Вы тут

Сціснула галаву, як каскай. Што рабіць?


Разнавіднасцяў галаўнога болю некалькі відаў, але менавіта галаўны боль напружання сустракаецца часцей за ўсё. Яго адчуваюць восем чалавек з дзесяці. Як правіла, ён носіць эпізадычны характар, узнікаючы два-тры разы на месяц. Але прыкладна ў 3-5 % ператвараецца ў хранічны, калі галава баліць ледзь не штодзень. Жанчыны, як натуры больш эмацыйныя, адчуваюць гэты боль часцей за мужчын. Як з ім жыць і змагацца, расказала ўрач-рэфлексатэрапеўт-неўролаг 11-й гарадской паліклінікі Мінска Алена ГАРБУНОВА.


— Алена Віктараўна, у каго ўзнікае галаўны боль напружання?

— Галаўны боль напружання (ГБН) з'яўляецца найбольш распаўсюджаным варыянтам цэфалгій (галаўных боляў). І сустракаецца як у дарослых, так і ў дзіцячым і падлеткавым узросце. Пік павелічэння захваральнасці прыпадае на ўзрост сямі і 13-15 гадоў. ГБН найчасцей можна звязаць з эмацыйным напружаннем, працяглым нязручным становішчам галавы і шыі, асабліва калі мы працяглы час знаходзімся ў вымушанай позе без дастатковай рухальнай актыўнасці (напрыклад, доўга сядзім перад камп'ютарам), а таксама з працяглай канцэнтрацыяй увагі і парушэннем сну.

— Як часта з'яўляецца такі боль?

— Існуе тры асноўныя падтыпы ГБН. Нячасты эпізадычны турбуе пацыента менш за адзін дзень на месяц. Ён узнікае як рэакцыя на ператамленне, развіваецца паступова, нарастаючы на працягу некалькіх гадзін. У такім выпадку галаўныя болі не турбуюць падчас сну і адсутнічаюць у момант прабуджэння раніцай. Цячэнне гэтага захворвання стабільнае, а прагноз спрыяльны. Другі падтып — часты эпізадычны ГБН. З ім чалавек вымушаны жыць ад аднаго да 14 дзён на месяц. У такім выпадку ўзнікненне галаўнога болю звязана з больш-менш доўгім стрэсавым перыядам. Хранічны ГБН — з частатой больш за 15 дзён на месяц, непакоіць штодзённа ці амаль кожны дзень і ўзнікае без яўных правакуючых фактараў.

Акрамя таго, ГБН падраздзяляецца на два падтыпы ў залежнасці ад таго, уцягваюцца або не перыкраніяльныя мышцы (да іх адносяцца шыйныя, жавальныя і мышцы, якія прымаюць удзел у маўленчай актыўнасці і міміцы, а таксама мышцы ўнутранага вуха).

— Як праяўляе сябе боль? Яго можна адрозніць ад той жа мігрэні?

— У адрозненне ад мігрэні, якая ахоплівае звычайна палову галавы, тыповай праявай ГБН з'яўляецца двухбаковы лёгкі ці ўмераны боль лобна-скроневай і патыліца-цемянной лакалізацыі. Ён мае сціскаючы непульсуючы характар. Як правіла, пацыенты апісваюць ГБН вобразна і нявызначана: «тупы», «ныючы», «цяжар у галаве», «сціскае, як цесная шапка», «сціскае абручом» ці «нешта цяжкае цісне на галаву, шыю і плечы». Зноў-такі ў адрозненні ад мігрэні падчас прыступу не бывае светабоязі, млоснасці, рвоты.

Падчас агляду ўрач шляхам пальпацыі абавязкова высвятляе, ці няма ў пацыента павышанага напружання перыкраніяльнай і шыйнай мускулатуры. Як правіла, пры ГБН хворы адзначае балючасць гэтых мышц і ўчасткі павышанай адчувальнасці. Дарэчы, існуе ўзаемасувязь паміж напружаннем і балючасцю пры пальпацыі мышцаў скальпа, шыйна-варатніковай зоны і частатой і інтэнсіўнасцю эпізодаў ГБН з тыповым узмацненнем праяў у болевы перыяд.

Як я адзначала, боль можа правакаваць эмацыйнае напружанне. Прычым ГБН нярэдка можа спалучацца з болямі іншай лакалізацыі — у ніжняй частцы спіны, вобласці жывата, сэрца.

— Ці можна самастойна справіцца з прыступамі ГБН?

— Насамрэч, нягледзячы на шырокую распаўсюджанасць, толькі малая частка пацыентаў звяртаецца па медыцынскую дапамогу. У першую чаргу гэта звязана з тым, што большасць людзей мае ГБН з частатой радзей за адзін раз на месяц і нізкай інтэнсіўнасцю. Ён, як правіла, праходзіць самастойна ці пры дапамозе простых безрэцэптурных абязбольвальных прэпаратаў. Такі боль звычайна нязначна ўплывае на якасць жыцця.

Асобныя эпізоды ГБН бываюць кароткачасовымі — 30—120 хвілін і купіруюцца самастойна нават без прэпаратаў, а на фоне адпачынку, з дапамогай рэлаксацыйных метадаў і сну. Медыкаментозную тэрапію ўрач падбірае індывідуальна, калі болевы сіндром істотна ўплывае на якасць жыцця і паўсядзённую актыўнасць. А вось пры працяглых эпізодах ГБН неабходна як мага хутчэй купіраваць болевы сіндром для зніжэння рызыкі хранізацыі і як мага хутчэйшага аднаўлення хворага. Тут варта звяртацца да ўрача.

— Ці можна пазбавіцца ад гэтага болю назаўсёды?

— Тут, як і пры прызначэнні лячэння, важна ўлічваць індывідуальныя асаблівасці пацыентаў: вагу, узрост, пол, асаблівасці абмену рэчываў, наяўнасць спадарожных саматычных і эндакрынных паталогій, асаблівасці міжасабовых узаемаадносін. Падыход да лячэння ГБН грунтуецца на ступені парушэння якасці жыцця з улікам гэтых індывідуальных асаблівасцяў.

Адным з найбольш эфектыўных метадаў лячэння ГБН з'яўляецца рэфлексатэрапія. Яна мае псіхатропнае, супрацьболевае, міярэлаксуючае і рэпаратыўнае (накіраванае на паляпшэнне кроватоку ў тканках і стымуляцыю абменных працэсах у іх) дзеянне. Магчыма выкарыстанне шырокага спектру метадаў рэфлексатэрапіі, у прыватнасці, кропкавага масажу, паверхневай шматігольчатай стымуляцыі, мікраіглатэрапіі, іглаўкалывання і лазернай рэфлексатэрапіі.

У большасці пацыентаў з ГБН адзначаецца паляпшэнне на фоне прымянення асноўных нялекавых метадаў: гігіены сну, рэгулярнай аздараўленчай спартыўнай нагрузкі, рэжыму харчавання і выключэння правакатараў, а таксама метадаў рэлаксацыі і кагнітыўна-паводзіннай тэрапіі.

— Што можна парэкамендаваць у якасці прафілактыкі рэцыдываў ГБН?

— З цягам часу ГБН можа прагрэсіраваць. Таму для такіх пацыентаў надзвычай важна арганізаваць здаровы лад жыцця, рацыянальныя заняткі фізічнай культурай, папярэджваць разумовае ператамленне, пазбягаць стрэсавых і канфліктных сітуацый. Калі немагчыма ліквідаваць негатыўныя псіхаэмацыйныя ўздзеянні, то можна парэкамендаваць розныя віды псіхатэрапіі.

Алена Кравец


Важна памятаць

Падчас цікавай работы (калі знікае псіхагенны фактар) можна забыць пра ГБН.

Таксама можна пазбавіцца ад болю фізічным адцягненнем увагі — карысныя штодзённая гімнастыка, плаванне, хадзьба пешшу.

Вельмі важныя станоўчыя эмоцыі: сустрэчы з любімымі людзьмі, жаданыя пакупкі, наведванне кіно і тэатра. Таму радуйце сябе часцей!

Загаловак у газеце: Сціснула галаву, як каскай

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Больш за 100 прадпрыемстваў прапанавалі вакансіі ў сталіцы

Больш за 100 прадпрыемстваў прапанавалі вакансіі ў сталіцы

А разам з імі навучанне, сацпакет і нават жыллё.

Эканоміка

Торф, сапрапель і мінеральная вада: якія перспектывы выкарыстання прыродных багаццяў нашай краіны?

Торф, сапрапель і мінеральная вада: якія перспектывы выкарыстання прыродных багаццяў нашай краіны?

Беларусь — адзін з сусветных лідараў у галіне здабычы і глыбокай перапрацоўкі торфу.

Грамадства

Адкрылася турыстычная выстава-кірмаш «Адпачынак-2024»

Адкрылася турыстычная выстава-кірмаш «Адпачынак-2024»

«Мы зацікаўлены, каб да нас прыязджалі».