Вы тут

Рынак чакае новых прапаноў


У апошнія гады адзначаецца пазітыўная дынаміка экспарту беларускіх тавараў у Злучаныя Штаты Амерыкі


У Парку высокіх тэхналогій сустракалі гасцей

Асабліва выразна такая тэндэнцыя была засведчаана два гады таму, калі беларускі экспарт у ЗША вырас адразу на дзве трэці і перавысіў планку ў 200 млн долараў. Аднак, лічаць эксперты, гэтыя паказчыкі, калі ацэньваць ёмістасць амерыканскага рынку, усё яшчэ нязначныя. Доля ЗША складае пакуль менш за 1 % у агульным аб’ёме экспарту беларускіх тавараў. Між тым, попыт у Злучаных Штатах настолькі высокі, што, нягледзячы на моц амерыканскай эканомікі і спробы правядзення цяперашняй адміністрацыяй Белага дома пратэкцыянісцкай палітыкі ў духу «купляй амерыканскае», мясцовая вытворчасць не здольная цалкам задаволіць патрэбы рынку. Адным словам, тут ёсць вялікі патэнцыял для працы маркетынгавых службаў беларускіх прадпрыемстваў.

Асноўнымі таварнымі пазіцыямі беларускага экспарту ў ЗША сёння з’яўляюцца калійныя ўгнаенні, металапрадукцыя, рэнтгенаўская апаратура, прылады на вадкіх крышталях, мэбля, азотныя ўгнаенні, ільняныя тканіны, шкловалакно, прадукцыя дрэваапрацоўкі, кандытарскія вырабы, кансерваваная рыба. Спажывецкіх тавараў, якія выстаўляюцца на паліцы крам, сярод гэтых пазіцый параўнальна няшмат, але яны ёсць. І ў апошнія гады гэты сегмент беларускага экспарту расце.

Калі ж казаць пра перспектывы паставак тавараў беларускімі экспарцёрамі, то варта ўлічваць наяўнасць абмежаванняў па некаторых групах. У прыватнасці, Беларусь не мае краінавай сертыфікацыі для пастаўкі ў ЗША мясной прадукцыі, а пастаўкі з нашай краіны малочных вырабаў кватуюцца, таму неабходны пошук амерыканскага імпарцёра, які мае квоты. Па астатніх спажывецкіх таварах, што вырабляюцца ў Беларусі, няма юрыдычных перашкод для паставак у ЗША.

Дзейнасць ПВТ вызначае сучаснасць

Так, цяпер робяцца толькі першыя крокі па прасоўванні нашых тавараў у крамы найбуйнейшых амерыканскіх гандлёвых сетак. Між тым, у многіх крамах у розных штатах ЗША, якія належаць невялікім гандлёвым сеткам, ужо даволі шырока прадстаўлены беларускія цукеркі, шакалад, печыва, рыбныя кансервы, мёд. Так, пастаўкі пакуль параўнальна невялікія, але яны прыносяць даход у некалькі мільёнаў долараў у год, і дынаміка росту добрая. Асабліва варта адзначыць рост аб’ёму паставак мэблі, якую выпускае прадпрыемства — рэзідэнт свабоднай эканамічнай зоны «Магілёў». Гэтая прадукцыя рэалізуецца ў крамах мэблевай гандлёвай сеткі, вядомай не толькі ў ЗША, але і па ўсім свеце.

Эксперты таксама звяртаюць увагу на той факт, што амерыканскі рынак характарызуецца значнай ёмістасцю, плацежаздольнасцю і наяўнасцю ўстойлівага попыту практычна на любыя віды прадукцыі, у тым ліку на тыя, якія імпартуюцца. У той жа час тут высокая канкурэнцыя ва ўсіх сегментах. На думку экспертаў, беларускім прадпрыемствам неабходна падрыхтавацца да таго, што выхад на рынак ЗША можа быць спалучаны са значнымі першапачатковымі ўкладаннямі, якія ўключаюць і выдаткі, звязаныя з забеспячэннем зваротнай сувязі з канчатковымі спажыўцамі. Неабходна прыкласці намаганні для арганізацыі рэкламы, праходжання сертыфікацыі прадукцыі, правядзення маркетынгавых даследаванняў, наладжвання кантактаў з партнёрамі.

У сувязі з гэтым варта нагадаць пра важнасць першага Беларуска-амерыканскага форуму малога і сярэдняга бізнесу. Заслугоўвае ўвагі тая акалічнасць, што два гады таму быў дасягнуты самы высокі ў гісторыі двухбаковых адносін узровень экспарту ў ЗША айчынных паслуг — 570 млн долараў (рост на 30 %) — пры станоўчым сальда ў памеры 488 млн долараў.

Тут трэба заўважыць, што пераважную частку ў агульным аб’ёме экспарту паслуг з Беларусі ў ЗША складаюць менавіта ІT-паслугі. Літаральна год таму экспарт туды камп’ютарных паслуг дасягнуў беспрэцэдэнтнага ўзроўню — ён перавысіў паўмільярда долараў.

Вядома ж, у асноўным гэта вынік дзейнасці рэзідэнтаў мінскага Парка высокіх тэхналогій. Так, вялікая доля ў экспарце ўсё яшчэ належыць аўтсорсінгу, аднак спецыялісты адзначаюць, што сёння ў ПВТ маюцца добрыя перадумовы для пераходу ІT-індустрыі Беларусі ад аўтсорсінгавай мадэлі да прадуктовай. Планы ІT-кампаній на будучыню цесна звязаны з падпісаным Прэзідэнтам Беларусі дэкрэтам «Аб развіцці лічбавай эканомікі», у які ўвайшлі многія прапановы ІT-супольнасці.

Майкл Пампеа падчас наведвання Парка высокіх тэхналогій

Што тычыцца экспарту іншых відаў паслуг, то за апошнія гады ў два разы выраслі транспартныя паслугі, больш чым напалову павялічыўся аб’ём экспарту турыстычных паслуг. Эксперты лічаць, што такая пазітыўная тэндэнцыя захаваецца, асабліва з улікам лібералізацыі візавага рэжыму ў Беларусі. У студзені 2018 года ўпершыню ў гісторыі беларуска-амерыканскіх адносін быў арганізаваны беларускі павільён на Міжнароднай турыстычнай выставе New York Tіmes Travel Show у Нью-Ёрку, які выклікаў вялікую цікавасць наведнікаў. У ходзе выставы былі дасягнуты дамоўленасці аб правядзенні азнаямленчага тура па Беларусі для прадстаўнікоў турыстычнай індустрыі ЗША.

Уладзімір Веліхаў

Фота БелТА

Выбар рэдакцыі

Экалогія

Які інтарэс ў Беларусі ля Паўднёвага полюса

Які інтарэс ў Беларусі ля Паўднёвага полюса

Антарктыка, далёкая і блізкая.

Грамадства

Да купальнага сезона падрыхтуюць 459 пляжаў

Да купальнага сезона падрыхтуюць 459 пляжаў

Існуюць строгія патрабаванні да месцаў для купання.

Моладзь

Вераніка Цубікава: Натхняюся жаданнем дзяліцца

Вераніка Цубікава: Натхняюся жаданнем дзяліцца

Яе песні займаюць першыя радкі ў музычных чартах краіны, пастаянна гучаць на радыё і тэлебачанні.