Вы тут

«Эстафета Перамогі» перададзена беларускімі пагранічнікамі


Учора каля Кургана «Дружбы» на стыку межаў Беларусі (Верхнядзвінскі раён), Латвіі і Расіі адбылася ўрачыстая цырымонія перадачы «Эстафеты Перамогі» ўздоўж знешніх межаў дзяржаў-удзельніц СНД. Акцыя прысвечана 75-годдзю Перамогі ў Вялікай Айчыннай вайне.


Эстафета перададзена беларускімі пагранічнікамі іх калегам з Расійскай Федэрацыі.

Падчас заключнага этапу патрыятычнага марафону на беларускай зямлі ў памежжы былі арганізаваныя ўрачыстыя сходы, мітынгі і ўрокі мужнасці.

Ва ўрачыстым мерапрыемстве, прымеркаваным да перадачы эстафеты, узялі ўдзел кіраўніцтва Дзяржаўнага пагранічнага камітэта Беларусі, прадстаўнікі Каардынацыйнай службы Савета камандуючых пагранічнымі войскамі краін СНД і прадстаўнікі пагранічнай службы ФСБ Расіі, кіраўніцтва мясцовай улады, члены ветэранскіх і маладзёжных арганізацый, прадстаўнікі духавенства.

Каля чатырох тысяч кіламетраў у Беларусі — такі доўгі шлях у эстафеты, якая пабывала на кожнай пагранічнай заставе. Літаральна ўся мяжа стала месцам правядзення гэтай акцыі. Адбылося шмат розных сустрэч ветэранаў пагранічнай службы з пагранічнікамі, кадэтамі, вясковымі жыхарамі. Моладзь праявіла вялікую цікавасць да мерапрыемстваў. Хлопцы і дзяўчаты ўважліва слухалі расказы пра подзвігі пагранічнікаў падчас вайны, пра будні службы ў наш час.

Намеснік старшыні Дзяржпагранкамітэта Беларусі генерал-маёр Ігар ПЕЧАНЬ нагадаў, што акцыя распачалася 5 лютага на тэрыторыі Брэсцкай крэпасці. І на працягу двух тыдняў прайшла па тэрыторыі Брэсцкай, Гомельскай, Гродзенскай і Віцебскай абласцей. Ён падкрэсліў, што трэба памятаць якой цаной дасталася нам Вялікая Перамога. І задача на сёння і заўтра — захаваць гістарычную памяць: нельга дапусціць, каб гісторыю перапісвалі. Агульнае мінулае яднае ў наш час людзей, якія жывуць у некалі адзінай краіне-пераможцы. Гэтая эстафета — як сімвал таго, што сучасныя пагранічнікі павінны не горш дзедаў і прадзедаў ахоўваць межы сваёй Радзімы. І ўсе ўмовы для гэтага створаны, а прафесіяналізм вайскоўцаў не выклікае сумненняў.

Старшыня Віцебскага абласнога Савета дэпутатаў Уладзімір ЦЯРЭНЦЬЕЎ адзначыў, што месца перадачы эстафеты прадстаўнікам памежнага ўпраўлення Федэральнай службы бяспекі Пскоўскай вобласці знакавае. Тут штогод праводзяцца мінародныя сустрэчы з удзелам ветэранаў і падпольшчыкаў, потым дзейнічае маладзёжны лагер, у якім удзельнічаюць хлопцы і дзяўчаты з трох краін. На сёння ў Прыдзвінскім краі пражываюць толькі каля 730 ветэранаў ВАВ, яны заслужылі штодзённага клопату. І такія мерапрыемствы, як эстафета Перамогі, нагадваюць пра подзвігі савецкіх людзей падчас Вялікай Айчыннай вайны.

А намеснік старшыні абласнога Сходу дэпутатаў Пскоўскай вобласці Юрый Сарокін дадаў, што з пакалення ў пакаленне будзе перадавацца вялікая ўдзячнасць тым, хто перамог. «Дзякуй ім за права жыць, быць свабоднымі грамадзянамі незалежнай краіны. Слава і вечная памяць тым героям, што загінулі», — дадаў ён.

Сімвал Перамогі ўжо заўтра будзе дастаўлены ў Маскву. І яго будуць перадаваць па знешніх межах краін — членаў Садружнасці Незалежных Дзяржаў.

Пагранічнікі Расіі, як і Беларусі, з гонарам бяруць удзел у акцыі. Яна яднае, з'яўляецца патрыятычным з вялікай літары, добрым прыкладам таго, што памяць і павага да агульнага мінулага не мае меж.

Аляксандр ПУКШАНСКІ

Фота БЕЛТА

Загаловак у газеце: Эстафета ідзе далей...

Выбар рэдакцыі

Экалогія

Які інтарэс ў Беларусі ля Паўднёвага полюса

Які інтарэс ў Беларусі ля Паўднёвага полюса

Антарктыка, далёкая і блізкая.

Грамадства

Да купальнага сезона падрыхтуюць 459 пляжаў

Да купальнага сезона падрыхтуюць 459 пляжаў

Існуюць строгія патрабаванні да месцаў для купання.

Моладзь

Вераніка Цубікава: Натхняюся жаданнем дзяліцца

Вераніка Цубікава: Натхняюся жаданнем дзяліцца

Яе песні займаюць першыя радкі ў музычных чартах краіны, пастаянна гучаць на радыё і тэлебачанні.