Вы тут

Гараджан, якія з выхадам на пенсію вяртаюцца ў бацькоўскія дамы, становіцца ўсё больш


Не сказаць, што тэма новая, але... Упершыню задумацца над гэтай тэндэнцыяй прымусіла сустрэча з цікавым чалавекам. Валерый Аляксандравіч Жэдзь пераехаў у амаль пустую вёску Акольнік, што ў Белавежскай пушчы, з Мінска адразу пасля выхаду на пенсію. Інжынер-будаўнік па спецыяльнасці, за сваё жыццё шмат чаго ўзвёў спачатку ў Малдове, дзе ўзначальваў вялікае будаўнічае ўпраўленне, а потым і ў нашай сталіцы.


Нашчадак тыповага жыхара пушчы

Валерый ЖЭДЗЬ.

Некалі яны з жонкай, выпускнікі Брэсцкага інжынерна-будаўнічага інстытута, паехалі ў Кішынёў па размеркаванні. Там Валерый зрабіў паспяховую кар'еру. Жылі, працавалі, мелі дастатак. Але ж вядомыя падзеі на рубяжы стагоддзяў прымусілі сям'ю пакінуць звыклае месца. Прадалі дзве добрыя кватэры, астатнюю маёмасць — за гэта ледзьве купілі невялічкую кватэру ў Мінску. Тут і рабілі да пенсіі. Тым часам бацька Валерыя Аляксандравіча, які жыў у вёсцы, расхварэўся, яму быў патрэбны догляд, і сын перабраўся ў Акольнік. Потым тут зарэгістраваўся, абжыўся і не захацеў пераязджаць назад у сталіцу. Жонка Валянціна Сяргееўна жыве цяпер на два дамы, летам — больш у вёсцы, зімой — больш у горадзе. Яна, былая брастаўчанка, мае гарадскі менталітэт, ёй тут часам становіцца сумна, тады яна едзе ў сталіцу, дзе магазіны, кавярні, тэатры, шум і тлум.

У гаспадара ж работы хапае ў любую пару. Бацькоўскую хату адрамантаваў і добраўпарадкаваў. Акрамя агарода займаецца пчоламі. У двары маю ўвагу прыцягнуў незвычайны, даволі прасторны, двухпавярховы будынак. Яго гаспадар узвёў з... колатых дроў. Ніколі не бачыла дроў у якасці будаўнічага матэрыялу. Ён заўсміхаўся, сказаў, што спачатку задумаў навес для машыны. Потым прыйшло ў галаву зрабіць лёгкія сцены. Вось і выкарыстаў дровы, папярэдне замацаваныя растворам. Такім чынам атрымаўся крэатыўны гараж з лазняй, прасторным падсобным памяшканнем, а на другім паверсе размясцілася майстэрня. У двары, варта дадаць, усё абсталявана з акцэнтам на прыроду і натуральнасць.

— Што б я рабіў у горадзе? — разважае гаспадар сядзібы, — на лаўцы сядзець пад пад'ездам — агорне сум, туга, роспач, за год згаснеш. А тут, бачыце, прасторы якія, паветра!

І праўда, Акольнік шмат у чым асаблівы, уражвае размах гаспадароў, былых і цяперашніх. Людзі будаваліся не побач адзін з адным, а на адлегласці. У кожнага сядзіба з вялікім дваром, такім жа садам, што сведчыла пра пэўную ступень заможнасці. Такім чынам вёска нібы старалася адпавядаць пушчы, яе прасторам, маштабам. Такія ж і людзі ў ёй жылі. Напрыклад, Аляксандр Жэдзь, бацька нашага героя, які памёр ва ўзросце 98 гадоў.

У Валерыя Жэдзя з'явілася жаданне сабраць гісторыю сваёй мясціны і напісаць пра яе, бо бацькі і аднавяскоўцы колькі нацярпеліся за сваё жыццё. Ну хоць бы той жа Аляксандр Жэдзь: пры Польшчы яго, камсамольца-падпольшчыка, расстрэльвалі, нейкім цудам застаўся жывы. З вайны прыйшоў у 1945-м кавалерам ордэна Славы. А ў 48-м толькі паставіў свой дом, як атрымаў 25 гадоў лагераў разам з трыма аднавяскоўцамі па абсурдным даносе. Пасля 53-га справу вяскоўцаў пераглядалі, у 55-м адпусцілі і жыхароў Акольніка. Моцныя духам людзі пушчы ўсё вытрымалі, многа працавалі, як правіла, жылі доўга.

— Яшчэ і таму не хочацца пакідаць сваю хату на павольнае паміранне, а вёску на хутчэйшае згасанне, — прызнаўся нашчадак былога гаспадара. Ды і не так тут сумна, як можа падацца на першы погляд, пошта прыязджае, аўтакрама, для сувязі з усім светам ёсць тэлефон і хуткасны інтэрнэт.

Стараста вёскі

Былы начальнік упраўлення фізічнай культуры, спорту і турызму Брэсцкага аблвыканкама Мікалай Хявук цяпер паўнапраўны жыхар Лешніцы Маларыцкага раёна. Чвэрць стагоддзя адпрацаваў у спартыўнай галіне рэгіёна. Цяпер жа — вясковы жыхар.

— Спачатку, вядома, заняўся рамонтам і рэканструкцыяй дома, тады якраз праводзілі газ. Ну а потым і падворак трэба было ў парадак прыводзіць. Вось што атрымалася за гэтыя гады, — паказвае рукой суразмоўнік.

Атрымалася ж сапраўды прыгожа, нават з пэўным размахам. Вакол дарожак роўнымі радамі растуць высокія туі, на клумбах — вялікая колькасць кветак, якія цвітуць ад ранняй вясны да позняй восені.

Далей, у глыб двара, дарожка прыводзіць да невялічкага вадаёма, выкладзенага каменьчыкамі. А збоку разгарнулася экспазіцыя пад адкрытым небам: драўляны воз, сячкарня, конная сеялка. Аказваецца, Мікалай Мікалаевіч даўно збіраў рарытэтныя рэчы. Цяпер яны ўтвараюць этнаграфічны куток у двары. А іншыя, напрыклад, вугальныя прасы, самаробныя замкі, ліхтары, газавыя лямпы — аздабляюць невялікі хатні музей, аформлены на мансардным паверсе. Гэты музей асаблівы, яго асноўная экспазіцыя прысвечаная спартыўнаму жыццю Брэстчыны. У якасці экспанатаў пераважаюць здымкі розных падзей ды герояў тых дзён, спартсменаў.

Адну са сцен музея ўпрыгожвае адмысловая калекцыя гальштукаў гаспадара — іх тут 123 штукі, сведчанне чыноўніцкага мінулага і модных тэндэнцый былых гадоў. Гальштукі аднатонныя і стракатыя розных колераў і краін выглядаюць даволі цікава.

Гэта — што датычыцца формы новага існавання сям'і Хявукоў. А яго змест — сялянская праца. Гектар зямлі — вам не жартачкі. Работы хапае на градках, у садзе, нядаўна, расказваюць, і курачак завялі. Так што на сваім участку занятак абаім знаходзіцца з ранку да вечара.

Варта яшчэ сказаць, што некалькі гадоў таму Мікалая Мікалаевіча абралі старастам вёскі. У Лешніцы цяпер 28 жыхароў, большасць — пажылыя. Самыя сталыя ведаюць старасту з дзяцінства і дагэтуль называюць Колькам. «Галоўнае, каб своечасова прыязджалі ўсе службы: пошта, аўтакрама, медыцынская дапамога, — разважае стараста. — З гэтым праблем няма, хуткая дапамога, калі выклікаюць, прыязджае сапраўды хутка. Дарогу вось нядаўна па вуліцы Суворава адрамантавалі». Артысты ў вёсцы бываюць, гэта ўжо стараста паспрыяў, дамовіўся з сельвыканкамам, аддзелам культуры, каб на святы прыязджалі ўдзельнікі самадзейнасці, арганізоўвалі канцэрты.

Мікалай і Ірына ХЯВУКІ.

З рознымі пытаннямі прыходзяць суседзі да старасты, яго задача звязацца з сельвыканкамам, праінфармаваць мясцовую ўладу. Ну і, вядома, важны асабісты прыклад. Людзі яшчэ таму абралі старастам наваспечанага вяскоўца, што яго дом, падворак, агарод — узорна-паказальныя, хоць семінары праводзь, вопыт вывучай.

Ну а душой усёй гэтай прыгажосці, яе стваральніцай і захавальніцай, вядома, з'яўляецца гаспадыня — Ірына Піліпаўна.

Колькі ў каморы розных варэнняў-саленняў, зробленых па вытанчаных рэцэптах, як адмысловых бабуліных, так і навамодных з інтэрнэту! Нас са старшынёй сельвыканкама яна частавала вяленымі памідорамі па-італьянску і агурочкамі, марынаванымі з гарчыцай, а таксама сваімі фірмовымі грыбамі — пальчыкі абліжаш. Аказваецца, Ірына Піліпаўна заядлая грыбніца. А чарніц, расказвала, летась сабрала сем вёдзер. Гарбузы ж вырасціла такія, што найвялікшы заважыў 58 кілаграмаў. Здзіўляюся, як пры такой хатняй гаспадарцы паспявае ў лес хадзіць, збіраць яго дары. Смяецца: «Нібы другое дыханне адкрылася, кожны дзень у лес як на работу бягу, усе хваробы праходзяць». Вось так былы прафесійны прафсаюзны работнік Ірына Хявук знайшла сябе ў ролі гаспадыні вялікай сядзібы.

Час вырошчваць капусту

Цяпер ледзь не ў кожнай вёсцы можна сустрэць былых гараджан. Яны ў свой час адвучыліся, адпрацавалі ў вялікіх і малых гарадах, а пасля выхаду на пенсію прывялі ў парадак бацькоўскія хаты, пераехалі туды на пастаяннае жыхарства. І ўсё часцей у якасці новых вяскоўцаў сустракаюцца людзі адукаваныя, былыя кіраўнікі і спецыялісты. У многіх раней не было магчымасці, часу нешта ствараць уласнымі рукамі, а тут адкрылася прастора для дзейнасці, як у таго рымскага імператара Дыяклетыяна. Памятаеце, ён добраахвотна адышоў ад спраў і стаў вырошчваць капусту.

Зноў жа, калі раней чалавек актыўна і шмат працаваў, быў у гушчы жыцця, а потым аказаўся нібы на ўзбочыне, гэта можа стаць нават нагодай для дэпрэсіі, а жывучы ў вёсцы, проста няма часу думаць — работы хапае. Пры тым фізічныя нагрузкі, рухальная актыўнасць на свежым паветры вельмі карысныя — такім чынам арганізм нібы атрымлівае кампенсацыю за многія гады кабінетнай работы. Магчымасці ж для чытання або інтэлектуальных практыкаванняў з наяўнасцю інтэрнэта неабмежаваныя. А вось прасторы большыя. Хто б дазволіў сабе адвесці цэлы пакой для экспанатаў ва ўласнай трохпакаёвай кватэры? А тут — калі ласка. Музей Мікалая Хявука запатрабаваны, яго паказваюць гасцям, часам тут збіраюцца былыя калегі, таварышы, гуляюць у більярд, разглядаюць здымкі, успамінаюць.

Святлана ЯСКЕВІЧ

Пружанскі, Маларыцкі раёны

Загаловак у газеце: Покліч малой радзімы

Выбар рэдакцыі

Экалогія

Які інтарэс ў Беларусі ля Паўднёвага полюса

Які інтарэс ў Беларусі ля Паўднёвага полюса

Антарктыка, далёкая і блізкая.

Грамадства

Да купальнага сезона падрыхтуюць 459 пляжаў

Да купальнага сезона падрыхтуюць 459 пляжаў

Існуюць строгія патрабаванні да месцаў для купання.

Моладзь

Вераніка Цубікава: Натхняюся жаданнем дзяліцца

Вераніка Цубікава: Натхняюся жаданнем дзяліцца

Яе песні займаюць першыя радкі ў музычных чартах краіны, пастаянна гучаць на радыё і тэлебачанні.