Вы тут

Сяргей Бачарнікаў стаў чэмпіёнам Еўропы па біятлоне


Учора турнір у Раўбічах стартаваў з суперспрынту, агульная колькасць удзельнікаў у кваліфікацыйных стартах — больш за дзвесце чалавек. Па трыццаць найлепшых спартсменаў сярод мужчын і жанчын адабраліся ў фінальную частку.


Фота БЕЛТА.

Сярод мужчын туды прабілася трое беларусаў. Антон Смольскі паказаў найлепшы вынік у кваліфікацыі, Віктар Крыўко размясціўся на трэцяй пазіцыі, а Сяргей Бачарнікаў стаў 17-м. Аднак у фінале гаспадары чэмпіянату памяняліся лідзіруючымі пазіцыямі, пасля апошняй стральбы гонку ўзначаліў Сяргей Бачарнікаў, які ва ўпартай барацьбе да апошніх сантыметраў дыстанцыі здолеў утрымаць сваю перавагу.

— Я даўно чакаў асабістага медаля ў буйных спаборніцтвах. Раўбічы — даволі шчаслівае месца для мяне, але пастаянна не дацягваў да асабістай узнагароды. Пасля пераносу чэмпіянату ў Беларусь сёлета ў мяне з'явіўся яшчэ адзін шанц, і я яго выкарыстаў. Апошні ўздым пераадольваў на зубах, чуў, што трэнеры падганяюць сапернікаў. Але я рызыкнуў і ўсё атрымалася, — радасна адзначыў Сяргей.

У жанчын права пазмагацца за першыя ўзнагароды чэмпіянату ў фінале атрымала Ірына Крыўко, Дзінара Алімбекава, Ганна Сола і Адэліна Сабітава. Найбольш удала выступіла тут Ірына Крыўко, якая заняла 8-е месца.

— Траса вельмі цяжкая, нават на спусках ты не можаш адпачыць, трэба працаваць, — адзначыла пасля гонкі Ірына Крыўко. — У цэлым выступаць пасля чэмпіянату свету складана і фізічна, і псіхалагічна, таму што там, на жаль, не атрымалася добра паказаць сябе. Аднак як ёсць, будзем змагацца далей.

Сваю ацэнку першаму дню турніру даў і ганаровы госць, алімпійскі чэмпіён Аляксандр Папоў: «Трэба прызнаць працавітасць арганізатараў, у такіх складаных умовах яны змаглі падрыхтаваць і ўтрымаць трасу. Гэта каласальная праца, вялікі ім дзякуй. Але спартсменам падчас спаборніцтваў трэба быць вельмі ўважлівымі, таму што на спусках можа праступаць вада і лыжы будуць спыняцца, а на ўздымах снег можа праслізгваць».

Сёння, у другі дзень спаборніцтваў чэмпіянату Еўропы па біятлоне, адбудзецца сінгл-мікст і змешаная эстафета.

Дар'я Лабажэвіч

Загаловак у газеце: Першы дзень — першы медаль

Выбар рэдакцыі

Спорт

«Нават праз 40 гадоў сямейнага жыцця рамантыка застаецца...»

«Нават праз 40 гадоў сямейнага жыцця рамантыка застаецца...»

Інтэрв'ю з алімпійскім чэмпіёнам па фехтаванні.