Вы тут

У гарадскім пасёлку Арэхаўск збіраюць каля 80 кілаграмаў агуркоў з квадратнага метра


Ураджай агуркоў, таматаў, капусты розных відаў і іншай зеляніны з філіяла «Цяплічны» РУП «Віцебскэнерга», што ў гарадскім пасёлку Арэхаўск Аршанскага раёна, будзе чаканы для жыхароў Віцебскай, Магілёўскай, Мінскай абласцей і суседняй Расіі. Каля фірменных гандлёвых пунктаў па продажы смачных дароў прыроды з поўначы Беларусі заўсёды чэргі. І латкі ў буйных гандлёвых сетках хутка пусцеюць, бо попыт вялікі.


Дзякуючы галандскім тэхналогіям лічбы пладавітасці ўражваюць. Напрыклад, тут з квадратнага метра збіраюць каля 80 кілаграмаў агуркоў, а ў некаторых выпадках — больш за 90 кіло. Даўжыня сцябла дасягае 13 метраў.

А яшчэ ж усяго толькі пару гадоў таму ў старых цяпліцах ураджайнасць тых жа агуркоў была прыблізна ў 2,5 раза меншая.

Сакрэт фантастычных змен у тым, што агуркі і зеляніна растуць у ідэальных для іх умовах. Штучны інтэлект кантралюе ўсё да дробязяў. У цяплічнай гаспадарцы падача святла, вільготнасць і тэмпературны рэжым — на неабходным узроўні.

Цікава, што, каб вытворчасць была максімальна эканомная, ваду выкарыстоўваюць двойчы. Лішкі яе пасля паліву трапляюць ў дрэнаж, пасля чаго іх апрацоўваюць ультрафіялетавымі праменямі — і зноў паліваюць...

Эканомія ўгнаенняў у цяпліцах — 20—30 %.

Кіраўнік аддзялення закрытага грунту Алеся Дубінец расказала, што высокі ўраджай круглы год пры любым надвор'і гарантаваны. Дзеля гэтага ў філіяле ёсць нават уласная метэастанцыя. І гэты комплекс з рознымі датчыкамі і электронікай літаральна як кавалер клапоціцца пра тое, каб цяпліца адчувала сябе ў бяспецы. Каб вельмі крохкаму на першы погляд збудаванню было ўтульна і камфортна пры любых умовах надвор'я, прадуманы шэраг узроўняў захавання і мінімізацыі выдаткаў ад эксплуатацыі. І ў прыватнасці, пастаянны замер актыўнасці сонца дазваляе эканоміць кілаваты, якія трацяцца для асвятлення і ацяплення. Калі моцны вецер, бура — аўтаматычна на пэўны вугал паварочваюцца форткі, бакавыя і стольныя фіранкі таксама пераводзяцца ў неабходны «ракурс», каб адсякалася халоднае паветра і рассейвалася святло...

Што датычыцца ўмоў і аплаты працы, то для глыбінкі яны створаны ідэальныя. Паводле слоў майго «гіда ў краіне вітамінаў» Алесі Дубінец, летась старанны работнік мог зарабіць на агурках 1400 рублёў у месяц! І гэта не мяжа, але пры адным нюансе — максімальных зборах.

Працаваць у такіх умовах прэстыжна. Восем агурочных майстроў вельмі задаволены. Таму людзі цэняць сваю работу. І прыблізна за трыццаць кіламетраў не лянуюцца штодня ездзіць з райцэнтра і назад. Дзе ў Оршы столькі заплацяць за параўнальна не вельмі цяжкую работу?

Тыя, хто даўно працуе на прадпрыемстве, памятаюць першыя гады дзейнасці. А пачыналася ўсё ў 1991-м. Як і большасці ў тыя часы, дзяржаўнай фірме было складана. Аднак сельскагаспадарчы кірунак дазволіў не толькі выжыць, але і паспяхова развівацца. Летась пачаў працаваць цэх глыбокай замарозкі. Сумесі з агародніны паспяхова рэалізуюцца як у краіне, так і за яе межамі. Замарожваюць і дармавую сыравіну — ягады і грыбы. Акцэнт робяць на пашырэнне геаграфіі экспарту.

А яшчэ ў гаспадарцы вельмі развітае земляробства: на сённяшні дзень плошча сельскагаспадарчых угоддзяў складае каля 3,3 тысячы гектараў, у тым ліку амаль 3,2 тысячы гектараў раллі.

Далёка за межамі раёна гаспадарка таксама вядомая дзякуючы сваёй малочнай жывёлагадоўлі. Ферму на 1,2 тысячы галоў нядаўна здалі пад ключ. У аб'ект укладзена каля 20,5 мільёна рублёў. Планаваны гадавы надой з каровы — ад 8,5 тысячы літраў. Запланаваная рэнтабельнасць складае каля 30 %. Адпаведна, гэта гарантыя паспяховай дзейнасці і добрых заробкаў.

На прадпрыемстве часта бываюць не толькі аграрыі з Беларусі, але і замежныя фермеры, прадстаўнікі карпарацый сельскагаспадарчага профілю. Тыя ж галандцы, а таксама немцы, французы, ізраільцяне, не раз канстатавалі, што беларускія цяпліцы нічым не адрозніваюцца ад тых, якія эксплуатуюцца ў іх.

Перазагрузка ў Аршанскім раёне ў рамках выканання прэзідэнцкага Указа № 506 працягваецца паспяхова. І гаспадарка — адзін з прыкладаў правільнасці выбранага шляху.

Аляксандр ПУКШАНСКІ

Фота аўтара

Загаловак у газеце: Метэастанцыя ў дапамогу

Выбар рэдакцыі

Грамадства

У Беларусі дыягнаставаны 861 выпадак каранавіруса

У Беларусі дыягнаставаны 861 выпадак каранавіруса

31 знаходзіцца на штучнай вентыляцыі лёгкіх.

Грамадства

Прыехаць за 30 хвiлiн. Як у аварыйных выпадках павiнны рэагаваць камунальнiкi

Прыехаць за 30 хвiлiн. Як у аварыйных выпадках павiнны рэагаваць камунальнiкi

У Беларусi дзейнiчае такi дакумент, як «Тэхнiчная эксплуатацыя жыллёвых i грамадскiх будынкаў i збудаванняў. Парадак правядзення».

Грамадства

Як у магiлёўскiх хлопчыкаў i дзяўчынак фармiруюць асновы крэатыўнага мыслення

Як у магiлёўскiх хлопчыкаў i дзяўчынак фармiруюць асновы крэатыўнага мыслення

Школа «Альфа+» iснуе ў Магiлёве ўсяго год, але ў яе ўжо ёсць пастаянныя наведвальнiкi.

Палітыка

«Рэальнае жыццё нi ў якi нават самы дасканалы закон не ўмесцiш». Як дзейнічае Вярхоўны суд?

«Рэальнае жыццё нi ў якi нават самы дасканалы закон не ўмесцiш». Як дзейнічае Вярхоўны суд?

Пра першы год жыцця Вярхоўнага суда ў новым будынку — Валерый Калiнковiч.