Вы тут

Пазбаўленне агародаў, аварыйныя сітуацыі, смурод ад прадпрыемства — пытанні, якія хвалююць жыхароў Камянца


Член Савета Рэспублікі, галоўны ўрач Брэсцкай абласной бальніцы Аляксандр КАРПІЦКІ правёў прамую тэлефонную лінію і асабісты прыём грамадзян у Камянцы. А паколькі прыём праходзіў 17 лютага, праз два дні пасля Дня памяці воінаў-інтэрнацыяналістаў, намеснік старшыні Пастаяннай камісіі па міжнародных справах і нацыянальнай бяспецы таксама наведаў маці салдата, які загінуў падчас вайны ў Афганістане.


Аляксандр Карпіцкі і Лідзія Ігнацюк.

Цікава, што першы званок на прамую лінію паступіў менавіта з вёскі Шышова, у якую пазней і накіраваўся сенатар. Аднавяскоўцы салдацкай маці скардзіліся, што аўтакрама замест ранейшых трох разоў у тыдзень стала заходзіць да іх два разы. Пазней прадстаўнік райспажыўсаюза растлумачыў сітуацыю. У названай вёсцы жыве 20 чалавек, а ўсяго ў Камянецкім раёне больш за 230 населеных пунктаў. Вельмі цяжка наладзіць графік заезду аўтакрамы, каб уключыць у яго тры наведванні кожнай з малых вёсак. І калі пенсіянерка Лідзія Ігнацюк лічыць дастатковым два прыезды крамы, то яе аднавяскоўцы, як бачым, хацелі бачыць гандлёвую машыну часцей. Мясцовая ўлада разам са спецыялістамі райспажыўсаюза будзе яшчэ раз сустракацца з людзьмі і дамаўляцца наконт гандлёвага абслугоўвання.

Пенсіянеркі з дома № 27 па вуліцы Брэсцкай прасілі паспрыяць, каб іх не пазбаўлялі агародаў. Справа ў тым, што перад домам гадамі разбітыя невялікія градкі, якія па перыметры людзі для эстэтыкі абсаджваюць кветкамі. Дык вось, ім паведамілі, што вясной тэрыторыя будзе заараная, там пасеюць траву. Людзі не згодныя з такой пастаноўкай пытання. Тым больш што траву ўжо аднойчы засявалі, яна расла па пояс, псавала выгляд наваколля, і жыльцы ўсё вярнулі як было. Аляксандр Карпіцкі пасля прыёму выехаў на месца і на свае вочы ўбачыў тыя двары з невялічкай акуратнай агароджай. Аляксандр Сяргеевіч пагадзіўся з наведвальніцамі і паабяцаў накіраваць ліст кіраўнікам жыллёва-камунальнай гаспадаркі, каб прыслухаліся да пажаданняў грамадзян.

Усе астатнія звароты, якія паступілі ў дзень прыёму, тым ці іншым чынам датычыліся бяспекі людзей. Напрыклад, жыльцы дамоў па вуліцы 1 Мая скардзіліся на паток велікагрузаў, якія не толькі робяць больш складаным рух, разбіваюць дарогу, але і ўяўляюць сабой пагрозу для жыцця і здароўя. «Асабліва летам, калі шмат дзяцей гуляе на вуліцы, страшна бывае глядзець, калі па вуліцы рухаецца шматтонная фура, — даводзіла заяўніца. — А з-за вялікай машыны, калі яна стаіць на ўзбочыне, няма ніякага агляду для кіроўцаў легкавікоў, што выязджаюць». На ўказанай вуліцы месціцца малакаапрацоўчае прадпрыемства, і туды прыходзяць грузавікі з малаком. Але ж пытанне патрабуе вывучэння і прыняцця мер разам з ДАІ і іншымі службамі. Рух велікагрузных машын фактычна па цэнтры горада трэба неяк абмежаваць і ўпарадкаваць, згадзіўся член Савета Рэспублікі і ўзяў пытанне на заметку.

Медсястра раённай бальніцы скардзілася на аварыйную сітуацыю, якая ўзнікае на пад'ездзе да 2-й школы кожны ранак. Вядома, школа была пабудаваная ў той час, калі ў яе хадзілі дзеці. А цяпер, калі шторанак сюды пад'язджае дзве-тры сотні машын, на якіх падвозяць школьнікаў, раз'ехацца спакойна і бяспечна становіцца складана. Таму прадстаўнікам Дзяржаўтаінспекцыі неабходна разам з кіраўніцтвам школы выпрацаваць маршруты, паставіць дадатковыя знакі для кіроўцаў.

І самае, відаць, складанае пытанне гэтага прыёму ўзняў гараджанін Яўген Касцючык. Побач з яго домам працуе прадпрыемства па вытворчасці палімернай прадукцыі і ўпакоўкі. Прадпрыемства працуе дзесяць гадоў, а цяпер мае намер пашыраць вытворчасць. Людзі часта пакутуюць ад смуроду, асабліва летам. Пісалі шматлікія звароты, але праверкі мясцовага ўзроўню нічога не далі. Заяўнік лічыць, што фільтры, якія ёсць на прадпрыемстве, працуюць не заўсёды ў патрэбным рэжыме, бо перыядамі бывае непрыемны пах, асабліва адчувальны ён летам. Яшчэ Яўген Уладзіміравіч звязвае хваробы верхніх дыхальных шляхоў сваіх дзяцей менавіта з блізкасцю прадпрыемства.

Праблема ўзнята сур'ёзная, датычыцца здароўя людзей. Сенатар Карпіцкі, вядомы ў вобласці хірург, доктар медыцынскіх навук, паабяцаў накіраваць запыт для вывучэння ў абласны цэнтр гігіены і эпідэміялогіі. Вядома, даводзіцца здзіўляцца, якім чынам дзесяць гадоў таму давалі дазвол на адкрыццё падобнай вытворчасці ў горадзе. Цяпер, вядома, усе хапаюцца за аргумент існавання 150 рабочых месцаў. Калі ўжо гэтае прадпрыемства ёсць, функцыянуе, трэба яго хоць прымусіць бездакорна выконваць патрабаванні бяспекі.

Былі ў гэты дзень сярод наведвальнікаў і такія, хто не выказваў просьбаў, не агучваў скаргаў, а прыйшоў пагаварыць. Напрыклад, настаўнік на пенсіі Сяргей Валкавыцкі заклапочаны тым, што некаторыя медыкі з'язджаюць на работу за мяжу. Аляксандр Сяргеевіч, вядома, падзяляе такую заклапочанасць як кіраўнік найбуйнейшай медыцынскай установы вобласці. Паводле яго слоў, за тры гады паехалі на работу ў Еўропу дзесяць урачоў абласной бальніцы. Заслонай на гэтым шляху, на думку галоўнага ўрача, можа ў пэўным сэнсе стаць лячэбна-дыягнастычны цэнтр на гаспадарча-разліковай аснове, які хутка адкрыецца ў бальніцы. Там будуць расцэнкі на ўзроўні рыначных, і кваліфікаваныя ўрачы змогуць падпрацоўваць на месцы.

Пасля прыёму член Савета Рэспублікі наведаў Лідзію Ігнацюк у вёсцы Шышова. У 1981 годзе Лідзія Канстанцінаўна атрымала цынкавую труну з целам старэйшага сына з Афганістана. Яе Васілю было ўсяго 20 гадоў. Бацька перажыў сына толькі на дзесяцігоддзе. Лідзія Канстанцінаўна ўсё жыццё працавала, была даяркай у калгасе, трымала вялікую ўласную гаспадарку. Цяпер яе радасцю застаецца сям'я малодшага сына. Нявестка, трое ўнукаў не забываюць бабулю. Пасля размовы з маці салдата, уручэння падарункаў сенатар усклаў кветкі на магілу Васіля Ігнацюка.

Святлана ЯСКЕВІЧ, Камянецкі раён

Загаловак у газеце: Бяспека ў шырокім сэнсе

Выбар рэдакцыі

Эканоміка

Метры ўжо патаннелі? Рынак нерухомасці ўвайшоў у стан доўгачасовай спячкі

Метры ўжо патаннелі? Рынак нерухомасці ўвайшоў у стан доўгачасовай спячкі

Практычна ўсе ўдзельнікі рынку цяпер у стане нявызначанасці.

Калейдаскоп

Вясёлыя гісторыі чытачоў

Вясёлыя гісторыі чытачоў

Удалае паляванне і «Трэба глядзець дэтэктывы».

Грамадства

«Макiяж — адзенне для твару». Цi мужчынскiх рук гэтая справа?

«Макiяж — адзенне для твару». Цi мужчынскiх рук гэтая справа?

З якiмi мэтамi ў «жаночую» прафесію прыходзяць маладыя хлопцы?