Вы тут

У вёсках махлярам дзейнічаць лягчэй. Яны могуць умела сыграць, напрыклад, на эпідэміі грыпа


Махляры ўсіх масцей ідуць у нагу з часам. Яны працуюць разнастайна і выкарыстоўваюць любую нагоду, каб стварыць падобную на праўду легенду. Летась па краіне пракацілася хваля крадзяжоў з картак, дзе таксама сыгралі на даверы пажылых людзей. З выкарыстаннем інфармацыйных тэхналогій падманвалі пераважна гарадскіх пенсіянераў. А вось у вёсках прайдзісветам дзейнічаць яшчэ лягчэй. Памятаеце, як пасля аб'яўлення дэнамінацыі нягоднікі «мянялі» грошы? Яны могуць умела сыграць, напрыклад, на эпідэміі сезонных захворванняў.


Пакуль не чуваць, каб ад каранавіруса праводзілі «прафілактыку», а вось супрацьгрыпозную «кампанію» некалькі гадоў таму ў Столінскім раёне, што на Брэстчыне, махляры арганізавалі. Да пенсіянера пастукаліся дзве жанчыны, назваліся медыцынскімі работнікамі. І не хацеў 77-гадовы мужчына пускаць адразу, бо яго праінструктавалі дзеці, але ж жанчыны былі ў белых халатах, з сумачкамі — усё як мае быць. І так настойліва і пераканаўча гаварылі пра пагрозу эпідэміі грыпу, пра неабходнасць усеагульнага абследавання і прафілактыкі, што здаўся наш герой. Ну а калі ўпусціў у хату, то кабеты пачалі «абследаванне», па выніку якога пенсіянеру прызначылі «масаж». Калі ж за справу ўзялася лжэмасажыстка, ён і не заўважыў, як у памяшканне прабралася трэцяя махлярка і правяла падрабязны вобыск. Потым візіцёркі ветліва развіталіся і спакойна пайшлі. Ну а ў пенсіянера, як няцяжка здагадацца, прапалі грошы — 500 рублёў.

І калі апісанае вышэй адносіцца да вышэйшага пілатажу ў дзейнасці махляроў, то вясковыя п'яніцы, дармаеды і падобныя элементы дзейнічаюць больш прымітыўна: залез у дом, украў ці, яшчэ горш, абрабаваў старога чалавека з дапамогай пагроз альбо сілы, ды і пайшоў ладзіць банкет.

Літаральна днямі ў дом да пажылой жанчыны з вёскі Радзеж прабраўся зладзюжка ды вынес шмат сала з маразілкі і сёе-тое з рэчаў. Як расказаў старшыня Олтушскага сельскага Савета Маларыцкага раёна Вітольд ПЯТКЕВІЧ, міліцыянеры зладзюжку хутка вылічылі, ім аказаўся непрацуючы жыхар суседняй вёскі.

У гэтым жа сельсавеце некалькі гадоў таму мы з Вітольдам Мечыслававічам наведвалі адзінокую бабульку, заслужанага работніка, былога калгаснага кіроўцу. Надзея Сямёнаўна расказала тады, як яе, інваліда з хворымі нагамі, моцна пакрыўдзілі злыдні. Жыла сталая жанчына крыху на водшыбе, амаль на хутары. Ведалі, што, нават калі крычаць будзе, ніхто яе не пачуе, хадзіць жа амаль не можа. Таму паводзілі сябе нахабна, бралі ў двары і ў хаце што хацелі, яшчэ і пасмейваліся. З той пары — казала яна — старалася манціроўку трымаць не ў каморы, а пад рукамі... Падобныя прыклады, на жаль, можна сустрэць у крымінальнай статыстыцы любога раёна.

— Летась па вобласці было здзейснена 1003 правапарушэнні ў дачыненні да пажылых грамадзян. Гэта прыблізна на сотню больш, чым за папярэдні 2018 год, — расказаў начальнік упраўлення аховы правапарадку і прафілактыкі УУС Брэсцкага аблвыканкама Генадзь ВАЙТОВІЧ. — За год у тры разы павялічылася колькасць махлярстваў з прымяненнем інфармацыйных тэхналогій, на 11 працэнтаў знізілася колькасць злачынстваў гвалтоўнага характару.

Абсалютную большасць у прыведзеных лічбах складаюць крадзяжы. Крадуць бульбу і агародніну, веласіпеды, хатнія рэчы, прадукты, ну а найчасцей — грошы. Паменшыць размах злачыннасці ў дачыненні да старых можна толькі бесперапыннай тлумачальнай работай, на мове супрацоўнікаў міліцыі — прафілактыкай. Нядрэнна зарэкамендавала сябе практыка дзейнасці рабочых груп, якія ствараюцца з ліку работнікаў міліцыі, МНС, мясцовых выканкамаў, часта да іх далучаюцца прадстаўнікі сацыяльнай службы. Гэтыя групы наведваюць населеныя пункты, дзе сустракаюцца з пажылымі людзьмі. Найперш пенсіянерам тлумачаць правілы паводзін пры з'яўленні незнаёмых людзей, расказваюць, што дом трэба трымаць на замку, калі знаходзішся ўнутры і калі выходзіш нават на непрацяглы час.

Падчас такіх гутарак звычайна распытваюць сталых вяскоўцаў, што іх непакоіць найбольш, хто крыўдзіць альбо вызначаецца асацыяльнымі паводзінамі. Бывае, адзінокія пенсіянеры расказваюць, што суседа-п'яніцу яны літаральна пабойваюцца, бо праз дзень спрабуе пазычыць грошы і такія просьбы становяцца ўсё больш навязлівыя. Здаралася, што пасля гэтых сустрэч некаторых парушальнікаў грамадскага спакою даводзілася ізаляваць. Іх накіроўвалі ў лячэбна-працоўныя прафілакторыі. У дачыненні да іншых узмацнялі выхаваўчую работу ўчастковыя.

Яшчэ ў абласным упраўленні ўнутраных спраў расказалі, што міліцыя цяпер выкарыстоўвае любую магчымасць, каб лішні раз нагадаць пенсіянерам пра бяспеку. Вось, скажам, на семінары па ахове гандлёвых аб'ектаў спажывецкай кааперацыі, акрамя асноўных пытанняў, акцэнт зрабілі на асветніцкай рабоце сярод пенсіянераў. Прасілі прадаўцоў, загадчыкаў крам заўсёды напамінаць пакупнікам аб неабходнасці клапаціцца пра грошы і маёмасць. Бывалі выпадкі, калі кралі веласіпеды, якія людзі пакідалі каля крамы. Здараецца, паставіць пенсіянер свой веласіпед каля сцяны магазіна, а сам пасля куплі прадуктаў зойдзе на пошту, ФАП. Вяртаецца — а двухколавай машыны няма. Калі ж прадавец напомніць наведвальнікам пра падобныя выпадкі, то гаворка зойдзе і пра падманы, махлярствы. Глядзіш, і праведзена пэўная тлумачальная работа. Сельская крама сёння — найбольш папулярнае грамадскае месца.

Махляроў і аматараў пажывіцца, на жаль, хапае. У вёсках часта расказваюць, як да старых людзей, нібы смала, чапляюцца гандляры танным шырспажывам. Здавалася б, яны не крадуць, не адбіраюць сілай. Але ж яны імкнуцца прадаць рэч у разы даражэй, чым яна каштуе, і пры гэтым паводзяць сябе вельмі навязліва. Нядаўна знаёмая расказвала, як да яе маці ў вёсцы Пескі Кобрынскага раёна ўбілася такая гандлярка. Дык яна нязваную візіцёрку ледзьве выставіла за парог. А пажылы чалавек часта не можа справіцца з такой псіхалагічнай агрэсіяй і страчвае ўласныя грошы, па сутнасці, выкідвае іх на вецер. У такім выпадку павінна дзейнічаць жорсткае правіла: не адчыняць дзверы незнаёмцу.

Святлана ЯСКЕВІЧ

Прэв'ю: yandex.ru

Загаловак у газеце: Хто стукае ў дзверы да вяскоўца?

Выбар рэдакцыі

Эканоміка

Як абараняцца ад рыэлтараў, якія не хочуць працаваць па законе

Як абараняцца ад рыэлтараў, якія не хочуць працаваць па законе

Лiцэнзiя агенцтва «Гатовыя рашэннi» скасавана, «Iмперыi нерухомасцi» — прыпынена, а «Тваёй сталiцы» выпiсана прадпiсанне.

Палітыка

Аляксандр Лукашэнка: Гэта адна з самых складаных выбарчых кампаній

Аляксандр Лукашэнка: Гэта адна з самых складаных выбарчых кампаній

Кіраўнік дзяржавы прагаласаваў на выбарах Прэзідэнта.

Палітыка

У Рэспубліцы Беларусь прайшоў асноўны дзень выбараў Прэзідэнта

У Рэспубліцы Беларусь прайшоў асноўны дзень выбараў Прэзідэнта

Сёлетнія выбары кіраўніка дзяржавы — шостыя па ліку.

Грамадства

Медыцынскі агляд у віцебскіх газавікоў ажыццяўляе... робат

Медыцынскі агляд у віцебскіх газавікоў ажыццяўляе... робат

А наведвальнiкаў крамы кансультуе выява спецыялiста.