Вы тут

Гатуем сырны рулет з гарбушай і слоеную свініну з гароднінай


Сырны рулет з гарбушай

Спатрэбіцца: сыр цвёрды — 300 г, плаўлены мяккі сыр — 150 г, гарбуша слабасалёная — 300 г, зяленіва кропу і пятрушкі — змешаны пучок (каля 50 г).

Цвёрды сыр надзіраем на тарцы. Зяленіва дробна сячэм. Змешваем з сырам.

Кладзём сыр з зяленівам у рондаль і ставім награваць на вадзяной лазні, каб сыр расплавіўся. Як варыянт, можна расплавіць сыр у мікрахвалёўцы або, склаўшы ў поліэтыленавы пакет, апусціць у кіпень, не адпускаючы кончык (2-3 хвіліны). У любым з варыянтаў сыр павінен расплавіцца, ператварыўшыся ў пластычную масу.

Гэтую сырную масу з зяленівам раскладаем паміж двух слаёў харчовай плёнкі і тонка раскачваем качалкай.

Знімаем з раскачанага сыру верхнюю плёнку. Намазваем плаўлены сыр. Чырвоную рыбу як мага танчэй наразаем і раскладваем на сыр. Абрэзкі, калі будуць, раскладваем у вольным месцы. Пры дапамозе ніжняй плёнкі згортваем сырны пласт з рыбай у рулет. Загортваем рулет у харчовую плёнку і адпраўляем у халадзільнік. Можна пакласці пад лёгкі прэс.

Пры падачы сырны рулет наразаем на лустачкі.


Слоеная свініна з гароднінай

Спатрэбіцца: свіная шыйка — 2-3 кг, перац салодкі — 1 шт., баклажан — 1 шт., памідоры — 2 шт., цыбуля рэпчатая — 1 шт., некалькі галінак пятрушкі, часнок — 5-8 зубчыкаў, перац чорны гарошкам і соль — на смак, алей — 2 ст. лыжкі.

Кавалак свініны разрэзаць не да канца на пласціны з раўнамернай таўшчынёй каля 2 см.

Баклажаны і памідоры нарэзаць кружкамі каля 1 см таўшчынёй. З перцу выдаліць насенне і нарэзаць яго саломкай. Цыбулю, часнок і пятрушку здрабніць. Гарошыны перцу расціснуць.

Між кавалкамі свініны раскласці нарэзаныя гародніну і зяленіва, змяшаўшы іх паміж сабой або чаргуючы пластамі (напрыклад, баклажаны з зяленівам і цыбуляй, перац з зяленівам і цыбуляй, памідоры з зяленівам і цыбуляй).

Кожны пласт пасаліць, пасыпаць часнаком і перцам.

Нафаршыраванае гароднінай мяса выкласці на змазаную алеем бляху. Запякаць пры 180 °C да гатоўнасці прыкладна 1-1,5 гадзіны. У працэсе гатавання пажадана час ад часу паліваць кавалак мяса тлушчам і сокам, які сцякае на бляху. Мяса лічыцца гатовым, калі з праколу нажом выцякае белы, а не ружовы сок.

Падаваць можна гарачым з гарнірам ці як халодную закуску.

Выбар рэдакцыі

Экалогія

Які інтарэс ў Беларусі ля Паўднёвага полюса

Які інтарэс ў Беларусі ля Паўднёвага полюса

Антарктыка, далёкая і блізкая.

Грамадства

Да купальнага сезона падрыхтуюць 459 пляжаў

Да купальнага сезона падрыхтуюць 459 пляжаў

Існуюць строгія патрабаванні да месцаў для купання.

Моладзь

Вераніка Цубікава: Натхняюся жаданнем дзяліцца

Вераніка Цубікава: Натхняюся жаданнем дзяліцца

Яе песні займаюць першыя радкі ў музычных чартах краіны, пастаянна гучаць на радыё і тэлебачанні.