«Чэсна-чэсна»


Прыяцелька кажа, што амаль штовечар «ваюе» з сынам-школьнікам: «Ты дамашку зрабіў? — Так. — А калі праверу? — Ну, зараз зраблю». Гэта «зараз» расцягваецца да гадзіны, але галоўнае, што крыўдзіць жанчыну — сын хлусіць, што ён робіць урокі, што напісаў даклад, але забыў дома, што атрымлівае адзнакі, лепшыя за сапраўдныя — пры тым, што ніхто ў сям'і на яго за «шасцёрку» замест «дзясяткі» не сварыцца. «Пытаюся, чаму падманвае — паціскае плячыма, мармыча нешта. А я перажываю: калі хлусіць у малым, то ці можна яму давяраць у большым, або трэба кантраляваць ва ўсім аж да прызыву ў армію?» — дзеліцца перажываннямі маці.


Неабыякавыя бацькі, мяркую, не раз і не два спыталі і прачыталі ў спецыялістаў пра тое, чаму дзеці падманваюць і што з гэтым рабіць. (Напрыклад, выпуск анлайн-праграмы пра дзіцячую хлусню адзін са сталічных бацькоў праслухаў ажно 17 разоў!) І, вядома, яны ведаюць пералік найбольш частых прычын — страх пакарання, недахоп любові, павышэнне самаацэнкі (прасцей кажучы, пахвальба), і фантазёрства, спробы маніпуляцыі, уласцівы падлеткам пратэст, усталяванне асабістых межаў, а таксама праблемы ў сям'і, з якіх дзіця такім чынам шукае выйсце... Але ў кожным канкрэтным выпадку трэба шукаць «тую самую» прычыну і правільную рэакцыю на падман — псіхолагі гавораць, што адным пакараннем і ўзмацненнем кантролю тут нічога не вырашыць, хутчэй, наадварот, рана ці позна праблема вернецца ў больш сур'ёзных маштабах...

Чаму дзеці хлусяць? Таму што, будзем справядлівымі, хлусяць усе — нехта пастаянна, нехта зрэдку, нехта ў выключных выпадках, але ў любым выпадку не існуе людзей, якія б ніколі ў жыцці нікому ні разу не сказалі няпраўды (і калі, чытаючы гэтыя радкі, скажаце, што такі чалавек вы — віншую, «гражданин соврамши»). Бытуе нават сцвярджэнне, што сярэднестатыстычны чалавек хлусіць тройчы за дзесяць хвілін размовы — да такой высновы прыйшоў амерыканскі вучоны з Масачусецкага ўніверсітэта Роберт Фельдман. Але не палохайцеся: сцвярджэнне датычыцца толькі першай размовы паміж двума (і больш) не знаёмымі раней людзьмі, то-бок, сітуацыі, калі трэба ці хочацца зрабіць добрае ўражанне — напрыклад, падчас сумоўя пры прыёме на працу, першага спаткання, першай сустрэчы былых аднакласнікаў праз шмат гадоў пасля выпуску... І ўсё ж прыміце як аксіёму — мы ўсе хлусім, ад дзетсадаўцаў да пенсіянераў. І пра гэта, дарэчы, таксама трэба расказваць дзецям, для якіх падман аднагодкаў і тым больш дарослых, каторым яны давяралі, можа стаць сапраўдным шокам.

А каб патрабаваць ад дзіцяці шчырасці і выбудоўваць даверлівыя, узаемапаважлівыя стасункі, ёсць толькі адзін шлях — асабісты прыклад і ўменне паставіць сябе на месца іншага. Не толькі падкрэслівайце, але і паказвайце самі, што ў гэтым ёсць смеласць і гонар — сказаць праўду, узяць на сябе адказнасць за пэўны ўчынак ці памылку, нават калі рабіць гэта непрыемна. Ціск, павышэнне голасу і абвінавачванні — прамыя праціўнікі размовы па душах, у вашым арсенале мусяць быць спакойны тон, гатоўнасць і ўменне выслухаць, імкненне справядліва разабрацца ў сітуацыі і, самае важнае, выкананне дадзеных абяцанняў («я не буду на цябе крычаць і сварыцца, што б ні адбылося, мы ва ўсім разбярэмся і з усім справімся разам»). І яшчэ, хоць многім бацькам цяжка гэта прыняць, помніце пра асабістыя межы: як дарослыя маюць поўнае права ўтойваць пэўныя эпізоды свайго жыцця, так і дзеці маюць патрэбу ў сваёй недатыкальнай прасторы, сваіх сакрэтах. Чэсна-чэсна.

Вікторыя ЦЕЛЯШУК

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Iмплантацыя зубоў: цi ёсць падставы для страху i сумненняў?

Iмплантацыя зубоў: цi ёсць падставы для страху i сумненняў?

Урачы папярэджваюць: нават калi з нейкiх прычын прыйшлося выдалiць адзiн зуб, яму патрэбная замена. 

Калейдаскоп

Вясёлыя гісторыі нашых чытачоў

Вясёлыя гісторыі нашых чытачоў

Праўду кажуць: няма лесу без ваўка, а сяла без злодзея.

Грамадства

«Лепшы цюнінг для машын — правільны пратэктар шын»

«Лепшы цюнінг для машын — правільны пратэктар шын»

Менавіта пад такім слоганам будзе праводзіцца Рэспубліканская прафілактычная акцыя, якая ініцыяваная на нашых дарогах Дзяржаўтаінспекцыяй краіны. 

Грамадства

Зімовы асартымент. Колькі каштуюць «вітаміны» на «Лебядзіным»

Зімовы асартымент. Колькі каштуюць «вітаміны» на «Лебядзіным»

З якімі прыкметамі вы звязваеце набліжэнне зімы?