Вы тут

Дванаццаць на адну: хто прадставіць Беларусь на "Еўрабачанні—2020"?


Увечары пятніцы 28 лютага ў самым вялікім павільёне кінастудыі «Беларусьфільм» пройдзе гала-канцэрт фіналістаў нацыянальнага адбору на «Еўрабачанне». Хто прадставіць нашу краіну на 65-м міжнародным песенным конкурсе, вырашаць сумесна журы і гледачы, якія не палянуюцца ўключыць прамы эфір на «Беларусь 1» ці «Беларусь 24», альбо онлайн-трансляцыю на tvr.by. Нагадаем, сёлета на фінішную прамую выйшаў тузін прэтэндэнтаў на адну пуцёўку: дзевяць слістак-дзяўчат, адзін саліст, адзін дуэт і дзявочае трыа. Аб чым спяваюць выканаўцы і што мы наогул ведаем пра патэнцыйных музычных дэлегатаў Беларусі ў Нідэрландах, чытайце ў аглядзе «Звязды».


1. Вольга Шыманская (NAPOLI) — Dоn’t let me down

Napoli — спачатку гэта быў музычны гурт, а цяпер сцэнічны псеўданім асобнай вакалісткі, якая працуе ў стылістыцы танцавальнай поп-музыкі і рытм-энд-блюза. Вольга Шыманская ўжо шэсць разоў спрабавала свае сілы ў нацыянальным адборы на «Еўрабачанне», прычым не толькі ў Беларусі, але і ў Польшчы (2016).

Сёмая спроба з песняй Dоn’t let me down, гаворыць артыстка, — гэта чарговы вопыт супрацоўніцтва з інтэрнацыянальнай камандай, пошук сябе ў музыцы і праца «якасна і на міжнародным узроўні». Для фінальнага гала-канцэрту, дарэчы, аранжыроўка змянілася і кампазіцыя стала больш насычанай і танцавальнай.

2. Аляксандра Захарык — Rocky Road

Яшчэ адно няблага знаёмае беларускім прыхільнікам «Еўрабачання» імя. Саша Захарык паспела засвяціцца ў нацыянальным адборы, калі ён яшчэ называўся «ЕўраФэстам» (2009), выступіць на «Новай хвалі» (2016), у расійскім шоу «Голас» (2018) і шэрагу міжнародных музычных конкурсаў.

Саша непапраўная аптымістка, якая заўжды бачыць кубак напалову поўным. Уласна, і цяперашняя яе конкурсная песня, нібыта саўндтрэк да фільма ў стылі род муві, пра тое самае — якой бы пакручастай ні была жыццёвая дарога, поўная ўзлётаў і падзенняў, нязменным на ўсіх этапах шляху застаецца адно — каханне.

3. Анастасія Вахомчык (Малашкевіч) — Invisible

Эстрадная спявачка і сапрана Вялікага тэатра оперы і балету Беларусі, лаўрэатка прэстыжных міжнародных оперных конкурсаў маладых выканаўцаў і трохразовая фіналістка нацыянальнага адбору на «Еўрабачанне».

Сярод аўтараў цяперашняй песні Настассі — шведскія хітмейкеры «Еўрабачання» сёстры Ілва і Лінда Персан, а таксама Ніклас Бергвіст і Сімон Ёхансан, даволі стандартную кампазіцыю якіх робіць жывой і цікавай не толькі шыкоўны вакал, але і харызма беларускі. Ці хопіць гэтага, каб пераканаць публіку і суддзяў?

4. Вольга Грыгор’ева, Юлія Яначкіна, Святлана Каўфман (гурт CHAKRAS) — La-ley-la

«Чорцікі з табакеркі» сёлетняга адбору — музычны праект прадзюсара Максіма Алейнкіава сплаўлены з «народніцы», «эстрадніцы» і ўладальніцы акадэмічнага вакалу. Акрамя таго, Вольга Грыгор’ева вядомая многія як экс-удзельніца магілёўскага праекту «Беатрыс» (удзельнічала ва ўкраінскім шоу X-Factor), а Юлія Яначкіна — дырэктар вакальнай студыі, якая рыхтавала да конкурсу чатырох апошніх беларускіх удзельнікаў дзіцячага «Еўрабачання».

Сама ж песня не ўтрымлівае ніводнага слова, акрамя запеву, затое ўдала абыгрывае этнічныя матывы — тым і чапляе з першых нот. «Мы гаворым сэрцамі», — сцвярджаюць удзельніцы гурта і абяцаюць аздобіць прыгожае гучанне эфектным відовішчам. Адной з «фішак» у фінале, напрыклад, стане чацвёртая ўдзельніца — шаманка і майстар варгану з Якуціі Алена Уутай.

5. Анастасія Гламозда — Burning again

17-гадовая студэнтка Мінскага дзяржаўнага каледжу мастацтваў сцвярджае, што трапіць на «Еўрабачанне» марыла з дзяцінства. Відаць, сіла мары, памножаная на талент, і дазволілі адной з самых юных удзельніц сёлетняга адбору адразу трапіць у фінал.

Дзяўчына, як правіла, сама піша словы і музыку сваіх песен, натхняецца лірычнымі сумнымі баладамі і супрацоўнічае з прадзюсарам Uzari па дсцэнічным імем Насця Glamm.

6. Анастасія Развадоўская — Hello

Трэцяя і апошняя Анастасія ў фінальным канцэрце — спявачка, якая ўжо спрабавала сябе ў леташнім адборы. Яна працуе пад сцэнічным імем Nastasea і мае ў рэпертуары мноства кавер-версій сучасных хітоў, а яшчэ піша песні з 13-гадовага ўзросту, удзельнічае ў мностве конкурсаў і тэлепраектаў, і ў дадатак мае вопыт дзейнасці педагога і «коўча па вакалу».

7. Ян Яраш — Fire

26-гадовы выпускнік Універсітэта культуры і мастацтваў — спявак, кампазітар, мультыінструменталіст, што і не дзіўна, улічваючы, што Ян з сям’і патомных музыкаў. Музычную кар’еру спявак пачаў у гурце «Без Білета», як саліст удзельнічаў ва ўкраінскім праекце «Голас краіны», шоу «Песні» на расійскім ТНТ і «Песні года Беларусі». Летась ён выпусціў першы сольны альбом «інтэлігентнай і элегантнай музыкі з аглядкай на сусветныя стандарты».

Песня Fire, як і сам вобраз артыста, няўлоўна выклікае асацыяцыі з леташнім пераможцам «Еўрабачання» Дунканам Лоўрэнсам, але, не забываемся, сёлета Ян — адзіны хлопец-саліст у пераважна дзявочым фінале, і гэта можа сыграць у плюс.

8. Анжаліка Пушнова — True Love

Для журналісткі, спявачкі і тэлевядучай выхад у фінал нацыянальнага адбору на «Еўрабачанне» — далёка не першы. За чатыры гады ўдзелу ў яе ёсць ужо і вопыт, і разуменне таго, як сабе лепш падаць, але ад таго, прызнаецца дзяўчына, кожнае выступленне не становіцца менш хвалюючым. І ўсё ж, нягледзячы нават на хваробу, якая здарылася не ў час, Анжаліка разлічвае завесці публіку і заваяваць сваю долю сімпатый і лайкаў, а галоўнае, СМС у глядацкім галасаванні.

Конкурсная песня артысткі, як няцяжка здагадацца, пра каханне — калі быць дакладнымі, то «сапраўднае». Для фіналу кампазіцыю крыху дапрацавалі і абнавілі:

9. Дар’я Хмяльніцкая — On Fire

Першы раз у адборы — і адразу ў фінале. Вы прачыталі сціслую гісторыю поспеху 25-гадовай актрысы і спявачкі, бронзавай прызёркі першых адкрытых маладзёжных Дэльфійскіх гульняў (2014), выпускніцы Універсітэта культуры і мастацтваў і Тэатра песні Ірыны Дарафеевай. Праз 7 гадоў працы ў гэтым калектыве дзяўчына даспела выйсці ў сольнае плаванне. Атрымалася няблага.

10. Юлія Быкава (AURA) — «Барані сваё»

Гурт «Аура» жартуе, што сёлета адбор для іх сімвалічны: дзясятая па ліку заяўка, дзясяты нумар выступлення, і зноў — прынцыпова — беларускамоўная песня, як жывы доказ мілагучнасці і адметнасці нашай мовы.

Песня, упрыгожаная фальклорнымі матывамі і партыяй дуды, якраз пра тое, аб чым вы падумалі — сваё, у тым ліку музыку, трэба любіць, ганарыцца і абараняць ад нападак. «Вельмі інфантыльна і няспела думаць: вось прыедзе замежны прадзюсар, вось зробяць аранжыроўку за мяжой, вось дапамогуць нам замежныя спецыялісты і нарэшце мы вырвемся з беларускага „балота“. Каб вы ведалі, нашы балоты — найбуйнейшыя ў Еўропе і, да слова, абаронены міжнароднымі канвенцыямі», — вобразна адказаў усім крытыкам адразу прадзюсар і кампазітар Яўген Алейнік.

11. Кацярына Смольская (КейСі) — Chili Pepper

КейСі — не ірландская спявачка і не гераіня фільма-баевіка, а мінчанка Кацярына Смольская, якая выступае пад гэтым сцэнічным імем ужо некалькі гадоў. Выпускніца факультэта філасофіі і сацыяльных навук БДУ з дзяцінства паралельна займалася вакалам, удзельнічала ў музычных конкурсах і за творчыя дасягненні нават атрымала званне «Выпускнік года Міншчыны-2014». З гэтага ж часу прыдумала сабе вобраз і імя для сцэны, а ў супрацы з прадзюсарскім цэнтрам Дзмітрыя Фаміча хутка засвяцілася на ўсіх магчымых пляцоўках, у тым ліку ў «Песні года Беларусі» і адборы на «Еўрабачанне».

Гарачы і перчаны хіт для конкурсу Кацярыне дапамаглі стварыць музыканты з Лондана, а галоўная задача песні — не загрусзіць слухачоў глыбокім меседжам, а наадварот, разняволіць і даць патанчыць.

12. Валерыя Грыбусава, Уладзіслаў Пашкевіч (VAL) — «Да вiдна»

Электронны праект VAL — гэта тандэм магілёўскай спявачкі Валерыі Грыбусавай, уладальніцы гран-пры Нацыянальнага фестывалю беларускай песні і паэзіі ў Маладзечне (2013), лаўрэаткі І прэміі конкурсу маладых выканаўцаў на «Славянскім базары ў Віцебску» (2015), якую пасля выступлення на шоу «Голас краіны» (2017) часцей можна пачуць на ўкраінскай, чым на рускай мове, і мультыінструменталіста, саўндпрадзюсара Уладзіслава Пашкевіча.

«Да відна» — першая песня, якую праект напісаў на беларускай мове, і першая спроба трапіць на «Еўрабачанне». Сумную гісторыю пра дзяўчыну, якую супраць волі выдалі замуж, напісаў для дуэта Мікіта Найдзёнаў, а вось настрой «сэрца не прымусіш» уклалі ў кампазіцыю самі выканаўцы.

Індывідуальныя рэпетыцыі фіналістаў беларускага адбору на «Еўрабачанне-2020» стартавалі 25 лютага, і ў канкурсантаў ёсць магчымасць «дашліфаваць» свае нумары. Канцэрт пройдзе ў самым вялікім павільёне «Беларусьфільма», дзе па аналогіі з міжнародным конкурсам сёлета знойдзецца месца для так званых bubble delegation і мікст-зон — свабоднай прасторы з грымёркамі і магчымасцямі нефармальных стасункаў з прыхільнікамі, блогерамі і журналістамі. Весці шоу будуць Яўген Перлін і Хелена Мерааі, а пры выбары пераможцы арганізатары вырашылі зноў вярнуцца да схемы 50/50 — сумы галасоў журы і публікі.

Вікторыя ЦЕЛЯШУК

Прэв'ю Ганны Занкавіч

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Сёння пачаў работу УНС у новым статусе

Сёння пачаў работу УНС у новым статусе

Амаль тысяча дзвесце чалавек сабраліся, каб вырашаць найважнейшыя пытанні развіцця краіны. 

Навука

Наколькі эфектыўна працуе сістэма інтэлектуальнай уласнасці?

Наколькі эфектыўна працуе сістэма інтэлектуальнай уласнасці?

Расказаў першы намеснік старшыні Дзяржаўнага камітэта па навуцы і тэхналогіях Рэспублікі Беларусь Дзяніс Каржыцкі.

Здароўе

У Нацыянальны каляндар плануюць уключыць новыя прышчэпкі

У Нацыянальны каляндар плануюць уключыць новыя прышчэпкі

Як вакцыны выратоўваюць жыцці і чаго можа каштаваць іх ігнараванне?

Грамадства

Курс маладога байца для дэпутата

Курс маладога байца для дэпутата

Аляксандр Курэц – самы малады народны выбраннік у сваім сельсавеце і адзіны дэпутат сярод сваіх калег па службе.