Лімітаваную калекцыю гадзіннікаў “Мова” выпусціў завод “Луч”. Яе стварэнне прымеркавана да Міжнароднага дня роднай мовы. У аснову канцэпцыі лёг верш Максіма Багдановіча "Зорка Венера".
У гэтым годзе калекцыя “Мова” прадстаўлена дзвюма мадэлямі. На цыферблаце кожнай намалявана зорнае неба. Гадзіннікі адрозніваюцца колерам цыферблата, а таксама пакрыццём: на мадэлі з сінім небам яно храміраванае, на другой – з чорнага хрому. “Зорны” цыферблат дапаўняе латуневы корпус і раменьчык з натуральнай скуры. Усяго ў продаж паступіла 400 экзэмпляраў.
Унікальнымі гадзіннікі робяць першыя радкі верша Максіма Багдановіча «Зорка Венера», якія выгравіраваны на адваротным баку корпуса.
- Было шмат ідэй. У выніку мы спыніліся на адным з самых вядомых вершаў беларускай класікі, - кажа арт-дырэктар Мінскага гадзіннікавага завода “Луч” Іван КРАЎЧЭНЯ. - “Зорку Венеру” ведае кожны беларус, а Максім Багдановіч займае ключавое месца ў нашай літаратуры. Важна і тое, што менавіта Багдановіч - адзін са стваральнікаў беларускай літаратурнай мовы. Сваёй працай мы хочам выказаць падзяку паэту, а таксама паказаць, як яго спадчына можа быць увасоблена ў такой, здавалася б, паўсядзённай рэчы. Спадзяюся, уладальнікі гадзіннікаў будуць з гонарам расказваць гісторыю паэта, у якога было такое насычанае, але, на жаль, вельмі кароткае жыццё.
Кожны год калекцыяй “Мова” Мінскі гадзіннікавы завод імкнецца падкрэсліць унікальнасць і адметныя асаблівасці беларускай мовы. Так, напрыклад, летась калекцыя складалася з дзвюх мадэляў - мужчынскіх і жаночых аднастрэлачнікаў, на цыферблаце якіх былі літары “дж” і “дз”.
Надзея НІКАЛАЕВА
Фіналістка праекта «Акадэмія талентаў» на АНТ — пра творчасць і жыццё.
Амаль тысяча дзвесце чалавек сабраліся, каб вырашаць найважнейшыя пытанні развіцця краіны.
Аляксандр Курэц – самы малады народны выбраннік у сваім сельсавеце і адзіны дэпутат сярод сваіх калег па службе.