Вы тут

Кожная старонка — адкрыццё


Кніга павінна быць адкрытай. Тады яна прыносіць плён: пашырае бачанне сусвету, дае веды, а яшчэ ўсталёўвае камунікацыю паміж людзьмі і краінамі, павышае агульны культурны ўзровень. На гэтым тыдні ў беларусаў ёсць магчымасць сустрэцца з кнігамі з усяго свету. XXVII Мінская міжнародная кніжная выстаўка-кірмаш, якая праходзіць пад агульным слоганам «Беларусь — адкрытая кніга», пачалася пазаўчора ў цэнтральным выставачным павільёне на Пераможцаў, 14 і працягне сваю працу да 9 лютага. У гэтым годзе ўдзел бяруць каля 400 экспанентаў з 30 краін. Галоўныя тэмы сёлетняй выстаўкі — знакавыя падзеі 2020 года: 75-годдзе Вялікай Перамогі і Год малой радзімы.


Дзмітрый Мезенцаў, Аляксандр Карлюкевіч і Джэніфер Мур адкрываюць XXVII Мінскую міжнародную кніжную выстаўку-кірмаш. змітрый Мезенцаў, Аляксандр Карлюкевіч і Джэніфер Мур адкрываюць XXVII Мінскую міжнародную кніжную выстаўку-кірмаш.

Падчас урачыстага адкрыцця аматараў кнігі прывіталі прадстаўнікі органаў дзяржаўнага кіравання Беларусі, дыпламатычных місій. «У нас сёння свята камунікацыі, кантактаў, знаёмства з найлепшымі ўзорамі літаратуры з усяго свету. Мінск ужо даўно стаў выдатнай пляцоўкай, дзе сустракаюцца літаратары, выдаўцы. Мінск — гэта гісторыя выдавецкай дзейнасці, гэта Францыск Скарына, Сімяон Полацкі, таму невыпадкова, што менавіта сталіца Беларусі з’яўляецца пунктам прыцягнення ўсіх тых, хто займаецца гэтай высакароднай справай», — адзначыў дзяржаўны сакратар Саюзнай дзяржавы Беларусі і Расіі Рыгор Рапота падчас адкрыцця выстаўкі на цэнтральнай пляцоўцы беларускага стэнда

Міністр інфармацыі Беларусі Аляксандр Карлюкевіч паведаміў, што ў 2019 годзе ў нашай краіне было выдадзена 10 тысяч найменняў кніг і брашур агульным накладам 24 млн экзэмпляраў. «Гэтыя кнігі, безумоўна, прысутнічаюць на выстаўцы, а побач з імі  — яшчэ некалькі тысяч найменняў кніг і брашур, выдадзеных у Расійскай Федэрацыі, кніг на рускай і іншых мовах. У мінулым годзе ў Беларусі выдадзена больш чым 800 кніг на замежных мовах, больш як 550 з іх — на англійскай мове,  — адзначыў міністр.  — Кніга — шырокая пляцоўка для камунікацыі, знаёмства, дружбы».

Прывітальнае слова Прэзідэнта Беларусі ўдзельнікам і гасцям выстаўкі перадаў намеснік Кіраўніка Адміністрацыі Прэзідэнта Андрэй Кунцэвіч.

Ганаровы госць сёлетняй выстаўкі  — Расійская Федэрацыя. Расійскі стэнд  — найвялікшы па памеры на экспазіцыі  — адкрыўся асобнай цырымоніяй. Надзвычайны і Паўнамоцны Пасол Расійскай Федэрацыі ў Беларусі Дзмітрый Мезенцаў выказаў меркаванне, што, нягледзячы на тэхнічнае развіццё, абаянне друкаванай кнігі немагчыма пераадолець. Спецыяльны прадстаўнік Прэзідэнта Расійскай Фэдарацыі па міжнародным культурным супрацоўніцтве Міхаіл Швыдкой падкрэсліў, што ў ЗША паказчык вытворчасці электроннай кнігі спыніўся на 25 працэнтах, а ў Еўропе ён нават меншы. Такім чынам, можна лічыць, што жыццю друкаванай кнігі нічога не пагражае. На стэндзе Расійскай Федэрацыі прадстаўлены розныя выдавецтвы, як сталічныя, так і рэгіянальныя, і літаратура самых розных відаў. На асобным невялікім стэндзе размясцілася выдавецкая група «АСТ-Эксмо».

Цэнтральным экспанентам выстаўкі выступаюць Злучаныя Штаты Амерыкі. Асноўная тэма іх стэнда  — вандроўкі. Пляцоўка аздоблена інтэрактыўнымі зонамі, якія дазваляюць дэтальна пазнаёміцца з амерыканскай культурай. «На нашым стэндзе вы зможаце спазнаць крышачку магіі, якую спараджае падарожжа па Амерыцы. Мы прадстаўляем цэлы шэраг кніг, прысвечаных падарожжам па Злучаных Штатах. Нашы наведвальнікі таксама змогуць пагуляць у настольныя гульні, паглядзець мастацкія і дакументальныя фільмы, праверыць свае веды пра нашу краіну. Мы запрашаем гасцей прыняць удзел у больш чым 30 праграмах»,  — падкрэсліла Часовая Павераная ЗША ў Беларусі Джэніфер Мур.

Фрагмент экспазіцыі стэнда Расійскай Федэрацыі.

Пяць дзён кніжнай выстаўкі-кірмашу — гэта больш чым 300 мерапрыемстваў — прэзентацый, творчых сустрэч, семінараў, круглых сталоў. Адмысловая пляцоўка для творчай камунікацыі — мерапрыемствы VI Міжнароднага сімпозіума літаратараў «Пісьменнік і час». На кніжнай выстаўцы адкрываюцца новыя імёны, новыя шляхі супрацоўніцтва і, галоўнае, адкрываецца безліч новых старонак  — кніг, якія, нягледзячы на інфанагоды і акцэнты, займаюць цэнтральнае месца на традыцыйных лютаўскіх міжнародных кніжных выстаўках у Мінску.

Дар’я СМІРНОВА

Фота Кастуся ДРОБАВА

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Маладая зеляніна — галоўны памочнік пры вясновым авітамінозе

Маладая зеляніна — галоўны памочнік пры вясновым авітамінозе

Колькі ж каштуе гэты важны кампанент здаровага рацыёну зараз?