Вы тут

Мовазнаўцы: Разглядаць і прымаць законапраекты трэба на дзвюх дзяржаўных мовах адразу


Разглядаць і прымаць законапраекты трэба на дзвюх дзяржаўных мовах адразу, упэўнены мовазнаўцы. Аб гэтым вялася размова на круглым стале «Роля iнфармацыйных тэхналогiй у захаваннi i папулярызацыi беларускай мовы», якi прайшоў у Выдавецкiм доме «Звязда». 


Доктар філалагічных навук, загадчык кафедры беларускага мовазнаўства філалагічнага факультэта БДУ Мікалай Прыгодзіч заявіў, што ў Беларусі пакуль не выпрацаваны механізм забеспячэння дзвюхмоўя, у тым ліку і ў афіцыйнай, калі можна так сказаць, кіберпрасторы. «У нас няма на гэты конт заканадаўчай ініцыятывы», — лічыць ён.

На круглам стале прагучала, што амаль усе законы, акрамя, бадай што, Кодэкса аб культуры, прымаліся ў адным варыянце — рускамоўным. Паводле слоў загадчыка лабараторыі распазнавання і сінтэзу маўлення Аб’яднанага інстытута праблем інфарматыкі Нацыянальнай акадэміі навук Юрася Гецэвіча, атрымліваецца так, што пераклад на беларускую, не зацверджаны на высокім узроўні, нават калі яго зрабіць, не мае юрыдычнай сілы. «Калі дзяржаўная ўстанова хоча паставіць на беларускую версію свайго сайта вытрымкі з нейкага закона ці іншага нарматыўнага акта, узнікае пытанне: дзе яго ўзяць на беларускай мове не ў адвольным перакладзе, а ў афіцыйна зацверджаным, які мае юрыдычную сілу?», — задаецца ён пытаннем.

Дырэктар прыватнага прадпрыемства «Новы паварот» Алег Куніцкі праінфармаваў, што яго фірма стварыла магчымасць здаваць на беларускай мове экзамен па Правілах дарожнага руху. «Магчымасць у чалавека ёсць, але ўзаконенага права няма», — адзначыў ён. 

Беларускамоўная праграма па тэставанні ведаў Правіл дарожнага руху даступная і для будучых кіроўцаў, і для аўташкол. «Па водгуках ведаю, што людзі ёй карыстаюцца, нават у аўташколах у іх прымаюць экзамен па-беларуску без праблем. Калі ж справа даходзіць да экзамена ў ДАІ — скарыстацца беларускамоўнай праграмай не атрымліваецца. ДАІ не мае права выкарыстоўваць тэставыя заданні на беларускай мове і прымаць па іх экзамен», — паведаміў прадпрымальнік. 

Экзамены ў ДАІ — мерапрыемства, па выніках якога выдаецца дакумент на права кіравання аўтамабілем, а Правілы дарожнага руху — нарматыўны акт, прымаўся ён па-руску, і яго афіцыйнага перакладу на беларускую на сёння няма, растлумачыў Алег Куніцкі. 

Тое самае атрымліваецца і з Правіламі карыстання метрапалітэнам, адзначылі ўдзельнікі круглага стала. Яны сталі рускамоўнымі, таму што Саўмін прыняў новую рэдакцыю толькі па-руску, і цяпер метрапалітэн, каб і хацеў, не мае ніякага права вешаць у вагонах беларускамоўную версію без афіцыйна зацверджанага перакладу.

Але гэта праблема ўжо пачала вырашацца. Па словах Ігара Капылова, кандыдата філалагічных навук, дырэктара Інстытута мовазнаўства імя Якуба Коласа, пасля Вялікай размовы з Прэзідэнтам, калі Аляксандр Лукашэнка падтрымаў ідэю перакладу заканадаўчых актаў на беларускую мову, Нацыянальны цэнтр прававой інфармацыі вельмі аператыўна адгукнуўся і пачалася канкрэтная работа. Была сфарміравана экспертная група, у якую ўвайшлі мовазнаўцы, юрысты, журналісты. «Выкананне гэтай работы даручылі Інстытуту мовазнаўства, на базе якога працуе Рэспубліканская тэрміналагічная камісія, супрацоўнікі якога маюць даволі вялікі вопыт. Падключыліся таксама вядучыя спецыялісты з мовазнаўчых кафедраў БДУ і БДПУ, — праінфармаваў навукоўца. — Але мы пры перакладзе дакументаў сутыкнуліся з пэўнымі цяжкасцямі, таму што тэрміны, якія выкарыстоўваюцца ў заканадаўстве, павінны быць аднастайнымі і сістэмнымі. Узніклі пытанні з сінонімамі: да прыкладу, «результаты» і «итоги», «товарищество» и «общество» — было пытанне, у якім выпадку перакладаць «рэзультаты», у якім — «вынікі», таварыства ці суполка.. Калі б тэкст пісаўся адразу па-беларуску, праблем было б менш. А калі мы прывязаныя да рускага спецыфічнага тэксту, які ўжо мае статус закона, трэба рабіць усё вельмі асцярожна, вывяраючы кожнае слова».

Паводле яго слоў, ужо перакладзены, зацверджаны і змешчаны на сайце pravo.by Кодэкс аб шлюбе і сям’і, Выбарчы кодэкс, зараз перакладаецца Грамадзянскі кодэкс. Ігар Капылоў адзначыў, што, калі наладзіцца механізм перакладу і ўзгаднення, ужо не будзе вялікай цяжкасцю прадстаўляць дэпутатам для разгляду і прыняцця законапраект на дзвюх дзяржаўных мовах адразу.

Прэв'ю: kun.uz

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Маладая зеляніна — галоўны памочнік пры вясновым авітамінозе

Маладая зеляніна — галоўны памочнік пры вясновым авітамінозе

Колькі ж каштуе гэты важны кампанент здаровага рацыёну зараз?

Грамадства

Адкрылася турыстычная выстава-кірмаш «Адпачынак-2024»

Адкрылася турыстычная выстава-кірмаш «Адпачынак-2024»

«Мы зацікаўлены, каб да нас прыязджалі».