Вы тут

Валянціна Доўнар. Простая мова


Ад сумнага да смешнага — крок. Як і назад. На вуліцы дзве кабеты сустрэліся. «Нешта ты змарнелая, сумная, — прызнала адна. — Можа, сталася што?» — «Так, — цяжанька ўздыхнула другая, — свёкар памёр...» — «Бяда... Разумею... Ды ў каго яе няма? І ў мяне ж вось таксама...» — «?!» — «Ноччу ровар укралі».

...З гэтай нагоды тая жанчына (ці іншая...) у міліцыю пайшла. Там сталі шукаць. Затрымалі падазраванага, учынілі допыт: «Лепей, — кажуць, — прызнайся, што ты ўкраў». — «Не! Далібог! У мяне ёсць гэта... Ну як яго? Слова забыўся... А, успомніў: алібі! Я сёння ноччу гарэлку гнаў. Можаце пад'ехаць праверыць — трубкі яшчэ цёплыя будуць».

...Жыццё нібы тое кіно: алібі альбо няма, альбо ёсць — жалезнае.


Бо жывы!

У той сям'і абавязкі падзелены. За гаспадыняй — кухня, за гаспадаром — прыборка жытла: выціранне пылу, мыццё падлог, чыстка дываноў... Прычым не толькі ў сваёй кватэры — як мінімум раз на тыдзень яны ездзяць да бацькі (ён жыве адзін) — гатуюць ды прыбіраюць там — часам, на жаль, са скандалам, бо дзед у свае амаль 90 можа з вуліцы ў кватэру нанасіць пяску, любіць параскідаць рэчы, напэцкаць рознага посуду, накрышыць у ложак пернікаў.

— Ну вы ж бы акуратней! — ушчуваюць дзеці старога.

— І што тады? — бароніцца ён і ведае чым. — У мяне стане чыста, прыгожа, усё будзе на месцах... Наташа прыйдзе (гэта сацыяльная работніца) і спалохаецца — падумае, што я памёр. А так ёй з парога відно — жывы!

Дзякуй богу!

Вытворцы... Гэта ад «вытварыць»?

Справа жыццёвая, як казаў Карлсан: прыяцелька хацела купіць сабе куртку. Для гэтага пры зручных выпадках забягала ў крамы, што-нішто прымярала, але... У адной апратцы падабаўся колер, у другой — фасон, якасць тканіны, кошт... А вось так, каб усё, — ну не здаралася: жанчына хадзіла ў старым, пакуль аднойчы не «зачапілася» вокам за... паліто, пакуль (проста так, без ніякіх намераў), не ўскінула яго на плечы, не пакруцілася перад люстэркам, не засунула рукі ў кішэні. Яны, што важна, былі цёплыя, мяккія, глыбакаватыя...

Карацей, з той крамы пакупніца пайшла з абноўкай. І дома яе не зганьбілі — ні сама, ні сямейнікі. Адзінае — спыталі: «А чаму паліто? Ты ж шукала куртку?»

Адказала (уголас), што спадабаўся фасон, што падышоў памер, што гэта — пры тым жа кошце — больш выгадна... А вечарам і сама сабе прызналася, што на пакупку «падбілі»... кішэнькі — зручныя, глыбакаватыя, пашытыя з нейкай незвычайна мяккай тканіны. І спатрэбілася яе — дзве латкі, не болей.

Чалавек мяркуе...

На крамцы абвестка (літары з аршын!): «У продажы — тэрмастойкая бялізна!»

У іншыя зімы яна, відаць, раскупілася б, як гарачыя піражкі. Сёлета (15 лютага ў Мінску расцвілі прымулы) — амаль нікому не патрэбная.

А нехта ж хацеў, разлічваў капейку зарабіць на продажы футраў, шапак, зімовага абутку.

Не лёс.

Як бы рабіць, каб... не рабіць?

Ба́ялі, пасля васьмі ўрокаў у школе настаўніца зайшла ў аўтобус, павіталася, сказала: «Сядайце, дзеці!»

А ўсё таму, што культурная, хоць і стомленая.

Мы бываем не лепшымі, але ж гэта ўжо, як рэфлекс — на ўваходзе ў памяшканне (крамку, цырульню, кавярню, ліфт, нейчы кабінет) — паздароўкацца. І (як правіла) пачуць адказ.

...У якасці выключэння хіба шапік пры доме, бо там — у лепшым выпадку — могуць вочы падняць. Мымры нейкія, што здзіўляе — абедзве.

Думалі, плацяць дзяўчатам мала, з-за таго і настрой адпаведны. А з іншага боку, за што ім плаціць, калі дрэнна працуюць?

Зрэшты... Надоечы адна з маладзіц (новенькая?) не толькі павіталася — памкнулася (ці не воўк недзе здох?) дапамагчы ў выбары тавару.

Не рублём той раз падарылі і дзве «старыя»...

Вечарам зразумелі: у крамку іх начальніца прыязджала — правярала работу. Пры ёй, ну вядома ж, трэба было і вітацца, і ўсміхацца, а без...

Ходзяць тут усялякія — «мозг выносяць».

Чужая душа

З вазонамі ў новыя кватэры пераязджалі многія, — на падаконнях лесвічнай пляцоўкі ставіла толькі Люся. «Які сэнс? Іх жа пакрадуць!» — казалі ёй суседзі. І мелі рацыю: першыя зніклі фіялкі — яны вельмі хораша цвілі. І раслі ў маленькіх гаршчочках...

Той, хто забраў, магчыма, знайшоў ім лепшае месца. Любуецца цяпер...

І няхай!

Адно цікава: ці ўспамінае пры тым, дзе ўзяў?

А калі ўспамінае, то што адчувае?

Не пагладзіць...

Цётка Ніна з восені ў горад збіралася. Казала: «Кватэра ў дачкі вялікая, зяць не п'е, запрашаюць, то я і пажыву — зіма карацейшай будзе».

«Укараціць» яе цётка разлічвала на месяц-другі. Вярнулася — праз два тыдні. Не змагла, кажа, у горадзе: ноччу — няма чым дыхаць, днём — няма з кім пагаварыць. А галоўнае гаспадарка свая (сабачка з катом) з галавы не выходзіць! Цётка іх на суседку пакінула — непітушчую, надзейную: і дагледзіць яна, і пакорміць... Але ж (даслоўна): «Дзеці, работа — ёй вечна часу няма: не пагладзіць».

Без гэтага, выходзіць, нельга ні кату, ні сабачку.

А чалавеку — можна?

Форс марозу не баіцца?

Дурная мода: на галаву надзець шапку, два капюшоны (ад байкі і ад курткі), на шыю накруціць даўжэзны шалік, а ногі пакінуць... голымі. Так-так, бо порткі ў многіх кароткія, вузкія, а шкарпэткі і наогул часам падобныя да «слядкоў» — надзяваюцца хіба на падэшву, костачкі застаюцца на холадзе... Форс марозу не баіцца?

У маладосці, магчыма, так, але ж потым...

Кажуць, чвэртка таго, што мы ядзім, падтрымлівае наша жыццё, тры чвэрткі — падтрымліваюць дактароў...

Тое ж, відаць, і з вопраткай-адзеннем?

Аднойчы. У гасцях...

Казка пра Папялушку — сучасны варыянт. Дзяўчына — працавітая, разумная, добрая, аднак знешне нічым такім не адметная — трапляе на баль і робіць там амаль нечуванае: прыцягвае ўвагу прынца! Чым? Ніколі не здагадаўся б! Тым што, пачуўшы фразу: «Паглядзіце, колькі тут зорак!», узнімае галаву — глядзіць у неба (усе астатнія глядзяць па баках)...

У сталіцы і сапраўды зоркі побач (нават без балю): з нейкай — можна ехаць у метро, поруч сядзець у тэатры ці кавярні, альбо... заўважыць на вуліцы, проста азірнуўшыся:

— Саша, ты?! Не пазнаеш?

— Не, — усміхаецца вядомы артыст.

— Ну як жа? Успамінай! — загадвае чалавеку пажылая бландзінка. — Аднойчы, гадоў 20 назад, мы з табой былі ў гасцях у...

Жанчына прыгадвае прозвішча гаспадароў, іх месца жыхарства, падрабязнасці таго гасцявання... Саша — бездапаможна круціць галавой: маўляў, прабачце, але...

Ён гэтага не кажа, але ж нам «чутно», што праз 20 гадоў цяжка пазнаць нават тую жанчыну, з якой (прабачце), можа, быў у ложку, а ўжо недзе ў гасцях...

Час мяняе нашых куміраў. Нас — таксама. Але другое мы заўважаем менш.

Еш з голаду — любі змоладу

Вечар, тэлевізар, з экрана і на ўвесь дом нясецца заліхвацкае:

«Ой, гора ж мне, гора,

Што я нарабіла!

У яго ёсць жонка,

А я палюбіла!»

Гэта, апошняе слоўка, як выглядае, найболей цешыць дзеўку-пяюху!

Сэнс першых двух слоў — пра гора — дойдзе потым.

Калі яна не разлюбіць...

Нямы? Не мы!

З правілаў жыцця: перш чым сысці з дому, трэба праверыць, ці выключаны святло і газ, ці з сабой тэлефон, праязны кашалёк, ключы... Асобным радком — кніжка. У адной зачапілі радкі: «...Загінула, у нябыт сышло каля 80 працэнтаў усіх малых рэчак. Удумаемся, — заклікаў светлай памяці Ніл Гілевіч — каля 80 працэнтаў! Гэта значыць, з кожных дзесяці рэчак і рэчачак васьмі не стала...»

І ў другой амаль пра тое ж Генадзь Бураўкін:

«Там, дзе не шануюць роднай мовы,

Мялеюць рэкі, нішчацца дубровы,

Народ той мёртвы,

А той край нямы».

Каб помнілі...

Свята (у сяброў юбілей), мы выбіраем кветкі. І маем з чаго, бо ў сталіцы нават зімой якіх хочаш руж, гваздзікоў, хрызантэм...

Раімся, разглядаем, пытаемся ў прадавачкі, што пачым (тавар ёй, мусіць, нядаўна падвезлі, бо шмат што пакуль без цэннікаў)...

Жанчына з ахвотай адказвае (што прыем- на, — таксама па-беларуску), паказвае, складае ў букет... А тым часам побач збіраюцца людзі: нехта з іх — ну вядома ж — каб купіць кветкі, нехта — каб паслухаць гаворку, а то і ўклініцца.

Ну что вы там щебечете? — пытае ў нас вялікі п'янаваты пузач. — Хотите сказать, что в Беларуси другой язык есть? Но кому?

— Не вам, — усміхаемся ў адказ, — бо вы сёння наўрад ці зразумееце. А вось сабе ды людзям, каб помнілі, яно і нялішне нагадаць, што тут і мова іншая, і краіна.

Фанетыка

...Пісаць вучылі ў школе, потым на журфаку, на працы.

Тут настаўнікі былі розныя. Найбольш «даставаў» адзін: маючы абсалютны музычны слых, цудоўна граючы на некалькіх музычных інструментах, ён, як тады здавалася, чапляўся да кожнага слова. Ну вось напрыклад: пішаш нататку аб тым, што ў мікрараёне Чыжоўка пабудаваны новы дзіцячы садок. Прэтэнзій да аднаго сказа як мінімум дзве: па-першае, нельга пабудаваць стары... А па-другое «пабудаваны новы» — цяжка вымаўляецца, непрыгожа гучыць... У гэтым (даслоўна): «фонетика плохая». А таму — як прысуд — нататка ідзе не ў набор, а назад да аўтара — папраўляецца, шліфуецца, даводзіцца да стандартаў, якіх мо ніхто не бачыў... І толькі потым...

Адтуль, з тых самых часоў, засталася звычка шукаць дакладныя словы, «падганяць» іх, як пазлы, каб кожны заняў сваё месца, каб сказ загучаў...

Во колькі ўспамінаў з-за... назвы маленькай кавярні «Стихи Кофе Поцелуи»...

Напісалі б, здаецца: «Вершы Кава Пацалункі», і загучала б! Як на мяне, куды прыгажэй!

Як вы лодку назавяце...

Прыяцелька зблытала вуліцу Даўмана з вуліцай Берсана. Яе муж (і, дарэчы, карэнны мінчанін) Камуністычную з Інтэрнацыянальнай, сама надоечы — Солтыса з Судмалісам.

Пытанне на засыпку: ці можна было б зблытаць з іншай нашу Дамініканскую, Зыбіцкую, Бернардынскую? Ці вуліцу Быкава (калі б яна ў Мінску была... Няма)? Затое ў краіне звыш сямісот вуліц носяць імя Леніна, звыш пяці тысяч — Цэнтральных, звыш чатырох (зноў жа тысяч) Лясных ды Садовых...

Назвы, як моладзь кажа, «ні аб чым». Мо адтуль блытаніна?

«Эстафета»

Дзеці сужэнцаў К. жывуць у горадзе, яны самі — у вёсцы. Там у іх цёплы дом, сотак з трыццаць зямлі... Там у іх лес і рэчка. Праўда, на рыбалку туды гаспадар амаль не ходзіць, бо марна: калі нешта і зловіш, то хіба для ката...

Зрэшты, неяк сабраліся. Удвух з унукам. Бабуля з той нагоды трох ладных акунькоў размарозіла. Дзед іх на рэчцы ў сетку «загнаў». Малы нараніцу выцягнуў! Шчасця — на ўвесь бераг было! А потым — на ўсю вёску і хату, бо тых рыбак (кожную не раз пацалаваўшы) малы сам пачысціў, сам, можна сказаць, зварыў юшку, разліў па талерках: як бабуля прызнала, накарміў сям'ю.

...Калі-небудзь, калі падрасце ці вырасце, хлопчыку, ну напэўна ж, раскажуць, як яно папраўдзе было. І той, дасць бог, усё зразумее. Можа, нават сам вось гэтак жа падмане свайго сынка ці ўнука.

Галоўнае, каб у вёсцы застаўся дом. І лес. І рэчка.

Чужыя беды — наша суцяшэнне?

«Хочаш спаць спакойна, — заплаці падаткі, аддай даўгі»... Але ж гэтага мала, калі з усіх бакоў «абложаць» непрыемнасці, прычым так...

А суседзям — «пофіг дым», у іх — чарговая гулянка — як выглядае, з танцамі. Яны чаргуюцца: нешта рытмічнае, потым павольнае, зноў рытмічнае і зноў...

«...А я нашел другую,

Хоть не люблю, но целую.

А когда я ее обнимаю,

Всё равно о тебе вспоминаю».

Шкада чалавека! А найболей — тую, другую...

На фоне іх «непрыемнасцяў» хоць крыху мізарнеюць свае.

Валянціна ДОЎНАР

Загаловак у газеце: Аднойчы дваццаць гадоў пасля...

Выбар рэдакцыі

Грамадства

«Большасць пацыентаў дыягназ успрымаюць адэкватна». Як працуюць выязныя брыгады, што лечаць пацыентаў з COVID-19 дома

«Большасць пацыентаў дыягназ успрымаюць адэкватна». Як працуюць выязныя брыгады, што лечаць пацыентаў з COVID-19 дома

З канца красавiка пацыентаў, хворых на каранавiрусную iнфекцыю ў лёгкай i бессiмптомнай форме, лечаць амбулаторна. 

Культура

Марыя Касцюковіч: Спачатку дзiцячае кiно было вялiкiм выхавальнiкам, а потым стала часткай дзяцiнства

Марыя Касцюковіч: Спачатку дзiцячае кiно было вялiкiм выхавальнiкам, а потым стала часткай дзяцiнства

У сферы нашай культуралагiчнай лiтаратуры чакаецца прыбаўленне: праз пэўны час пад цвёрдай вокладкай мы зможам знайсцi грунтоўнае i займальнае даследаванне беларускага дзiцячага кiно — таго, што ў савецкiя i постсавецкiя часы адмыслова стваралася для вельмi асаблiвай аўдыторыi. 

Калейдаскоп

Вясёлыя гісторыі чытачоў

Вясёлыя гісторыі чытачоў

«...Мне ў той час было гадоў, можа, з дзесяць — многага не ведаў, не разумеў»...