Вы тут

Брава, “Беларусы”!


Арт­група “Беларусы”, якая на канцэрце ў Ліепаі выконвала сусветна вядомыя песні пад складаныя шматгалосныя акорды, падарыла гледачам цудоўны настрой


Валеры Шмат (у цэнтры) і яго таленавітыя сябры. afisha.pinsk.eu

Арт-група з Мінска зладзіла канцэртны тур па Прыбалтыцы, які ўключаў 13 гарадоў. І 17 студзеня артысты выступілі ў Ліепаі. “Беларусы” сёння — адзін з самых запатрабаваных мужчынскіх вакальных калектываў у Беларусі. Цяпер, дарэчы, адзначаюць 15-годдзе: створаны былі ў лютым 2005 года ў Мінску. За плячыма артыстаў больш за тысячу сольных канцэртаў у Беларусі, Расіі, Польшчы, Літве, Латвіі, Эстоніі, Фінляндыі. Арт-група ўдзельнічала ў розных прэстыжных музычных імпрэзах. Адметнасць яе творчай манеры — гэта спалучэнне акадэмічнага й эстраднага вакалу, чаргаванне ансамблевых і сольных эпізодаў у творах, частая змена рэгістраў і тэмбраў. Салісты прадстаўляюць усе тыпы мужчынскіх галасоў: бас, барытон, тэнар. А спяваюць на беларускай, рускай, украінскай, стараславянскай, польскай, літоўскай, латышскай, англійскай, італьянскай, іспанскай мовах, а таксама на латыні ды іўрыце.

Першы раз у Ліепаі “Беларусы” выступалі ў 2019-м: прадставілі канцэрт, прысвечаны жанчынам. З тае нагоды кампазітар, стваральнік і кіраўнік арт-групы Валеры Шмат сказаў: “У нас любы канцэрт прысвечаны жанчынам, бо гэта як мінімум 80 адсоткаў гледачоў... Таму мы заўсёды імкнемся пабольш уключаць у рэпертуар песень пра жанчыну, каханне, мацярынства. А гэтым разам мы яшчэ й спрабавалі падоўжыць навагодні настрой — мяркую, гледачы тое адчулі й былі з намі адзіным цэлым”.

Да канцэрта артысты, арт-дырэктар групы Алеся Кузняцова мелі магчымасць пагуляць па горадзе, схадзіць на мора й нават пазаймацца крыху на турніках, знойдзеных на вуліцы. “Мы й не здзіўленыя, што ў Ліепаі выдатная, творчая атмасфера, — потым расказваў Валеры Шмат. — Ваш горад заўсёды прымае нас вельмі цёпла й адкрыта, і ў ім кожны раз ёсць адчуванне свята”.

Алеся Кузняцова паведаміла нам, што зладзіла канцэрт “Беларусаў” у Латвіі адно латвійскае канцэртнае агенцтва. Яго прадстаўнікі неяк пабачылі гурт на прыёме ў беларускім консульстве ды выказалі зацікаўленасць у тым, каб запрасіць яго на канцэртны тур па Латвіі. А Ліепайская беларуская суполка “Мара” спрычынілася да арганізацыі канцэрта непасрэдна ў Ліепаі. Па словах Валерыя Шмата, Ліепая — адзіны горад, дзе пытаннямі арганізацыі канцэрта займалася таксама й беларуская грамада. На яго думку, ёсць падставы меркаваць, што суполка мае салідную вагу ў Прыбалтыцы. “Гэта згуртаваны беларускі калектыў, і хоць не ўсе тут размаўляюць па-беларуску, але ж адчуваюць сябе ў душы беларусамі, — разважыў Валеры Шмат. — На нашы канцэрты часцей прыходзяць рускія, украінцы, палякі, чым беларусы. А ў Ліепаі было шмат нашых супляменнікаў, і гэта нас вельмі радуе”.

Алеся Кузняцова ўдакладніла, што пасля выступленняў па Латвіі былі атрыманы станоўчыя водгукі, паступілі запрашэнні зладзіць канцэрты і ў наступным годзе. З турам па Прыбалтыцы гурт плануе прыехаць у сакавіку 2021-га, канцэрты зноў будуць прысвечаны цудоўным і любімым жанчынам. І як жа такіх “Беларусаў” нам не любіць!

Анжэла Фаміна, г. Ліепая

Нумар у фармаце ПДФ

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Выбар саджанца для садавода — той момант, значнасць якога складана пераацаніць.

Культура

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Канцэрт для дзяцей і моладзі, пластычны спектакль Ягора Дружыніна і «Рок-панарама».