Вы тут

У лёсах — беларускі след


Ураджэнец беларускай Вушаччыны, палкоўнік запасу Васіль Шалак прэзентаваў у Санкт-Пецярбурзе кнігу нарысаў “Все 24 часа”. Ёсць у ёй аповеды й пра людзей, якія розным чынам паяднаны з Беларуссю.


Васіль Шалак

Кніга выйшла ў канцы 2019 года, і нядаўна была яе першая прэзентацыя: у 320‑й сярэдняй агульнаадукацыйнай школе Прыморскага раёна Санкт-Пецярбурга. Старшакласнікі, педагогі змаглі пазнаёміцца са зместам выдання й некаторымі героямі нарысаў асабіста.

У кнізе — 20 нарысаў пра людзей, жыццё й дзейнасць якіх могуць для моладзі быць прыкладам для пераймання. Героі нарысаў розныя па ўзросце, адукацыі, спецыяльнасцях. Адны прайшлі Вялікую Айчынную, а ў некаторых яна толькі апаліла дзяцінства. Працавалі ці працуюць у розных месцах: завадскія цахі, медыцынскія ды адукацыйныя ўстановы, сцэны тэатраў, воінскія часткі… Аб’ядноўвае ж іх усіх высокі патрыятызм, паважлівае стаўленне да працы.

Адзін з герояў кнігі, генерал-лейтэнант міліцыі Веніямін Петухоў дзеліцца ў кнізе такімі развагамі: “… Трэба ўвесь час жыць жыццём следчага, аператыўніка, участковага. Немагчыма быць ім толькі 8 гадзін у суткі. Ім трэба быць кругласутачна, без выхадных і святочных дзён!”. А неяк Герой Сацыялістычнай Працы Тамара Каташэвіч (ёсць і пра яе нарыс у кнізе) у гутарцы з моладдзю прызналася: “Павінна была я ўсюды паспяваць. Сям’я, грамадская праца, завод… Але завод, вытворчасць у мяне ўсё ж былі на першым месцы!”. Падобным чынам ставіліся й ставяцца да выканання сваіх абавязкаў таксама іншыя героі кнігі: праца ў іх галовах круглыя суткі — усе 24 гадзіны.

У Генеральнага канструктара атамных падводных крэйсераў стратэгічнага прызначэння, двойчы Героя Сацыялістычнай Працы Сяргея Кавалёва было тры працоўныя месцы. Адно — у Цэнтральным канструктарскім бюро марской тэхнікі “Рубин”. Другое — у Маскве: там Сяргею Мікітавічу даводзілася сістэматычна бываць, каб наладжваць узаемадзеянне з кіраўнікамі сотняў арганізацый ды непасрэднымі выканаўцамі работ. Стапелі й цахі Паўночнага машынабудаўнічага прадпрыемства, дзе ідэі, планы Генканструктара набывалі практычнае ўвасабленне — гэта было яго трэцяе працоўнае месца.

Некаторыя з герояў кнігі цесна паяднаныя з Беларуссю. Былы франтавік, маршал артылерыі Уладзімір Міхалкін нарадзіўся летам 1927‑га на Магілёўшчыне. Тады яго бацька, Міхаіл Сямёнавіч, камандаваў артбатарэяй у ваенным гарадку Кісялевічы (раён Бабруйска). Часткова дзяцінства Уладзіміра прайшло ў гарнізоне Заслонава, на Віцебшчыне: бацька ўжо камандаваў артпалком. У 1939‑м палкоўнік Міхаіл Міхалкін як камандуючы артылерыяй дывізіі ўдзельнічаў у вызваленні Заходняй Беларусі. А Уладзімір Міхайлавіч з красавіка 1974‑га па кастрычнік 1978 года праходзіў службу ў Беларускай ваеннай акрузе: быў начальнікам ракетных войск і артылерыі 7‑й танкавай арміі, камандуючым ракетнымі войскамі ды артылерыяй. Неаднаразова наведваў Беларусь, калі служыў у Маскве.

Кіраўнік Міжрэгіянальнай грамадскай арганізацыі “Савет ветэранаў атрада спецыяльнага рэагавання” Санкт-Пецярбурга й Ленінградскай вобласці старшына міліцыі Уладзімір Сурынаў у 70‑я праходзіў тэрміновую вайсковую службу ў адной з вайсковых частак на тэрыторыі Гомельшчыны. У яго памяці засталіся самыя добрыя ўражанні пра той перыяд жыцця. Гвардыі старэйшы сяржант Васіль Булавінаў, узначальваючы грамадскую арганізацыю “Міжнародны дабрачынны фонд абаронцаў Неўскага плацдарма”, неаднаразова ладзіў экскурсіі, “Цягнікі дружбы”, аўтапрабегі, прысвечаныя памятным датам Расіі ды Беларусі. Дэлегацыі моладзі, ветэранаў пад яго кіраўніцтвам наведвалі Віцебск, Оршу, Мінск, Брэсцкую крэпасць. Сябар Саюза пісьменнікаў Расіі, Герой Сацыялістычнай Працы Таццяна Захарава ўваходзіць у кіраўніцтва грамадскай суполкі “Российско-белорусское братство”. Таццяна Міхайлаўна не раз бывала ў Беларусі ў складзе афіцыйных дэлегацый, а ў Санкт-Пецярбурзе сустракалася з беларускімі ветэранамі. Яе станаўленне як пісьменніцы праходзіла пад уплывам сябра Саюза пісьменнікаў Беларусі Івана Сабілы.

На прэзентацыі аўтар з героямі яго нарысаў

Ёсць у кнізе й нарыс пра таленавітую самадзейную спявачку Галіну Лутчанку. Галіна Іванаўна — лаўрэатка Міжнароднага песеннага конкурсу 2018 года “Нам года — не беда”, у яе рэпертуары нямала й беларускіх песень. Спявачка імкнецца не прапускаць канцэрты беларускіх “Песняроў” ды “Сяброў”, калі яны прыязджаюць выступаць у Санкт-Пецярбург. А генерал-маёр Аляксандр Марозаў мае беларускія родавыя карані, хоць нарадзіўся восенню 1941 года ў Сібіры (вёска Ларнеўка Цюхцецкага раёна Краснаярскага краю). Аказваецца, бацькі яго, Якаў Гардзеевіч ды Анастасія Рыгораўна, былі родам з Гомельшчыны: іх вяселле было ў вёсцы Марозаўка, за 13–15 км ад вёскі Рудня (цяпер Добрушскі раён). Аляксандр Якаўлевіч бывае ў Беларусі, наведвае шматлікіх сваякоў.

Адкрываў прэзентацыю ў школе дэпутат Заканадаўчага сходу Санкт-Пецярбурга Андрэй Гаршэчнікаў, адзін з герояў кнігі. У 1983–1985 гадах Андрэй Аляксеевіч удзельнічаў у баявых дзеяннях у Афганістане, быў цяжка паранены. За праяўленую мужнасць і адвагу ўзнагароджаны ордэнам Чырвонай Зоркі. У 1987–89 гадах працаваў камсоргам ЦК ВЛКСМ па працы з вайскоўцамі, якія праходзілі вайсковую службу ў Рэспубліцы Афганістан і знаходзіліся на лячэнні ў ваенна-лячэбных установах Ленінграда.

Далей аўтар кнігі Васіль Шалак падрабязна распавёў пра яе задуму, структуру, змест. Васіль Іванавіч асабліва падкрэсліў: хоць кніга й апавядае пра людзей старэйшага ўзросту, аднак адрасавана моладзі, маладым людзям. У герояў можна павучыцца, як выбіраць сабе прафесію. І ўсе яны вартыя таго, каб маладыя людзі бралі прыклад з іх жыцця, дзейнасці.

На сустрэчы выступалі й яшчэ героі кнігі: жыхарка блакаднага Ленінграда Галіна Лутчанка й ветэран ваеннай службы генерал-маёр Аляксандр Марозаў. Галіна Іванаўна — яркая прадстаўніца рабочага класа Ленінграда, у яе амаль 40‑гадовы працоўны стаж. У свой час яна ўзначальвала брыгаду ў Навукова-вытворчым аб’яднанні “Позитрон”, была дэлегаткай ХV з’езда ВЛКСМ, узнагароджана ордэнам Працоўнай Слава трэцяй ступені, медалём “За працоўную доблесць”. Звяртаючыся да школьнікаў, Галіна Іванаўна выказала ўпэўненасць, што яны годна прадоўжаць справу бацькоў, дзядоў, паспрыяюць умацаванню эканамічнай магутнасці Радзімы, павышэнню яе аўтарытэту ў свеце. А выступленне Галіна Іванаўна завяршыла песняй “Я лечу над Россией”.

Генерал-маёр Аляксандр Марозаў праслужыў ва Узброеных сілах звыш трох дзесяцігоддзяў. За час службы змяніў 11 гарнізонаў: Паўночны Каўказ, сярэдняя паласа Расіі, Афганістан, Запаляр’е, Архангельск… Ён — кавалер ордэнаў Чырвонай зоркі й “За службу Радзіме ва Узброеных сілах СССР” трэцяй ступені, мае 16 медалёў і Знак ЦК ВЛКСМ “За вайсковую доблесць”. Аляксандр Якаўлевіч падкрэсліў: сэнс жыцця свайго ён бачыў у ваеннай службе Айчыне. Нагадаў старшакласнікам некаторыя знакавыя старонкі з гісторыі Вялікай Айчыннай вайны, даў наказ: памятаць пра падзеі, герояў таго страшнага часу, прадаўжаць традыцыі, закладзеныя прадстаўнікамі старэйшых пакаленняў.

Васіль Шалак адказваў на пытанні, распавёў пра творчыя планы, падарыў некалькі сваіх кніг у школьную бібліятэку. На заканчэнне сустрэчы дырэктар 320‑й школы Ірына Барысаўна Чарнавус падзякавала гасцям за цікавую імпрэзу.

Ліліяна Шуляк, намесніца дырэктара школы № 320 па выхаваўчай рабоце, г. Санкт-Пецярбург.

Фота: Ігар Парчынскі

Нумар у фармаце ПДФ

Выбар рэдакцыі

Здароўе

Як вясной алергікам аблегчыць сваё жыццё?

Як вясной алергікам аблегчыць сваё жыццё?

Некалькі парад ад урача-інфекцыяніста.

Моладзь

Вераніка Цубікава: Натхняюся жаданнем дзяліцца

Вераніка Цубікава: Натхняюся жаданнем дзяліцца

Яе песні займаюць першыя радкі ў музычных чартах краіны, пастаянна гучаць на радыё і тэлебачанні.