Вы тут

Днямі ў Мінску адбылася прэзентацыя кнігі «UPDATE»


Днямі ў Мінску адбылася прэзентацыя кнігі «UPDATE», аўтарамі якой сталі аўтары Сафія Ворса, Зоя Падліпская (Беларусь), Лара Продан (ЗША) і Вікторыя Левіна (Ізраіль).


Анталогія сучаснай прозы стала вынікам міжнароднага кніжнага праекта «Літаратура без меж». Узнік ён, калі ў маі мінулага года пісьменніцы з трох краін пазнаёміліся на фестывалі «Славянскае слова» ў Балгарыі. Менавіта там у аўтарак з'явілася ідэя зрабіць нешта сумеснае. Для рэалізацыі задуманага абралі вечную і шматгранную тэму любові і кахання. Кожная з гісторый, якія чытач знойдзе ў кнізе, дае глебу для роздумаў, успамінаў і абнаўлення (менавіта так перакладаецца назва зборніка з англійскай мовы).

— Літаратура і жыццё ўзаемазвязаныя. А калі гаварыць пра літаратуру трэцяга тысячагоддзя, то яна асаблівая, бо імкнецца да сінтэзу, да незалежнага спалучэння самых розных формаў, жанраў, стыляў, даследуе самыя розныя тэмы. Але вечная тэма кахання, якая цікавіла многіх творцаў на працягу стагоддзяў, застаецца крыніцай натхнення і для сучасных музыкантаў, мастакоў, паэтаў, — адзначыла Зоя Падліпская. — Чатыры пісьменніцы з Ізраіля, ЗША і Беларусі аб'ядналіся, для таго каб даследаваць гэтую тэму. Не проста стварыць анталогію сучаснай прозы, а паспрабаваць хаця б наблізіцца да спасціжэння тонкасцяў такога высокага пачуцця, як каханне. Але мы бралі прадметам даследавання не толькі яго, але і любоў у шырокім сэнсе гэтага слова. Любоў і павага да самога сябе, да сваіх блізкіх, да родных каранёў.

У прадмове да выдання доктар філалагічных навук Алесь Бельскі зазначыў: «Кожная асобная літаратура — гэта цэлы свет, шматаблічны і непаўторны, з багаццем талентаў і творчых асоб... І вось пісьменнік — гэта той медыятар у дыялогу літаратур, сувязны ў культурнай прасторы паміж краінамі і народамі». Аўтаркі кажуць, што, працуючы разам, адчулі гэта. Бо, нягледзячы на тое што ў кожнай з іх свой жыццёвы вопыт, уласныя погляды на пэўныя з'явы сучаснасці і мінулага, розны культурны кантэкст існавання, яны супадаюць у пазіцыі, што любоў і павага найперш да самога сябе, да сваіх сяброў, а таксама каханне — гэта тыя асноўныя стваральныя сілы, тыя сапраўдныя, высокія і агульначалавечыя духоўныя каштоўнасці, якія дазваляюць кожнаму сцвердзіць сябе чалавекам, даюць магчымасць цвёрда стаяць на пазіцыі дабра і міру, дазваляюць чалавеку быць шчаслівым. А шчаслівы чалавек — шчаслівая сям'я, шчаслівае грамадства.

— Нас аб'яднала багатая і шматгранная тэма кахання і любові. Кожны аўтар трактуе яе па-свойму. Мой аповед, напрыклад, паказвае, як каханне можа дапамагчы Яму і Ёй пераадолець тыя абставіны, што могуць узнікаць на жыццёвым шляху, і захаваць свае пачуцці. Я радуюся, што гэтая кніга, дзе ёсць і мая творчасць, перакладзена на беларускую мову. Беларусь для мяне не чужая, бо тут прайшло маё дзяцінства, пачалося юнацтва. І мне прыемна, што тут прэзентуецца кніга пра пачуццё, якое дазваляе кожнаму жыць, тварыць і абнаўляцца, — кажа пісьменніца з ЗША Лара Продан.

А Вікторыя Левіна з Ізраіля расказвае:

— Сям'я майго бацькі падчас Вялікай Айчыннай вайны была знішчана цалкам, закапаная зажыва ў беларускім мястэчку. І я ўсё жыццё нясу з сабой гэты боль. Мне часта хочацца расказаць штосьці звязанае з гісторыяй сям'і, з успамінамі пра бацьку. У гэтай кнізе ў маім выпадку ўсё аўтабіяграфічнае. Апавяданні і ўрыўкі з раманаў — пра мяне і майго літаратурнага героя.

Сафія Ворса, самы юны аўтар прэзентаванай анталогіі, прызналася:

— На мне ляжала вялікая адказнасць, бо я павінна была адпавядаць таленавітым і ў многіх краінах вядомым аўтаркам, з якімі ў нас з'явілася агульная кніга. Вельмі хацелася напісаць і сказаць пра важнае, таму абрала тэмы павагі і любові да сябе і нелюбові да дзяцей. Я пішу па-руску, але хацелася данесці ідэю да беларускамоўных чытачоў, таму вельмі ўдзячная, што такую магчымасць мне далі, пераклаўшы апавяданні...

Сімвалічна: кнігу прэзентавалі ў Дзень роднай мовы. «Працэсы глабалізацыі непазбежныя, і таму перад многімі народамі стаіць вострая праблема захавання сваіх моў. Адным са шляхоў яе вырашэння з'яўляецца захаванне мовай асноўнай сваёй камунікатыўнай функцыі, захаванне прэстыжу мовы сярод моладзі і прысутнасць мовы ў інтэрнет-прасторы, каб усё ж такі захоўвалася пераемнасць паміж пакаленнямі. Яшчэ адзін з найважнейшых аспектаў — гэта мастацкая літаратура. Тое, што сёння ў нас з'явілася такое выданне, па-свойму ўнікальнае, якраз дае надзею, што мова будзе жыць і развівацца, — мяркуе дырэктар Інстытута мовазнаўства імя Якуба Коласа Цэнтра даследаванняў беларускай культуры, мовы і літаратуры НАН Беларусі, кандыдат філалагічных навук Ігар КАПЫЛОЎ. — Не меншая падзея тое, што яна з'явілася на беларускай мове, бо перадаць такія тонкія пачуцці — заўсёды няпроста, тым больш што гэта пераклад мастацкага тэксту. Прачытаўшы кнігу, я і мае калегі з Інстытута мовазнаўства адзначылі сапраўды высокі прафесіяналізм як аўтараў, так і перакладчыка».

Падтрымаў яго і начальнік упраўлення маніторынгу якасці навукова-метадычнай установы «Нацыянальны інстытут адукацыі Міністэрства адукацыі Рэспублікі Беларусь» Вячаслаў КАРАТКЕВІЧ. Ён адзначыў, што з'яўленне перакладной літаратуры — важны крок у развіцці і нацыянальнай літаратуры. «Прадстаўляючы Інстытут адукацыі, магу сказаць пра існаванне адной важнай праблемы — праблемы вывучэння літаратуры ў кантэксце сусветнай. Калі я, напрыклад, займаюся падборам літаратуры для ўключэння ў школьныя праграмы і шукаю творы з іншых нацыянальных літаратур, то вельмі часта няма іх перакладу на беларускую мову. Таму, лічу, нашым перакладчыкам трэба думаць менавіта ў гэтым кірунку. Бо перакладаецца, здаецца, шмат твораў, але пераклады для дзяцей і падлеткаў — гэта асобны свет. І тут у нас яшчэ існуюць пэўныя прабелы».

Алена ДРАПКО

Фота Ганны ЗАНКАВІЧ

Загаловак у газеце: На глебе вечных каштоўнасцяў

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Колькасць «супрацьпрышчэпачнiкаў» змяншаецца, бо вакцыны даказваюць сваю эфектыўнасць

Колькасць «супрацьпрышчэпачнiкаў» змяншаецца, бо вакцыны даказваюць сваю эфектыўнасць

Сусветны тыдзень iмунiзацыi сёлета пройдзе з 24 да 30 красавiка пад лозунгам #Vaccines Work for AN# — «За агульны доступ да эфектыўных вакцын».

Грамадства

Карэспандэнты «Звязды» выправiлiся ў рэйд з супрацоўнiкамi ДАI

Карэспандэнты «Звязды» выправiлiся ў рэйд з супрацоўнiкамi ДАI

Абстаноўка на дарогах Мiнскага раёна — не з самых простых.

Грамадства

Нацыянальная акадэмія навук ініцыюе стварэнне народнага летапісу Вялікай Айчыннай вайны

Нацыянальная акадэмія навук ініцыюе стварэнне народнага летапісу Вялікай Айчыннай вайны

Навукоўцы звяртаюцца да кіраўніцтва абласных і раённых выканаўчых камітэтаў, устаноў адукацыі і культуры, грамадскіх арганізацый, усіх зацікаўленых грамадзян з просьбай разгарнуць работу па зборы ўспамінаў і фатаграфій удзельнікаў падзей Вялікай Айчыннай вайны.