Вы тут

«Калі ласка» — гэта не «каляска»...


На гэтым тыдні пра родную мову — канешне ж, беларускую, як жа інакш? — не гаварыў толькі лянівы. Няхай сабе і не на мове, але пра яе — так заўсёды ў дваццатых чыслах лютага бывае, бо 21-га Міжнародны дзень роднай мовы, як-ніяк. У школах у абавязковым парадку адмысловыя святы праводзяцца, дый не толькі ў школах — абласнога і раённага маштабу мерапрыемствы ладзяцца. Усе такія харошыя, самі сабе падабаемся, самі з сябе цешымся: паглядзіце, маўляў, як родную мову шануем. Яна ў нас такая найкаштоўнешая, так мы яе беражом, каб што з ёй не здарылася, што, бы дарагую крохкую рэліквію, выцягваем яе на свет божы толькі аднойчы на год, у канцы лютага. Дзівімся, далікатна пагладжваем, а пасля зноў яе ў шуфлядку, у дальні кут, ды хусцінкай якой прыкрыць... Ведаем, што гэтую каштоўнасць маем, ганарымся нават гэтым спадцішка, а людзям расказваць пра тое — навошта? Хай ляжыць сабе ў куточку. Яно так спакайней і надзейней, раптам калі сапраўды жыццёва неабходнай стане — тады і дастанем — бліскучую, непапсаваную, іржой не паедзеную. Не нам, дык спадчыннікам, можа, спатрэбіцца...

Выбачайце за такі здзеклівы тон акурат у дзень, калі сапраўды пра мову прынята гаварыць найлепшыя цёплыя словы — і я ведаю дакладна: большасць гэтых слоў сапраўды шчырыя. Але мяне ва ўсім патоку шматлікай калямоўнай інфармацыі («Звязда», канешне, убаку не засталася, круглы стол цікавы з навукоўцамі правяла, які некаторыя парталы ў поўным аб'ёме сабе перадрукавалі) найбольш зачапіла і ўразіла адна невялікая гісторыя, якую прачытала на форуме ў сацыяльных сетках. Яна пра маленькую дзяўчынку пяці гадоў, якая ходзіць у садок. У садку некалькі разоў на тыдзень выхавальнікі размаўляюць з дзецьмі па-беларуску. Дык вось, калі да малой выхавальніца звярнулася: «Палінка, сядай, калі ласка», дзіця кінулася ў плач: «Я не каляска!»...

І смех і грэх, усміхнецца хтосьці з чытачоў. А як па мне, дык смяяцца тут зусім няма з чаго. Калі абстрагавацца ад нейкіх дэталяў, сітуацыя выглядае так. Дзіця, якому год да школы, у сталіцы незалежнай дзяржавы не разумее на дзяржаўнай мове базавых слоў, якія нават іншаземцы, едучы ў тую ці іншую краіну, вучаць у першую чаргу... Вось вам і дзень, і тыдзень роднай мовы і іншыя культурна-масавыя мерапрыемствы.

Прыгадаўся загаловак у газеце, які гадоў дваццаць пяць назад вельмі па маладосці ўразіў і абурыў: «Мама, падай гадзільнік». Журналіст паважанага выдання адкрыта здзекваўся з мовы, на якой тады спрабавалі гаварыць ва ўсіх установах адукацыі, таленавіта ёрнічаў пра тое, што гарадскія дзеці мову не разумеюць, гавораць на ёй няправільна (замест «гадзіннік» вымаўляюць «гадзільнік»), і бацькі абураюцца, і навошта і каму гэта трэба, ды няхай гэта мова як ляжала ў шуфлядцы, так і ляжыць... Мінула дваццаць пяць гадоў, шмат змянілася і ў грамадскай думцы, і ў стаўленні да беларускай мовы, яна становіцца моднай сярод адукаванай моладзі, яна цяпер нават у Канцэпцыі інфармацыйнай бяспекі прапісана як адзін з важных фактараў, што гэтую самую бяспеку вызначаюць. Але мала што змянілася ў галовах тых людзей, якіх у дзіцячым садку спрабавалі навучыць слову «гадзіннік» і дзеці якіх не ведаюць сёння, што такое «калі ласка».

І не трэба тут зноў разважаць пра тое, што патрэбна дзяржаўная падтрымка, што людзі павінны ведаць пра запатрабаванасць мовы ў далейшым жыцці — толькі тады яны будуць калі не вучыць па-беларуску сваіх дзяцей, дык хоць бы не перашкаджаць кволым спробам тых жа выхавальнікаў у садку навучыць дзяцей базавым пачаткам гэтай мовы, асновам беларускага вымаўлення. (А выхавальнікам тут можна толькі паспачуваць, бо калі большасць дзяцей мову чуюць толькі ад іх і ўспрымаюць як замежную, дык чаму і як іх можна навучыць? Прыклад з «каляскай» тут вельмі паказальны.) Пры чым тут, выбачайце, дзяржава і запатрабаванасць? Што, мала дзіцячых кніг на мове выдаецца? Яркія, з прыгожымі малюнкамі, яны прадаюцца не тое што ў кожнай кнігарні — у кожным газетным шапіку. Дзіцячыя часопісы з'явіліся новыя — нядаўна хроснай дачцэ падарыла адзін такі з гісторыяй пра катоў — не маглі малую адарваць, так цікава ёй было. Мульцікі па-беларуску агучаныя ў сеціве, фільмы дзіцячыя — пампуй не хачу. Тэсціраванне па-беларуску здаваць — калі ласка, тваё права... Чаго яшчэ трэба? Валявога рашэння: маўляў, ад заўтра ўсе гавораць па-беларуску? Дык зноў жа заверашчым: нельга так, дзеці замест «гадзіннік» будуць «гадзільнік» казаць і мову зусім паважаць перастануць. Няхай лепш у шуфлядцы, некранутая, непапсаваная, паляжыць, можа, калі-небудзь і прыдасца...

Адной дзесяцігадовай дзяўчынцы з рускамоўнай сям'і на Новы год я падарыла каляндар, у якім на кожны з сёлетніх 366 дзён напісана беларускае слова, прычым слоўцы цікавыя, адмысловыя, ды яшчэ з малюнкамі. Малая «завісла» над календаром на дзве гадзіны. Маці дзівілася: нават смартфон яе так надоўга не зацягвае. Пасля Аліна падышла да нас з календаром у руках і звярнулася да маці: «Мама, это же так интересно. А почему мы по-белорусски не разговариваем? Мы ведь белорусы...» На твары маці былі і разгубленасць, і непаразуменне. Потым, ачомаўшыся, выціснула з сябе, крыху збянтэжыўшыся, але па-беларуску, без памылак і без акцэнту: «Добра, калі хочаш, будзем размаўляць. Я табе абяцаю»... Мы з таго часу не бачыліся і не сазвоньваліся, я так і не пацікавілася, ці выканала яна сваё абяцанне. Спадзяюся, што так, бо Алінка — дзяўчынка ўпартая, а мама ж ёй паабяцала.

Нашы дзеці — лепшыя і разумнейшыя за нас. Закон прыроды, так было спрадвеку. Не трэба хаваць для іх мову, якую ўсё яшчэ па звычцы лічым роднай, «на пасля — раптам спатрэбіцца». Яна патрэбна ім ужо сёння. Дзеля чаго? Чытайце Канцэпцыю інфармацыйнай бяспекі — вельмі актуальны на сённяшні дзень дакумент.

Алена ЛЯЎКОВІЧ

Загаловак у газеце: «Ах, якія словы: «Калі ласка!..»

Выбар рэдакцыі

Палітыка

«Рэальнае жыццё нi ў якi нават самы дасканалы закон не ўмесцiш». Як дзейнічае Вярхоўны суд?

«Рэальнае жыццё нi ў якi нават самы дасканалы закон не ўмесцiш». Як дзейнічае Вярхоўны суд?

Пра першы год жыцця Вярхоўнага суда ў новым будынку — Валерый Калiнковiч.

Спорт

СААЗ рэкамендуе займацца спортам у хатнiх умовах

СААЗ рэкамендуе займацца спортам у хатнiх умовах

Сядзячы спосаб жыцця i нiзкi ўзровень фiзiчнай актыўнасцi могуць аказаць негатыўны ўплыў на здароўе.

Грамадства

Намеснік міністра аховы здароўя Алена Богдан: Сітуацыя з каранавірусам застаецца кантраляванай

Намеснік міністра аховы здароўя Алена Богдан: Сітуацыя з каранавірусам застаецца кантраляванай

У Беларусі з моманту выяўлення першага выпадку COVID-19 зарэгістравана 351 інфікаваных.