групе на аванплошчы размесціцца сімвалічная кампазіцыя з засохлага дрэва каля вадаёма і сцяны з імёнамі ахвяр. Асобна будзе створаны абеліск з картай Гомельскай вобласці, на якой адзначаць усе спаленыя вёскі нашага рэгіёна.

Пешаходны маршрут — гэта амаль 300 метраў лясной дарогі, выкладзенай камянямі ў тым напрамку, як праходзіла галоўная вуліца былой вёскі. На месцы дамоў з'явяцца 34 стылізаваныя брамы падворкаў і абеліскі з сілуэтамі людзей. Усё будзе выканана з бетону.

У мемарыяльнай зоне абновіцца звонку існуючая брацкая магіла. Побач размесціцца званіца: колькасць званоў — па ліку вёсак, жыхары якіх загінулі ў Але, — растлумачыў Дзяніс Язерскі. — Тут жа з'явяцца стэла з набатным звонам, інфармацыйная зона, а таксама пляцоўка з імправізаванымі лавамі, на якіх будуць праходзіць урокі памяці пад адкрытым небам.

Начальнік галоўнага ўпраўлення ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі Гомельскага аблвыканкама Дзяніс Язерскі з праектам.

Вядома, што прыкладны кошт аб'екта — 5-6 мільёнаў рублёў. Аднак гэта будзе сапраўды «народная будоўля», адзначыў галоўны ідэолаг рэгіёна. Збор сродкаў для мемарыяла пачнецца з пералічэнняў ад удзельнікаў рэгіянальнага суботніка, які пройдзе 22 лютага. Вітаецца любая дапамога ад працоўных калектываў, спонсараў і проста неабыякавых людзей. Вядома, што ініцыятыву падтрымаў БРСМ. Да будоўлі актыўна падключацца студатрады.

Ала — новы пункт прыцягнення на карце турыстычных «дарог памяці», якія звяжуць патрыятычныя маршруты праз аграгарадок Чырвоны Бераг у Жлобінскім раёне, дзе ўвекавечана памяць аб малалетніх вязнях фашысцкага донарскага канцлагера, і мемарыяльны комплекс «Баграціён», што таксама на Светлагоршчыне.

Наталля КАПРЫЛЕНКА, фота аўтара

Загаловак у газеце: Прастора памяці

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Андрэй Худык: Неабходная мабілізацыя ўсіх узроўняў улады, грамадства і бізнесу для сумесных дзеянняў па ахове прыроды

Андрэй Худык: Неабходная мабілізацыя ўсіх узроўняў улады, грамадства і бізнесу для сумесных дзеянняў па ахове прыроды

Ад таго, наколькі беражліва людзі ставяцца да прыроды, залежыць якасць іх жыцця, здароўе і нават дабрабыт. 

Грамадства

У зоне павышанай небяспекі. Як працуе выбуховатэхнічны цэнтр унутраных войскаў МУС

У зоне павышанай небяспекі. Як працуе выбуховатэхнічны цэнтр унутраных войскаў МУС

Пра асаблівасці работы мы пагутарылі з намеснікам начальніка ўстановы Максімам Кулем.

Грамадства

Стаўленне «выкарыстаў — выкiнуў» трэба мяняць на «адсарцiраваў — перапрацаваў»

Стаўленне «выкарыстаў — выкiнуў» трэба мяняць на «адсарцiраваў — перапрацаваў»

Пахаванне адходаў — самы просты i танны спосаб пазбавiцца ад iх, аднак ён шкодзiць наваколлю i здароўю чалавека.

Грамадства

Новы кантэнт для лета. Чым заняць дзяцей на 92 днi

Новы кантэнт для лета. Чым заняць дзяцей на 92 днi

У перыяд летніх канікулаў для школьнiкаў i студэнтаў падрыхтаваны розныя цiкавыя мерапрыемствы, у тым лiку шмат з iх — анлайн.