Вы тут

Новы камп'ютарны тамограф з'явіўся ў Гомельскім абласным клінічным анкалагічным дыспансеры


У Гомельскім абласным клінічным анкалагічным дыспансеры з'явіўся новы камп'ютарны тамограф для максімальна дакладнай дыягностыкі ракавых пухлін. Абсталяванне, якое было закуплена яшчэ ў 2009 годзе, адпрацавала свой рэсурс: стары тамограф часта ламаўся. Рамантавалі, пацыентаў перанакіроўвалі ў іншыя медустановы. З 2018-га — тут КТ увогуле не рабілі. Летась падчас «Вялікай размовы» з Прэзідэнтам Беларусі аб рашэнні балючага пытання папрасілі жыхары рэгіёна — сваякі пацыентаў анкадыспансера. Станоўчы вынік не заставіў сябе чакаць. Гэта агульная перамога медыкаў і пацыентаў.


Пацярпелая ад аварыі на Чарнобыльскай АЭС Гомельская вобласць традыцыйна лідзіруе ў сумным рэйтынгу росту анкалагічных захворванняў. Прычыны розныя, адзначаюць гомельскія медыкі. Рост паталогіі ў нейкай ступені звязаны і з павелічэннем працягласці жыцця, праблемамі з дыягностыкай і дрэннай прафілактыкай захворванняў. Аднак фактам застаецца тое, што летась у вобласці выявілі каля 8000 новых выпадкаў. Кожны 28-ы жыхар праходзіў лячэнне або працягвае лячыцца ад раку.

Камп'ютарная тамаграфія дазваляе медыкам паставіць дакладны дыягназ без якіх-небудзь умяшанняў у арганізм. Дыягностыка дае магчымасць урачу-рэнтгенолагу вызначыць, дзе знаходзіцца пухліна, якіх яна памераў, што адбываецца з сумежнымі органамі і ўвогуле наколькі распаўсюдзіліся ракавыя клеткі ў арганізме чалавека. Усе гэтыя даныя неабходны, каб у далейшым максімальна дакладна паставіць дыягназ, значна скараціць тэрмін абследавання і выпрацаваць эфектыўную тактыку лячэння пацыента. Акрамя таго, дэталёвая візуалізацыя дапамагае хірургам-анколагам лепш планаваць будучыя аперацыі.

Па словах загадчыка рэнтгенаўскага аддзялення анкадыспансера Міхаіла ГАПЕЕНКІ, за апошнія сем гадоў колькасць даследаванняў, якія праводзяцца ва ўстанове, вырасла ўдвая.

— Гэта камп'ютарны тамограф апошняга пакалення, які імгненна робіць 80 зрэзаў, што дазваляе цалкам абследаваць чалавека за 20 секундаў, — адзначае суразмоўнік. — Прынцып дзеяння гэтага апарата не адрозніваецца ад папярэдняга. Аднак у плане радыяцыйнай бяспекі новае абсталяванне больш ашчаднае: тамограф працуе ў чатыры разы хутчэй. На даследаванне грудной клеткі, напрыклад, хопіць трох секундаў.

Робіцца серыя рэнтгенаўскіх здымкаў пад рознымі вугламі, пасля чаго мадэлюецца трохмерны малюнак органа з магчымасцю разгледзець яго структуру на «зрэзе». Новы тамограф дазваляе ўбачыць тканіны органа ў вельмі тонкім зрэзе — 0,5 мм. А значыць, тлумачаць спецыялісты, паталагічныя змены ў арганізме можна выявіць на больш раннім этапе і пазбегнуць згубных наступстваў.

Кошт новага тамографа — 856 тысяч рублёў. Ён набыты на сродкі рэспубліканскага бюджэту. Праектна-мантажныя работы па будаўніцтве новага кабінета камп'ютарнай тамаграфіі абышліся ў больш чым 524 тысячы рублёў. Сродкі выдаткаваў абласны бюджэт.

Дарэчы, стары камп'ютарны тамограф плануюць адрамантаваць і таксама далучыць да абслугоўвання пацыентаў. Так, напрыклад, апарат дазваляе з камфортам абследаваць пацыентаў вялікай камплекцыі (да 210 кг) або тых, хто баіцца замкнёнай прасторы. Выкарыстанне двух тамографаў дазволіць у разы павялічыць колькасць даследаванняў.

Сёння Гомельскі абласны анкадыспансер — адна з вядучых клінічных устаноў Гомельскай вобласці. Летась мясцовыя анколагі правялі абследаванне 11 700 чалавек. З новым камп'ютарным тамографам штогод тут змогуць праводзіць да 30 тысяч дыягностык.

Наталля КАПРЫЛЕНКА, фота аўтара

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Мiтрапалiт Веньямiн: Нам усiм неабходна прасiць у Бога мудрасцi i разважлiвасцi

Мiтрапалiт Веньямiн: Нам усiм неабходна прасiць у Бога мудрасцi i разважлiвасцi

Патрыяршы экзарх падзялiўся сваiмi думкамi пра асаблiвасцi i сапраўдную небяспеку сённяшняга часу.

Спорт

16-гадовая тэнiсiстка Дар'я Хамуцянская:  На корце сяброў няма

16-гадовая тэнiсiстка Дар'я Хамуцянская: На корце сяброў няма

У яе планах — стаць лепшай за Арыну Сабаленку.

Грамадства

Міністр ЖКГ Андрэй Хмель: Спажыўца паслугі трэба пачуць і зразумець

Міністр ЖКГ Андрэй Хмель: Спажыўца паслугі трэба пачуць і зразумець

Аб за­крыц­ці па­лі­го­наў, уплы­ве ка­ра­на­ві­ру­са, за­клі­ках да не­пла­ця­жу за ка­му­наль­ныя па­слу­гі і най­блі­жэй­шых перс­пек­ты­вах.