Вы тут

Скрыпач-віртуоз Арцём Шышкоў: Конкурсы — гэта, у першую чаргу, бізнес


Скрыпач Арцём ШЫШКОЎ і віяланчэліст Іван КАРЫЗНА даўно заваявалі не толькі лаўрэацкія званні на самых прэстыжных музычных конкурсах, але і, як кажуць музыказнаўцы, пакарылі Еўропу. Між тым свае карані маладыя людзі не забываюць, у іх насычаных графіках выступаў заўсёды знаходзіцца месца для канцэртаў у Беларусі. 20 лютага яны разам з сябрамі далі ўнікальны канцэрт у Вялікай зале Белдзяржфілармоніі, а ў сакавіку адправяцца ў тур па Беларусі.


–– Якія цікавыя падзеі адбыліся ў вашым жыцці пасля папярэдняга мінскага канцэрту?

–– Падзеі ў жыцці музыканта адбываюцца пастаянна! Але найбольш цікавым, акрамя маіх рэгулярных паходаў у лес (смяецца), напэўна, можна лічыць удзел у цудоўным студзеньскім праекце музычнага братэрства Windfield, прысвечаным мастацтву Рэнесансу. Улічваючы, што з гэтай музыкай я быў знаёмы толькі па некаторых запісах, атрымаў сапраўды неверагодна карысны вопыт, поўны цікавых адкрыццяў, –– распавядае Арцём Шышкоў.

Іван даслаў паведамленне, што крыху спозніцца на інтэрв'ю. Калі ён прыязджае дадому з Парыжу, дзе пастаянна жыве, натуральна, назапашваецца шмат спраў. А музыканты яшчэ і рэпетуюць перад канцэртам. На філарманічную сцэну разам з Іванам і Арцёмам выйшлі Мікалай Чарнуха (альт), Алег Яцына (скрыпка) і Аляксей Собаль (фартэпіяна). Удзельнікам канцэрту не так проста сабрацца разам, таму што Арцём і Мікалай жывуць у Германіі, Алег і Аляксей –– у Мінску. Кажуць, што часам нават рэпетавалі, выкарыстоўваючы камп'ютарныя тэхналогіі.

 – Арцём, навошта музыканту вашага ўзроўню, у якога канцэрты распісаны на гады наперад, удзел у конкурсах?

 –– Трэба сказаць, што я ў іх больш не ўдзельнічаю. А раней разглядаў конкурсы менавіта як магчымасць атрымаць новыя кантакты, канцэрты, прапановы. Але як сучасную з'яву лічу іх, груба кажучы, злом, і зусім не неабходным, бо яны даўным-даўно не адпавядаюць першапачатковай ідэі — дапамогі талентам — і ператварыліся ў інструмент пошуку найбольш стабільных тэхнічна і моцных фізічна выканаўцаў, якія могуць з мінімальнымі стратамі адыграць вялікі канцэртны тур. Такіх музыкаў лягчэй прадаць, і, адпаведна, на іх зарабіць. За найрэдкімі выключэннямі гаворка там даўно не ідзе аб пошуку насамрэч таленавітых з пункту гледжання сапраўднага мастацтва артыстаў, і ў лепшым выпадку яны атрымаюць які-небудзь другарадны прыз, і «раскручваць» іх стане нейкі неспрактыкаваны і недальнабачны менеджар, альбо дзівак, закаханы не ў грошы, а ў мастацтва. Як і практычна ўсе сферы нашага грамадскага жыцця, конкурсы — гэта, на жаль, у першую чаргу, бізнес.

Некалі не без вашага ўдзелу ў студэнтаў Акадэміі музыкі з'явілася магчымасць граць на скрыпцы Гварнеры. Ці вядома вам, якімі інструментамі зараз карыстаюцца беларускія калегі?

— Шчыра кажучы, не маю ніякага ўяўлення не толькі пра тое, на якіх інструментах граюць зараз студэнты Акадэміі і беларускія калегі, але і аб тым, дзе цяпер тая выдатная скрыпка Андрэа Гварнеры, на якой мне пашчасціла граць некалькі гадоў таму. Аднак, калі б вы ці вашыя калегі раптам сур'ёзна высветлілі гэта пытанне, я б з цікавасцю прачытаў такі матэрыял.

Дзякуй за цікавую тэму. Вы не раз давалі сумесныя канцэрты з Іванам Карызнам і піяністам Кірылам Кедуком. А з кім-небудзь з беларускіх скрыпачоў хацелі б выступіць?

–– Пытанне вельмі своечасовае,бо прыкладна праз год мы плануем зрабіць сумесны тур з беларускай скрыпачкай Уладай Беражной, з якой мы разам вучыліся ў нашага агульнага педагога — прафесара Акадэміі музыкі Эдуарда Кучынскага. Цяпер Улада таксама жыве і працуе ў Германіі. У Беларусі я заўсёды з вялікім задавальненнем выступаю з Алегам Яцынай, з якім, дарэчы, мы і будзем разам на сцэне ў гэты раз, і Алегам Подавым, які ўдзельнічаў у апошнім праекце музычнага братэрства Windfield.

–– Запрашаюць вас у ліцэй ці Акадэмію музыкі даць майстар-клас? Вам самому такая дзейнасць цікавая?

— Так, у Акадэміі музыкі я даваў майстар-клас у лістападзе мінулага года. Шчыра кажучы, я аддаю перавагу фармату майстар-класа метадычнай рабоце –– за некалькі ўрокаў я магу даць вучню масу карыснай інфармацыі, з якой ён зможа працаваць як мінімум некалькі месяцаў. А быць «наглядчыкам» і сачыць за выкананнем маіх рэкамендацый і парадаў мне не цікава — калі нехта сапраўды зацікаўлены ў прафесійным росце, то, маючы патрэбную інфармацыю, то бок веданне, ён можа і павінен самастойна развіць спачатку ўменне, а потым і навык.

–– Некалькі гадоў таму вы распавядалі, што бераце інструмент у арэнду. Нешта змянілася з тых часоў?

–– Зараз гісторыя з арэндай, на шчасце, скончылася. Мне пашчасціла знайсці людзей, якія далі мне ў карыстанне выдатную скрыпку без усякай арэнднай платы — я толькі плачу за неабходны рамонт. Гэта вялікая ўдача для любога музыканта, таму ў знак падзякі я раз у год граю для іх хатнія канцэрты.

–– Заўсёды падкрэсліваеце, што вы беларускі музыкант, і тут ваш дом, вашы родныя. Але ж зручней жыць у Еўропе?

— Так, у першую чаргу, гэта, вядома ж, практычнасць. Я жыву ў Берліне, з якога дзякуючы двум аэрапортам можна вельмі хутка і параўнальна танна дабрацца ў любую кропку Еўропы. А ўлічваючы, што сучаснаму музыканту, які грае канцэрты, хуткасць перамяшчэння проста неабходная, гэта вялікі плюс. Да таго ж, існуе яшчэ велізарная праблема візаў, якую немагчыма ігнараваць. За маё жыццё мне давялося адмяніць мноства праектаў менавіта з-за гэтай бюракратычнай перашкоды. Я жыву, працую і плачу падаткі ў Германіі, таму ў мяне ёсць круглагадовая еўрапейская віза, і такім чынам я не марную ні час, ні грошы, ні нервы на працэс атрымання візы для кожнага майго канцэрта, а з беларускім пашпартам мне заўсёды адкрыты ўезд у краіны СНД.

–– Доўга ў нас існаваў стэрэатып, што еўрапейская публіка на акадэмічных канцэртах –– гэта дамы ў дыяментах. Якое ж было маё здзіўленне, калі ў адным з оперных тэатраў убачыла вельмі сціплую публіку, што не перашкаджала ёй разумець оперу. А якой вы бачыце публіку з розных сцэн?

–– У Еўропе наогул цяпер адбываецца спроба зрабіць музыку даступнай для ўсіх слаёў насельніцтва. На вонкавай сцяне Венскай оперы, напрыклад, вісіць велізарны экран, на якім летам можна глядзець оперу прама на вуліцы цалкам бясплатна, нават седзячы на крэсле і пры жаданні нават з добрым аўстрыйскім півам. А ў большасці еўрапейскіх філармоній прадаюцца квіткі і абанементы з вялікімі зніжкамі для студэнтаў. Месцы не самыя зручныя, часта і без месца, але ўсё ж ёсць магчымасць трапіць на аншлагавыя канцэрты знакамітых музыкантаў і калектываў. Вельмі здзіўляе і засмучае, калі ў Мінску праходзяць канцэрты класічнай музыкі, квіткі на якія каштуюць некалькі соцен рублёў. Як можа чалавек мастацтва, настаўнік, вучань, ды і наогул сумленны чалавек трапіць на такі канцэрт? Але, відавочна, арганізатараў такіх мерапрыемстваў больш турбуе свая набітая кішэня, чым публіка, якой сапраўды патрэбныя і цікавыя такія канцэрты.

Так за размовай непрыкметна праляцеў час, і да нас далучыўся Іван Карызна.

Бясконца паважаю вас і вашых калегаў за тур па малых гарадах Беларусі ў 2015 годзе. Ці маеце намер паўтарыць гэты вопыт?

–– Гэта быў вельмі цікавы вопыт, нашай галоўнай задачай было прынесці класічную музыку найвялікшых кампазітараў туды, куды, хутчэй за ўсё, яна вельмі рэдка даходзіць. Хацелася паглядзець на твары людзей, як яны ўспрымаюць, рэагуюць і перажываюць гэтую музыку. Вынік перасягнуў чаканні, практычна на ўсіх канцэртах быў аншлаг і авацыі пасля кожнага канцэрта. Мы аб'ехалі 29 гарадоў за месяц...

–– На жаль, нашы поп-артысты паблажліва ставяцца да канцэртаў у глыбінцы...

–– Зусім не саромеюся таго, што езджу туды, адчуваю сваім абавязкам падзяліцца мастацтвам з людзьмі. Тым больш мяне заўсёды там вельмі чакаюць, і я адчуваю ад людзей вялікую любоў. Прызнаюся, што мне вельмі хочацца часцей выбірацца ў такія маленькія гарады, гэта яшчэ і выдатная магчымасць убачыць усю нашу чароўную Беларусь.

–– На сакавік у вас запланаваны вялікі тур, раскажыце, куды паедзеце.

–– Мы з Арцёмам плануем выступіць у 6-ці гарадах Беларусі з праграмай дуэтаў для скрыпкі і віяланчэлі. Прагучаць творы Золтана Кадаі, Морыса Равеля і Багуслава Марціну. На гэты раз, праўда, наш гастрольны маршрут пройдзе па чатырох абласных цэнтрах: Брэст (15 сакавіка), Гродне (16), Віцебск (21) і Гомель (24). Вядуцца перамовы аб выступах у Пінску і Баранавічах, а фінальны канцэрт адбудзецца 26 сакавіка ў сталіцы.

Аксана ЯНОЎСКАЯ

Фота прадастаўлена Іванам Карызнам і Арцёмам Шышковым

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Колькасць «супрацьпрышчэпачнiкаў» змяншаецца, бо вакцыны даказваюць сваю эфектыўнасць

Колькасць «супрацьпрышчэпачнiкаў» змяншаецца, бо вакцыны даказваюць сваю эфектыўнасць

Сусветны тыдзень iмунiзацыi сёлета пройдзе з 24 да 30 красавiка пад лозунгам #Vaccines Work for AN# — «За агульны доступ да эфектыўных вакцын».

Грамадства

Карэспандэнты «Звязды» выправiлiся ў рэйд з супрацоўнiкамi ДАI

Карэспандэнты «Звязды» выправiлiся ў рэйд з супрацоўнiкамi ДАI

Абстаноўка на дарогах Мiнскага раёна — не з самых простых.

Грамадства

Нацыянальная акадэмія навук ініцыюе стварэнне народнага летапісу Вялікай Айчыннай вайны

Нацыянальная акадэмія навук ініцыюе стварэнне народнага летапісу Вялікай Айчыннай вайны

Навукоўцы звяртаюцца да кіраўніцтва абласных і раённых выканаўчых камітэтаў, устаноў адукацыі і культуры, грамадскіх арганізацый, усіх зацікаўленых грамадзян з просьбай разгарнуць работу па зборы ўспамінаў і фатаграфій удзельнікаў падзей Вялікай Айчыннай вайны.