Вы тут

Агляд літаратурных часопісаў


 «Агні дрыготкія ў Вялесавай начы»

Надзвычай багатую разнастайнасць жанраў дэманструе студзеньскае «Полымя» ў рубрыцы «Проза»: гэта і пранізліва-шчымлівая аповесць Міколы Адама «Анёл і Траянда» пра лёс спявачкі, і мініяцюры Адама Глобуса пад назвай «Цесць», аб’яднаныя асобай блізкага чалавека, і фантастычныя апавяданні Уладзіміра Садоўскага з агульным загалоўкам «(Не)зямное».

Гераіня Міколы Адама  — дзяўчына, якая насуперак волі бацькоў вырашае стаць спявачкай. Як і многія ранейшыя адамаўскія жаночыя вобразы, Траянда намалявана мужнай, смелай, рашучай, адчайнай, у нечым рамантычнай, але без «ружовых акуляраў» наіўнасці — яна стала на шлях ажыццяўлення мары, гатовая многім ахвяраваць. Але толькі не збочыць!.. У адзін момант — шчаслівая да немагчымасці, у іншы  — настолькі няшчасная, што адмаўляецца ад жыцця і змагання, раструшчаная і зламаная грубай жывёльнай сілай. У многім вобраз Траянды  — тыповы для сучаснай моладзі. Разважанні спявачкі сугучныя тым, хто, мажліва, сам калісьці стаяў ня краі бездані: «Хутчэй за ўсё адзінота — не пракляцце чалавека, а дадзенасць, аксіёма з высновай, што ты нікому не патрэбны ў прынцыпе і табе ніхто нічога не павінен. Хочаш нечага — ідзі і бяры. А проста за прыгожыя вочкі, якімі ты чароўна паморгаеш, ніхто нічога не дасць, ну амаль нічога. Ці задаволіць цябе той мінімум — ужо справа дзясятая і памераў амбіцый». Закулісны эстрадны свет, зазвычай схаваны ад вачэй гледача, намаляваны аўтарам вельмі рэалістычна.

Адам Глобус верны калісьці абранаму стылю і манеры пісьма: распавядаючы пра чалавека, ён здольны пазбягаць эмоцый, праяў пачуццяў, і часта чытач не адразу разумее, як аўтар насамрэч ставіцца да свайго героя. Наколькі гэта арыгінальна для літаратурнага твора, меркаваць чытачу.

Многія ідэі фантастычных твораў Уладзіміра Садоўскага, пэўна, падказалі сённяшнія рэаліі: паняцце, якое сёння для многіх актуальнае,  — залежнасць ад камп’ютарных гульняў і віртуальнага свету (апавяданне «Залежнасць»), той факт, што чалавек па сваёй прыродзе — разбуральнік, і энергія яго разумовай дзейнасці скіравана найбольш на вайну і ўсё, што з ёй звязана, напрыклад, вынаходніцтва сродкаў знішчэння сабе падобных (апавяданні «Дзень нараджэння» і «Сын ветру»). Падарункам чытачу можна лічыць апавяданне «Лабірынты безыменнага горада», напісанае ў такім рэдкім для айчыннай літаратуры стылі, як мэшап. Пісьменнік паяднаў у межах свайго расповеду творы Вацлава Ластоўскага і амерыканскага культавага пісьменніка жахаў Говарда Лаўкрафта, якія, жывучы ў адзін час на розных баках планеты, стваралі стылістычна, атмасферна і тэматычна падобныя рэчы. У прыватнасці, так лічыць Уладзімір Садоўскі. Падзеі, апісаныя ў яго апавяданні, маглі б стаць асновай для вострасюжэтнага сцэнарыя фільма жахаў на матэрыяле айчыннай гісторыі.

Што датычыць паэзіі на старонках часопіса, то падборка вершаў Навума Гальпяровіча «Шчасце слова» гучыць як гімн захаплення роднай мовай. Але гэта не пафаснае ўсхваленне і заклікі яе шанаваць, а вельмі асабістая лірыка, дзе ёсць роздум пра наканаванне, адзіноту, радасць і боль.

Вершы Юліі Алейчанкі (нізка «Груганы») навяваюць пачуццё светлага суму. На пачатку голас лірычнай гераіні поўны роспачы:

І зеўрае пашчаю сіняя бездань адчаю,

А я не падам над абрывам яму рукі.

Самотную раніцу ў краі чужым страчаю,

На сэрцы ізноў выразаю віны радкі.

У завяршэнні падборкі радок «Агні дрыготкія ў Вялесавай начы» пакідаюць чытачу надзею: тое, што перажыта, робіцца не толькі часткай гісторыі, але і каменьчыкам у падмурку ўласнага досведу і сілы…

Алесь Дуброўскі-Сарочанкаў памастацку ўвасобіў у творах філасофскія высновы і біблейскія сюжэты (нізка «Рэцэпт шчасця»). Адметна, што гэта не проста пераказ, але асаблівае разуменне, пераасэнсаванне, прачытанне: «Хай будзе кляты гэты трон і гмах, / бо цяжкія кароны на царах!»

Рубрыка «Галасы свету» знаёміць з творчасцю сучаснага латышскага паэта Сямёна Ханіна, падборку якога «Так, у што мы гуляем сёння?» перастварыў з рускай мовы Андрэй Хадановіч.

Яна БУДОВІЧ


Ці трэба «вымучваць» сюжэт?

У цэнтры аповесці «Малітва» Алега Ждана-Пушкіна, якой адкрываецца «Нёман»,  — няўдачлівы пісьменнік, які ўвесь час знаходзіцца ў пошуках сюжэта. І марыць пра яго як пра рэч, што прынясе яму пісьменніцкую вагу. Як і ў большасці твораў аўтара, у «Малітве» шмат увагі аддадзена лёсу не толькі галоўнага героя, але і іншых персанажаў, якія так ці інакш уплываюць на яго светаўспрыманне. Тлумачыць гэта часам і аўтарскую пазіцыю. Напрыклад, ці трэба «вымучваць» сюжэт, можа, ён  — шанец ад Бога? На працягу чытання твора часта ўзнікае і іншае пытанне: ці можна забыцца на людзей у імкненні знайсці цікавую гісторую, выкарыстоўваць іх, бачачы не асобы, а персанажаў? Твор поўны не толькі пытанняў, але і адказаў. Пісьменнік разважае над іншай дыскусійнай тэмай  — выбару творцам мовы (Алег Ждан-Пушкін піша па-руску). Прыкмячае ён і тое, што часам меркаванні кіраўніцтва і калег бываюць важнейшымі, чым меркаванне чытача.

Пра ўжо знаёмую аповесць «Сэрца мармуровага анёла» Людмілы Рублеўскай (пераклад з беларускай Людмілы Чэслаўскай) можна сказаць у традыцыйным ключы. Гэта пошукі і знаходкі даўняй, але такой блізкай гісторыі, здольнай зацікавіць не толькі аматараў. Акрамя галоўнага складніка  — прыгодніцкага,  — паўстае і сацыяльны, то-бок пытанне захавання гістарычнай спадчыны: мастацтва, скульптуры, архітэктуры. Так, на пачатку твора гераіня разважае пра невялічкі горад, у які яе прывёў лёс: «… цэнтр, вызвалены ад культавых будынкаў, прыўкрашае двухпавярховае збудаванне мясцовай адміністрацыі  — прыемны афіцыйнаму воку прастакутнік з шэрай цэглы, са сцягам на даху і надпісам: “Слава трудовому народу” на фасадзе. Цікава, чым палічылі б гэты будынак былыя ўладары мястэчка, князі Палецкія?» Насамрэч у гэтым крытычным поглядзе больш за ўсё адлюстроўваецца неадназначная гісторыя мінулага стагоддзя, калі дзеяннямі, хоць і не пазбаўленымі пэўнай логікі, шмат разбуралася, але ці будавалася раўназначнае? Пытанне адкрытае.

Апавяданне Тамары Бунты «Шпіёны з нашага завулка» (аўтарскі пераклад на рускую мову) мае актуальную задуму. Тут паўстае псіхалогія ўзаемаадносін паміж дзецьмі, у тым ліку і пытанне выхавання ў савецкі час. На жаль, пазітыўны фінал не дае акрэсленай праблеме паўнавартаснага развіцця, хоць і мае права на жыццё. Сапраўды, логіка не парушана: сюжэт зразумелы, але яму не хапіла яскравага і запамінальнага завяршэння. Апавяданне скіравана хутчэй на тое, каб адлюстраваць рознасць поглядаў нават у дзіцячым узросце, аднак як гэта паўплывала на асноўных герояў (акрамя абражаных) і як магло б паўплываць, улічваючы тое, у які няпросты час адбываецца дзеянне, чытач не бачыць.

Леаніда Галубовіча (нізка вершаў «Усё здзяйсняецца недзе не тут» — аўтарызаваны пераклад Лізаветы Палеес) хвалюе тое ж самае, што ледзь не кожнага паэта (прынамсі, тых, хто друкуецца ў «Нёмане»). Назва падборкі цалкам характарызуе яе настрой. Як і наступныя радкі:

Есть два незнания, у них учусь я

Счастливым быть и время знать всему.

Не знал я дня, когда на свет явлюсь я,

Не знаю ночь, в которую умру.

Але найбольш цікавымі падаюцца два апошнія творы, прысвечаныя маці. Нягледзячы на традыцыйную тэму, яны вабяць глыбінёй пачуццяў і адначасова іх завуаляванасцю.

Прыкметна вылучаецца з паэтычнай часткі падборка «Фарбы надводнай гладзі» Данііла Арыянава. Вершы не для тых, хто шукае відавочныя сэнсы, цалкам знаёмыя вобразы і ціхамірнага ці палкага лірычнага героя, і найбольш гэта адчуваецца ў творы «Абрысы».

Друкуецца ў «Нёмане» і ўрывак з летапісанай паэмы Ізяслава Катлярова «Замкавы час Беларусі». Блукаючы па стагоддзях, аўтар пералічвае гарады, даты, падзеі...

Яўгенія ШЫЦЬКА


Зрэзы і гарэзы

Новы год «Маладосць» пачынае з новай рубрыкай пад назвай «У бібліятэцы з Анхелай», якой займаецца, што ні дзіўна, Анхела Эспіноса. Пад гэтай назвай хаваецца небескарысная справа: знаёмства беларускіх чытачоў з прадстаўнікамі замежнай літаратуры, якія ў праграмах сучаснай адукацыі акрамя як факультатыўна не закранаюцца. Першы выпуск прысвечаны творчасці іспанскай пісьменніцы Ане Марыі Матутэ Аўсэха. Выбар гэтага імя сапраўды неблагі, са сваімі тэматычнымі адметнасцямі, але аўтарка рубрыкі шмат засяроджваецца на нейкіх паваротах уласнага мыслення. Праз увесь тэкставы масіў праходзіць шэраг прозвішчаў іншых пісьменнікаў разам з цытатамі (тое, што шануецца ў школьных сачыненнях і эсэ), даецца невялікае паглыбленне ў біяграфію Аны Марыі Матутэ, але непасрэдна на літаратурныя асаблівасці застаецца толькі некалькі слоў у апошніх абзацах. І ў момант, калі бярэцца патрэбны асветніцка-апавядальны разгон, ужо гучыць развітанне.

Нягледзячы на тое, што рубрыцы, на мой погляд, пакуль што не хапае стрыманай публіцыстычна-літаратуразнаўчай канкрэтыкі, ёсць прыкметны пазітыўны з боку кампазіцыі (ды і з асветніцкага боку) момант: напрыканцы размешчаны пераклад казкі Матутэ, зроблены самой Эспіносай, які добра падагульняе аўтарскую задуму знаёмства, бо інакш выключна тэарэтычныя выкладкі саступалі б прыкладам твораў у нагляднасці.

З паўнавартасным паэтычным дэбютам  — падборкай, а не сольным, як раней, вершам  — друкуецца ў нумары Вольга Нікіценка (Івалга). Калі трымаць у галаве, што гэта дэбют, на некаторыя рэчы можна заплюшчыць вочы. Пейзажная лірыка, стаптаныя эпітэты, рамантызавана-паэтызаванае светаўспрыманне  — гэтыя моманты не настолькі абуральныя, і за апошні аўтацэнтрычны тэкст «Чытай верш» у асаблівых станах можна нават парадавацца ды пажадаць паэтцы глыбей засяроджвацца не на чыіхсьці, а на ўласных пачуццях. Калі юнацкі паэтызм сыдзе, дакладна ёсць сэнс чакаць ад аўтаркі нечага сур’ёзнага.

Другой паэткай нумара з’яўляецца ўжо згаданая вышэй Анхела Эспіноса Руіс. Яе тэксты таксама адпавядаюць добра вядомай «сярэднепаэтычнасці»: з верша ў верш перацякаюць звароты на «ты», звязаныя з імі рамантычныя вербальныя флюіды, акцэнты на порах года, а таксама бясконцая аранжарэя кветак (ад дзьмухаўцоў і лілей да хрызантэм і нарцысаў). Калі прыгледзецца, у сутнасці сваёй гэтыя тэксты мала чым адрозніваюцца ад тэкстаў Вольгі Нікіценкі (акрамя, хіба што, ступені акрыленасці словам).

Не толькі падставы для чагосьці таемна-паэтычнага ёсць у новым нумары «Маладосці», але і выдатнае інтэрв’ю Ганны Варонкі з Верай Бурлак, з якога можна даведацца пра шэраг цікавых рэчаў: стаўленне да ўнутранага шматмоўя, паходжанне псеўданіма «Джэці» і адрозненні звычайнай сям’і ад сям’і паэтаў. Падвынікоўваецца інтэрв’ю кароткімі празаічнымі замалёўкамі старэйшага сына Веры Кастуся Жыбуля.

Акрамя ўсяго іншага, студзеньская «Маладосць» дае магчымасць паглядзець на сучасную беларускую паэзію з розных ракурсаў, робіць пэўны яе зрэз, сутыкнуўшыся з якім можна як атрымаць маўклівую сардэчную рану, так і «намазаць» маслам думкі на чыйсьці дыскусійны хлеб. Пэўны чарцёж «хлеба» ў тэксце ёсць, а вось адказнасць за відовішчы хай застанецца за чытачом.

 Данііл ЛЫСЕНКА

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Выбар саджанца для садавода — той момант, значнасць якога складана пераацаніць.

Культура

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Канцэрт для дзяцей і моладзі, пластычны спектакль Ягора Дружыніна і «Рок-панарама».