Вы тут

Нататкі шматдзетнага таткі. Чорны квадрат ці фіялетавы?


* * *

Пакінулі трох дачок глядзець за малодшай. Малодшую папярэдне паклалі спаць. Старэйшай (якая нешта глядзела ў гэты час у тэлефоне) далі наказ:

— Ксенія праз гадзіну павінна прачнуцца. Глядзі за ёй.

— Добра.

— Як прачнецца, пакармі. Ежа на пліце. Зразумела?

— Так.

— Ну ўсё, пакуль.

— Пакуль.

Праз паўтары гадзіны вырашаю патэлефанаваць Марце, даведацца, як справы:

— Ну, як там Ксенія, прачнулася?

Марта здзіўлена:

— У сэнсе «прачнулася»? Яна хіба не з вамі?

Машынальна азіраюся (раптам гэта ў мяне ўжо «дах паехаў»?), пераконваюся ў адсутнасці побач з намі Ксеніі, пасля чаго пачынаю абурацца:

— Ты чым слухала?! Ксенія спіць у сваім пакоі. Правер, ці ўсё з ёй нармальна.

— Зараз... Здаецца, яна ўжо прачнулася.

Надыходзіць мая чарга здзіўляцца:

— Што значыць «здаецца»? Дык яна прачнулася ці не?

— Ну, яна сядзіць у ложку і глядзіць на сцяну.

Памеркаваўшы над пачутым, прыходжу да высновы, што Ксенія, відаць, сапраўды прачнулася. Абвяшчаю Марце і яе падручным строгую вымову і прашу надалей не спускаць вачэй з малодшай сястры.

Р.S. Калі хочаш, каб цябе пачулі, трэба казаць чалавеку проста ў вуха і пры гэтым другое вуха шчыльна заціснуць пальцам.

* * *

Малодшым на Восьмае сакавіка падарылі альбом з шэдэўрамі сусветнага жывапісу. Адным з іх аказаўся знакаміты «Чорны квадрат» Малевіча.

Сёння дзеці гарталі альбом, і раптам Поля падышла да мамы і сказала засмучана:

— Мама, нам у школе казалі, што кожны чалавек, гледзячы на «Чорны квадрат», бачыць нешта сваё, а я на яго гляджу і нічога свайго не бачу. Проста чорны квадрат...

Супакоілі яе, сказаўшы, што мы таксама бачым там толькі чорны квадрат.

Але на самай справе ўсё, вядома, не так проста. Шмат што залежыць ад таго, як доўга глядзець на чорны квадрат. Калі, скажам, дзесяць хвілін, то, вядома, нічога іншага там не ўбачыш. А калі глядзець без адрыву хоць бы гадзіну, то чорны квадрат паступова ператворыцца ў фіялетавы.

Праз дзве гадзіны бесперапыннага глядзення квадрат ператворыцца ў круг. Праз тры гадзіны круг пачне рухацца, а праз пяць — лётаць па пакоі (галоўная ўмова: ні на секунду не адводзіць позірк ад «квадрата»). А далей — у залежнасці ад ступені стойкасці чалавек будзе бачыць самыя розныя, часам вельмі дзіўныя карціны. Прычым для гэтага ўжо не абавязкова глядзець на сам «Чорны квадрат».

Р. S. Але, вядома, да такога разумення жывапісу чалавек яшчэ павінен дарасці.

Павел Холад

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Чым сябе заняць на самаiзаляцыi?

Чым сябе заняць на самаiзаляцыi?

Урачы па ўсiм свеце запусцiлi флэшмоб #StayAtHome.

Грамадства

Хто паставiць кропку ў спрэчцы вакол пакупкі за адну базавую?

Хто паставiць кропку ў спрэчцы вакол пакупкі за адну базавую?

Ранейшы ўласнiк цяпер звярнуўся ў суд i патрабуе вярнуць будынак.

Культура

Віктар Капыцько: У нашых прыдворных тэатрах ставіліся оперы, напісаныя тут, а не дзе-небудзь у Італіі

Віктар Капыцько: У нашых прыдворных тэатрах ставіліся оперы, напісаныя тут, а не дзе-небудзь у Італіі

Віктар з'яўляецца аўтарам опер, сімфоній і кантат, яго музыка гучыць у розных кутках свету, а ў Беларусі з ім працуюць найлепшыя выканаўцы.

Культура

Дарогамі Славы. Простыя вяскоўцы

Дарогамі Славы. Простыя вяскоўцы

Уладзiмiр Амельяновiч і Апанас Кляцко.