Вы тут

Вайна пакінула яму жыццё, але забрала блізкіх. Завіталі да клічаўскага ветэрана вайны Міхаіла Фельдмана


Выдавецкі дом «Звязда» і дэпутат Палаты прадстаўнікоў Святлана Шутава павіншавалі клічаўскага ветэрана вайны са святам абаронцаў Айчыны.

Нягледзячы на свае 96, Міхаіл Фельдман выглядае на зайздрасць бадзёрым і маладжавым. Вядома, што гады бяруць сваё і здароўе часам пакідае жадаць лепшага. Але Міхаіл Давыдавіч аптыміст, ён шмат чытае, адсочвае падзеі ў краіне і за яе межамі — адным словам, жыве поўным жыццём. Разам з дэпутатам і карэспандэнтам «МС» да ветэрана завіталі прадстаўнікі мясцовай улады, ветэранскай арганізацыі і медыцыны. З нагоды ён апрануў свой парадны пінжак з баявымі ўзнагародамі — ордэнам Вялікай Айчыннай вайны і медалямі за Перамогу над Германіяй і Японіяй.


Што турбуе ветэрана

Дэпутат Святлана Шутава спецыяльна арганізавала гэтую сустрэчу, каб бліжэй пазнаёміцца з ветэранам. Падчас размовы з выбаршчыкамі ў сваёй акрузе яна даведалася, што ў вёсцы Акцябрск жыве такі паважаны чалавек. Ёй перадалі, што ён вельмі б жадаў сустрэцца са сваім дэпутатам і яна не стала адкладваць гэты візіт. Да добрага жэсту далучыўся і Выдавецкі дом «Звязда». Перад тым як пачаць размову «за жыццё», дэпутат падарыла ветэрану прысмакі і радыёпрыёмнік, па якім ён зможа слухаць, у тым ліку і мясцовыя навіны. А карэспандэнт «МС» перадала ад Выдавецкага дома «Звязда» шыкоўныя маляўнічыя альбомы пра гераічнае мінулае беларускага народа і яго подзвіг падчас Вялікай Айчыннай вайны. Трэба адзначыць, што падарункі прыйшліся ветэрану даспадобы.

Як чалавек актыўны і неабыякавы да ўсяго, што адбываецца навокал, Міхаіл Давыдавіч хоча неяк паўплываць на рэчаіснасць. Яго вельмі турбуе лёс роднай вёскі. Калісьці тут жыло шмат людзей, а цяпер засталося ўсяго некалькі дзясяткаў. Раней у вёсцы былі клуб, бібліятэка, школа, пошта, аддзяленне сувязі, стацыянарная крама, ФАП, але паступова ўсе гэтыя сацыяльныя аб'екты зніклі.

На вуліцы, дзе жыве ветэран, знешне ўсё прыстойна. Няма паўразбураных пустуючых хат, нахіленых платоў, зараснікаў. Але жыццё не б'е тут ключом. Вось і Міхаіл Давыдавіч скардзіцца, што жыццё стала зусім іншым, што людзі адасобіліся, зачыніліся ў сваіх хатах. А ён да гэтага не прывык. Кампенсуе недахоп зносінаў праглядам тэлеперадач.

Паскардзіўся былы франтавік і на стан здароўя. А ў сувязі з гэтым панаракаў на закрыццё ФАПа. Закон не парушаны, але ж людзям нязручна. З іншага боку, тэлефон пад рукой, звязацца з паліклінікай або бальніцай не праблема. Вось і ўрач з Клічава Валянціна Бялко, якая завітала да ветэрана разам з намі, добра ведае пра балячкі пацыента.

Дарогамі вайны

Пра франтавое мінулае ветэран не раз расказваў і школьнікам, і навучэнцам каледжа, і грамадскасці. Але яно яго і цяпер не адпускае. Бо столькі пакут і выпрабаванняў выпала, што хопіць і на дзесяцярых.

— Калі вайна пачалася, я спачатку спадзяваўся, што ўсё хутка скончыцца, але фронт у лічаныя дні дакаціўся да Бабруйска, — узгадвае ён. — Мой бацька быў удзельнікам Першай сусветнай вайны і параіў ісці ў армію добраахвотнікам. Мне на той час было 17 гадоў. Ваенкамат у Клічаве быў зачынены і я з яшчэ двума сваімі аднагодкамі паехаў у Магілёў. Там нам загадалі заставацца ў тыле. Сяк-так дабраліся да Оршы, адтуль на параходзе ўглыб Расіі, а потым на конях даехалі да Башкірыі. Я хлопец сельскі, работы не баяўся і таму застаўся працаваць у калгасе «Другая пяцілетка». Працавалі там адны жанчыны і я ім стаў добрым памочнікам. Вазілі хлеб на конях на адлегласць 120 кіламетраў. Але хутка мяне накіравалі спачатку ў працоўную, а потым дзеючую армію. Марыў стаць лётчыкам, але камісію не прайшоў з-за зроку. Стаў сувязістам. У Свярдлоўскай вобласці шэсць месяцаў вучыўся марзянцы, пасля чаго ў званні малодшага сяржанта быў накіраваны на фронт. Ваяваў у 13-м асобным лінейна-эксплуатацыйным батальёне сувязі.

Ваенны шлях маладога сувязіста пачынаўся з Пскоўскай вобласці, потым ён будаваў лініі сувязі ў Прыбалтыцы і Польшчы. Перамогу Міхаіл сустрэў у Беластоку. А потым іх батальён пасадзілі ў эшалон і павезлі ў Харбін.

З жонкай пазнаёміўся ў Манчжурыі

Гэта адбылося ў 1945 годзе.

— Мая Алена Васілеўна таксама ўдзельніца вайны, выдатнік сувязі, — з пяшчотай у голасе кажа ветэран. Жонкі ўжо 20 гадоў няма побач, і былы салдат вельмі балюча перажывае гэтую страту. Ён дэманструе фота 75-гадовай даўніны, зробленае ў тым самым кітайскім Харбіне. Там жа Міхаіл перажыў не толькі самыя шчаслівыя хвіліны свайго жыцця, але і самае вялікае гора. На яго неаднаразовыя спробы высветліць лёс бацькоў, шматлікіх братоў, сясцёр і іншых сваякоў — усяго сямнаццаці чалавек, якія засталіся ў Клічаўскім раёне, прыйшоў страшны адказ: іх усіх расстралялі.

— З сям'і я адзін застаўся, нават не ведаю, дзе яны пахаваныя, — яго голас і цяпер дрыжыць ад хвалявання. — Мяне выратавала толькі тое, што я пайшоў на фронт. Пасля таго як даведаўся пра лёс родных, вяртацца да дому не захацелася. Мне напісалі, што іх выдалі паліцаі. Я проста б не змог жыць побач з гэтымі здраднікамі. Таму, калі мабілізаваўся, паехаў на радзіму жонкі ў Тульскую вобласць. І толькі ў 60-я гады вярнуўся ў Клічаўскі раён. Працаваў настаўнікам у Колбчы, выкладаў усё, пачынаючы ад матэматыкі, заканчваючы нямецкай мовай. І ўвесь час шукаў сляды забітых родных. На жаль, безвынікова. З кнігі «Памяць» Клічаўскага раёна толькі і даведаўся, што ў раёне немцы расстралялі 400 яўрэяў...

Ветэран лічыць, што яшчэ не ўсё сказана пра вайну і трэба часцей нагадваць пра тых, хто пацярпеў ад яе. Каб моладзь разумела, што героі — гэта не толькі тыя, хто клаўся на амбразуру. Перамога — справа агульная, яна здабывалася сумеснымі дзеяннямі арміі і мірнага насельніцтва. Ён марыць, што з часам у Клічаве з'явіцца вялікая памятная дошка, дзе будуць пазначаны імёны не толькі тых жыхароў, якія загінулі на фронце, але і тых, каго забілі падчас акупацыі.

А яшчэ ён вельмі ўдзячны ўсім, хто яго не забывае, падтрымлівае. Асабліва адзначае старшыню сельсавета Дзмітрыя Рамановіча, які дапамог яму і хату аформіць, і ваду падвесці, і траву абкасіць вакол агароджы. Дзеці, вядомая справа, не забываюць, дапамагаюць спраўляцца па гаспадарцы. На жаль, з пяцярых засталося ўжо толькі трое, але ёсць унукі і праўнукі. І гэта таксама дае сілы жыць.

Нэлі ЗІГУЛЯ, Клічаўскі раён

Фота аўтара

У тэму

Святлана Шутава, член Пастаяннай камісіі па дзяржаўным будаўніцтве, мясцовым самакіраванні і рэгламенце Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь:

— Міхаіл Фельдман — унікальны чалавек. Вельмі парадавала, калі даведалася, што ён вядзе актыўны лад жыцця, цікавіцца ўсім, што яго атачае. Сёння вельмі актуальна тэма 75-годдзя Перамогі, патрыятызму, любові да Радзімы, а Міхаіл Давыдавіч якраз адзін з тых людзей, жыццё якіх з'яўляецца прыкладам для пераймання. Для мяне вялікі гонар пагутарыць з такім чалавекам, даведацца пра яго праблемы і вырашыць іх. Я абавязкова звярнуся да гісторыкаў, іншых кампетэнтных асоб, каб дапамагчы Міхаілу Давыдавічу высветліць усё, што магчыма, пра яго родных, якія загінулі падчас вайны. У дэпутацкай рабоце вельмі важна пачуць чалавека, разабрацца, як узнікла праблема, што трэба зрабіць для яе вырашэння.

Дзмітрый Рамановіч, старшыня Колбчанскага сельсавета Клічаўскага раёна:

— На нашай тэрыторыі застаўся ўсяго адзін ветэран. На жаль, вёска, дзе ён жыве, выміраючая. З 75 чалавек толькі 43 —працаздольнага ўзросту. Частка з іх перыядычна не працуе, бо не мае жадання, астатнія занятыя ў мясцовых гаспадарках. Дзяцей да 18 гадоў не засталося наогул. Ветэрану сумна, але ў раёне жыве яго дачка, унукі і праўнукі. Я са свайго боку заўсёды на сувязі з Міхаілам Давыдавічам, дапамагаю, чым магу. Ён жыве адзін і трэба, каб была пастаянная ўвага. Такія жыхары ў нас на асаблівым кантролі.

Выбар рэдакцыі

Палітыка

«Рэальнае жыццё нi ў якi нават самы дасканалы закон не ўмесцiш»

«Рэальнае жыццё нi ў якi нават самы дасканалы закон не ўмесцiш»

Пра першы год жыцця Вярхоўнага суда ў новым будынку — Валерый Калiнковiч.

Спорт

СААЗ рэкамендуе займацца спортам у хатнiх умовах

СААЗ рэкамендуе займацца спортам у хатнiх умовах

Сядзячы спосаб жыцця i нiзкi ўзровень фiзiчнай актыўнасцi могуць аказаць негатыўны ўплыў на здароўе.

Грамадства

Намеснік міністра аховы здароўя Алена Богдан: Сітуацыя з каранавірусам застаецца кантраляванай

Намеснік міністра аховы здароўя Алена Богдан: Сітуацыя з каранавірусам застаецца кантраляванай

У Беларусі з моманту выяўлення першага выпадку COVID-19 зарэгістравана 351 інфікаваных.