Вы тут

Фільмы, у якіх можна знайсці вобразы выхаваных, надзейных, адданых і смелых мужчын


Кожны год, калі мы набліжаемся да свята 23 лютага — Дня абаронцаў Айчыны, хочацца не абмяжоўвацца фармулёўкай, а проста думаць пра тое, што мужчына — гэта той, хто незалежна ад узросту, прафесіі і шэрагу іншых характарыстык (часта, дарэчы, навязаных грамадствам) з'яўляецца выхаваным, надзейным, адданым і смелым. Ён умее кахаць, цаніць сяброўства і знаходзіць выйсце з любой сітуацыі, у якой апынецца па сцэнарыі жыцця. А каб дапоўніць карціну, прапануем паглядзець фільмы, дзе якраз можна знайсці вобразы такіх мужчын.


«Герой»

Вострасюжэтны фільм рэжысёра Карэна Аганасяна «Герой» (2019) пакажа тэлеканал «РТР-Беларусь» 24 лютага. Галоўны герой — Андрэй Родзін, які прайшоў навучанне ў свайго бацькі ў закрытай школе, дзе рыхтуюць будучых агентаў Службы знешняй разведкі. Калі 15 гадоў таму праект быў закрыты, мужчына з'ехаў у Еўропу, каб забыць мінулае. Але аднойчы яму тэлефануе яго, як лічылася, памерлы бацька, і жыццё героя назаўсёды змяняецца. Аказваецца, на Андрэя распачата паляванне, а хто з'яўляецца заказчыкам, нават бацька не ведае. Давядзецца прайсці праз каханне, здраду, каб даведацца пра сапраўдныя маштабы бязлітаснай шпіёнскай гульні, у якую ён аказаўся ўцягнуты супраць сваёй волі... «Хацелася прыдумаць такога героя, які, нягледзячы на ўсе свае гераічныя якасці, заставаўся б простым хлопцам і ў першую чаргу Чалавекам. Бо гэта і ёсць самае галоўнае — у любой сітуацыі заставацца чалавекам... Фільм атрымаўся па-сапраўднаму відовішчны, з нечаканымі паваротамі сюжэту, трымае ў напружанні да самага канца. Разам з тым нават у самых экстрэмальных сітуацыях нашы героі не трацяць пачуцця гумару», — адзначыў у інтэрв'ю рэжысёр карціны Карэн Аганасян.

Ролю галоўнага героя выканаў Аляксандр Пятроў, вядомы таксама па карцінах «Шчасце ў канверце», «Гогаль», «Лёд». У фільме кампанію яму склалі Уладзімір Машкоў, Святлана Ходчанкава, Марына Пятрэнка і многія іншыя. Гледачоў чакаюць экстрым, барацьба і разнастайныя трукі, у якіх удзельнічалі прафесійныя спартсмены і каскадзёры. «Мы шукалі новыя вобразы. Гэта шпіёнская рэч, якая, мне здаецца, будзе дынамічнай і цікавай гісторыяй пра каханне... Але мы не іграем шпіёнаў, бо сапраўдныя шпіёны незаўважныя. Мы толькі ідзём да іх вобразаў. Як вырасціць такога спецыяліста, наколькі гэта добра — выхоўваць шпіёна з дзяцінства — і што з гэтага можа атрымацца?» — дзяліўся сваімі думкамі наконт фільма адзін з яго ўдзельнікаў Уладзімір Машкоў.


«Дні хірурга Мішкіна»

Паказ трохсерыйнага мастацкага фільма, знятага на творчым аб'яднанні «Экран» у 1976 годзе Вадзімам Зобіным, пройдзе з 25 да 27 лютага на тэлеканале «Культура». У аснове кінадрамы ляжыць гісторыя жыцця таленавітага хірурга, які дзевяць гадоў працуе ў вясковай бальніцы. Яго жонка (мастацтвазнавец па адукацыі) марыць усё ж такі вярнуцца ў Маскву і таму патрабуе ад мужа прыняць рашэнне, што для яго важнейшае — яна ці яго работа і адданасць людзям... Галоўнаму герою давядзецца зрабіць свой выбар і прыняць яго наступствы.

Варта адзначыць, што фільм зняты паводле аднайменнай аповесці Юлія Крэліна, які таксама па прафесіі хірург, таму медыцынская спецыфіка працы перададзена дакладна. Першапачаткова на ролю хірурга Мішкіна планавалі ўзяць Мікалая Рыбнікава, аднак у выніку яго сыграў Алег Яфрэмаў. А вось невялікая роля нашага героя ў юнацтве  стала кінематаграфічным дэбютам Міхаіла Яфрэмава. Таксама ў фільме здымаліся Ралан Быкаў, Таццяна Лаўрова, Інакенцій Смактуноўскі і іншыя. Крытык аднаго з расійскіх выданняў у 2008 годзе параўноўваў «Дні хірурга Мішкіна» з амерыканскім тэлесерыялам «Хуткая дапамога».

«Глыбокая плынь»

Драму вытворчасці «Беларусьфільма», рэжысёрамі якой з'яўляюцца Маргарыта Касымава і Іван Паўлаў, у эфіры сацыякультурнага канала ўбачым у наступную пятніцу — 28 лютага. Фільм зняты па матывах раманаў беларускага класіка Івана Шамякіна «Снежныя зімы» і «Глыбокая плынь», і ў ім адлюстраваны падзеі часоў Вялікай Айчыннай вайны.

У цэнтры жыццёвых перыпетый, дзе людзі, што засталіся ў тыле ворага, імкнуцца выстаяць, абараніць і вызваліць свой край, аказваецца Іван Ананюк. Ён, былы загадчык аддзела выканкама, становіцца камандзірам партызанскага атрада. І цяпер мужчыну давядзецца ў такі няпросты час вучыцца прымаць рашэнні падчас арганізацыі партызанскага руху, знаходзіць адзінае правільнае выйсце ў складаных перапляценнях ваенных падзей, а разам з тым адчуваць горыч страт і зара-
джэнне глыбокага пачуцця кахання... У акцёрскім складзе кінастужкі ёсць імёны многіх вядомых акцёраў — як беларускіх, так і расійскіх. Сярод іх Аляксандр Ждановіч, Аляксандр Ткачонак, Яраслаў Іваноў, Кацярына Васільева і іншыя.

Алена ДРАПКО

Фота belіnfіlm.by і eTVnet

Загаловак у газеце: Героі ў кожнага свае

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Чаму трэба праводзiць цеплавую мадэрнiзацыю?

Чаму трэба праводзiць цеплавую мадэрнiзацыю?

У распараджэннi, падпiсаным на мiнулым тыднi кiраўнiком дзяржавы, ёсць пункт, якi датычыцца капрамонту жыллёвага фонду.

Грамадства

Што рабіць з безнагляднымі жывёламі?

Што рабіць з безнагляднымі жывёламі?

Пасля праходжання юрыдычнай экспертызы на разгляд урада паступiць праект пастановы Савета Мiнiстраў «Аб пытаннях па абыходжаннi з жывёламi».

Грамадства

Палацы, паркi, сядзiбы. На Брэстчыне вядзецца вялiкая работа па аднаўленнi гiсторыка-культурных аб'ектаў

Палацы, паркi, сядзiбы. На Брэстчыне вядзецца вялiкая работа па аднаўленнi гiсторыка-культурных аб'ектаў

Адным з першых у вобласцi пачалi рэстаўрыраваць велiчны палац Сапег у Ружанах.

Грамадства

Шопiнг з дапоўненай рэальнасцю. Тэхналогii 3D-мадэлявання адкрыюць новы фармат гандлю

Шопiнг з дапоўненай рэальнасцю. Тэхналогii 3D-мадэлявання адкрыюць новы фармат гандлю

Наша краiна займае трэцяе месца ў сваiм рэгiёне па колькасцi бескантактавых транзакцый.