Вы тут

Старонкі лёсу Барыса Луцэнкі. Успамінаем важныя моманты жыцця легендарнага рэжысёра


Гэтая сумная падзея, безумоўна, ускалыхнула беларускі тэатральны свет. 5 лютага не стала Барыса Луцэнкі — вялікага беларускага тэатральнага рэжысёра, валадара сцэны з сярэдзіны 1960-х гадоў да нашых дзён, народнага артыста Беларусі, лаўрэата спецыяльнай прэміі Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь «За духоўнае адраджэнне».

Яму было 82 гады. Калегі ведалі: рэжысёр-пастаноўшчык Нацыянальнага акадэмічнага драматычнага тэатра імя М. Горкага Барыс Луцэнка даўно і цяжка хварэе. Але таксама ведалі яго байцоўскі характар, які не даваў злегчы. Дырэктар тэатра Эдуард Герасімовіч пацвердзіў: Барыс Іванавіч працаваў да апошняга. Яго смерць, нягледзячы ні на што, стала нечаканасцю.


Шлях у прафесію

Барыс Луцэнка нарадзіўся ў Майкопе ў 1937 годзе. Шлях у прафесійнае мастацтва аднаго з найлепшых рэжысёраў Беларусі пачынаўся з кінематографа, з эпізадычнай ролі ў фільме «У акопах Сталінграда». Тады Барыс Іванавіч вучыўся ў чыгуначным тэхнікуме ў Растове-на-Доне. Недалёка ад тэхнікума ў Доме культуры быў народны тэатр, дзе Луцэнка атрымаў галоўную ролю ў  спектаклі «Дарослыя дзеці». Так здарылася, што спектакль паглядзеў асістэнт Аляксандра Іванова, рэжысёра-пастаноўшчыка фільма «У акопах Сталінграда». І ўжо праз тыдзень малады акцёр быў зацверджаны на эпізадычную кінаролю афіцэра.

Пасля заканчэння Беларускага тэатральна-мастацкага інстытута працаваў рэжысёрам Нацыянальнага тэатра імя Янкі Купалы, ствараў пастаноўкі ў Тэатрыстудыі кінаакцёра, прычым гэтыя спектаклі мелі вялікі рэзананс. Усяго ж паставіў больш за 100 спектакляў на сцэнах Беларусі, Расіі, Украіны, Літвы, Латвіі, Швейцарыі і Германіі. Быў рэжысёрам драмы «Раскіданае гняздо» (1981), фільмаў-спектакляў «Зацюканы апостал» (1983), «Вяртанне ў Хатынь» (1984). У 2016 годзе зняўся ў кароткаметражнай драме «Пад кронамі дрэў».

Поспех і слава

Цяпер многія ўспамінаюць 1970-я як гады брэжнеўскага застою, але іх можна назваць і гадамі луцэнкаўскага росквіту, а значыць, росквіту савецкага беларускага тэатра. Тэатралы, інтэлігенцыя, студэнцтва — здавалася, увесь Мінск прыходзіў на спектаклі Барыса Луцэнкі.

Знакаміты беларускі рэжысёр і пастаноўшчык заўсёды казаў, што толькі для гледача тэатр пачынаецца з вешалкі, а для трупы — з творчай, клапатлівай працы рэжысёра. Барыс Луцэнка ўзначальваў Дзяржаўны рускі драматычны тэатр Беларусі (сёння Нацыянальны акадэмічны драматычны тэатр імя Горкага) з 1973 па 1982 год. І тады на сцэне Рускага з’явіліся шэдэўры ад Луцэнкі: «Макбет» У. Шэкспіра, «Трохграшовая опера» Б. Брэхта, «Трагедыя чалавека» І. Мадача. Крытыкі называюць гэты час «залатым перыядам» Рускага тэатра ў Мінску.

Менавіта «Макбет» прынёс рэжысёру славу. У свой час спектакль быў прызнаны адной з найлепшых сусветных пастановак і ўдастоены Гран-пры на фестывалі ў Штутгарце. Шквал апладысментаў, бясконцыя выхады на паклон, неверагодны поспех. Але гэты час Барыс Іванавіч успамінаў як перыяд разважання над трагедыяй:

— Пры стварэнні спектакля «Макбет» у мяне ў  душы нараджаліся фразы-разважанні, вобразы. Вось рукі чалавека. Яны будуюць усё прыгожае. Рукі, розум і Гасподзь Бог, які намі кіруе. З’яўляюцца выдатныя творы архітэктуры, геніяльная музыка, таленавітыя пастаноўкі. І раптам гэтымі ж рукамі ўсё руйнуецца, знішчаецца, выяўляецца нянавісць адзін да аднаго, нездаровы авантурызм. Я думаў пра гэта, калі ствараў «Макбета». Пастаянна задаваў сабе пытанні: адкуль у чалавеку такая супярэчлівасць? Чаму намі авалодвае д’ябал? Ці можа чалавек утаймаваць сваё эга? Гісторыя Макбета будзе паўтарацца ў кожным з нас зноў і зноў. Гэта тэма для бясконцых разважанняў. Памятаю, я так захапіўся трагедыяй, што не пайшоў у адпачынак, узяў сем перакладаў п’есы, зрабіў свой варыянт і, не зацягваючы, паставіў спектакль. Старонкі лёсу Барыса Луцэнкі Успамінаем важныя моманты жыцця легендарнага рэжысёра

Мара. Пераасэнсаванне

Маштаб асобы Барыса Луцэнкі быў такім, што цяжка паставіць побач з ім яшчэ адно імя. Ён — апошні магіканін айчыннага класічнага тэатра, традыцыі якога ўвасаблялі Уладзімір Маланкін, Валерый Раеўскі, Андрэй Андросік.

Барыс Іванавіч на працягу некалькіх дзесяцігоддзяў марыў аб адкрыцці свайго тэатра, «пад купаламі», як ён казаў. Тэатра хоць і няма, але ёсць спектаклі, у якіх творца змог рэалізаваць свае ідэі і погляды. У спектаклях рэжысёра «Эдып», «Загадкавы візіт», «Аракул» ёсць касмічны пачатак, які дапамагае гледачам зразумець сябе, пераасэнсаваць учынкі, задумацца над вечнымі каштоўнасцямі. А пасля спектакля «Вечнасць на дваіх» многія гледачы крадком выціраюць слёзы. І, напэўна, гэта не толькі спачуванне галоўным героям п’есы, якіх бліскуча іграюць акцёры Аляксандр Брухацкі, Валерый Шушкевіч і Бэла Масумян. Магчыма, як меркаваў рэжысёр, гэта слёзы ачышчэння, раскаяння, разумення таго, наколькі чалавек можа быць негарманічны з навакольным светам, з роднымі, з Богам.

 — Кожны павінен знайсці той «купал», пад якім зможа пражыць усё жыццё, — казаў рэжысёр. — Задача не з лёгкіх. І мой тэатр мог бы накіраваць, дапамагчы, падказаць. Усе мы грэшнікі. Грэх заўсёды будзе ісці за намі па пятах. Як гэта спыніць? У праваслаўі — праз пакаянне. Калі чалавек усвядоміў свае памылкі, вырашыў іх выправіць, яму даруецца, ён зможа стаць на правільны шлях. Мне б хацелася, каб у «тэатры пад купаламі» кожны спазнаў сэнс свайго існавання. Вось многія жывуць па прынцыпе ўсёдазволенасці, думаючы, што пасля смерці нічога няма. Жывуць і ні пра што не думаюць. Але калі б чалавек зразумеў, што існуе і іншае жыццё! Ён змог бы прааналізаваць свае ўчынкі, раскаяцца ў грахах. Сэнс тэатра — у спазнанні. Ва ўсіх маіх спектаклях — недагавораны канец. Для мяне важна, што зло караецца, але мае героі яшчэ i раскайваюцца.

Дыялог з гледачом

Сцэна са спектакля «Зацюканы апостал»

Малая сцэна Тэатра імя Горкага — гэта некалькі вузкіх радоў крэслаў, атмасфера максімальнай блізкасці гледача да дзейства. Трапіць у гэтае сакральнае месца жадаюць многія, квіткоў часцей за ўсё не дастаць. Дыстанцыя паміж гледачамі і акцёрамі сціраецца. Такая інтэрактыўнасць заўсёды была вельмі важная для Барыса Луцэнкі:

— З публікай трэба размаўляць і да спектакля, і пасля яго. Сёння тэатрам гэтага не хапае, — падкрэсліваў Барыс Луцэнка. — Гледачоў трэба настроіць на патрэбную хвалю, хоць бы хвілін пяць з імі пагутарыць. У спектаклях «Эдып», «Ён і яна», «Сыходзіў муж ад жонкі» я спрабую хоць пару хвілін пагаварыць з публікай.

Дарэчы, пасля спектакля «Ён і яна», дзе Барыс Іванавіч выступаў у якасці рэжысёра і акцёра, ён заўсёды прапаноўваў гледачам застацца і абмеркаваць убачанае. Ні адзін чалавек не пакінуў залу падчас гутарак.

— Я цаню глядацкую цікаўнасць, агонь у вачах, адсутнасць закамплексаванасці і замкнёнасці, — тлумачыў Барыс Луцэнка. — Глядач сёння розны. Калі да мяне пасля спектакля падыходзяць і кажуць: «Я многае зразумеў», — прыемна, разумею, што працую не дарэмна. А хтосьці прыходзіць і расхвальвае мае пастаноўкі, і  я  проста адказваю «дзякуй». Тэатр дапамагае чалавеку пазнаць самога сябе. Глядзець спектаклі — вялікая навука. Суперажываць або заставацца абыякавым, захоплена назіраць за дзеяннямі персанажаў або з нецярпеннем чакаць апошняга акта. Я  прыхільнік спавядальнага тэатра, калі акцёр каецца перад публікай, а  глядач разам з ім пражывае сітуацыю. Талент акцёраў і заключаецца ў тым, каб уцягнуць гледача ў прапанаваныя абставіны і падарыць магчымасць перажыць катарсіс.

Прадчуванне

Дарэчы, па трагічным збегу абставін рэжысёр памёр у дзень, калі яго сябру, галоўнаму акцёру Рускага тэатра Расціславу Іванавічу Янкоўскаму, магло б споўніцца 90 гадоў. Калегі кажуць, што ў апошні час Барыса Іванавіча мучыла дэпрэсія. У яго было адчуванне, што сыходзіць эпоха, якую ён любіў і ў якой жыў. Ён рэдка з’яўляўся на публіцы, але на мерапрыемствах, прысвечаных 90-годдзю Расціслава Янкоўскага, збіраўся быць. Да даты 5 лютага ён ставіўся з асаблівым хваляваннем — як быццам прадчуваў, што сыдзе менавіта ў гэты дзень... Вікторыя АСКЕРА

На развітанне:

Мікалай Пінігін, мастацкі кіраўнік Нацыянальнага акадэмічнага драматычнага тэатра імя Я. Купалы:

«Барыс Іванавіч працаваў у нашым Купалаўскім тэатры 6 гадоў. Гэта былі вельмі сур’ёзныя спектаклі. Ён стварыў маю прафесійную кар’еру (я рэжысёр тэлебачання па адукацыі). А потым пайшоў на тэлебачанне працаваць. Ён памятаў мяне па акцёрскіх працах. Запрасіў у Рускі тэатр, і я з задавальненнем пайшоў працаваць у Рускі акцёрам. Так што ён хросны бацька майго лёсу прафесійнага. Ён не проста цудоўны рэжысёр — цудоўны чалавек. Для мяне як вучня, калегі вельмі важна, што ён пасля сябе пакінуў неверагодную прафесійную памяць, неацэнную спадчыну беларускага тэатра».

Аляксандр ТКАЧОНАК, акцёр Нацыянальнага акадэмічнага драматычнага тэатра імя М. Горкага, народны артыст Беларусі:

«Страта горкая, незаменная, да канца яшчэ не ўсвядомленая. Не верыцца, што прыйдзем у тэатр, а Барыса Іванавіча больш няма. Я ўпершыню ўбачыў яго ў тэатральна-мастацкім інстытуце, дзе вучыўся на курсе Уладзіміра Маланкіна. Нашымі педагогамі там якраз і былі Валерый Раеўскі і Барыс Луцэнка. Ужо тады стала зразумела, што гэта людзі-глыбы. Менавіта Барыс Луцэнка запрасіў у 1975 годзе мяне, выпускніка, у тэатр Максіма Горкага, і з яго падачы я служу ў гэтым тэатры ўжо амаль 45 гадоў. Ён даваў мне ролі — і галоўныя, і не галоўныя, але ўсе яны для мяне сталі значныя. Гэта Пічэм у «Трохграшовай оперы», Стаф у «Мілагучнай птушцы юнацтва», Адам у  «Трагедыі чалавека»… З «Трагедыяй» мы ездзілі ў Венгрыю, ігралі на сцэнах Будапешта і Сальнока».

Выбар рэдакцыі

Здароўе

Як вясной алергікам аблегчыць сваё жыццё?

Як вясной алергікам аблегчыць сваё жыццё?

Некалькі парад ад урача-інфекцыяніста.

Моладзь

Вераніка Цубікава: Натхняюся жаданнем дзяліцца

Вераніка Цубікава: Натхняюся жаданнем дзяліцца

Яе песні займаюць першыя радкі ў музычных чартах краіны, пастаянна гучаць на радыё і тэлебачанні.