Вы тут

Sex-балясы. Хачу кальсоны!


Не, не зімовы варыянт. («Кліматычныя навіны. Сёлета на Вадохрышча можна было не толькі акунуцца, але і сплаваць да процілеглага берага».) І не я, а японцы. Калі верыць інфармацыі з сеціва, у Краіне ўзыходзячага сонца новым модным трэндам сталі... савецкія армейскія споднікі. («Калі заправіць штаны ў шкарпэткі, дык людзі не будуць многага ад вас патрабаваць».) Мясцовыя жыхары на аўкцыёнах і маркетплэйсах прадаюць гэты прадмет адзення, распісваючы яго як сучасную рэч. Хаця на адной з фатаграфій бачна на бірцы, што тыя самыя кальсоны выраблены яшчэ ў 1989 годзе. Карыстальнікі адзначылі, што яны сапраўды падаюцца стыльнымі і зручнымі, асабліва калі падкасаць калашыны на хіпстарскі капыл, пахвалілі іх за якасць. («Калі я чую слова «лонгсліў», я ўяўляе сабе працяглае змыванне ва ўнітазе, а не кофту з доўгімі рукавамі. Прабачце».)


Ведаеце, нават калі гэтая навіна — фэйк, я ўсё роўны гатовы ў яе паверыць. («Выкладзеныя факты сапраўды мелі месца быць. Але не там, не такім чынам і не ў той час».) Японцы — яны такія... («Жадаючы быць арыгінальнай, Софа не імітавала аргазмы. Яна іх парадзіравала».) Могуць абсалютна спакойна выйсці з дому ў краму ў піжаме і ніхто не зверне на іх увагі. А тамтэйшыя маладыя моднікі?! («— Як я вас пазнаю? — Вам насустрач будзе ісці дзяўчына, і вы падумаеце: «Хоць бы не яна!» Дык вось, гэта буду я».) Тое трэба бачыць! Пагугліце, пашукайце здымкі, раю... («А што, калі мужыкі, якія ходзяць па гораду ў камуфляжнай форме, проста палююць на баб у леапардавых ласінах?») Галоўнае, не перагнуць... («— Дарагая, я кінуў усё дзеля цябе! — Так, каханы, я ведаю! — А ты не памятаеш, куды дакладна?»)

Чыталі, што японская мадэль Като Сары падала на развод праз тыдзень пасля вяселля? Пакінуўшы былога мужа, кажучы фігуральна, у тых самых сподніках: дзяўчына за тры месяцы знаёмства патраціла 100 мільёнаў іен — усе грошы маладога чалавека. («Уяўляеш, я ў апошні час жыву ў рэжыме пастаяннай эканоміі. — І на чым ты эканоміш? — Ды літаральна на ўсім! На дамах, машынах, карцінах...») Яна ні ў чым не ведала адмовы, набываючы дарагія аўтамабілі, дызайнерскае адзенне і іншыя атрыбуты раскошы. Бойфрэнд зрабіў ёй прапанову, падарыўшы заручальны пярсцёнак за 3 мільёны іен. («Не ганарыся, пераспаўшы з крутой фотамадэллю. Можа, ёй было проста цікава: а як гэта — з лохам?») А пасля вяселля, спаслаўшыся на фінансавыя цяжкасці сваёй кампаніі, папрасіў эканоміць грошы. («Бываюць такія дзяўчаты, якой ты паверыў, пераспаў з ёй, а яна падманула і баршчу не зварыла».) Гэта так раззлавала мадэль, што яна рашылася на развод. Маўляў, калі бедны — адвалі! («Падаў заяўку на крэдыт у банк. Адмовілі. Не спадабалася, бачце вы, ім мая мэта крэдыту: «Хачу выпіць на Мальдзівах».) І пры гэтым дзяўчына не лічыць сябе вінаватай, наадварот, ашуканцам у сітуацыі лічыць былога мужа: навошта той пагадзіўся на ёй ажаніцца, ведаючы, што не зможа годна ўтрымліваць? («Калі я была маленькай, прынесла дадому кацяня, а маці сказала: «Вось вырасцеш, станеш дарослай, будзе свая кватэра — хоць барана прыводзь!» Як у ваду глядзела!») Като таксама пакрыўдзілася, што будучы жаніх дазваляў марнаваць грошы да вяселля, а адразу пасля ўрачыстасці — не. А яна заўсёды жыла на шырокую нагу і не хавала, што мужчыны без сродкаў яе не цікавяць. («— Глядзі ты, ажаніцца ён сабраўся! А ў цябе грошы ёсць, каб дачушку маю ненаглядную забяспечыць? — Ну, у бацькі — нафтавыя свідравіны, нерухомасць у Англіі і Швейцарыі, а ў мяне — два мільёны долараў на рахунку... Пракармлю неяк. — Дачушка, ідзі пагуляй, мне з маладым чалавекам пагаварыць трэба... Ну навошта вам гэтая саплівая пэтэушніца? Вам патрэбна больш дарослая жанчына...»)

Мабыць, каб пазбегнуць аналагічнай сітуацыі, японскі мільярдэр Юсаку Маэдзава, першы касмічны турыст, які павінен адправіцца на караблі SрасеХ на Месяц, абвясціў пра пошук спадарожніцы для сумеснага палёту. («Мужчыну голымі рукамі не возьмеш. Тут многа чаго голага трэба...») А што, шлях няблізкі, ды і ён хоча «ўвесь час быць толькі з адной жанчынай» і разам з будучай партнёркай «пракрычаць пра каханне і мір ва ўсім свеце з космасу». («Калі б Чак Норыс ажаніўся з Ксеняй Сабчак і ўзяў яе прозвішча — быў бы Чак Сабчак».) Заяўкі ў дакументальнае шоу, прысвечанае працэсу пошукаў, прапаноўвалася пакідаць адзінокім жанчынам ва ўзросце ад 20 гадоў, якія павінны былі цікавіцца палётамі ў космас і мець магчымасць удзельнічаць у падрыхтоўцы да іх. Да канца сакавіка ў мільярдэра запланаваны сустрэчы з патэнцыяльнымі спадарожніцамі, каб вызначыцца з канчатковым выбарам. («Галоўнае ў сямейным жыцці — падтрымліваць адно аднаго. Жонка кажа: «Мы не можам з'ехаць на святы і пакінуць у кватэры бардак». Я абдымаю яе і кажу: «Мы можам усё!») З іншага боку, хто яго ведае — можа гэта будзе крокам да сапраўднага кахання? З касмічнага карабля ж не выйдзеш на наступным прыпынку. («Закаханасць — гэта калі чакаеш, што каханая вернецца з паездкі і вы правядзеце час разам. Каханне — гэта калі ты чакаеш, што яна на тыдзень зваліць з дзецьмі да маці і ты адарвешся з сябрамі і півам».) Там, удвух, тады можна будзе і ў сподніках на арбіце пахадзіць...

Кастусь ХАЦЕЛАЎ-ЗМАГЕЛАЎ

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Арэнда жылля. Хоць «мядзведжы кут», абы з выгодамі і пральнай машынай

Арэнда жылля. Хоць «мядзведжы кут», абы з выгодамі і пральнай машынай

Гэтая вясной многія хацелі самаізалявацца на прыродзе.

Грамадства

Дарогамі Славы. Кулямётчык і мінамётчык

Дарогамі Славы. Кулямётчык і мінамётчык

З сапраўднымі легендамі мінулай вайны Паўлам Рубісам і Віктарам Вятошкіным мне пашчасціла сустрэцца ў майскія дні восемдзесят дзявятага года.