Вы тут

На якіх умовах прымаюць у «Нацыянальную школу прыгажосці»?


Гэтая работа асацыюецца з раскошай і багаццем: мадэлям даступныя найлепшыя ўборы ад папулярных куцюр'е і каштоўнасці, яны асабіста знаёмыя з зоркамі шоу-бізнесу і спорту, палітыкамі. У Беларусі дзяржава выдзяляе грошы на тое, каб навучыць прафесіі дзяўчат і хлопцаў, якія мараць пакарыць подыум. Да таго ж нядаўна Прэзідэнт падпісаў Указ «Аб мадэльнай дзейнасці», накіраваны на яе развіццё, абарону правоў і законных інтарэсаў удзельнікаў сферы і папулярызацыю беларускай моды. Намеснік дырэктара дзяржаўнай установы «Цэнтр «Нацыянальная школа прыгажосці» Дзмітрый ВРУБЛЕЎСКІ расказаў, чаму неабходны быў гэты дакумент і на якіх умовах прымаюць маладых людзей у такую школу.


— Сферу мадэлінгу ўжо даўно трэба было ўрэгуляваць. Да гэтага ўказа мы ў сваёй рабоце выкарыстоўвалі існуючыя грамадзянска-прававыя нормы і працавалі па прынцыпе «тое, што не забаронена, — дазволена». Але ёсць у нашай сферы і спецыфічныя нюансы, і часта аказвалася так, што не ўсё, што «не забаронена», — дазволена, таму наша школа ініцыявала распрацоўку новага дакумента. Цяпер выйшла пастанова пра рэалізацыю новага ўказа. Работа над ёй была калектыўнай, з удзелам шэрагу міністэрстваў — адукацыі, унутраных спраў, культуры, працы і сацыяльнай абароны, фінансаў, а таксама Мінгарвыканкама і Нацыянальнай школы прыгажосці. Указ і пастанова рэгламентуюць міграцыю і працаўладкаванне, гарантуюць бяспеку нашых грамадзян за мяжой. Мы спадзяёмся, што неабходныя механізмы пачнуць працаваць.

— Раскажыце пра гісторыю стварэння Нацыянальнай школы прыгажосці.

— Наша школа была створана ў 1996 годзе ўказам Прэзідэнта, які даручыў Міністэрству культуры зрабіць Цэнтр па падрыхтоўцы конкурсаў прыгажосці, у першую чаргу нацыянальнага конкурсу прыгажосці «Міс Беларусь». Тады нашу школу стварылі на базе харэаграфічнага каледжа. Ужо з 1997-га мы пачалі працаваць. Першапачаткова нашай задачай была толькі падрыхтоўка фіналістак да конкурсу. Тады не было навучання ў тым варыянце, які існуе цяпер. Некалькі месяцаў мы працавалі з дзяўчатамі па розных кірунках: дэфіле, акцёрскае майстэрства, этыкет, цырульнае мастацтва, візаж і іншыя. Фіналісткі, атрымаўшы шанц трапіць у тэлевізійную версію, павінны выглядаць прыгожымі не толькі ў тэлекамеры, але і па-за подыумам. Цяпер жа пры падрыхтоўцы да конкурсу мы робім большы ўхіл на рэпетыцыі, таму што дзяўчаты тых гадоў і сучасныя зусім рознага ўзроўню падрыхтаванасці. Але аснова школы мадэлінгу была пакладзена менавіта тады. Сёння Нацыянальная школа прыгажосці адзіная ў краіне, якая выпускае мадэляў, выдае ім дакумент дзяржаўнага ўзору па прафесіі «мадэль» з прысваеннем чацвёртага разраду. Яго можна павысіць, але толькі калі мадэль працуе ў такой сферы. Раней было прасцей атрымаць работу па гэтай прафесіі, таму што манекеншчыцы ўваходзілі ў штат прадпрыемстваў, на якіх тады часта рабілі адкрытыя і закрытыя паказы адзення і абутку. Там дзяўчаты і павышалі сваю кваліфікацыю. У сучасных рэаліях у Беларусі такая неабходнасць адпала. Але запыт на прафесію ёсць, праўда, паўнавартаснага працаўладкавання не будзе. Па неабходнасці мадэлі прыцягваюцца як пазаштатныя супрацоўнікі па дагаворах падраду і іншых грамадзянска-прававых дагаворах.

— Вы сказалі, што дзяржава фінансуе навучанне мадэляў...

— Так. Дзяржава раней фінансавала толькі падрыхтоўку фіналістак, а цяпер і падрыхтоўку мадэляў. У нас ёсць план прыёму — мы набіраем дзве групы за год на бюджэтную форму навучання: у першым паўгоддзі — 25 чалавек і ў другім столькі ж. Канешне, паралельна з бюджэтнай формай навучання мы набіраем платную групу. Мадэль — гэта прафесія, якая не патрабуе вышэйшай адукацыі, але магчымасць для людзей ад 16 да 25 гадоў атрымаць дадатковыя навыкі і быць больш канкурэнтаздольнымі на рынку працы, мець нешта яшчэ, акрамя асноўнай прафесіі, якую яны атрымліваюць у ВНУ і каледжах.

— Па якіх крытэрыях вы адбіраеце будучых мадэляў?

— Асноўны крытэрый — гэта рост. Да хлопцаў у нас патрабаванне, каб быў не ніжэйшы за 185, да дзяўчат — ад 175. Апошнім часам мы разглядаем дзяўчат і на 1-2 см ніжэй, таму што колькасць тых, хто мае рост, які перавышае 175 см, з кожным годам усё памяншаецца. Мне нават здаецца, што беларускія дзяўчаты становяцца ніжэйшыя (смяецца). У дакументах мы можам замацаваць толькі рост — мы не можам замацаваць харызму, знаходлівасць, пачуццё гумару, ініцыятыўнасць, камунікабельнасць, таму што няма крытэрыяў для вымярэння гэтых характарыстык. Мы ствараем прыёмную камісію, і рашэнне аб залічэнні на бюджэтную форму прымаецца калегіяльна. Стараемся адбіраць людзей так, каб потым яны не «дэвальвавалі» пасведчанне аб навучанні, таму што гэта наш імідж. І я думаю, што ў нас атрымліваецца. Я, напрыклад, не ведаю ніводнага сур'ёзнага паказу ў краіне, дзе б не ўдзельнічала хоць адна наша мадэль.

— Якія дысцыпліны выкладаюць у вашай школе і колькі трэба вучыцца, каб атрымаць гэтую прафесію?

— Заняткі праходзяць тры разы на тыдзень, каб паспець за чатыры месяцы прайсці ўвесь план навучання. Вучым усяму, пачынаючы ад дэфіле і заканчваючы аховай працы.Тут і акцёрскае майстэрства, і асновы стылю, і харэаграфія — увогуле ўсё, што неабходна ведаць прафесійнай мадэлі.

— Вы не толькі займаецеся навучаннем, але і працуеце як мадэльнае агенцтва...

— Канешне, у нашай базе не толькі нашы вучні, таму што існуюць мадэлі рlus sіzе, узроставыя мадэлі, якія таксама карыстаюцца попытам, таму мы заключаем дамовы і з такімі мадэлямі. Некаторыя з іх прайшлі навучанне ў прыватных мадэльных агенцтвах ці за мяжой. Але калі ёсць неабходнасць, мы можам дапамагчы атрымаць неабходныя навыкі і дзецям, і дарослым. Дарэчы — і гэта сусветная тэндэнцыя — сёння ўсё часцей шукаюць мадэляў 40+, 50+, 70+ і нават 90! Ёсць і такая мадэль у Брытаніі.

— Гэта значыць, вы можаце прыняць такіх «нестандартных» на бюджэтную форму навучання?

— На жаль, пакуль не. Але ў нас на базе школы можна атрымаць дадатковую адукацыю для дзяцей і моладзі мастацкага профілю з канкрэтызацыяй «мадэльнае мастацтва». Асобна ёсць групы для дзяцей ад трох гадоў і падлеткаў, а таксама мы распрацавалі курс «Школа іміджу і стылю» для людзей, старэйшых за 25 гадоў. На курсах чалавек працуе над сваім іміджам, рыхтуецца да мерапрыемстваў, вучыцца ўменню прэзентаваць сябе на публіцы. Падчас такіх курсаў можам убачыць чыйсьці патэнцыял і прапанаваць пайсці на кантракт да нас. Дзеці атрымліваюць эстэтычную і культурную адукацыю, вучацца этыкету, разуменню стылю, падбору колераў і іншаму. Па сутнасці, дзецям мы даём навыкі, якія раней атрымлівалі толькі арыстакраты...

— Вы ў асноўным гаварылі пра дзяўчынак, а як жа хлопчыкі?

— Яны вучацца, але іх менш, чым дзяўчынак, бо ў нашай краіне існуе стэрэатып, што хлопчыкі павінны займацца тэхнікай, роварамі ды футболам. А дзяўчынкі павінны ўмець шыць ды гатаваць. Многія таты нават не дапускаюць думкі, што іх сын будзе вучыцца мадэлінгу. Адзін вучань расказваў нам, што яго тата быў у сапраўдным шоку, калі даведаўся, што сын скончыў Нацыянальную школу прыгажосці і цяпер мае прафесію манекеншчыка. Трэба разумець, што наша праграма дадатковай адукацыі мае хутчэй культурна-эстэтычны кірунак. Прафесійнаму ж мадэлінгу ў нас, па сутнасці, навучаюць толькі, як я ўжо казаў, у групах 16—25-гадовых. Але нават у такіх групах у нас, вядома ж, больш дзяўчат. Некаторыя хлопчыкі, у якіх ёсць даныя і якія могуць падзарабіць на гэтым, часта вымушаны хавацца ад бацькоў. Але мне здаецца, што ўсё ж паціху беларусы здолеюць справіцца са стэрэатыпамі, і тады сярод беларускіх мадэляў з'явіцца больш мужчын.

Наталля ТАЛІВІНСКАЯ

Загаловак у газеце: Навучыцца арыстакратычным манерам і стаць мадэллю за дзяржаўны кошт

Выбар рэдакцыі

Здароўе

Як вясной алергікам аблегчыць сваё жыццё?

Як вясной алергікам аблегчыць сваё жыццё?

Некалькі парад ад урача-інфекцыяніста.

Моладзь

Вераніка Цубікава: Натхняюся жаданнем дзяліцца

Вераніка Цубікава: Натхняюся жаданнем дзяліцца

Яе песні займаюць першыя радкі ў музычных чартах краіны, пастаянна гучаць на радыё і тэлебачанні.