Вы тут

Хто спявае па-беларуску?


Многія сёння падзяляюць меркаванне, што ў нашай краіне шоў-бізнесу не існуе. Але сітуацыя карэнным чынам змяняецца, калі пачынаеш глыбей цікавіцца гэтай тэмай. Да прыкладу, на тыдні з’явілася прыемная навіна: кліп на хіт “Небяспечна” магілёўскага рок-гурта Nizkiz пераступіў адзнаку ў мільён праглядаў на YouTube! Гурта, які пачынаў з невялічкіх клубаў на 100 чалавек, а цяпер мае салдаўт ледзь не на кожным сваім выступленні! І гэта не адзіны прыклад.

У Міжнародны дзень роднай мовы “Звязда” стварыла адмысловы плэйліст, у які ўвайшлі сучасныя артысты самых розных жанраў: ад мадэрновага хіп-хопа да таямнічай электронікі.


Поп

Фота afisha.tut.by

Выпускаючы свой першы дыск “Адчувай” у 2017-м, поп-гурт Паліны Цімохінай Pauline каментаваў сваю працу так: “Усё гэта гісторыі чалавека тонкага, шчырага, ранімага, які, можа, нават дзесьці заблытаўся, але ў той жа час моцнага, які заўсёды беражліва захоўвае надзею на нешта лепшае”. Альбом з меланхалічным і лірычным настроем з’яўляўся для сваіх стваральнікаў своеасаблівай вехай, сканчэннем пэўнага творчага этапу. Але цяжка было прадказаць, што ў далейшым адбудзецца столькі зменаў: назва, стыль, нават склад! Абноўлены гурт Paulinn летась прадставіў EP “Мадуляцыя”. “Гэтая праца адметная тым, што ўпершыню я выступіла ў якасці аўтара для дуэту, усе аранжыроўкі рабіліся ўласнымі рукамі і з выкарыстаннем новых для нас метадаў і інструментарыя”, — дзялілася ў размове з музычным парталам Tuzin FM Паліна Цімохіна.

 

Хіп-хоп

Gleboki Smak. Рэп па-беларуску? Так! Глеб Хамутоў, стваральнік праекта Gleboki Smak, “стрэліў” у 2011 годзе, калі перамог на фрыстайл-батле Street Awards, а праз два гады выпусціў свой першы трэк. Пасля хлопец на некалькі гадоў знік з інфапрасторы, каб вярнуцца сур’ёзна і надоўга з дэбютным альбомам “Drenny ton”. У інтэрв’ю Глеб казаў, маўляў, за апошні час з’явілася шмат новых асобаў, аднак з беларускамоўным рэпам “усё сумна”. “Але ж ёсць Gleboki Smak! Больш вам ніхто не патрэбны”.

 

Дазволім сабе не пагадзіцца з гэтымі словамі, бо сам Глеб запісаў прыгожы фіт з іншай узыходзячай зоркай беларускамоўнага хіп-хопа — ZRABI. Барбара Гузарэвіч з дзяцінства займалася музыкай: вучылася ў музычнай школе, паступіла ў каледж мастацтваў на эстрадны вакал, які, зрэшты, не скончыла. Творчасцю занялася натхнёная думкай, што беларусы калісьці загавораць па-беларуску.

Фота people.onliner.by

Спявачка імкнецца “падштурхнуць успомніць пра „сваё“ праз нешта сучаснае” і пазбавіцца адчування, “што беларуская мова — гэта толькі Якуб Колас і Янка Купала, што яна засталася дзесьці ў XX стагоддзі. Я хачу разбурыць папулярныя сярод моладзі стэрэатыпы, што наша мова непрыгожая і не стыльная”.

 

Альтэрнатыва

Фота з "твітара" гурта AKUTE.

AKUTE. Магілёўскае трыа па-рознаму апісвае сваю творчасць: “дыска-дэкаданс”, “смерць-рок”… Зрэшты, такія азначэнні толькі выдзяляюць “Акутэ” на беларускай рок-сцэне. Іх разынка — змрочныя аранжыроўкі і мінорна-рамантычная лірыка, натхнёная навуковай фантастыкай XX стагоддзя: Рэем Брэдберы, братамі Стругацкімі, Айзекам Азімавым. Але нязменна на беларускай мове.

У рэпертуары хлопцаў (і дзяўчыны — бубначкі Vicky Fatez) ужо пяць паспяховых альбомаў. Апошні — “V” — прадставілі летась. Гучанне змянілася: падчас запісу музыкі выкарыстоўвалі сінтэзатар. І адзначалі ў інтэрв’ю: гэта рэзультат, да якога яны ішлі ўсю кар’еру, пачынаючы з дэбютнага рэлізу “Дзевачкі і космас”.

Сёння AKUTE — заўсёднікі шматлікіх беларускіх фестываляў.

 

 

:B:N:, альбо “Бяз назвы” — бадай, самы пазітыўны беларускі рок-калектыў. Датай яго заснавання лічыцца 1999 год. У 2002-м гурт перамог на “Басовішчы” і выпусціў свой першы дэма-альбом — “Пра сябе”. За сваю далейшую гісторыю :B:N: стварыў шмат “стадыённых” хітоў, такіх як “Жыве рок-н-рол!”, “Канюшня”, “Вяртанне”, “Табе ўсё мала”, “Паралельны свет”, якія заўсёды гучаць на канцэртах. Апошні ж на гэты момант альбом — “#коджыцця” — пабачыў свет у 2018 годзе. У яго таксама ўвайшлі песні з папярэдняй пласцінкі — “Шукай сваё”.

Цікавы факт: лідар “Бяз назвы” Алесь Лютыч — муж бубначкі AKUTE Vicky Fatez. Музыкі маюць уласны праект Lovestory.

 

Nürnberg. Малады беларускі дуэт працуе ў вельмі папулярным сёння стылі — пост-панку з рэтра-вэйвам 1980-х. Назва паводле нямецкага горада аказалася для хлопцаў прарочай: дэбютная касета (!) пабачыла свет у сталіцы Германіі. Зрэшты, Ян (вакал, бас) і Алег (гітара) працягваюць тварыць у Беларусі, у адрозненне ад звышпапулярнага ў Еўропе і амаль невядомага ў нас гурта “Молчат дома”, які грае ў той жа стылістыцы.

А сёння прапануем паслухаць альбом “Скрывай” 2018 года.

 

“Мутнаевока”. Мінскі гранжавы праект заснаваны Яўгенам Змушкам (вакал, гітара) у 2005-м. За гады дзейнасці каманда паспела выступіць на адной сцэне з вядомымі расійскімі калектывамі Animal ДжаZ і Noize MC, а таксама “разагравала” Палац спорту перад канцэртам фінаў The Rasmus (пазней гэтаксама выступалі AKUTE). Што да рэпертуара — запісаны тры альбомы. Зараз фанаты чакаюць новую пласцінку, з якой ужо выдадзеныя два сінглы: “Лініі” і “Розныя”.

Цікавая адметнасць жывых выступленняў “Мутнаевока”: Яўген Змушка паміж песнямі чытае ўласныя вершы, а выраз “Добрай раніцы, краіна!” — яго фірмовае вітанне.

 

Электроніка

Фота ultra-music.com.

Shuma. Гэты дуэт пераасэнсоўвае старажытныя беларускія спевы, спалучаючы іх з сучаснымі накірункамі электронікі (дып хаўсам, даб тэхна, мінімалам). Прыхільнікі называюць трэкі дуэта “гукавымі знахарамі”, а эксперты адзначаюць узнагародамі: альбом года, найлепшы электронны альбом, найлепшы беларускі альбом…

Shuma добра вядомая ў Беларусі. Гурт выйшаў у фінал нацыянальнага адбору на Еўрабачанне-2018 з песняй “Хмаркі”, а яго лідарка Руся разам з этна-трыа “Троіца” ўдзельнічала ў запісу саўндтрэкаў для гульні World of Tanks. І нават паспела стаць голасам мінскага чыгуначнага вакзала!

Акрамя таго, летась яна стала мамай… і выпусціла аб гэтым альбом. Me, mother — пра розныя станы мацярынства і перажыванні ўзаемаадносін чалавека з маці, ад эйфарыі да агрэсіі. Гучыць мягка і гіпнатычна.

 

Арсеній ЧУПРЫГІН

Выбар рэдакцыі

Здароўе

Як вясной алергікам аблегчыць сваё жыццё?

Як вясной алергікам аблегчыць сваё жыццё?

Некалькі парад ад урача-інфекцыяніста.

Грамадства

Рэспубліканскі суботнік праходзіць сёння ў Беларусі

Рэспубліканскі суботнік праходзіць сёння ў Беларусі

Мерапрыемства праводзіцца на добраахвотнай аснове.