Вы тут

На месцы дома ўбачыў варонку


Былы гамяльчанін Зіновій Хайкін у вайну быў на фронце, а вяртацца яму пасля 1945-га ўжо не было куды


Да Зіновія Хайкіна прыйшлі актывісты суполкі “Белая Русь”

Летась мы ў Самары ўручалі медаль “75 год вызвалення Беларусі ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў” ветэрану Вялікай Айчыннай вайны Зіновію Хайкіну. Пры тым высветлілі: Зіновій Маркавіч нарадзіўся ў Гомелі 1 сакавіка 1925 года: хутка ў яго юбілей. 95 гадоў! Таму й хочацца пра земляка расказаць.

Да вайны хлопец вучыўся ў гомельскай школе імя Камінтэрна, якая, згадвае, была на Гогалеўскай вуліцы, хадзіў і ў музычную школу. З пачаткам вайны 16-гадовы юнак запісаўся ў народнае апалчэнне. З дакументаў таго часу вынікае: ужо 23 чэрвеня 1941 года ў Гомелі пачалася мабілізацыя мужчын прызыўнога ўзросту. Тысячы жыхароў горада выказалі жаданне стаць добраахвотнікамі. Тады ж была арганізавана барацьба з варожымі дыверсантамі, парашутыстамі, ахова важных аб’ектаў. Прадпрыемствы горада пачалі пераходзіць на выпуск ваеннай прадукцыі. Напрыклад, станкабудаўнічы завод імя Кірава вырабляў мінамёты, “Гомсельмаш” — міны, “Рухавік рэвалюцыі” — гранаты. На кандытарскай фабрыцы “Спартак” асвоілі выпуск гаручай сумесі — каб змагацца з варожай бранятэхнікай. Тую сумесь разлівалі ў бутэлькі на лікёрагарэлачным заводзе. І запалкі спецыяльныя выпускаліся на фанерна-запалкавым камбінаце. На швейных фабрыках, у майстэрнях горада шылі ваеннае абмундзіраванне.

Да пачатку ліпеня фронт наблізіўся да Гомельшчыны. 4 ліпеня танкавыя злучэнні вермахта ўварваліся ў Жлобін і Рагачоў, а рух на Гомель перакрывалі 21-я і 13-я арміі. Войскі Заходняга фронту атрымалі загад: усімі сіламі абараняць Гомельскі ўмацаваны раён. А на пачатку жніўня пачалася эвакуацыя на ўсход абсталявання прамысловых прадпрыемстваў, матэрыяльных каштоўнасцяў. За кароткі тэрмін на Урал і ў Паволжа з Гомеля вывезлі абсталяванне 42 прадпрыемстваў. Толькі для эвакуацыі станкоў і матэрыялаў завода “Гомсельмаш”, завода ў імя Кірава і паравозавагоннага спатрэбілася больш за 2,5 тысяч вагонаў.

Тады й Зіновій Хайкін разам з бацькамі быў эвакуяваны ў Чкалаўскую (цяпер Арэнбургская) вобласць Расіі, у Меднагорск. У студзені 43-га быў прызваны ў Чырвоную армію, накіраваны для вучобы ў 2-е Бердычаўскае пяхотнае вучылішча, якое на той час было ў Тамбове. Ды скончыць яго юнак не паспеў. Улетку 1943-га курсанты былі падняты па трывозе, адпраўлены на Паўднёва-Заходні фронт у 8-ю гвардзейскую армію генерала Чуйкова. Баявы шлях радавы Хайкін пачаў камандзірам кулямётнага разліку 120 стралковага палка 39 гвардзейскай дывізіі. Удзельнічаў у наступе на Запарожжа ў складзе 3-га Украінскага фронту. 11 кастрычніка ў наступальных баях быў цяжка паранены. Яго адправілі на лячэнне ў Саранск Мардоўскай АССР. У студзені 1944-га Зіновій Хайкін вярнуўся на фронт, але трапіў на 3-ці Беларускі фронт, у 265 знішчальна-супрацьтанкавы артполк. У яго складзе ўдзельнічаў у баях за вызваленне Беларусі, Польшчы, Усходняй Прусіі, удзельнічаў у штурме Кенігсберга. 7 лютага 1945 года ў баях пад Ландсбергам (Усходняя Прусія, цяпер горад Гураў-Ілавецке, Польшча) зноў быў паранены, адпраўлены на лячэнне ў шпіталь у горад Ісінбург. Пасля шпіталя вярнуўся ў 47 знішчальна-супрацьтанкавую брыгаду камандзірам узвода разведкі, якую пасля заканчэння вайны ў Еўропе перадыслакавалі ў Манголію: каб весці вайну з Японіяй.

Расказваць пра саму вайну Зіновій Маркавіч не любіць, нам адказаў так: “Вайна — гэта цяжкая праца, звязаная са смерцю. Вельмі часта цяжка нам даводзілася, але мы ўсё вытрымалі і перамаглі!” Пасля перамогі над Японіяй Зіновій Хайкін у сакавіку 1946-га быў дэмабілізаваны ў званні старшага сяржанта і вярнуўся да бацькоў, якія жылі тады ў Куйбышаве (Самара) у дзядзькі. Працаваў памочнікам выхавальніка ў Сувораўскім вучылішчы, працягнуў вучобу ў музычным вучылішчы, якое закончыў у 1950 годзе. Працаваў у Самарскай філармоніі, Драматычным тэатры, Акадэмічным тэатры оперы й балета. У 1995 годзе, ва ўзросце 70 гадоў, выйшаў на пенсію.

Пасля заканчэння вайны ў Гомелі наш зямляк быў адзін толькі раз. “Калі прыехаў да бацькоўскага дому на вуліцы Партовай, 15, што насупраць былога стадыёна “Дынама”, то на месцы дома ўбачыў толькі велізарную варонку, — так успамінае Зіновій Маркавіч. Куды было вяртацца? Вось так і засталіся мы жыць у Куйбышаве”.

Зіновій Хайкін узнагароджаны ардэнамі Чырвонай зоркі, Айчыннай вайны I ступені, медалямі “За адвагу”, “За ўзяцце Кенінгсберга”, “За перамогу над Германіяй”, “За перамогу над Японіяй”, шматлікімі юбілейнымі, памятнымі медалямі.

Алег Ксяндзоў, кіраўнік Самарскай рэгіянальнай грамадскай арганізацыі па захаванні й развіцці самабытнасці беларускага народа “Белая Русь”

Нумар у фармаце ПДФ

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Выбар саджанца для садавода — той момант, значнасць якога складана пераацаніць.

Культура

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Канцэрт для дзяцей і моладзі, пластычны спектакль Ягора Дружыніна і «Рок-панарама».