Вы тут

У гродзенскім парку імя Жылібера з'явіліся незвычайная інсталяцыя і кола агляду


Ініцыятарамі і выканаўцамі новай фотазоны сталі супрацоўнікі Гродзенскага завода па ўтылізацыі і механічнай сартыроўцы адходаў. І гэта не першы такога роду аб'ект у іх выкананні. На рахунку прадпрыемства — арыгінальныя сметніцы ў выглядзе джэнтльмена і дамы з сабачкай. Чарговым аб'ектам стаў зялёны раяль.


Формай ён нічым не адрозніваецца ад сапраўднага і зроблены ў натуральную велічыню. Вось толькі мае незвычайны зялёны колер, бо абцягнуты штучнай тканінай, якая нагадвае траву. Ёсць у яго і клавіятура, праўда, яна не працуе. Затое музыка даносіцца з глыбіні інструмента. Калі хтосьці да яго падыходзіць, датчыкі на гэта рэагуюць і выдаюць мелодыю вядомага шлягера.

Зялёны раяль устаноўлены недалёка ад увахода ў парк, каля спуску ў Швейцарскую даліну. Гэта любімае месца для шпацыраў мам з дзецьмі, а таксама папулярная фотазона шлюбных пар. Новы арт-аб'ект ужо выклікаў зацікаўленасць гараджан і гасцей горада. Летам на ім будзе створаны жывы кветнік.

Дарэчы, такая канструкцыя ў выглядзе раяля ёсць і ў іншых гарадах — Гомелі і Брэсце. Аб'екты з'явіліся падчас святкавання знамянальных дат гэтых гарадоў.

Пра новае кола ў Гродне канкрэтна загаварылі гадоў пяць таму. Было зразумела, што ідэя можа ператварыцца ў жыццё, бо знайшла падтрымку і сярод гарадскіх улад, і сярод гараджан.

Інвестар, прадстаўнік інвестыцыйнай кампаніі Юрый Солтан кажа, што даволі працяглы тэрмін спатрэбіўся для пошуку аўтарытэтнага вытворцы. Спыніліся на прадпрыемстве з сусветным брэндам, чыя канструкцыя ўстаноўлена ў розных краінах свету. Яна разлічана на работу нават у сейсмічна небяспечных рэгіёнах. Аўтаматыка папярэджвае аб узмацненні ветру ці ліўні, на аснове чаго аператар прымае рашэнне, працягваць рух ці не.

Чакалі, што кола пачне працаваць перад Новым годам, але не паспелі атрымаць выпіску сертыфіката Мытнага саюза з расійскага боку. Па словах суразмоўніка, гэты працэс адцягнуў пуск кола на два месяцы. Затое павялічыў тэрмін на праверку бяспекі: на 20 гадзін больш за патрэбны тэрмін «каталі» мяшкі з пяском. У кожнай кабінцы — па паўтоны.

Урачысты пуск адбыўся пасля цырымоніі замацавання апошняй гайкі на аснове апоры. Апрабаваць новы атракцыён сабралася нямала ахвотных — да кола выстраілася даволі працяглая чарга. Праўда, яна рухалася досыць хутка, раз-пораз падыходзіла новая кабінка. Усяго іх 24, у кожную можа памясціцца чатыры чалавекі. Кабінкі поўнасцю закрытыя, з вялікімі пластыкавымі вокнамі. Праўда, хістаюцца ад самага малога руху, таму лепш сядзець спакойна і любавацца наваколлем. А назіраць ёсць за чым! З вышыні 42 метраў адкрываецца прыгожая панарама гістарычнай часткі горада і больш аддаленых мікрараёнаў. «Рэйс» доўжыцца 10 хвілін, і гэтага якраз хапае, каб атрымаць пэўную дозу адрэналіну.

Маргарыта Ушкевіч, фота аўтара

Загаловак у газеце: Раяль у кустах і адрэналін на вышыні

Выбар рэдакцыі

Культура

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Канцэрт для дзяцей і моладзі, пластычны спектакль Ягора Дружыніна і «Рок-панарама».