Вы тут

Чаму мясцовыя органы ўлады павінны несці адказнасць за няякасна разгледжаныя звароты грамадзян


Старшыня Пастаяннай камісіі Савета Рэспублікі па адукацыі, навуцы, культуры і сацыяльным развіцці Віктар Лісковіч правёў прыём грамадзян. Да сенатара звярнуліся пяць заяўнікаў па цэлым шэрагу рознабаковых пытанняў.


Вывучыць тэму ва ўсіх дробязях

Мінчанін Эрнест Мікалаевіч — чалавек ужо сталага ўзросту, але яго актыўнасці можна пазайздросціць. Ён упэўнены, што ў краіне ёсць недахоп у музычных тэатрах. На сённяшні дзень іх два, і абодва ў сталіцы — гэтага мала, трэба, каб прафесійныя оперныя калектывы былі ва ўсіх абласных цэнтрах, перакананы заяўнік. Ён сам, у мінулым інжынер па прафесіі, настолькі захапіўся музыкай і спевамі, што доўгі час займаўся ў самадзейным калектыве.

Мінчанін упэўнены, што дзяржаўныя інвестыцыі прынясуць станоўчы вынік: і цікавасць з боку наведвальнікаў будзе, і, адпаведна, заробкі ў артыстаў.

— Думка цікавая, — адзначыў старшыня Пастаяннай камісіі і прапанаваў вывучыць тэму ва ўсіх дробязях: разгледзець яе з пункту гледжання мэтазгоднасці з пазіцыі Мінкульта і ўбачыць вачыма гледача, а дзеля гэтага правесці інтэрактыўнае сацыялагічнае апытанне на сайтах абласных газет (адпаведнае даручэнне дадзена Мінінфарму).

Акрамя гэтага, ёсць ідэя правесці круглы стол з запрашэннем усіх зацікаўленых бакоў, тэмай якога стане развіццё мастацтва ў рэгіёнах і яго ўплыў на духоўнае развіццё грамадства. Тэрмін на падрыхтоўку — месяц. Як старшыня профільнай камісіі сенатар перакананы: гутарка атрымаецца выніковая, і ўсе намаганні дадуць плён па развіцці культуры ў краіне.

Ад ацяплення да школьных адзнак

Яшчэ адзін сталы мінчанін не першы раз прыйшоў на прыём да Віктара Лісковіча. Гэтым разам Роберт Фёдаравіч агучваў камунальныя праблемы, маўляў, новы сэрвіс «115» дрэнна працуе: ён тэлефанаваў, але быў пастаўлены ў чаргу чакання далей за сотню...

Сенатар тут жа набраў нумар 115 — на тым канцы адказалі адразу. Так, грамадзянін звяртаўся з заяўкай на рамонт пешаходнай сцяжынкі, уцяпленне фасада і гэтак далей, ведаем, працуем...

А дзве жанчыны — маці і дачка — скардзіліся на настаўніцу малодшых класаў адной са сталічных гімназій. Яны сцвярджалі, што стаўленне да іх 11-гадовага хлопчыка было перадузятае, таму яны вымушаны былі змяніць установу адукацыі на іншую.

Па гэтых зваротах профільным міністэрствам дадзены даручэнні вывучыць сутнасць непаразуменняў больш дэталёва і падрыхтаваць абгрунтаваны адказ на адрас Савета Рэспублікі.

Метал таксама недаўгавечны

Сямён Адамавіч прыехаў на прыём грамадзян да старшыні Пастаяннай камісіі з Навагрудскага раёна Гродзеншчыны. Сутнасць яго пытання ў наступным: у свой час ён скарыстаўся магчымасцю прывезці з-за мяжы на льготных умовах грузавы аўтамабіль для вядзення бізнесу ў сельскай мясцовасці. Галоўная ўмова — немагчымасць раней за адведзены тэрмін прадаць машыну. Тэрмін амаль сышоў, але вось незадача — ад карозіі нельга было ідэнтыфікаваць нумар кузава... Ёсць пэўная працэдура, якую вясковец прайшоў і атрымаў новы VІN-нумар.

— Я год адпрацаваў, але больш не магу: узрост усё ж не юны і з'явіліся праблемы са здароўем, таму хачу прадаць аўто, але ДАІ не дае дазволу, маўляў, пакуль зноў не міне тры гады, з уліку гэтую машыну не здымем, — тлумачыць заяўнік.

— У межах заканадаўства мы паспрабуем вам дапамагчы, — запэўніў яго Віктар Лісковіч і даў даручэнне Міністэрству ўнутраных спраў дасканала прапрацаваць гэтае пытанне. Усё ж чалавек добрасумленна выканаў усе папярэднія ўмовы, ці ж яго віна, што і метал мае свой век?

Сакрэт адсутнасці скаргаў

Падводзячы вынікі гутаркі з грамадзянамі, старшыня Пастаяннай камісіі звярнуў увагу на неабходнасць засяроджвацца ў першую чаргу на сутнасці звароту, а не на яго эмацыянальнай афарбоўцы.

— Часцяком адказныя асобы робяць памылку, калі адмоўна ставяцца да чалавека, які ўжо не першы раз звяртаецца са сваімі праблемамі. Любы зварот аўтаматычна павінен вывучацца з пункту гледжання яго характару: ён лакальны ці сведчыць аб сістэмных недахопах? — тлумачыць алгарытм дзеянняў суразмоўнік.

Ён упэўнены, што сёння сенатарам, дэпутатам усіх узроўняў, кіраўнікам органаў улады трэба не толькі праводзіць асабістыя прыёмы грамадзян, але больш бываць у рэгіёнах, сустракацца з працоўнымі калектывамі, вывучаць умовы працы і сацыяльны пакет канкрэтных прадпрыемстваў, каб на месцах бачыць праблемныя пытанні і мець магчымасць аператыўна іх вырашаць. Такая форма работы з людзьмі дае свой плён. Як прыклад Віктар Лісковіч прывёў уласны шматгадовы вопыт работы са зваротамі ў якасці галоўнага ўрача Гродзенскага перынатальнага цэнтра, дзе працуюць 600 супрацоўнікаў і штогод праходзіць да шасці тысяч пацыентаў:

— Сістэма работы была пабудавана такім чынам, каб на ўзроўні пярвічнага звяна здымаць усе існуючыя пытанні, — прыгадаў ён. — За дзевяць гадоў не было ніводнага звароту ў вышэйшыя органы.

А сакрэт просты: кожны на сваім месцы павінен несці адказнасць. Гэта датычыцца і тых, хто працуе на месцах.

— Мясцовыя ўлады павінны адказваць за няякасны разбор зваротаў грамадзян, калі яны разглядаюцца павярхоўна. Патрэбны дэталёвы, слушны разбор і ацэнка дзейнасці адказных асоб. Я ўпэўнены, што гэта зняло б шмат паўторных зваротаў у вышэйшыя органы ўлады, — рэзюмаваў сенатар.

Вольга АНУФРЫЕВА

Загаловак у газеце: Сістэмны падыход

Выбар рэдакцыі

Рэгіёны

Сок з дастаўкай і з ледзяшамі: на Брэстчыне пачаўся сезон нарыхтоўкі бярозавіку

Сок з дастаўкай і з ледзяшамі: на Брэстчыне пачаўся сезон нарыхтоўкі бярозавіку

Як мы бярозавік куплялі на гандлёвай пляцоўцы лясгаса і ў лясніцтве

Культура

Анатоль Ярмоленка: Нас натхняе беларуская паэтычная класіка

Анатоль Ярмоленка: Нас натхняе беларуская паэтычная класіка

Творчая вечарына народнага артыста Беларусі прайшла ў адной з мінскіх гімназій.