Вы тут

Студатрад «Медык» назвалі на ўсебеларускім з'ездзе найлепшым медыцынскім


Падчас леташняга Усебеларускага з'езда студэнцкіх атрадаў «Маладосць. Праца. Рамантыка» традыцыйна адзначылі найлепшыя студэнцкія атрады краіны. Першым сярод медыцынскіх па выніках трэцяга працоўнага семестра стаў «Медык» Гродзенскага дзяржаўнага медыцынскага ўніверсітэта. Атрад адметны яшчэ і тым, што і яго камандзір, і яго камісар таксама вызначыліся ў адпаведных намінацыях як самыя ініцыятыўныя і працавітыя. З байцамі мы і пагутарылі аб атрыманым вопыце.


Байцы студатрада «Медык».

Дваццацігадовая Кацярына ЖУК — камандзір «Медыка» — не хавае пачуццяў: для дзяўчыны такі досвед аказаўся добрай магчымасцю папрактыкавацца ў прафесійнай сферы, а таксама зарабіць.

— Зараз вучуся ўжо на чацвёртым курсе педыятрычнага факультэта ГДМУ. Дазналася аб студатрадаўскім руху ва ўніверсітэце, калі іншыя расказвалі пра свой вопыт удзелу ў ім. Мяне гэта вельмі зацікавіла. Адразу ведала, што хачу быць камандзірам атрада, бо я вельмі актыўная і камунікабельная. У нас нават была магчымасць выбраць аддзяленне, дзе хочам працаваць. Я спынілася на аддзяленні радыялогіі, — расказвае Каця.

Працоўны семестр студэнтаў-медыкаў праходзіў у Гродненскай універсітэцкай клініцы і доўжыўся амаль паўтара месяца. Аднак, як заўважыла Кацярына, некаторыя заставаліся працаваць там і надалей па кантракту.

— Хто вучыўся на першым ці другім курсе, маглі быць санітарамі, хто на апошніх — медсёстрамі. Рабочы дзень пачынаўся а восьмай гадзіне раніцы і заканчваўся ў восем гадзін вечара. Мне трэба было сачыць за назначэннямі для пацыентаў, дапамагаць іншым санітарам па сталоўцы, разносіць таблеткі, выпісваць накіраванні на аналізы, рабіць уколы і іншае. Нялёгка было толькі ў першыя дні, напружанне сыходзіла па меры таго, як адпрацоўваліся навыкі. У нашай камандзе не было тых, хто хацеў спыніцца. Усе імкнуліся дапамагчы пацыентам, бо менавіта з гэтым звязана наша будучая прафесія, — кажа дзяўчына.

Суразмоўніца паведаміла, што дзейнасць у рамках студатрада ніяк не перашкаджае вучобе, таму выкладчыкі добра ставяцца да такой ініцыятывы студэнтаў.

— Галоўнай матывацыяй для мяне з'яўлялася атрыманне карыснага вопыту. Ва ўніверсітэце ў большасці навучанне мае тэарэтычны кірунак, таму вельмі хацелася паспрабаваць свае сілы на практыцы. Ды і лета правесці актыўна, адчуць, як гэта — быць незалежнай ад бацькоўскіх грошай. Дзякуючы працы ў студатрадзе зразумела, што работа з дзецьмі мне нашмат бліжэйшая, чым з дарослымі. Гэтым летам хачу зноў сюды пайсці, — падсумоўвае Каця.

Васямнаццацігадовы студэнт лячэбнага факультэта ГДМУ Ягор ЛЯНКЕВІЧ лічыць, што праца ў студатрадзе — добрая адаптацыя да дарослага жыцця. З першага курса хлопец актыўна займаецца грамадскай дзейнасцю, удзельнічае ў розных рэспубліканскіх конкурсах, таму не дзіўна, што і падчас працоўнага семестра ў «Медыку» ўжо на другім курсе ён абраў кіраўнічую пасаду — камісара.

— Я з'яўляўся часткай калектыву рэанімацыйнага аддзялення клінікі, быў санітарам. Усё было ў навінку, мяне можна было параўнаць з цяплічнай кветкай, якую выставілі на вуліцу і якой трэба было неяк выжыць. Вядома, што праца медперсаналу — няпростая, трэба мець вытрымку, каб спраўляцца з нагрузкай і стрэсам, кожны дзень магчымыя неардынарныя сітуацыі. Змены доўжыліся па 12, а то і па 24 гадзіны. Штодзень я правяраў на тэлефоне статыстыку колькасці крокаў, якія прайшоў за рабочы дзень, — ён паказваў 15—20 кіламетраў. Таму можна сказаць, што быў «на адрэналіне», якім і зараджаўся кожную хвіліну. Увогуле лічу, што атрымаў вялікі вопыт, як мінімум назіраючы за работай урачоў. А таксама зарабіў грошы, на якія пасля з'ездзіў на адпачынак у Львоў.

Падчас працоўнага семестра Ягор адказваў за культурныя мерапрыемствы: злёты, пікнікі, спартыўныя гульні, экскурсіі.

— Мы ладзілі для сябе розныя актыўнасці. Спявалі песні пад гітару, адзначалі святы, а аднойчы нават заказалі паром, дзе добра адпачылі. Дагэтуль з камандай са студатрада пастаянна на сувязі: тэлефануем адно аднаму, сустракаемся.

Дзевятнаццацігадовая Юлія ШЭЎКА, якая вучыцца на трэцім курсе лячэбнага факультэта ГДМУ, даведалася аб магчымасці працаўладкавання ў студатрадзе ад знаёмага, што таксама вучыцца ў гэтай ВНУ. І хутка зразумела — вось тое, што патрэбна!

— Я шукала першую ў жыцці падпрацоўку на лета. Пасля другога курса ва ўніверсітэце ў нас не было практыкі, таму вельмі хацелася, каб падпрацоўка была звязана менавіта з медыцынай. Абрала ўралагічнае аддзяленне, ужо з першых дзён мяне ўзялі пад нагляд больш дасведчаныя санітары. Пацыентам я спадабалася, гэта прыемна здзівіла. Пасля заканчэння працоўнага семестра перавялася на кантракт у гэтую клініку, працавала да студзеня, ну а пасля пачаліся сесіі.

У планах Юлі — не спыняцца, надалей удзельнічаць у студатрадаўскім руху.

— Памятаю, бацькі казалі: можа, ты лепш прыедзеш дадому і атрымаеш гэтыя грошы ад нас? Але для мяне справа не ў заробку, а ў жаданні развівацца, не сядзець склаўшы рукі. Лічу, што тыя, хто прайшоў праз студатрады, маюць вялікую перавагу перад іншымі студэнтамі: цяпер мне лягчэй праводзіць розныя медыцынскія маніпуляцыі і камунікаваць з людзьмі. Дзякуючы «Медыку» мы з камандай наведвалі розныя гарады краіны, сустракаліся адно з адным на выязных мерапрыемствах. Таксама знаёміліся са студэнтамі з іншых атрадаў. Дарэчы, так сустрэла свайго цяперашняга хлопца. Можна сказаць, што БРСМ збліжае сэрцы!

Дар'я ШЛАПАКОВА

Загаловак у газеце: «Медык» даў галоўнае — прафесійны досвед»

Выбар рэдакцыі

Палітыка

«Рэальнае жыццё нi ў якi нават самы дасканалы закон не ўмесцiш»

«Рэальнае жыццё нi ў якi нават самы дасканалы закон не ўмесцiш»

Пра першы год жыцця Вярхоўнага суда ў новым будынку — Валерый Калiнковiч.

Спорт

СААЗ рэкамендуе займацца спортам у хатнiх умовах

СААЗ рэкамендуе займацца спортам у хатнiх умовах

Сядзячы спосаб жыцця i нiзкi ўзровень фiзiчнай актыўнасцi могуць аказаць негатыўны ўплыў на здароўе.

Грамадства

Намеснік міністра аховы здароўя Алена Богдан: Сітуацыя з каранавірусам застаецца кантраляванай

Намеснік міністра аховы здароўя Алена Богдан: Сітуацыя з каранавірусам застаецца кантраляванай

У Беларусі з моманту выяўлення першага выпадку COVID-19 зарэгістравана 351 інфікаваных.