Пад мігалкі нечаканага ганаровага эскорту гамяльчанку, якая ледзь не нарадзіла дзіця ва ўласнай машыне, у лічаныя хвіліны правялі да радзільні. У Гомелі інспектары ДАІ своечасова прыйшлі на дапамогу маладой сямейнай пары, а пасля прыехалі ў бальніцу на выпіску нованароджанай.
Маленькая гамяльчанка вырашыла з'явіцца на свет крыху раней за спрагназаваны тэрмін і прымусіла бацькоў пахвалявацца. Раніцай маладая мама падняла мужа па трывозе: тэрмінова ў радзільню! Вырашылі не чакаць «хуткай» і дабірацца на сваёй машыне.
— Было 5-6 гадзін раніцы. Заўважылі аўтамабіль, які дзіўна паводзіў сябе на дарозе, — успамінаюць здарэнне інспектары батальёна дарожна-патрульнай службы ДАІ Дзмітрый Васіленка і Яраслаў Дзегцяроў. — Ён паскараўся і рэзка абганяў. Не ўсюды яшчэ гарэлі святлафоры, кіроўца мог не заўважыць пешаходаў, таму вырашылі дагнаць аўтамабіль і праверыць, у чым справа.
Спынілі легкавушку, ацанілі далікатнасць сітуацыі і, уключыўшы пробліскавыя маячкі і гукавы сігнал, аператыўна даставілі маладую маму ў бальніцу.
— Мы спачатку спалохаліся, калі нас спыніла ДАІ, але потым вельмі ўзрадаваліся, бо супрацоўнікі ДАІ дапамаглі дабрацца хутка і бяспечна, а праз некалькі гадзін на свет з'явілася наша дачка, — з удзячнасцю за хэпі-энд кажа Вераніка Серакова.
Увогуле яе дачка — апошнім часам галоўны ньюсмейкер радзільні. На выпіску да дзяўчынкі з падарункамі і віншаваннямі прыехаў экіпаж ДАІ. Тыя самыя інспектары. Дарэчы, маладыя бацькі вырашылі назваць малую Васіліса. Гэты варыянт імя разглядалі і раней, але вагаліся, пакуль не даведаліся прозвішча інспектара Дзмітрыя Васіленкі, які так перажываў за нованароджаную. Вырашылі — гэта знак!
Наталля КАПРЫЛЕНКА
Выбар саджанца для садавода — той момант, значнасць якога складана пераацаніць.
Канцэрт для дзяцей і моладзі, пластычны спектакль Ягора Дружыніна і «Рок-панарама».