Вы тут

Разнамоўе сяброў у кнігарні “Дружба”


На сустрэчы прадстаўнікоў розных культур у Мінску гучалі розныя мовы, аднак інтэлігентным людзям лёгка было паразумецца


Святлана Ананьева (у цэнтры) — беларуска з Алматы

Сустрэча спланавана была як адна з імпрэзаў у плыні XХVІІ Мінскай міжнароднай кніжнай выставы-кірмашу. Меркавалася, пройдзе ў кнігарні “Дружба” (на праспекце Пераможцаў, 51/1) прэзентацыя зборнікаў беларускай паэзіі, што выйшлі на чачэнскай, татарскай ды іншых мовах, а таксама літаратуры брацкіх народаў у перакладах на мову беларускую. Зладжана была ў памяшканні кнігарні й выстава кніг тых краін, ад якіх у Мінск прыехалі прадстаўнікі. Ехалі, вядома ж, і на выставу-кірмаш, і для ўдзелу ў чарговым, шостым па ліку міжнародным сімпозіуме “Пісьменнік і час”. Некаторых з іх і запрасілі на творчую імпрэзу, якую вёў паэт, дырэктар выдавецтва “Мастацкая літаратура” Алесь Бадак. Гаварылі пра тое, як важна зносіцца творцам з розных краін, займацца перакладамі твораў, майстраваць “літаратурныя масты”, а таксама й зберагаць ды развіваць кожнаму сваю мову, культурныя традыцыі свайго народа.

З выставачнага комплексу, дзе адкрылася ў той дзень выстава-кірмаш, я прайшоўся да кнігарні пешшу: лагоднае для 5 лютага, сонечнае надвор’е тое дазваляла. Гасцямі ж арганізатары апекаваліся, падвезлі іх аўтобусам. Былі ў зале, выступалі й прадстаўнікі нашай інтэлігенцыі: даследчык беларускай літаратуры, доктар філалагічных навук Алесь Бельскі, дэкан філфака Беларускага дзяржпедуніверсітэта Васіль Старычонак, дацэнт гістфака таго ж універсітэта Зарына Канапацкая ды іншыя.

“Арабская вязь” ад Разаліі Александровіч

Разалія Александровіч працуе метадысткай у Нацыянальным інстытуце адукацыі. Яна вядзе свой радавод ад тых залатаардынскіх воінаў, якія пасяліліся на беларускіх землях са згоды й па запрашэнні вялікіх князёў літоўскіх. У часе шчырай размовы ў кнігарні павіталася з гасцямі словамі “Салям алейкум!” і прадоўжыла: “Так вітаюцца татары ў Беларусі. Мы выкарыстоўваем традыцыйнае вітанне, аднак размаўляем на беларускай мове”. Далей спадарыня Разалія загаварыла па-руску — на мове, больш зразумелай у шматнацыянальнай аўдыторыі.

Цяпер у Беларусі шматкультурнае асяроддзе, якое складвалася, дарэчы, сотнямі гадоў. Разалія Адамаўна ўзгадала, што ў Навагрудку, скуль яна родам, пад час перайменавання вуліц Татарская стала Інтэрнацыянальнай: і цяпер жывуць на ёй разам з беларусамі рэшткі татараў. Ідучы на сустрэчу ў кнігарню, яна згадвала й пра кампактнае раней пасяленне татараў у Мінску: “Месца, дзе мы сустрэліся — гэта якраз былая Татарская Слабада. То можа й таму тут, на добра ўзробленым і маімі супляменнікамі культурным полі старога Менска, сімвалічна ўзрасла кнігарня “Дружба”. Шкада, што тут амаль не засталося ўжо слядоў ад былых татарскіх хатак, як і старой мячэці, што стаяла недалёка, на Вялікай Татарскай вуліцы. Але зусім блізка стаіць новая — вялікая выдатная мячэць, па вуліцы Ігнаценкі. Яна ўзводзілася з дапамогай нашых мусульманскіх братоў”.

Сярод прадстаўнікоў татарскага народу ў Беларусі было шмат педагогаў, былі й тыя, хто працаваў на вытворчасці. Яшчэ з часоў Вялікага Княства Літоўскага, Рэчы Паспалітай шмат было татараў-вайскоўцаў. “Як вядома, ваяры не заўсёды бываюць добрымі паэтамі, пісьменнікамі, — прадаўжала Разалія Александровіч. — Але ж браты-беларусы пішуць на тэмы, нам духоўна блізкія. Так рабіў народны паэт Беларусі Рыгор Барадулін”. І яна прачытала па-беларуску верш класіка “Салям! Чалом!”, які пачынаецца радкамі: “Над небам мячэці маладзічок/ Займаецца колькі стагоддзяў./ Нібыта адкінуты ўздыхам кручок/ З дзвярэй,/ Каб блуканец заходзіў/ У храм,/ Дзе яго падпярэжа Алах/ З Карана суровай сурою./ Блуканец імя сваё/ Знойдзе ў імглах/ І ўмые зарою сырою”. Цудоўны, высокамастацкі твор з тонкім гукапісам, яркімі вобразамі нібыта “выплыў” з глыбіняў народнага татарска-беларускага шматгадовага культурнага ўзаемадзеяння. Спадарыня Разалія звярнулася між тым і да вершаваных меркаванняў аднаго з выступоўцаў, госця з Астрахані Юрыя Шчарбакова, які называе цвёрдаю нашу мову. Пэўна ж, асобныя словы такімі й падаюцца расіяніну, калі, скажам, у Беларусі слова “тряпка” ён чуе ў варыянце “трапка” (па-беларуску анучка). “З другога боку, ці, правільней сказаць, знутры я адчуваю беларускую мову пластычнай, мілагучнай, вельмі гарманічнай — як арабская вязь, — так разважыла спадарыня Разалія. — Многія ж ведаюць: калі адчуеш мову, карыстаешся ёй у вольнай гаворцы, то атрымліваеш вялікую асалоду ад таго, як словы гучаць-пераліваюцца, і адзін гук суладна пераплятаецца з іншым”.

Беларуская мова ад Хізры Асадулаева

Тое, што беларускай мовай пры жаданні могуць авалодаць іншаземцы, прычым на высокім узроўні, каб нават пісаць на ёй вершы, многія ведаюць на прыкладзе паэткі, перакладчыцы з Іспаніі Эспіносы Руіс Анхель — яна, дарэчы, была на кніжнай выставе, удзельнічала й на гэты раз у сімпозіуме “Пісьменнік і час”. А ў кнігарні “Дружба” на пачатку сустрэчы тое прадэманстраваў сяброўскай грамадзе паэт, скульптар Хізры Асадулаеў, ураджэнец Дагестана. Ён цудоўна гаворыць па-беларуску! Хізры Газіевіч — старшыня праўлення Міжнароднага грамадскага аб’яднання “Горо”, ён сябар Каардынацыйнай рады кіраўнікоў беларускіх грамадскіх аб’яднанняў расійскіх суайчыннікаў пры Пасольстве Расіі ў Беларусі, а таксама сябар міжэтнічнага Кансультатыўнага савета пры Упаўнаважаным па справах рэлігій і нацыянальнасцяў Беларусі. Хізры расказаў пра сваё моцнае сяброўства з Рыгорам Барадуліным, вершы якога дагестанец перакладаў на родную яму карацінскую мову. А Рыгор Іванавіч прыгожа перастварыў па-беларуску творы Хізры. Так што чытаў іх аўтар як па-карацінску, так і па-беларуску. Нагадаем, што ў Мінску нарадзіліся, выраслі, вывучыліся дочкі Хізры Газіевіча — Карыма ды Аніса. Сын Газі паглыблена вывучаў англійскую мову, ведае таксама й карацінскую, і беларускую. (Пра Хізры Асадулаева падрабязней мы пісалі раней: “І дружбу гор прывёз з сабою…” — ГР, 2.02.2012).

Глыбокая ўдзячнасць ад Валеры Тургая

Валеры Тургай і Алесь Бадак

Шмат цёплых слоў казаў пра беларускіх сяброў Валеры Тургай, народны паэт і заслужаны работнік культуры Чувашскай Рэспублікі. Пра моцную знітаванасць госця з беларускай культурай, літаратурай засведчыў і ягоны зварот на пачатку прамовы да радкоў Анатоля Сыса: “З чаго пачаць? Пачну з Радзімы. Так абавязаны пачаць…”. Як лічыць Валеры Уладзіміравіч, сімпозіумы “Пісьменнік і час”, якія ладзяцца ў Беларусі, — гэта ўнікальная з’ява ў літаратуры ўсёй Еўропы: “Вы нас збіраеце, частуеце, паядноўваеце… Хіба гэта не ўнікальна? У Расіі, безумоўна, таксама шмат усяго праводзіцца: Пушкінскія святы, Лермантаўскія… А тут ёсць штосьці асаблівае: тут мы ўсе становімся і братамі, і паплечнікамі, і супрацоўнікамі. А потым з’яўляюцца вось такія прыгожыя кнігі”.

І Валеры Тургай паказаў усім Анталогію беларускай паэзіі “Юратӑвӑм ман — Беларуҫ!..” (“Любоў мая — Беларусь!..”). У ягоным перакладзе ў анталогіі прадстаўлены творы розных беларускіх аўтараў: гэта Францыск Скарына, Якуб Колас, Янка Купала, Максім Багдановіч, Аркадзь Куляшоў, Пімен Панчанка, Рыгор Барадулін, Мікола Купрэеў, Анатоль Грачанікаў, Генадзь Бураўкін, Навум Гальпяровіч, Яўгенія Янішчыц, Міхась Пазнякоў, Анатоль Сыс, Віктар Шніп, Алесь Бадак, Марына Кобец, Таццяна Сівец, Валерыя Радунь, Юлія Алейчанка. Кніга, удакладніў перакладчык, выйшла накладам 1000 асобнікаў ды разыходзіцца вельмі добра: яе ў Чувашыі на паліцах кнігарань практычна не засталося.

Як цудоўны падарунак ад беларускіх сяброў успрыняў Валеры Тургай і выхад у Беларусі кнігі санетаў Янкі Купалы на розных мовах. Там і пераклады Валеры на чувашскую мову. Госць нагадаў: у канцы кастрычніка 41‑года Янка Купала па шляху ў Казань апынуўся ў Чэбаксарах. І цяпер ужо ёсць праектная прапанова (яе госць і паказаў упершыню на шырокай публіцы, каб сёлета ўстанавіць мемарыяльную дошку на фасадзе будынка № 5 па вуліцы Вараб’ёва ў Чэбаксарах: “Ёсць 3 варыянты — абярэм найлепшы. Тут вы бачыце штампы, пячаткі — усё ўжо ўзгоднена. Запрашаем беларускіх сяброў на ўрачыстасць”.

Дзякуючы моцнаму сяброўству чувашскага літаратара з беларускімі калегамі зусім нядаўна ў Мінску на беларускай мове пабачыў свет яго паэтычны зборнік “Вершы простыя мае…” у перакладах Міколы Мятліцкага. Вершы Валеры Тургая таксама пераклаў на рускую мову й выдаў зборнікам (наклад 1000 асобнікаў) у Астрахані расійскі паэт Юрый Шчарбакоў. Які таксама быў на сустрэчы. А яшчэ зборнік паэзіі госця выйшаў у Бялградзе на сербскай мове, прычым з прадмоваю Алеся Карлюкевіча, Міністра інфармацыі Беларусі. Вось якія цікавыя праекты рэалізаваліся ў немалой ступені дзякуючы таму, што Валеры Тургай “прыкіпеў” да Беларусі. Такія масты паміж народамі здольныя ўзводзіць творчыя людзі, літаратары.

На заканчэнне свайго эмацыйнага, шчырага выступу Валеры Тургай чытаў верш Алеся Бадака “Хатнік” спачатку ў перакладзе на рускую мову, а потым і ва ўласным перакладзе “на вельмі старажытную чувашскую мову”.

Іван Ждановіч

Нумар у фармаце ПДФ

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Выбар саджанца для садавода — той момант, значнасць якога складана пераацаніць.

Культура

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Канцэрт для дзяцей і моладзі, пластычны спектакль Ягора Дружыніна і «Рок-панарама».