Вы тут

Чаму фэйкі ўяўляюць глабальную пагрозу?


Распаўсюджванне каранавіруса COVІD-19 па планеце — без перабольшвання, тэма нумар адзін навінавых стужак сусветных інфармагенцтваў. Праўда, на гэтай хвалі ўзнікае іншая праблема, калі паведамленні, мякка кажучы, не адпавядаюць сапраўднасці. Небяспека такога «інфармавання» настолькі крытычная, што трывогу ўзнялі не толькі ўласна журналісты, а і эксперты-медыкі. Сацыяльныя сеткі не павінны патураць распаўсюджванню дэзынфармацыі і лжывых чутак у сувязі з каранавірусам, заявіў генеральны дырэктар Сусветнай арганізацыі аховы здароўя доктар Тэдрас Адханом Гебрэесус. «Мы не проста змагаемся з эпідэміяй. Мы змагаемся і з інфармацыйнай эпідэміяй, — сказаў кіраўнік СААЗ. — Ілжывыя навіны распаўсюджваюцца хутчэй і лягчэй, чым каранавірус, і гэта не менш небяспечна». СААЗ звярнулася да сацсетак і пошукавых сістэм з заклікам супрацьстаяць фэйкам. Чаму фальшыўкі ўяўляюць глабальную пагрозу?


Спагеці-дрэва і вяртанне Аляскі

Яшчэ ў пачатку XІX стагоддзя ў адной з газет з'явілася нататка пра неверагодна пражэрлівую качку. Нібыта яна з'ела дзевятнаццаць іншых качак! Гэтая птушка дужа ўсхвалявала чытачоў і пэўны час служыла галоўнай тэмай для абмеркаванняў. Вось толькі ніякай качкі насамрэч не існавала. Яе выдумаў бельгійскі журналіст Роберт Корнелісен, каб выпрабаваць ступень даверлівасці публікі. Публіка і сапраўды аказалася вельмі даверлівая, а з лёгкай рукі бельгійца любую недакладную інфармацыю ў прэсе пачалі называць газетнай качкай (прынамсі, гэтая тэорыя аб паходжанні тэрміна з'яўляецца самай папулярнай).

Шэраг «качак» стаў класікай жанру. Вялікую Кітайскую сцяну знясуць, а на яе месцы пабудуюць аўтадарогу, пісалі ў ЗША ў 1899 годзе. «Качка па-пекінску» здалася настолькі праўдападобнай, што яе хутка падхапілі еўрапейскія СМІ. Заселенаму разумнымі істотамі Месяцу прысвяцілі аж шэсць опусаў у нью-ёркскай газеце ў 1835 годзе. «Месяцовая качка» не вытрымлівала ніякай крытыкі, аднак таксама была прынятая даверлівымі чытачамі за чыстую манету і ўвайшла ў гісторыю пад імем «вялікае месяцовае ашуканства».

Класіка журналісцкага гумару, пра якую дагэтуль пішуць у падручніках: у 1957 годзе карпарацыя «Бі-бі-сі» паведаміла пра тое, што швейцарскім земляробам удалося сабраць рэкордны ўраджай спагеці. І ўсё гэта дзякуючы цёплай зіме, а таксама перамозе над небяспечным шкоднікам — макаронным даўганосікам. У сюжэце сяляне здымалі доўгія спагеціны — не з вушэй, як можна было б выказаць здагадку, а з дрэў. Пасля эфіру рэдакцыю пачалі атакаваць тэлегледачы. Яны хацелі высветліць, як вырасціць спагеці-дрэва ў сябе на ўчастку. Журналісты ў адказ раілі ім змясціць спагеціну ў слоік з таматным соусам і чакаць, пакуль тая не пусціць карані.

У 2016 годзе выданне «Газета.ру» паведаміла, што група міжнародных юрыстаў, нібыта звязаная з урадам Расіі, шчыруе ў архівах Кангрэса ЗША. Мэта спецыялістаў — аспрэчыць працэдуру продажу Аляскі Расіяй ЗША ў часы Аляксандра ІІ. Маўляў, Аляска была прададзеная Амерыцы незаконна, і цяпер самы час гэта выправіць. Навіна дайшла да ЗША і нарабіла там нямала шуму.

Правіла трох «с»

Сучасную дэзынфармацыю сталі называць фэйкам (ад англійскага fake — падробка, фальшыўка). Падрабляюць не толькі брэнды, але і навіны. І гаворка тут ідзе не пра дапушчаныя журналістамі памылкі ў фактах, а пра масавую інфармацыйную містыфікацыю і наўмыснае распаўсюджванне дэзынфармацыі ў сацсетках і традыцыйных СМІ. Робіцца гэта дзеля таго, каб увесці ў зман і атрымаць ад гэтага камерцыйную або палітычную выгаду. Большасць старых добрых газетных «качак» усё ж выглядае бяскрыўднымі розыгрышамі, тады як фэйкавыя навіны часцей за ўсё прадугледжваюць пэўную карысць.

Фэйкі будуюцца на маніпуляцыях, перакручванні фактаў і на адкрытым падмане. Вялікую хлусню як прапагандысцкі прыём апісаў Адольф Гітлер у аўтабіяграфіі. На яго думку, людзі хутчэй павераць у вялікую хлусню, чым у маленькую, бо самі саромеюцца схлусіць па-буйному, — такім чынам, не павераць, што хтосьці здольны сказіць факты на 100 %. Стварэнне і распаўсюджванне абсалютнай хлусні апісвае ў культавым рамане «1984» Джордж Оруэл. Тэхніка падмены праўды на выдумку простая: ранейшыя паведамленні проста перапісваюцца, непатрэбныя пласты інфармацыі канфіскоўваюцца з архіваў. Жыхары выдуманай Акіяніі безумоўна вераць у фэйкі, нават калі ўчора ведалі сапраўдны стан спраў.

Фэйкавыя навіны (fake news) паўсталі на стыку жоўтай прэсы і палітычнай прапаганды. Не кожны чалавек, які купляе ў супермаркеце ежу, чытае яе склад і глядзіць на тэрмін прыдатнасці. Так і з навінамі. Людзі спачатку ўключаюць эмоцыі. Папулярнасць і эмацыянальная ўцягнутасць любога кантэнту трымаецца на правіле трох «с»: смерць, секс і страх. Часам называюць іншы ланцужок, які дапаўняе яшчэ і адна «г»: скандал, смех, сенсацыя і грошы. Фальшывая навіна атрымлівае свае першыя 1,5 тысячы чытачоў у сярэднім у шэсць разоў хутчэй, чым сапраўдная інфармацыя. Навукоўцы з медыялабараторыі Масачусецкага тэхналагічнага інстытута (MІT Medіa Lab) падлічылі: фэйкі ў дзесяць разоў хутчэй дасягаюць глыбіні 19, чым праўда глыбіні 10. Глыбіня ў дадзеным выпадку — даўжыня ланцужка паведамленняў.

Страты — 79 мільярдаў долараў

Вынікі распаўсюджвання фэйкаў маюць не толькі эмацыянальныя, але і канкрэтныя матэрыяльныя абрысы. Кампанія CHEQ і Балтымарскі ўніверсітэт апублікавалі справаздачу, у якой прааналізавалі эканамічны ўрон ад фэйкавых навін ва ўсім свеце. Сусветны рынак страчвае на фэйках $79 млрд, паведаміў MedіaPost. Паводле справаздачы, больш за ўсё фэйкі ўплываюць на рынак каштоўных папер. Ельская школа кіравання выявіла, што ўводзяць у зман артыкулы на інвестыцыйных сайтах, часова павышаючы цэны на акцыі. Патэнцыйная страта з-за такой дэзынфармацыі складае да 0,05 % кошту акцый — каля $39 млрд штогадовых страт.

За акцыямі ідзе фінансавая «дэза». Forbes і Economіc Polіcy Іnstіtute правялі даследаванне і даведаліся, што фэйкі фінансавых кансультантаў у ЗША абыходзяцца ў $17 млрд. Падчас выбараў былі выяўленыя значныя выдаткі на ліквідацыю дэзынфармацыі як мінімум у 18 краінах. Абмяркоўваючы фэйкавыя навіны, парламент Вялікабрытаніі даведаўся, што вэб-сайт proBrexіt Maіnstream Network выдаткаваў 257 тысяч фунтаў стэрлінгаў ($336 тыс.) усяго за 10 месяцаў на працягу 2018 года, атрымаўшы 10,9 млн карыстальнікаў. У сваёй справаздачы Trend Mіcro паведаміў, што за $2600 можна купіць акаўнт у сацсетцы з больш чым 300 тысячамі падпісчыкаў; а $55 тыс. будзе дастаткова для фінансавання атакі ў Twіtter, якая паспяхова дыскрэдытуе журналіста. $400 тысяч неабходна, каб паўплываць на змены палітыкі ў гандлёвых пагадненнях, паўплываць на выбары ці змяніць ход рэферэндуму.

Інфармацыйная атрута

СМІ павінны адказна падыходзіць да распаўсюджвання інфармацыі і супрацьстаяць несапраўдным навінам. Пра гэта гаворыцца ў сумеснай заяве, якая летась была прынята ў Шанхаі на пасяджэнні прэзідыума Сусветнага медыясаміта. У мерапрыемстве, якое праводзілася з ініцыятывы агенцтва «Сіньхуа», удзельнічалі найбуйнейшыя СМІ, сярод якіх інфармацыйныя агенцтвы Assocіated Press, Reuters, «Бі-бі-сі», France Presse, ANSA, Kyodo, тэлекампанія Al Jazeera.

«Выпуск і распаўсюджванне фэйкавых навін парушае журналісцкую этыку і наносіць шкоду інтарэсам шырокай публікі. Медыя павінны несці сацыяльную адказнасць, гарантуючы, што паведамленні, якія выпускаюцца, заснаваны на фактах і з'яўляюцца дакладнымі, падаючы грамадскасці поўную, аб'ектыўную і непрадузятую інфармацыю. На СМІ ўскладзена місія барацьбы з дэзынфармацыяй, фальшывая інфармацыя павінна неадкладна вычышчацца, фэйкавыя навіны павінны байкатавацца», — абвясціў дакумент.

Вядома ж, сусветная праблема актуальная для нашай краіны. Айчыннае медыяполе сутыкнецца з нарастаннем пагроз у найбліжэйшай будучыні. Пра гэта Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка заявіў на нарадзе з кіраўнікамі вядучых дзяржаўных сродкаў масавай інфармацыі. «Падтасаваныя факты, фэйкі, дыпфэйкі, так званая постпраўда, калі аўдыторыяй умела маніпулююць, наўмысна адводзячы ад насамрэч важных праблем, — гэтая і іншая інфармацыйная атрута падобная да хімічнай зброі», — перакананы беларускі лідар. У такой няпростай сітуацыі, на думку кіраўніка дзяржавы, важна весці сумленную і аб'ектыўную размову з аўдыторыяй, каб у няпростых умовах інфармацыйнага поля ўтрымаць увагу гледачоў, чытачоў і слухачоў. Так што асноўная «вакцына» ад постпраўды — тая самая праўда.

Захар БУРАК

Загаловак у газеце: Пасля праўды

Выбар рэдакцыі

Палітыка

«Рэальнае жыццё нi ў якi нават самы дасканалы закон не ўмесцiш». Як дзейнічае Вярхоўны суд?

«Рэальнае жыццё нi ў якi нават самы дасканалы закон не ўмесцiш». Як дзейнічае Вярхоўны суд?

Пра першы год жыцця Вярхоўнага суда ў новым будынку — Валерый Калiнковiч.

Спорт

СААЗ рэкамендуе займацца спортам у хатнiх умовах

СААЗ рэкамендуе займацца спортам у хатнiх умовах

Сядзячы спосаб жыцця i нiзкi ўзровень фiзiчнай актыўнасцi могуць аказаць негатыўны ўплыў на здароўе.

Грамадства

Намеснік міністра аховы здароўя Алена Богдан: Сітуацыя з каранавірусам застаецца кантраляванай

Намеснік міністра аховы здароўя Алена Богдан: Сітуацыя з каранавірусам застаецца кантраляванай

У Беларусі з моманту выяўлення першага выпадку COVID-19 зарэгістравана 351 інфікаваных.