Вы тут

Алесь Бадак. «Дождж ліў як з вядра»


— «Дождж ліў як з вядра»...  Чаму «як з вядра»?

— Што?

— Чаму «як з вядра»?

— Устойлівы выраз такі. Усе так гавораць.

Мужчына гадоў пяцідзесяці страсянуў плячыма:

— Усе? Для аўтара гэта хутчэй мінус, чым плюс.


Ён дастаў з левай кішэні піджака насоўку, але кропелька поту паспела скаціцца па лбе і ўпала на рукапіс апавядання, які ляжаў перад ім на маленькім століку. Мужчына адчуў сябе крыху няёмка, і яму стала ўсё цяжэй утаймоўваць у грудзях раздражненне, выкліканае жнівеньскай духатой у гэтым велізарным кніжным павільёне, а больш за ўсё прадчуваннем таго, што прыехаў сюды дарэмна.

«Жанчыны-пісьменніцы — матылькі, а мужчыны-пісьменнікі — пчолы»,— падумаў ён, прыклеіўшыся матавым позіркам да фразы пра дождж, які ліў як з вядра, — далей чытаць не хацелася. Як ёй растлумачыць, што гэта ніякая не проза?

Да сённяшняй сустрэчы ў іх была толькі тэлефонная размова. Яна патэлефанавала яму з Масквы месяц таму, вельмі прасіла прыехаць на кніжны фестываль, каб прэзентаваць яго кнігу, якая сёлета выйшла ў іх выдавецтве. На жаль, сказала яна, у рэдактара, што займаўся кнігай, на дні фестывалю якраз прыпаў адпачынак з паездкай у Турцыю, таму прэзентацыю даручана правесці ёй. Праўда, яна ўсяго тры месяцы як працуе ў выдавецтве, але нічога, справіцца. Ён даў згоду не ёй, а яе прыемнаму голасу, і цяпер, калі нарэшце ўбачыў дзяўчыну, адчуў сябе падманутым, быццам яго разыгралі, паабяцаўшы адно, а наяве паказаўшы зусім іншае. Але больш за ўсё ён адчуваў сябе падманутым праз тое, што, па ўсім відаць, ніякай прэзентацыі яго кнігі сёння не будзе. Гадзіннік паказваў 11.55, да пачатку заставалася пяць хвілін, а некалькі дзясяткаў пластмасавых крэслаў, расстаўленых паўкругам вакол невялічкай імправізаванай сцэны, на якой ён цяпер сядзеў у такім жа пластмасавым крэсле, усё яшчэ былі пустыя.

Цікава, як яна будзе выкручвацца?

Яна заўважыла, што ён паглядзеў на гадзіннік:

— Нам выдзелілі не лепшую пляцоўку — у самым аддаленым ад галоўнага ўвахода кутку.

Гэта было праўдай: асноўная маса наведвальнікаў прахаджвалася па цэнтры павільёна, але найбольш людзей тоўпілася каля цэнтральнай сцэны, падысці да якой ужо каторы раз заклікаў па гучнай сувязі прыемны жаночы голас, абяцаючы сустрэчу з аўтарам бестселераў у жанры сентыментальнай прозы, прозвішча якога яму ні аб чым не гаварыла.

А на што ён разлічваў, калі пагаджаўся прыехаць? Хто тут яго ведае, хто тут яго чытаў?

«Дождж ліў як з вядра». Даўся яму гэты дождж. Зрэшты, каб пісаць бестселеры ў жанры сентыментальнай прозы, і трэба думаць такімі трафарэтнымі фразамі.

— Хочаце кавы?

Ну вось, намёк на тое, што выступленне варта адмяняць.

Ён кінуў позірк на пластмасавыя крэслы, якія стаялі, нібы салдаты па стойцы смірна, у тры шарэнгі, чакаючы каманды. І тут жа на першым радзе, якраз па цэнтры, ён убачыў яе. Яна сядзела ціха, як студэнтка-выдатніца на лекцыі строгага прафесара, але, здавалася, ён адчуў у ёй унутраную напружанасць, быццам яна баялася, што заняла чужое месца і яе вось-вось могуць прагнаць.

У гэты момант ён адчуў у сабе азарт, які не раз прыходзіў да яго за некалькі імгненняў да адчаю і штурхаў на ўчынкі, на якія ён у спакойным стане быў не здатны.

— Кавы? Дванаццаць гадзін, давайце пачынаць.

Ён убачыў у вачах дзяўчыны недаўменне, якое толькі дадало яму азарту.

— Прадстаўляць мяне не трэба.

Ён лёгка ўзняўся з крэсла, прывычным рухам падхапіў са століка мікрафон і ступіў некалькі крокаў наперад. Цяпер ён глядзеў толькі на яе, і на яго вуснах гуляла хуліганская ўсмешка.

— Добры дзень! Я і сам не буду прадстаўляцца: думаю, у маёй сітуацыі гэта лішняе. Зрэшты, было б разумна, калі б усе выдавецтвы ўвогуле адмовіліся ставіць на вокладках кніг імя аўтараў і назвы твораў. Паверце, тады нашмат узрасла б колькасць тых, хто прачытаў «Вайну і мір», і зменшыліся б тыражы кніг многіх модных сёння аўтараў. Нават страшна ўявіць, колькі людзей ва ўсім свеце кінулі б займацца пісьменніцтвам і нарэшце сталі б рабіць тое, чым яны могуць прыносіць большую карысць. Мы не ведаем, хто напісаў «Слова аб палку Ігаравым», але няўжо б яно зрабілася больш геніяльным, калі б мы гэта ведалі? Ёсць у беларускай літаратуры дзевятнаццатага стагоддзя славутая сатырычная паэма: «Тарас на Парнасе». Не чулі? Паверце на слова: паэма, і праўда, цудоўная. Нездарма яе прыпісвалі то Дуніну-Марцінкевічу, то Багушэвічу — ого, у свой час гэта былі зоркі першай велічыні ў нашай літаратуры. А ў гады майго дзяцінства яе вывучалі ў школе. Яе і сёння вывучаюць, але тады яна лічылася ананімнай. А пасля ўстанавілі аўтарства: Канстанцін Вераніцын. Крытыкі разгубіліся: хто гэта? адкуль? Аказваецца, з Віцебскага павета, з вёскі Астраўляны. Хутчэй за ўсё, маці, якая была прыгоннай, нажыла яго ад пана, што пасля даў яму вольную — як кажуць, і на тым дзякуй. Сваю паэму Вераніцын напісаў у дваццаць адзін год, калі вучыўся ў Горы-Горацкім земляробчым інстытуце на агранома. І пайшла яна ананімна па руках — у адным, другім, трэцім спісе. Хто ведае, колькі было гэтых спісаў — сотні, а мо, тысячы. Сучаснік Вераніцына этнограф Еўдакім Раманаў у запале казаў, што паэму тую можна было знайсці ў кожнай хаце. І што, мая дарагая, — ён па-ранейшаму нібы абдымаў сваім позіркам тую, што сядзела перад ім на першым радзе, — думаеце, Вераніцын пачаў біць сябе ў грудзі: гэта я аўтар! Ды кіньце, ён пальцам не паварушыў, каб заявіць пра сябе нават тады — амаль праз трыццаць пяць гадоў, калі паэма ўрэшце была ананімна надрукавана. Ну, але ж ён не ў дваццаць першым стагоддзі жыў! Хацеў бы я паглядзець на таго, хто сёння па сваёй ахвоце гатовы адмовіцца ад такой славы. Мая дарагая, дваццаць першае стагоддзе разбурае літаратуру, як карозія. Але літаратура — гэта не тое, што на паперы, як прывыкла думаць большасць людзей. Літаратура — гэта тое, што ў нас унутры. Друкаванае слова мёртвае, пакуль яно не пройдзе, як вада праз пясок, праз нашы ўяўленні. Дайце прачытаць адзін і той жа тэкст тысячы чалавек: тое, што ў ім напісана, кожны ўявіць па-свойму. Чытач — суаўтар пісьменніка, геніяльны суаўтар. Але гэта злы геній літаратуры! Часам гэта сам д'ябал, які водзіць рукой пісьменніка, прымушаючы таго дзеля славы ці грошай пісаць бульварнае чытво...

Ён зрабіў паўзу, перабіраючы ў галаве тое, з чым можна было б параўнаць бульварнае чытво, але яго думкі перабіў саладжава-мяккі, бы прапушчаны праз мясарубку, мужчынскі голас:

— Можна пытанне?

Ён перавёў здзіўлены позірк улева, на самы край імправізаванага зальчыка: ён нават не здагадваўся, што за імі назірае нехта старонні. «Букініст», — сходу прыклеіў яму мянушку, арыентуючыся па вельмі паношаным і даўно не прасаваным цесным касцюме, які быў упору мужчыне, па ўсім відаць, гадоў дваццаць таму, і па яшчэ больш пацёртай кнізе, якую той прыціскаў да грудзей, быццам ікону.

— Калі ласка.

— Вы не дапускаеце, што колькасць людзей, якія прыйшлі на сустрэчу з вамі, — пераканаўчае сведчанне таго, што сёння пераважная большасць чытачоў лічыць інакш: наша эпоха, на жаль, пакуль не нарадзіла свайго Льва Талстога, і ў гэтым не іх віна. Нельга вінаваціць іх у тым, што ў спякотны дзень яны ў цені дрэў здавальняюцца цішынёю, а не спрабуюць зразумець мову лістоты: прынамсі, для таго, каб навучыцца яе разумець, спачатку павінен падняцца вецер, што ад іх ніяк не залежыць.

Словы «букініста» яго ніколькі не здзівілі. Ён чуў іх дзясяткі разоў у розных аўдыторыях і ў тэлеэфіры, чытаў на старонках газет і ў інтэрнэце. Яны мянялі, часам да непазнавальнасці, сваё гучанне, але сэнс іх заставаўся той жа: сёння вялікай літаратуры няма. Ён таксама адказваў па-рознаму, захоўваючы ў сказаным адзін і той жа сэнс.

— Прамоўленыя словы часта з'яўляюцца падманнымі, заўсёды праўдзівае толькі маўчанне, таму якраз яго і трэба вучыцца разумець, — адказаў ён упэўнена, перад гэтым паспеўшы падумаць, што ў голасе «букінінста» была не іронія, а, хутчэй, спачуванне. — Менавіта ў маўчанні схаваны глыбіня і мудрасць. У кнізе гэта не тое, што напісаў аўтар, а тое, пра што ён думаў, калі пісаў. Вам не здаецца парадаксальным, што ад сённяшніх пісьменнікаў патрабуюць сучасную «Вайну і мір» тыя, хто талстоўскую эпапею альбо зусім не чытаў, альбо кінуў чытанне дзе-небудзь пасярэдзіне рамана? Хіба такія людзі могуць пазнаць генія сярод сваіх сучаснікаў?

Ён гаварыў спакойна, нават ціха, але дынамік дадаваў голасу цвёрдасці, хвалямі напаўняючы ім паветра. І на гэты голас паступова пачалі ісці людзі — па адным, па два; нехта, крыху запаволіўшы крок, задумліва рухаўся далей, але нехта заставаўся стаяць перад сцэнай альбо займаў адно з вольных пластмасавых крэслаў.

— А вы не дапускаеце, што час геніяў у літаратуры незваротна прайшоў? — спытаў малады чалавек, з тых, што любую тэорыю падвяргаюць сумненню. — Мы жывём у постіндустыяльную эпоху, і чалавецтва ўвесь свой разумовы і творчы патэнцыял у першую чаргу накіроўвае на тое, што ў дадзены момант больш запатрабаванае.

— Не дапускаю, таму што геніі не належаць канкрэтнаму часу альбо канкрэтнай эпосе, як здаровае дрэва не належыць толькі зямлі ці толькі небу. Іх фізічнае з'яўленне свету нішто ў параўнанні са з'яўленнем духоўным, якое не ведае часавых і прасторавых межаў. Вы сказалі: у дадзены момант, быццам гэта самы важны арыенцір у творчай дзейнасці. Але той, хто, ідучы, увесь час глядзіць сабе пад ногі, не бачыць, што адбываецца наперадзе, а той, хто, ідучы, глядзіць наперад, ведае, што ў яго пад нагамі. Страх быць незапатрабаванымі ў дадзены момант — гэта доля тых, хто піша бульварнае чытво, гэта якраз тыя, хто ўвесь час глядзіць пад ногі, таму кругагляд іх вельмі вузкі, а век іх твораў вельмі кароткі.

— А вы самі можаце назваць хоць бы аднаго літаратурнага генія нашай эпохі? — спытала жанчына сярэдніх гадоў са знешнасцю, якая і ў такім узросце апраўдвала яе какецтва — яно чулася ў кожным пытанні, адрасаваным незнаёмаму мужчыну.

Ён паціснуў плячыма:

— Не магу.

Слухачы, якія стаялі перад ім шчыльнай сцяною, засмяяліся.

— Ваш смех быў бы яшчэ больш гучным, калі б я назваў яго імя. Прычым, не важна, чыё імя прагучала б. І справа не толькі ў тым, што называць імя геніяў — гэта прэрагатыва нашчадкаў, а не сучаснікаў. Урэшце кожны чалавек мае права на сваю думку, як кожная эпоха мае права на сваю праўду. Але справа яшчэ ў тым, што вы самі не хочаце, каб я яго называў.

— Як гэта? — здзівілася какетка.

— Вы не хочаце гэтага, таму што ён вам непатрэбны. Ён вам чужы. Ён лішні ў вашым свеце, у якім іншыя героі: вы штодня бачыце іх у скандальных тэлевізійных ток-шоу, чытаеце ў інтэрнэце пра іх каханак і пазашлюбных дзяцей, пра іх п'яныя выхадкі і невылечныя хваробы. Часта вы абураецеся іх паводзінамі, але ў душы вам прыемна, што яны такія ж, як і вы, а можа, горшыя за вас. У іх вы знаходзіце апраўданне сваім заганам і слабасцям, таму вам не патрэбны геній, які будзе вам на іх указваць. Прабачце, я не маю на ўвазе канкрэтна вас, паколькі мы з вамі зусім незнаёмыя. Проста ў вашым голасе я чую голас часу, і яму адказваю. Самае ж страшнае, калі заўтра з'явіцца геній граху, які апяе і ўславіць усё тое, што сёння пакуль яшчэ лічыцца злом, і ўсе будуць ведаць яго імя, і ўсе стануць яму пакланяцца.

Ён гаварыў і адчуваў сябе так, як заўсёды адчуваў у хвіліны творчага ўздыму: нехта ўнутры цябе шэпча словы, якія ты тут жа паўтараеш, не паспяваючы перад гэтым да канца ўсвядоміць іх сэнс. Азарт прайшоў, на сэрцы з'явіліся лёгкасць і спакой, нібы на моры пасля нядаўняга шторму. Так з ім было нярэдка на выступленнях. Ён ведаў, што самае складанае пачаць, знайсці некалькі першых фраз, якія альбо дазволяць табе завалодаць публікай, альбо настрояць публіку супраць цябе.

І ў гэты момант ён успомніў пра тую, што адзінока сядзела на крэсле перад пачаткам яго выступлення. Як можна было забыць пра яе! І тут толькі да яго дайшло, што на тым крэсле цяпер сядзела тая самая какетка сярэдніх гадоў. «Што ж, бывай, незнаёмка!» — весела падумаў ён, пільна пазіраючы жанчыне ў вочы, і не мог стрымаць усмешку, якую яна зразумела па-свойму і какетліва паслала ў адказ сваю.

Калі гадзіннік паказваў пачатак на другую, ён павярнуўся да выдавецкай рэдактаркі: час быў заканчваць сустрэчу. Некалькі чалавек падышлі, каб набыць яго кнігу і ўзяць аўтограф. Ён доўга думаў, што напісаць какетцы, якая назвалася «проста Святланай», і ўрэшце напісаў коратка: «У кожным чалавеку жыве геній. У вас таксама, таму што вы геніяльны слухач!»

Развітваючыся з выдавецкай рэдактаркай, ён узяў са століка рукапіс яе апавядання.

— Калі вы не супраць, я забяру яго з сабой, каб пачытаць дома ў спакойнай абстаноўцы. У ім нешта ёсць, бясспрэчна. І пра дождж, які там лье як з вядра, я пагарачыўся. Зрэшты, ён ліў і ў Талстога, і ў Дастаеўскага, і ў Гогаля.

— Дзякуй! — узрадавалася дзяўчына. — І дзякуй вам за выступленне. Гэта было здорава! Прызнацца, калі напачатку вы павіталіся з пустой залай, а пасля гаварылі ёй «мая дарагая», я спалохалася.

— Чаму з пустой? — лагодна ўсміхнуўся ён. — На першым радзе ў самым цэнтры сядзеля яна. І, як мне падалося, вельмі ўважліва слухала.

— Хто — яна?

— Муха. Звычайная шэрая муха.

Задаволены з'яўленнем разгубленасці на дзявочым твары, са словамі «Я вам напішу з Мінска!» ён накіраваўся да выхаду. Перад ім паслужліва расчыніліся дзверы-аўтамат, выпускаючы яго на вуліцу. Дыхнула вільготнай свежасцю. Неба было зацягнута шэрымі хмарамі. Дождж ліў як з вядра.

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Выбар саджанца для садавода — той момант, значнасць якога складана пераацаніць.

Культура

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Канцэрт для дзяцей і моладзі, пластычны спектакль Ягора Дружыніна і «Рок-панарама».