Вы тут

Дзяніс Раманюк: Я раблю этнаграфію «дваццаць пятым» кадрам


Пышныя альбомы, выдадзеныя Дзянісам Раманюком, з задавальненнем трымаюць у хатніх бібліятэках як беларусы, бо адчуваюць гонар за краіну, так і замежнікі, бо невядомую культуру даследуюць праз высакакласны кніжны твор. Па-першае, спадар Дзяніс сабраў у адмысловыя выданні «Беларускія народныя крыжы» і «Беларускія народныя строі» напрацоўкі свайго бацькі, славутага этнографа Міхася Раманюка. Па-другое, працягнуў сваю выдавецкую дзейнасць таксама як фатограф і аўтар, у выніку чаго паўсталі, напрыклад, сумесны з калегамі альбом «Чарнобыль», выданні «Беларусь. Маленькая кніга пра вялікую краіну» і «Беларусь сінявокая». Нарэшце, у канцы мінулага года быў прадстаўлены альбом «Беларусь. Храм і краявід», які атрымаў галоўную ўзнагароду штогадовага конкурсу «Мастацтва кнігі», прысвечанага дызайну і афармленню. Нас таксама прыцягнуў найбагацейшы досвед вандровак, альбо «сафары», па краіне, таму падчас сустрэчы з Дзянісам Раманюком мы пагаварылі пра беларускія храмы, водгукі чарнобыльскай катастрофы і найлепшыя мясціны Беларусі.


— Як выдавец вы паказалі краіну праз крыжы, народныя строі, чарнобыльскую зону, стыхію вады, а адкуль узялося спалучэнне храма і краявіду? Чаму саміх па сабе храмаў, без кантэксту, недастаткова?

— Маёй апошняй глабальнай работай быў альбом «Беларусь сінявокая», і ў анатацыі да яго я пісаў, што фотаздымак без вады, як хлеб без масла — рака ці возера моцна ўпрыгожваюць наваколле. Але, увесь час фатаграфуючы, я неяк злавіў сябе на думцы, што прысутнасць храма таксама пераўтварае любы краявід, робіць яго больш знакавым, духоўным і глыбокім. Зразумела, прырода сама па сабе прыгожая, але бажніцы яе мяняюць, да таго ж яны нездарма стаяць на сваіх месцах: архітэктары ці будаўнікі падбіралі для будучых цэркваў і касцёлаў найлепшыя лакацыі, якія з часам станавіліся яшчэ больш маляўнічымі, бо вакол храма само сабой стваралася адпаведнае наваколле. Менавіта бажніцы для мільёнаў беларусаў, якія не маюць мора, станавіліся своеасаблівым маяком — гэта першае, што мы бачым здалёк, і па чым разумеем, што мы дома. Я шмат вандраваў і здымаў для іншых альбомаў, а некалькі гадоў таму ўбачыў, што ў мяне сабралася добрая колькасць архіўных фотаздымкаў з храмамі, і тады вырашыў паказаць іх у спалучэнні з прыродай. Мае калегі звычайна засяроджваліся на архітэктуры і, каб адлюстраваць яе прыгажосць, рабілі фасадныя, буйныя здымкі саміх збудаванняў — мне гэта было ўжо нецікава, я браў іншыя ракурсы і хацеў паказаць, як храм і краявід дапаўняюць адзін аднаго.

— Архітэктура, у тым ліку культавая, на тэрыторыі Беларусі праз рознага кшталту навалы моцна пацярпела. Ваш альбом паказвае 86 храмаў — што гэта за збудаванні і якой яны паказваюць нашу краіну?

— Ад іншых нас у першую чаргу адрознівае шматканфесійнасць, якая ў Беларусі праяўлялася як нідзе. На сваіх фотаздымках у альбоме я адмыслова зрабіў увагу на тое, што касцёл і царква ў нас часта стаяць побач — бывае, амаль праз дарогу — і глядзяць адно на аднаго. Сюды можна далучыць сінагогі ці пратэстанцкія храмы. У кнізе таксама бачна, што Беларусь — шматландшафтная: калі ўзяць Паазер'е — гэта будуць пагоркі, рэкі, азёры і храмы на берагах, на раўнінах Палесся бажніцы знаходзяцца ў іншым асяроддзі. Зноў жа ў нас розныя храмы — ёсць, як у Рыме, ёсць так званыя «мураўёўкі» ў псеўдарускім стылі, а ёсць былыя ўніяцкія цэрквы ад маленькіх бажнічак да велічнага касцёла Звеставання Найсвяцейшай Панны Марыі ў Гродна, паказанага на вокладцы. Гэты фотаздымак я, дарэчы, шкадаваў дэманстраваць з дзясятак гадоў, бо ведаў, што ён дачакаецца свайго месца, і яго час надышоў — на вокладцы альбома ён стварае вобраз магутнай, маштабнай, еўрапейскай Беларусі.

— Фатаграфіі, змешчаныя ў кнізе, рабіліся на працягу дваццаці гадоў. Як за гэты час змяніліся храмы, якія вы здымалі?

— У альбоме ёсць дзве маляўнічыя царквы — Георгія Перамаганосца ў Мазыры і Святой Тройцы ў вёсцы Зёлава, якіх ужо няма: яны згарэлі. Шматлікія храмы перабудаваныя: часам у лепшы бок, як касцёл Міхаіла Архангела ў вёсцы Багданава, і мы можам гэтым ганарыцца, а бывае і ў горшы, пра што можна толькі шкадаваць. Святары, здараецца, самі праводзяць «еўрарамонты», з-за чаго выключныя фасады, напрыклад, драўляных палескіх цэркваў, хаваюцца, абшытыя сайдынгам ці абкладзеныя сілікатнай цэглай. Альбо аўтэнтычныя верхавіны былых уніяцкіх цэркваў зносяцца і замяняюцца на залатыя «цыбуліны», каб падкрэсліць прыналежнасць да праваслаўнай царквы, — гэта бяда, бывае, ад таго, што бачыш, хочацца плакаць. Таму шмат якія здымкі з альбома сталі гістарычнымі, а некаторыя такімі яшчэ стануць. Я сямнаццаць гадоў пражыў у Вільні і каля дзесяці гадоў яе здымаў. Там з густам адназначна лепш, але ўсё роўна шкада, калі абшарпанасць і подых гісторыі знікаюць праз рэканструкцыю.

— Вы ў нейкім сэнсе працягваеце справу свайго бацькі, але пераносіце этнаграфію ў папулярны фармат.

— Так, я спрабую зрабіць этнаграфію даступнай шырокаму колу людзей, прычым зрабіць гэта прыгожа і эфектна, бо чыста этнаграфічны альбом вывучаць будзе далёка не кожны. Патрошку я ўношу навуку ў кожнае са сваіх выданняў, але ўключаю яе ў кантэкст прыроды ці, напрыклад, архітэктуры, раблю яе «дваццаць пятым кадрам», тады яна не «грузіць» і нармальна ўспрымаецца.

— Ці буду я мець рацыю, калі скажу, што вашыя альбомы, асабліва праз вонкавую прывабнасць, з'яўляюцца часткай папулярызацыі беларускасці?

— Вядома ж, я сам выхаваны ў патрыятычнай сям'і: нават у 1970-х, у дрымучым Савецкім Саюзе, бацька размаўляў толькі на беларускай мове, на якую я таксама свядома перайшоў у дзявятым класе, дома ў нас стаялі народныя збанкі, інтэр'ер упрыгожвалі плеценыя з саломы конікі і птушкі, на сценах віселі палотны вядомых беларускіх жывапісцаў і графікаў. Калі я пачаў маляваць, я маляваў Беларусь — не космас, жывёл ці аголеных жанчын, а вёску, храмы, бабулек. Я люблю гэтую краіну, пры ўсіх нюансах мне тут падабаецца, я сямнаццаць гадоў пражыў у Літве, мая жонка — літоўка, але вярнуўся, бо ўбачыў, што ўсё, што я раблю ў сваім жыцці, — пра Беларусь, з Вільні я ездзіў фатаграфаваць, напрыклад, чарнобыльскую зону. Цяпер я жыву за дзевяноста кіламетраў ад сталіцы і штодня гляджу на вёску, якая, на жаль, знікае.

— За час вашых, як вы называеце, сафары вы пабачылі розную Беларусь, але вашыя альбомы паказваюць, вядома ж, яе найпрыгажэйшую частку, у чым ёсць пэўная маніпуляцыя.

— Так, я гэта ўсведамляю. У гэтым таксама праяўляецца мой патрыятызм — у тым, што ва ўсіх сваіх выданнях я адлюстроўваю тое, чым мы можам ганарыцца, чаму радавацца, што можа натхніць нас на ўчынкі. Мяне, напрыклад, хвалюе тэма экалогіі, і мне здаецца, мае кнігі, што паказваюць, як у Беларусі можа быць прыгожа, прымусяць лішні раз падабраць з зямлі пластыкавую бутэльку.

— А па-за выбаркай для выданняў якой нашу краіну вы бачыце ўвогуле?

— Увогуле я бачу, як знікаюць вёскі і носьбіты аўтэнтычнай культуры. Вёска — наш самы беларускі пласт; горад стаў касмапалітычным, сярод яго жыхароў значна менш сапраўдных беларусаў, любы з іх можа ўмомант пераехаць у іншую краіну, а ў гэты час вяскоўцы моцна прывязаныя да сваёй зямлі, толькі яны знікаюць проста на вачах. Мая суседка іншы раз просіць мяне паглядзець за яе курамі, пакуль яна з'ездзіць у краму ці касцёл, і для яе праехаць некалькі кіламетраў ужо вялікая падзея. Мне гэтага вясковага пласта будзе вельмі не хапаць. Так, застанецца прыгожая прырода, але нават бажніца, што яе аздабляе, паўстае дзякуючы чалавеку і без чалавека немагчымая, тым часам парафіі знікаюць адна за адной, іх пачынаюць аб'ядноўваць, як сельсаветы. Калі ў 2004 годзе я пачаў стала ездзіць да сябе ў вёску, там было дваццаць пяць кароў, назіраць за гэтымі статкамі некалі было такой рамантыкай, а сёння — ніводнай, па малако я езджу за некалькі кіламетраў. Пятнаццаць гадоў таму ўсе хаты былі жылыя, а сёння, каб палічыць, колькі іх засталося, хопіць пальцаў дзвюх рук. Усе гэтыя працэсы для мяне як фатографа — катастрофа. Зніклі каровы — знікаюць і панарамы, бо там, дзе яны некалі пасвіліся, у лепшым выпадку паднімаецца лес, але звычайна — непралазныя хмызы, што закрываюць прыгожыя краявіды. Бывае, я адмыслова падбіраю пару года і прыязджаю ў нейкае месца, дзе ўжо бываў, але часам аказваецца, што відарыс ужо прыватызаваны гушчаром. У поймах палескіх рэк водзіцца восемдзесят працэнтаў папуляцыі вяртлявай камышоўкі, але і без таго знікаючы від аказваецца пад пагрозай, бо на тэрыторыі не пасецца жывёла, у выніку мясціны зарастаюць кустоўем і становяцца для птушкі некамфортныя. Сёння мы і да берагоў азёр не падыдзем — увогуле былы вобраз Беларусі «з'ядаецца».

— Вы вандруеце па краіне ўжо амаль 45 гадоў. Наколькі імклівая, па вашых назіраннях, тэндэнцыя знікнення аўтэнтыкі?

— Знікненне адбываецца літаральна на вачах, проста імгненна. Да нас прыйшла ўрбанізацыя, з гэтым нічога не зробіш, і сапраўдная аўтэнтыка страчваецца, але людзі ўсведамляюць неабходнасць захавання сваёй спадчыны, гэта стымулюецца ў тым ліку дзяржавай. Паўсюль жа ёсць бібліятэкі, дамы культуры і калектывы народнай творчасці — сёння нават модна звяртацца да нацыянальных традыцый, шмат дзе ёсць групы, якія ўзнаўляюць і папулярызуюць тыя ці іншыя абрады, спяваюць, танчаць, жанчыны самі сабе шыюць сукенкі з арнаментам. Хоць больш за палову аўтэнтычных абрадаў, што праводзяцца ў Беларусі, — у добрым сэнсе навабуды. Дзякуй Богу, што людзі іх працягваюць, але іх сэнс змяніўся, гэта не тое, што свядома рабіць пэўны рытуал і верыць у яго вынік.

— Вы даследавалі чарнобыльскую зону як нешта, што, як было напісана ў анатацыі, уплывае на лёс цэлай краіны. Што тут маецца на ўвазе?

— Палессе, што датычыцца беларускай аўтэнтычнасці, было самае багатае. Блізкая да Расіі тэрыторыя значна хутчэй згубіла сваю арыгінальнасць, а людзі лягчэй адмовіліся ад беларускасці. Чарнобыльскай зонай я сёння называю Віцебшчыну — вось дзе трэба шукаць занядбаныя вёскі і зарослыя разваленыя хаты. А пра палешукоў кажуць «зацятыя» — што да іх стаўлення да зямлі, што да працавітасці, што да самаўсведамлення. Нават сёння ўсе разумеюць, што значыць Століншчына: перасталі прадавацца агуркі — пачынаюцца трускаўкі, перасталі прадавацца трускаўкі — сёння ў іх цюльпаны. Яны ў бясконцым пошуку, там немагчыма знайсці незанятую зямлю, вёскі «склейваюцца» адна з адной. Палессе да таго ж — самы багаты носьбіт беларускай культуры, а пасля катастрофы людзей перасялілі і яны расталі. Я лічу, Чарнобыль знішчыў чвэрць таго, што трымала нашую аўтэнтычнасць, і такім чынам, вядома, паўплываў на ўсю краіну. І, канешне, прынёс эканамічныя страты: паглядзіце на нязгубленую частку Палесся сёння — гэта тыя, хто плаціць падаткі, як ніхто іншы. Калі ў цэнтральнай Беларусі вёска вымірае і дзяржава мусіць клапаціцца аб тым, каб дзеля двух жыхароў туды ездзіла аўталаўка і чысціўся снег, то на Палессі — росквіт, бізнес і падаткі. Зразумела, ад агуркоў, трускавак і цюльпанаў ёсць карысць для дзяржавы. Чаму і зона забруджання штогод адсоўваецца — бо гэта ўрадлівая глеба, якую мы страцілі праз Чарнобыль.

— Зноў адсылаючы да анатацыі да альбома, хачу спытаць, чым адметная свядомасць людзей, што засталіся на чарнобыльскай тэрыторыі?

— Гэта сапраўдныя людзі зямлі, я часта чуў, як казалі, маўляў, усё адно, мы тут нарадзіліся і тут памрэм. Гэта прыклад патрыятызму і любові да сваёй сенажаці і свайго ручая. Да таго ж жыхары, бывала, прыводзілі ўласныя прыклады і расказвалі, што палова з тых, каго перасялілі, памерла, а яны на забруджанай тэрыторыі вось яшчэ жывыя. Я гэта расцэньваю як псіхалагічны фактар — можа, тых людзей перасялілі і ў лепшыя ўмовы, але тугу па малой радзіме, тых самых плоце, сцежцы, полі яны не змаглі перажыць, у выніку, сапраўды, адселеныя паміралі хутчэй, чым неадселеныя.

— На заканчэнне пытанне вам як апантанаму вандроўніку па Беларусі: якія мясціны ў Беларусі для вас самыя цудоўныя, апроч, вядома ж, дома?

— Вельмі люблю Браслаўскія азёры і маю шмат фотаздымкаў з тых мясцін, а Палессе шаную менавіта за людзей, вёскі і дыялектную мову — цудоўна назіраць, як яны будуюцца, працуюць, гадуюць дзяцей. Здавалася б, за 45 гадоў я аб'ехаў усю Беларусь, але нават мой досвед не дазваляе сказаць, што я пабываў ва ўсіх яе кутках. Наша краіна такая вялікая, што магу толькі параіць вандраваць па ёй і шукаць свае любімыя мясціны.

Гутарыла Ірэна КАЦЯЛОВІЧ

Фота Сяргея ЖДАНОВІЧА

Выбар рэдакцыі

Здароўе

Як вясной алергікам аблегчыць сваё жыццё?

Як вясной алергікам аблегчыць сваё жыццё?

Некалькі парад ад урача-інфекцыяніста.