Вы тут

Трабы з лесам у суладдзі


Пра асаблівасці вядзення лясной гаспадаркі на прылеглых да мяжы з Літвою тэрыторыях ды сялянскае жыццё ў аграгарадку Трабы расказвае Віктар Завадскі — памочнік ляснічага Трабскага лясніцтва Іўеўскага лясгаса


Трабы з вышыні птушынага палёту. Фота magicgolos.ru

Неабходная прадмова

Калі глянуць на карту Беларусі, то адразу бачна: Трабы ўтульна размясціліся на лясістых абшарах непадалёк ад шляху з Мінска праз Ракаў ды Ашмяны на Вільнюс. І знакамітыя Гальшаны там побач, і старажытнае Крэва: з руінамі мураванага замка XІV стагоддзя. А даследчыкі даўніны, дарэчы, сцвярджаюць: з Крэўскага замка й распачыналася традыцыя мураванага абарончага дойлідства Вялікага Княства Літоўскага. Пры тым Крэва было адным з палітычных асяродкаў даўняй Літвы, адным з цэнтраў этнічных і палітычных працэсаў напярэдадні ўзнікнення ВКЛ. Ды й самі Трабы спатрэбіліся ў тых гістарычна важных працэсах: як сведчаць дакументы, належалі яны ў пару ВКЛ князю Трабусу. Там нават быў ягоны замак, у адной з крыніц чытаем: “На высокім пагорку (цяпер ён носіць назву Замкавая гара) збудаваны быў драўляны замак, рэзідэнцыя Вялікага князя Літоўскага Трабуса. Пры добрым збегу абставінаў Трабы маглі б стаць сталіцай ВКЛ! Пра князя Трабуса цяпер мала хто згадвае, аднак ён якраз і ёсць прамы родзіч многіх каралеўскіх асоб Еўропы. Як так? Патлумачым. Ад таго князя, сцвярджалі аўтары кнігі “Живописная Россия” (1882), пайшлі князі-нашчадкі Гальшанскія, з роду якіх — і Соф’я Гальшанская, трэцяя жонка караля Ягайлы. А з іх шлюбных дзяцей падоўжылася каралеўская дынастыя Ягелонаў.

Вось якая гісторыя ў Трабаў! На добры толк, у аграгарадку варта было б паставіць хоць памятны знак-валун — як згадку пра малую радзіму многіх каралеўскіх асоб. І хоць веліч Трабаў у мінулым, аднак з даўніх часоў, мусіць, ёсць у мясцовым людзе высокая побытавая культура, працавітасць, схільнасць да парадку. І лясной гаспадаркай там займаюцца спрадвеку. Пэўна, многа чаго на той зямлі раней было, ды цяпер, як кажуць, лесам парасло, у якім і гаспадарыць амаль 25 гадоў наш субяседнік ды яго аднавяскоўцы, што выбралі сабе “лясныя” прафесіі. А мы Віктара Завадскага даўно ведаем: з ім, яшчэ 22‑гадовым тэхнікам лясной гаспадаркі, звялі нас журналісцкія дарогі ў 1996 годзе. Ён — сын мясцовай настаўніцы, адзін з чатырох дзяцей Валянціны Іосіфаўны Завадскай. Яна больш за 40 гадоў выкладала беларускую мову й літаратуру ў Трабскай сярэдняй школе. Сёлета яе запрашалі ў школу выпускнікі 1970 года: 50 гадоў таму школу закончылі, а ў іх яна ўрокі вяла. У 2001‑м Віктар пісаў нам, што ажаніўся, мае чатырохгадовага сына Антона. “Я працую памочнікам ляснічага ў тым жа Трабскім лясніцтве, працай сваёй задаволены. Іду ў лясніцтва заўжды з лёгкім сэрцам і вяртаюся дамоў са спакойнай душой,” — гэта радкі з ліста Віктара, што зберагаем мы ў сямейным архіве.

Лясная тэма для Беларусі — заўжды актуальная, бо лясы ў краіне — адзін з асноўных аднаўляльных прыродных рэсурсаў, да таго ж важнейшае нацыянальнае багацце. Каб разумна ім распараджацца, належным чынам весці лясную гаспадарку, ёсць у краіне Міністэрства лясной гаспадаркі, створана па Беларусі амаль сто лясгасаў. І размову з Віктарам Завадскім пачалі мы з ягоных абавязкаў як памочніка ляснічага.

Віктар Завадскі

З цікавасцю даведаліся, што сярод іншых клопатаў у лясніцтве (лесанарыхтоўкі, лесааднаўленне, кантроль за здароўем дрэў…) ёсць і маніторынг мясцовасці: ці не з’явіліся ў прымежнай да Літвы зоне чужыя людзі, незнаёмцы? У працаўнікоў лесу адладжана цеснае ўзаемадзеянне з Сурвілішскім пагранпастом Лідскага пагранатрада. Яшчэ ў абавязках мясцовых леснікоў — збор яловых і сасновых шышак. Іх потым вязуць на лесанасенную станцыю, дзе перапрацоўваюць — і лясніцтва атрымлівае насенне. Потым з яго ў лясгасаўскім гадавальніку вырошчваюць саджанцы для ўзнаўлення лясоў. Зрэшты, апошнім часам пры лесаразвядзенні (летась заклалі больш за 20 гектараў новых пасадак) выкарыстоўваюцца й саджанцы з закрытай каранёвай сістэмай: у разы менш іх ідзе, і значна лепш прыжываюцца на новым месцы.

— Віктар, а дубы ў Трабскім лясніцтве высаджваеце?

— Не, нашай пясчанай зямлі яны не любяць. Была неяк мода, ці эпапея, як я кажу: дуб садзіць. А не расце ён у нас… Лістоўніц участак эксперыментальны невялічкі ёсць — і ёй тут не даспадобы. Так што ў нас экзотаў практычна няма: усё сваё, роднае. На 90 працэнтаў — хвойныя пароды, у асноўным сасновыя бары.

— Неяк газеты пісалі: на Палессі, у Веткаўскім раёне, нават сібірскія кедры растуць і ўжо даюць ураджай…

— Што ж, добрая справа! А мы садзім тое, што апрабавана і ў нас расце добра: сасну, елку, а ў крайнім выпадку бярозу — калі бачым, што на неўрадлівай зямлі нічога з хвойных парод не вырасце. А бяроза ж непераборлівая, усюды ёй добра.

— Куды бярозу выкарыстоўваеце?

— Дровы з яе выдатныя, а ў нас у рэгіёне многія выкарыстоўваюць гэты від паліва. З добрай бярозы фанеру робяць. Пілуюць і тарную дошку — гэта ў Юрацішках, у дрэваапрацоўчым цаху. Драўніна гэта прамысловая, патрэбная.

— А што за драўніну ўвогуле нарыхтоўваеце ў лясніцтве і ў якіх аб’ёмах?

— Планы па нарыхтоўцы, заўважу, нам даводзіць Іўеўскі лясгас, бо нашае лясніцтва ў яго складзе. (Дырэктар лясгаса — Мікалай Леанідавіч Юшко, галоўны ляснічы — Віталь Станіслававіч Брэйва. — Рэд.) Па драўніне аб’ём нарыхтовак у нас — звыш 1000 кубаметраў на месяц. Летась за год, скажам, нарыхтавалі каля 15 тысяч кубаметраў. У асноўным гэта сасна: балансавая драўніна для вырабу цэлюлозы. Значная колькасць ідзе ў наш дрэваапрацоўчы цэх у Юрацішкі, там шмат чаго з яе робяць. І на дровы таксама: гэта, як кажуць, сыравіна стратэгічная, бо камуналка ўся кругом перайшла на мясцовыя віды паліва. У прыватнасці, у Іўі гарадская кацельня працуе на шчапе, у іншых населеных пунктах. Адпраўляюць шчапу і на экспарт, вагонамі, у асноўным на Захад. Тым займаюцца пераважна камерцыйныя структуры, і дровы ў нас на гэта з ахвотай купляюць. Як і сам Іўеўскі лясгас.

— З якой тэхнікай у лесе працуеце?

— У лясніцтве ёсць чатыры комплексы, адзін харвестар-фарвардэр John Deere, два беларускія, фірмы “Амкадор” ды шведскі Vіmek. Першы добра зарэкамендаваў сябе на так званых рубках прамежкавага карыстання, і шведскі Vіmek на прарэджванні таксама зручны. Беларускія комплексы працуюць на рубках галоўнага карыстання. Елку, сасну, часткова бярозу і альху пры іх дапамозе нарыхтоўваем.

— Колькі ў лясніцтве працаўнікоў?

— 30 чалавек. Ляснічы — а гэта Яўгеній Войцэхавіч Гардзей, памочнік, 4 майстры, 12 леснікоў, 2 трактарысты, вадзіцель ды іншыя. Лясніцтва ў Трабах цалкам укамплектавана. Зарплата? Вядома ж, чалавеку заўсёды хочацца больш зарабляць… Улічваючы тое, што мы з жонкай маем і сваю гаспадарку, то на жыццё нам хапае.

— А ў гаспадарцы вашай што ёсць?

З лесам цесна знітавана беларускае жыццё. Фота bestbelarus.by

— Трымаем свінак, курак… Няма коніка, дык я прыкупіў кітайскі мотаблок з дызельным аднацыліндровым рухавіком. З ім вялікая палёгка. Такі крэпкі агрэгацік! У нас тут цэлая эпапея была: спачатку адзін прыкупіў, потым я, і за мною іншыя гаспадары тэхнікай абзавяліся.

— Значыць, трабаўцы моцна стаяць на нагах, калі сельгастэхнікай абзаводзяцца. Дарэчы, такімі мотаблокамі толькі зямлю апрацоўваць ці й жонку пакатаць можна?

— А што хочаш! Я й прычэп сам змайстраваў: два на метр шэсцьдзясят.

— А ці можна ў лясах вашых знайсці такія мясціны, каб набраць там цэлы прычэп грыбоў?

— Калі шчыра, то грыбы збіраць я не ахвочы — я паляўнічы, мне з ружжом больш пахадзіць ахвота. Але баравікоў іншым годам, а таксама й маслякоў бывае столькі, што хоць мотаблокам вазі. Мая жонка Вольга, помніцца, як высыпаліся маслякі, то з лесу не вылазіла. І насаліла, і намарынавала, і намарозіла.

— Трэба будзе калі-небудзь трабаўскіх грыбочкаў пакаштаваць…

— (Смяецца) Калі ласка, завітайце. Ад Мінска ж недалёка: кіламетраў 125. Мы аўтатрасу асвоілі добра, калі старэйшы сын, Антон, вучыцца паступаў. Ён ужо закончыў Беларускі дзяржуніверсітэт інфарматыкі й радыёэлектронікі, атрымаў спецыяльнасць інжынера радыёэлектронных сістэм. У войску адслужыў, а цяпер кантрактнікам, таксама па спецыяльнасці, у сістэме Міністэрства ўнутраных спраў. І ўжо дачка сярэдняя, Аляксандра, студэнтка: у той жа вну на эканаміста вучыцца. А малодшы, Аляксей, яшчэ школьнік — яму 11 гадоў.

— Мы з 1996 года памятаем, як у часе вандроўкі заходзілі ў Трабы, што ў вас там моцныя людзі растуць! Помніцца, вы й самі пасля войска былі, спраўна так падцягваліся — у бабулінай хаце, на бэльках пад столлю замест турніка…

— Ой, з таго часу я і ў плячах, як кажуць, раздаўся, і вагі набраў: амаль 25 гадоў мінула, і гены бяруць свае. Цяпер за мяне сын старэйшы добрую фізічную форму трымае. Ну а жонка, вы ж ведаеце, галоўным заатэхнікам у мясцовай гаспадарцы працуе. Нам яшчэ калгас новы дом пабудаваў — у ім і жывем.

— Па голасе вы, Віктар Яўгеньевіч, такі ж малады! (Інтэрв’ю мы бралі па тэлефоне. — Рэд.)

— І душою я малады па-ранейшаму! У жыцці да таго ж хапае цікавых гісторый, сумаваць не даводзіцца, хоць і ў глыбінцы жывем. Але тое ўжо як-небудзь пры сустрэчы, пад грыбочкі парасказваю. Мы ж тут пры самай мяжы. У прымежнай зоне з Літвою наша Трабаўскае лясніцтва, так што пільнасці не губляем.

— А цяпер паразважайце: што такое для беларусаў лес? Нам цікавае бачанне яго з вашай глыбінкі, з пасады памочніка ляснічага…

— Лес… Ну шмат чаго! Доўга філасофстваваць можна…

— Гэта нам хто: бацька ці сябар, ці брат? Помніцца, паэт Анатоль Сыс, сам родам з Палесся, назваў адзін са сваіх зборнікаў з вялікай павагаю да лесу: “Пан Лес”.

Даўніна і будучыня суседзяць у Трабах. Фота - Вікторыя Пярлухіна

— І сябар, і брат… Можа, раней бы й я так сказаў. Але за столькі гадоў у лесе я, можа, трохі ачарсцвеў душою — а можа й пасталеў… І гляджу ўжо на лес з такога конту: як бы гэта нам разам з ім зарабіць грошай. Каб нешта здабыць там ды выгадней прадаць. Атрымліваецца, што лес для мяне — гэта найперш надзейны бізнес-партнёр, але з няпростым характарам, які трэба ўвесь час улічваць. Помніцца, калі пайшоў вучыцца ў Полацкі лесатэхнікум, то думаў: мы, леснікі, будзем аберагаць прыроду. Такая “псіхалагічная ўстаноўка” была ў мяне са школы. Калі па шчырасці, то лес жа й без нас, без людзей пражыве, як жыў тысячагоддзі да нас. І аберагаем мы яго найперш, як гэта ні парадаксальна, ад сябе саміх… Ад тых, хто, бываючы ў лесе, можа па неасцярожнасці альбо наўмысна прычыніць яму шкоду, напрыклад, агнём. Паглядзіце, што робіцца ў расійскім Забайкаллі — як там лясы гараць без належнага догляду. Ці вось Аўстралія — гэта ж проста жах, нам такое і ўявіць складана. Дык вось, ішоў я, малады-зялёны, у лесатэхнікум, каб павучыцца лес аберагаць, а ў жыцці аказалася: лес мы для таго даглядаем, каб з яго ж як мага больш карысці ўзяць…

— Зрэшты, Віктар, так і ў любой сялянскай гаспадарцы: карову ці свінню вясковец таксама ж трымае не проста з любові да жывёл (як гараджане сваіх коцікаў-сабачак). У вяскоўцаў колькі клопатаў пра сваю жыўнасць, колькі сілы, часу на яе траціцца! Гэта ж своеасаблівы абмен энергіямі: уклаў сілы, сродкі, выгадаваў жывёліну — а потым ёй і скарыстаўся.

— Ну й мы ж таксама лішняга ў лесе не сячэм, пастаянна аднаўляем лясныя масівы. Дарэчы, я часам прыводжу скептыкам такую матэматыку ў адказ на папрок: вы, маўляў, хутка ўсё выражаце… У нашым лясніцтве 8000 гектараў лесу. Сярэдні прырост з гектара — 4 кубаметры драўніны штогод. Значыць, больш за 30000 кубоў у нас штогод прырастае. А мы выразаем каля 15000. Плюс высаджваем новыя ўчасткі. З такімі тэмпамі ніколі мы яго не выражам: у прыроды вялікі запас трываласці, калі ў лесе гаспадарыць з розумам. Можа, часам думаю, было б і лепш, калі б мы ставіліся да лесу як да бацькі — бралі ад яго пакрыху, толькі на свае патрэбы. Але з павозкі цывілізацыі, вобразна кажучы, не саскочыш, а калі й саскочыш, то цяжка будзе яе дагнаць. Мы хочам з лесу ўзяць шмат. Раней больш ашчадна секлі, а цяпер — лясная прадукцыя патаннела, і аб’ёмы нарыхтовак даводзіцца павялічваць, каб былі нармальныя гаспадарчыя паказчыкі. Бо цяпер час, напэўна, такі. Але паглядзіце навокал. Расіяне газ ці нафту не толькі ж для сябе пампуюць з нетраў, аравійцы — нафту, а нехта вугаль, розныя руды здабывае… А ў нас лес — нацыянальнае багацце, таму ў краіне й працуе каля сотні лясгасаў. Кожнаму сваё. Цяпер, я лічу, у дзяржаве нашай правільна выбраны кірунак на глыбокую перапрацоўку драўніны. На гэтым жа можна добрую капейку зарабіць. Вось вялікія нафтаперапрацоўчыя заводы ў нас ёсць — але ж іх праца залежыць ад чужой, купленай нафты. А лясы ў нас — свае, і трэба ў гэты бок паварочвацца, на мясцовую сыравіну, рабіць усё, каб аднаўляльны, унікальны прыродны рэсурс абачліва, з розумам выкарыстоўваць.

— Вы казалі, што грыбы — занятак не ваш, і што вы сапраўдны паляўнічы…

— Так, у сезон я часта са стрэльбай у лесе. Трафеяў асаблівых, праўда, няма ў мяне. Дзіка, скажам, за столькі гадоў толькі аднаго ўпаляваў. Зайцы, лісы — мае звяры. Воўк, помніцца, у маладосці выйшаў на мяне й глядзеў прама ў вочы. Але ў мяне ў старой стрэльбе дзве асечкі было, то й пабег сабе далей.

— Кажуць, так бывае, калі шкадуеш звера…

— Калі па шчырасці, то я сапраўды іх шкадую. Нават ваўкоў. У нас яны недзе ў 2000‑м былі, а так больш-менш ціха. Ды ў нашым лясніцтве й няма паляўнічай гаспадаркі. Я ў Беларускім таварыстве паляўнічых і рыбаловаў цяпер, хаджу на паляванні з братам Аляксандрам. Трымаю сабак: рускія ганчакі. Я паляўнічы-ганчатнік. Люблю гон, бачу ў ім асаблівую прыгажосць, атрымліваю ад яго гукаў-шумаў вялікае задавальненне.

Гутарку вялі Іван і Валянціна Ждановічы

Нумар у фармаце ПДФ

Выбар рэдакцыі

Навука

Наколькі эфектыўна працуе сістэма інтэлектуальнай уласнасці?

Наколькі эфектыўна працуе сістэма інтэлектуальнай уласнасці?

Расказаў першы намеснік старшыні Дзяржаўнага камітэта па навуцы і тэхналогіях Рэспублікі Беларусь Дзяніс Каржыцкі.

Здароўе

У Нацыянальны каляндар плануюць уключыць новыя прышчэпкі

У Нацыянальны каляндар плануюць уключыць новыя прышчэпкі

Як вакцыны выратоўваюць жыцці і чаго можа каштаваць іх ігнараванне?

Грамадства

Курс маладога байца для дэпутата

Курс маладога байца для дэпутата

Аляксандр Курэц – самы малады народны выбраннік у сваім сельсавеце і адзіны дэпутат сярод сваіх калег па службе.