Вы тут

З чаго складаецца сабекошт паслугі


Наўрад ці хто ў краме патрабуе ў прадаўца растлумачыць, з чаго складаецца сабекошт тавараў ці чаму павышаюць цэны на прадукты ды адзенне. Аднак чамусьці ўсіх хвалюе, якія затраты нясуць камунальнікі дзеля цяпла ў нашых кватэрах. Тым не менш у Мінсккамунцепласетцы згадзіліся растлумачыць, чаму цяпло — самая дарагая паслуга ў нашых паведамленнях на аплату.


Важкія паказчыкі

Сабекошт цяпла залежыць ад многіх фактараў. На ім адбіваюцца і магутнасць крыніцы, якая яе вырабляе, і абсталяванне, і паліва, якое выкарыстоўваюць. І гэта толькі асноўнае. У Мінсккамунцепласеткі на абслугоўванні знаходзіцца 45 кацельняў, сярод іх — пяць міні-ЦЭЦ, газавыя і камбінаваныя (выкарыстоўваюць газ і шчапу. — «Зв.») крыніцы, ёсць нават і электрычная кацельня.

— Асноўны кампанент, з якога складаецца сабекошт, — паліва. І на сёння самы выгадны варыянт — гэта камбінаваная кацельня, таму што шчапа — самая танная сыравіна, — мяркуе галоўны інжынер УП «Мінсккамунцепласетка» Генадзь Лукашэвіч. — Газ на такіх кацельнях мы амаль не выкарыстоўваем: толькі ў тых выпадках, калі на вуліцы тэмпературы ніжэйшыя за сем градусаў марозу — гэта неабходна па тэхналогіі, — ці абсталяванню, якое працуе на шчапе, патрэбен рамонт.

Сабекошт цеплавой энергіі складаюць каля 40 паказчыкаў, аднак не на ўсіх кацельнях улічваюць кожны з іх — звычайна на адной крыніцы іх каля 20. Акрамя паліва, якое складае амаль 60 % затрат, самымі важкімі лічацца заработная плата супрацоўнікаў і амартызацыя. Астатнія паказчыкі адносяць да іншых, таму што яны складаюць зусім невялікі працэнт. Тут і ўзносы ў ФСАН, і паслугі аховы, і падаткі.

Напрыклад, у студзені гэтага года сабекошт цяпла на адной з газавых кацельняў быў вышэйшы на дзевяць рублёў, чым на камбінаванай (якая працуе на шчапе, а газ выкарыстоўвае толькі ў пэўных выпадках). І што выйшла? На газавай кацельні амаль 75 % затрат склала паліва, па 3 % пайшло на зарплаты і амартызацыю, а больш за 5 % — на аплату падаткаў. А вось на камбінаванай кацельні на шчапу аддалі больш за 40 % выніковай сумы, газ у студзені выкарыстоўвалі толькі аднойчы (3 %), амаль 17 % патрацілі на зарплату супрацоўнікаў, 12 % на амартызацыю і каля 5 % — на падаткі. Усё астатняе і ў тым, і ў другім выпадку — неістотныя паказчыкі, якія нават пералічваюць праз коску (ФСАН, ахова, запчасткі, матэрыялы для рамонту і іншае).

— Але, нягледзячы на тое што сёлета была цёплая зіма, наша прадпрыемства нясе тыя ж затраты, што і раней. Так, мы страцілі менш паліва, але ж кацельні працуюць у звычайным рэжыме, — тлумачыць спецыяліст. — Больш за тое, сабекошт у такіх выпадках можа стаць і вышэйшым, бо крыніцы не адпускаюць звычайны аб'ём цяпла. Цана ў рублях можа захавацца, але ў пераводзе на гігакалорыі, наадварот, павысіцца.

Наогул сабекошт цяпла на той ці іншай кацельні можа змяняцца кожны месяц, асабліва ў ацяпляльны і міжацяпляльны перыяды. А вось колькасць сродкаў, патрачаных на амартызацыю, ужо залежыць ад таго, калі гэтая кацельня была пабудавана. Калі на аб'екце вырашылі змяніць абсталяванне і замест прыроднага
газу выкарыстоўваць тую ж шчапу, то можна істотна сэканоміць на паліве, але гэта можа фактычна не паўплываць на сабекошт, таму што павялічыцца паказчык амартызацыі.

— Самы ідэальны варыянт — падключыцца да цэнтральнага цеплазабеспячэння: сёння яно самае таннае, але не заўсёды можа быць тэхнічная магчымасць — некаторую частку горада ацяпляюць кацельні нашага прадпрыемства, і сабекошт гігакалорыі, як я казаў, у іх адрозніваецца, — кажа Генадзь Леанідавіч. — Нават ёсць кацельня, якая знаходзіцца на даху дома і ацяпляе толькі яго, зразумела, што там сабекошт будзе вышэйшы, чым на больш магутных крыніцах. І цяпер цяжка сказаць, як у будучыні мы будзем плаціць за цяпло, бо пакуль насельніцтва аддае толькі каля 20 % ад рэальнага кошту. Варыянтаў шмат. Мы можам плаціць толькі за тыя затраты, якія панясе тая ці іншая кацельня, а магчыма, гэта будзе і нейкая сярэдняя цана для ўсіх уласнікаў.

Напрыклад, у той жа Расіі жыхары не атрымліваюць ніякіх датацый, і нават суседзі могуць плаціць па-рознаму, калі іх дамы ацяпляюць ад розных кацельняў. А вось Літва пайшла па іншым шляху — кампаніі (накшталт нашых таварыстваў уласнікаў ці службаў заказчыка) купляюць цяпло ў іншых арганізацый праз конкурс (па прынцыпе — якая з іх прапануе таннейшую сыравіну), і гэта дазваляе зрабіць развіты рынак у гэтым кірунку.

Галоўнае пытанне

Пры гэтым у Мінсккамунцепласетках робяць шмат, каб знізіць сабекошт цяпла. Сёння сярэдняя лічба па прадпрыемстве складае каля 90 рублёў за адну гігакалорыю. Каб дасягнуць такіх паказчыкаў, пастаянна ўдасканальваюць тэхналогіі, устанаўліваюць сучаснае абсталяванне, пераводзяць крыніцы цяпла ў аўтаматычны рэжым (цяпер так працуе каля 80 % кацельняў прадпрыемства), аптымізуюць колькасць супрацоўнікаў, мяняюць старыя цепласеткі на ПІ-трубы.

Напрыклад, летась супрацоўнікі Мінсккамунцепласеткі мадэрнізавалі тры цеплавыя пункты і замянілі 54 кіламетры сетак. Не так даўно на мясцовыя віды паліва перавялі кацельню па вуліцы Лынькова, і яна самая буйная крыніца цяпла на мясцовым паліве ў сталіцы. Толькі на сыравіне прадпрыемства эканоміць больш за 700 тысяч рублёў у год! Пачалі выкарыстоўваць шчапу і на кацельні «Баравая». Кацёл большай магутнасці працуе толькі ў ацяпляльны перыяд, а летам гарачай вадой гараджан забяспечвае яго меншы «калега». Гэта таксама дазваляе істотна эканоміць сродкі.

І вельмі добра, калі пастаўшчык так клапоціцца пра зніжэнне сабекошту, але ж і нам самім трэба задумвацца аб эканоміі сваіх грошай. Ужо сёння, нягледзячы на тое што мы аплачваем толькі 20 % ад рэальнага кошту цяпла (калі ўзяць сярэдні сабекошт Мінсккамунцепласетак, гэта толькі 18 рублёў з 90 за адну гігакалорыю!), гэтая паслуга з'яўляецца самай «цяжкай» у нашых жыроўках. І вось тут уласнікам могуць дапамагчы сэканоміць і ўстаноўка індывідуальных прыбораў уліку, рэгулятараў цяпла, і нават цеплавая мадэрнізацыя дома.

— У прыватнасці, такая мадэрнізацыя дапаможа наблізіць старыя дамы да сучасных стандартаў энергаэфектыўнасці, што дазволіць істотна эканоміць цяпло. І найлепшага эфекту можна будзе дасягнуць сумесна з правядзеннем капітальнага рамонту, — лічыць галоўны інжынер Мінскай гарадской жыллёвай гаспадаркі Сяргей Рубанаў. — Калі будзе выкананы поўны комплекс работ, то спажыванне цяпла знізіцца амаль на 50 %. Акрамя эканоміі сродкаў, уласнікі атрымаюць камфортныя ўмовы пражывання і павышэнне кошту сваёй кватэры.

Спецыяліст адзначае, што дзяржава ўжо стварыла ўсе неабходныя для гэтага ўмовы (Указ Прэзідэнта № 327 «Аб павышэнні энергаэфектыўнасці шматква-
тэрных жылых дамоў»), а пастаўшчыкі на пастаяннай аснове працуюць над зніжэннем сабекошту паслуг. Аднак на галоўнае пытанне, ці жадаем мы эканоміць свае грошы, кожны ўласнік жылля павінен адказаць сабе сам.

Валерыя КІСЛАЯ

Фота аўтара

Загаловак у газеце: Кампаненты цяпла

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Не трапіць у рабства анлайн. Як у краіне змагаюцца з гандлем людзьмі

Не трапіць у рабства анлайн. Як у краіне змагаюцца з гандлем людзьмі

З 2000 года ў Беларусі выяўлена 4421 злачынства, звязанае з гандлем людзьмі.

Эканоміка

Дзесяць пытанняў пра крэдыты, або Што трэба ведаць аб крэдыце, каб ён стаў сродкам рэалізацыі мэт, а не цяжарам на плячах

Дзесяць пытанняў пра крэдыты, або Што трэба ведаць аб крэдыце, каб ён стаў сродкам рэалізацыі мэт, а не цяжарам на плячах

Пра што абавязкова трэба падумаць перад тым, як браць на сябе фінансавыя абавязацельствы перад банкам?

Спорт

Замена Алімпіядзе. Беларуская лёгкаатлетычная

Замена Алімпіядзе. Беларуская лёгкаатлетычная

Беларуская федэрацыя лёгкай атлетыкі зладзіла свае гульні.